На сопках Манчжурыі

З ветэранам Вялікай Айчыннай вайны  Пятром Арцёменкам давялося пазнаёміцца яшчэ шмат гадоў таму падчас святкавання Дня Перамогі ў Ніканавічах. Пражываў ён тады ў в. Усохі Чырвонаслабодскага сельсавета. А вось напрыканцы 2010 года жыццё Пятра Захаравіча і ягонай жонкі Надзеі Сцяпанаўны, можна сказаць, карэнным чынам змянілася. З улікам заслуг ветэрана перад Радзімай, ягонага здароўя апошнімі выдзелілі добраўпарадкаванае жылое памяшканне сацыяльнага карыстання (аднапакаёвую кватэру) ў доме па вул. Леніна нашага райцэнтра.
— Самае непасрэднае садзейнічанне мне аказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Кароцін, да якога я звярнуўся з адпаведнай просьбай падчас прыёму ў райвыканкаме, — распавядае Пётр Арцёменка. — Ягоныя даручэнні службы выканалі хутка і мы з жонкаю літаральна праз колькі дзён пасля прыняцця рашэння ўсяліліся ў кватэру. Такім чынам гэтую зіму пражылі ўтульна, камфортна.
Што тычыцца жыццёвых дарог, то пачыналіся яны з цяжкага ды, лічы, сіроцкага дзяцінства. Нарадзіўся я ва Ўсохах, ў бацькі мелася неблагая гаспадарка, таму жылі да пачатку суцэльнай калектывізацыі ў адносным дастатку. Але ў 1936 годзе, падчас працы ў летнюю спякоту, на калгасным палетку памерла маці, а  праз год з-за запалення лёгкіх адыходзіць у іншы свет бацька. Мы, дзеці, засталіся ўтраіх — яшчэ адзін брат і сястра. Добра, што яны мелі старэйшы за мяне ўзрост на 5 і 3 гады, таму здолелі ўсе разам упраўляцца з гаспадаркаю ды яшчэ і працягвалі вучыцца.
Я да вайны скончыў Ніканавіцкую сямігодку і паступіў у будаўнічае вучылішча ў Магілёве. Вучыліся разам з аднавяскоўцам Васілём Малеевым, з якім потым у 1940 годзе патрапілі на вытворчую практыку ажно ў далёкае Забайкалле. Там ішла пракладка вузкакалейнай чыгункі да аб’екта, дзе размяшчалася база дзяржаўнага рэзерву харчавання. Мы, практыканты, узводзілі баракі для будаўнікоў — у асноўным з ліку палітзняволеных. Усе добра ведалі што захоўваецца на складах. Там было ўсё, пачынаючы ад галетаў і заканчваючы дэлікатэснымі прадуктамі з рыбы і мяса. У той жа час мы, практыканты, ужо не кажучы пра зняволенных, вельмі галадалі, бо пайкі выдзяліся мізэрныя, а заробкі налічваліся капеечныя.
З пачаткам вайны сітуацыя яшчэ болей абвастрылася. Да ўсяго дадаліся эпідэміі хвароб. Ахвяраю адной з іх стаўся і я. Так цяжка хварэў, што зрабіўся бы шкілет — важыў усяго 37 кілаграмаў. Тым часам маіх сяброў-практыкантаў адправілі на працу ў Маскву, адкуль потым многія пайшлі на фронт, як і зямляк Малееў. Мяне ж выратаваў ад смерці таксама зямляк-беларус, які працаваў на той самай базе дзяржрэзерву. Ён, як і шмат хто з супрацоўнікаў аб’екта, цягаў употайкі адтуль прадукты. Імі і паставіў гэты добры чалавек мяне на ногі. З ягонаю дапамогаю ўладкаваўся я затым, дзякуючы сваёй адукацыі, на працу загадчыкам бюро прапускоў на стратэгічны аб’ект…
Пётр Захаравіч памятае усё да самых дробязяў, уключаючы імёны і прозвішчы калег па службе, хоць з таго часу прайшло 70 год. Па ягоных словах, шмат чаго адклалася ў памяці таму, што ягоныя ўмовы выжывання тады і пасля былі экстрэмальныя і падзеі ды перажыванні пакінулі на чыстай юнацкай, сялянскай душы, быццам алмаз на шкле, незнішчальныя адзнакі.
— Ў верасні 1942 года прыйшла павестка з ваенкамата і праз колькі дзён павезлі на Забайкальскі фронт. Спачатку накіравалі ў Манголію, у г. Чайбалсан, названы ў гонар знакамітага мангольскага маршала, потым перадыслакавалі бліжэй да мяжы з акупаванай японцамі Манчжурыі. Стаялі  пад горадам Баян-Цюмень, у 7 км ад мяжы на ўскрайку вядомай сваімі цяжкімі кліматычнымі ўмовамі пустыні Гобі, якая пастаянна паказвала свой нораў: улетку — страшэннаю спякотаю да 500С, зімою — лютымі маразамі. А ў пераходныя паміж гэтымі сезонамі перыяды нас гулялі пясчаныя буры. Пясок на колькі дзён засцілаў неба, не было відаць нічога літаральна на дзесятак крокаў, таму даводзілася цягнуць паміж казармамі дрот, каб, трымаючыся за яго, перамяшчацца з месца на месца. Пасля буры адкопвалі ўваходы ў будынкі спачатку тыя падраздзяленні, дзе з-за напрамку ветру меней намяло пяску. Потым яны дапамагалі вызваліцца з пясчанага палону іншым.
Так прайшло амаль тры гады, а напрыканцы лета 1945 года, з уступленнем Савецкага Саюза ў вайну з Японіяй, нашы часці перакінулі на маньчжурскі фронт у напрамку горада Калган. Там савецкім войскам супрацьстаялі часці Квантунскай арміі праціўніка. Служыў Арцёменка камандзірам разліку 45-міліметровай гарматы. Выбівалі японскіх самураяў з укрыццяў у сопках. Пакрытыя лесам горы з’яўляліся добрым сховішчам для праціўніка. Да таго ж той змагаўся да апошняга патрона і нярэдкімі былі выпадкі дабраахвотнага самагубства японцаў — харакіры.
Так паступалі і многія абаронцы крэпасці перад Калганам, калі пасля шматдзённай аблогі у іх закончылася вада. Японцы выходзілі за межы ўмацаванняў і ўспорвалі сабе жываты, каб не здавацца ў палон.
Ваявалі нашы байцы разам з мангольскімі кавалерыйскімі часцямі, каторыя, па праўдзе кажучы, заўсёды пляліся ў хвасце савецкіх атак. Дрэннымі памочнікамі напачатку з’яўляліся і тамтэйшыя кітайцы, бо ў іх на 10 чалавек мелася толькі адна вінтоўка. Пасля іх узброілі савецкімі вінтоўкамі і аўтаматамі і аддалі рэгулярным часцям Кітайскай народнай арміі.
Падчас баёў на подступах да Калгану разлік Апцёменкі падбіў 5 танкаў ворага, за што ён атрымаў медаль “За баявыя заслугі”. Тады ж займеў некалі лёгкіх раненняў падчас артылерыйскіх дуэляў з японцамі. А пасля вайны ўзнагародзілі медалямі “За перамогу над Японіяй” і “За перамогу над Германіяй”.
Пасля капітуляцыі Японіі часць перакінулі спачатку пад Улан-Батар, потым — пад Улан-Удэ ў Бурацію,  дзе праслужыў да вясны 1947 года. Вярнуўся дадому ва Усохі якраз,  на Вялікдзень, 12 красавіка. Даведаўся, што сябра Вася Малееў таксама толькі нядаўна дэмабілізаваўся і прыехаў дамоў, праваяваўшы да самай Перамогі на германскім фронце. Сустрэча сяброў, канешне, сталася радаснай і незабыўнай. Яны сябравалі потым усе гады, сябруюць і цяпер.
Багатай атрымалася працоўная біяграфія Пятра Арцёменкі. Працаваў ён на розных участках вытворчасці, куды пасылала партыя, бо як камуніст, якім стаў яшчэ ў арміі ў 1942 годзе, аддана служыў ёй і народу. Узначальваў Грудзінаўскі масласырзавод, Падгорскі сепаратарны пункт, працаваў начальнікам ваенна-уліковага стала Чырвонаслабодскага сельвыканкама, а пасля заканчэння завочна Жыліцкага саўгаса-тэхнікума займаў розныя пасады ў паляводчай галіне калгаса імя Куйбышава.
Разам з жонкаю Надзеяй Сцяпанаўнаю нарадзілі і выхавалі трох дачок і двух сыноў, маюць 10 унукаў і 5 праўнукаў.

