Редакция

Першы нумар газеты “Маяк Прыдняпроўя” убачыў свет 25 снежня 1918 года. Тады газета называлася “Известия Быховского ревкома”.

Займаючыся вялікай пошуковай работай, былы рэдактар “раёнкі” Георгій Ерамеевіч Барысаў устанавіў першых супрацоўнікаў газеты. Імі з’яўляліся Аляксандр Цярэнцьевіч Шэкаў (рэдактар), Сяргей Лаўрэнцьевіч Сарокін і Самуіл Француз.

Пераемніцай “Известий Быховского ревкома” з 14 кастрычніка 1930 года стала газета “Маяк камуны”. Яна актыўна змагалася за калектывізацыю сельскай гаспадаркі і датэрміновае выкананне заданняў першай пяцігодкі, расказвала аб ходзе калектывізацыі, шэфствавала над будаўніцтвам першынцаў пяцігодкі ў раёне — ацэтонава-буцілавага завода (цяпер кансервава-агарднінасушыльны завод) і торфзавода “Чырвоная Беларусь”.

“Маяк камуны” выдаваўся да ліпеня 1941 года і перастаў выходзіць толькі па прычыне акупацыі раёна гітлераўцамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на Быхаўшчыне разгарэлася вялікае полымя партызанскай вайны. Ужо ў 1943 годзе ў складзе мясцовай ваенна-аператыўнай групы дзейнічалі тры партызанскія палкі і чатыры асобныя атрады. Важная роля ў арганізацыі і згуртаванні патрыётаў Айчыны на свяшчэнную барацьбу супраць фашыстаў належыць газеце “Партизан Быховщины”, якую з 1 мая 1943 года выдаваў падпольны райком партыі.

На вызваленай ад ворага зямлі пачала выходзіць газета “Сацыялістычная перамога”. Першы яе нумар убачыў свет 15 красавіка 1944 года. Рэдагаваў газету нядаўні палітрук партызанскай роты, настаўнік па адукацыі Марк Філімонавіч Філімонаў.

З трэцяга ліпеня 1957 года раёнка пачала выходзіць пад назвай “Сцяг працы”, а з красавіка 1963 года стала называцца “Маяк Прыдняпроўя”. Як і цяпер.

Шмат чаго рабілася тады ў савецкім грамадстве для народа. І будзе вельмі несправядліва, калі нехта ўздумае агулам ахайваць савецкі лад жыцця.

Газета вяла мэтанакіраваную работу па выхаванню моладзі на лепшых рэвалюцыйных, баявых і працоўных традыцыях. Былі адноўлены ў памяці многія сотні імёнаў і падзей, з якімі знітавана гісторыя і гонар нашага слаўнага Прыдняпроўскага краю. Пад рубрыкай “Маршрутамі славы” надрукавана каля тысячы нарысаў і карэспандэнцый. На іх аснове ўзнік потым музей гісторыі газеты, які доўгі час знаходзіўся ў памяшканні рэдакцыі  і які наведалі многія тысячы людзей. Але журналісты на гэтым не спыніліся. Яны працягвалі пры актыўнай падтрымцы грамадкасці і мясцовай улады пашуковую работу і сабралі столькі багатага, каштоўнага матэрыялу, што давялося надаваць рэдакцыйнаму музею статус раённага гістрыка-краязнаўчага музея і размясціць яго ў асобным вялікім памяшканні.

Неацэнная заслуга журналістаў таго часу і ў тым, што ўбачыла свет дакументальная кніга-хроніка “Памяць. Быхаўскі раён” першай сярод раёнаў Магілёўшчыны. І за гэта вялікі дзякуй былому рэдактару, заслужанаму работніку культуры Беларусі Георгію Ерамеевічу Барысаву. Дарэчы, у 1997 годзе да Дня Перамогі на магіле удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Барысава за сродкі райвыканкама, калектываў кансервава-агароднінасушыльнага завода і рэдакцыі ўстанавілі гранітны помнік з выгравіраваным на ім партрэтам гэтага сапраўды заслужанага чалавека, аб чым таксама пісала газета.

У далейшым плённа працавалі і прымнажалі творчыя набыткі рэдакцыі Уладзімір Кныш, Мікалай Рыхлоў, Мікалай Пішчыкаў, Аркадзь Скудны, Валянцін Барысевіч, Мікалай Леўчанка, Уладзіслаў Грыбанаў, Таццяна Зарэмба, іншыя супрацоўнікі рэдакцыі.

Сёння калектыў рэдакцыі плённа працуе пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Гурскай Кацярыны Уладзіміраўны ў цесным адзінстве са сваім заснавальнікам — раённым выканаўчым камітэтам, яго аддзеламі і ўпраўленнямі. 

Газета выходзіць два разы на тыдні: у сераду 8 палосаў фармата А3 і ў суботу 12 палос гэтага фармата. Пры неабходнасці бывае 14 ці 16 палосаў.