Мікалай Ахрыменя.

Последние новости

Вопрос эксперту

Если не устраивает качество пошива?

2 мая 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

График выезда передвижного фельдшерско-акушерского пункта на май

2 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В агрогородке Смолица прошёл концерт в рамках Международной социально-творческой программы «В будущее — с надеждой»

2 мая 2024
КАЛЕЙДОСКОП

Существенное похолодание ожидается на следующей неделе в Могилевской области

2 мая 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

В вузах Беларуси начинают утверждать планы целевого приема

2 мая 2024
КАЛЕЙДОСКОП

Нарколог назвал самый безопасный для печени крепкий напиток

2 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине завершилась республиканская акция «За безопасность вместе!»

2 мая 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Быхов – здоровый город

2 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Юные экскурсоводы Быховщины завоевали признание на областном и республиканском уровне

2 мая 2024
ОБЩЕСТВО

Вступил в силу Закон «Об охране окружающей среды» в новой редакции

2 мая 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине пройдут учения

30 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Быхове горел дом

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошла межотраслевая профсоюзная спортландия, посвященная 120-летию профсоюзного движения. ФОТО

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

История Евгения Кривулькина, работавшего в опасной зоне Чернобыля

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине проходит республиканская молодежная ярмарка вакансий

23 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

4 мая прямую телефонную линию проведет заместитель председателя Быховского райисполкома Виктор Агнетов

2 мая 2024
КУЛЬТУРА

Программа праздничных мероприятий 1 мая в Быхове

29 апреля 2024