Мясцовае самакіраванне: Аўтарытэт старэйшыны

Мясцовае   самакіраванне: Аўтарытэт старэйшыны

Ёсць такі выраз “нефармальны лідар”. Яго звычайна прымяняюць у добрым сэнсе да аўтарытэтнага чалавека, які не займае саліднай пасады, але да яго ідуць людзі за парадамі ці проста шчыра пагаманіць аб тым, чаго не скажаш іншаму чалавеку. Такім лідарам у Іскані з’яўляецца старэйшына гэтай вёскі Галіна Сцяпанаўна Шульга.

З Галінай Сцяпанаўнай знаёмы вельмі даўно. З таго часу, як толькі прыйшоў працаваць у раённую газету. Было гэта восенню 1974 года. Тагачасны кіраўнік “раёнкі”, выдатнік друку і заслужаны работнік культуры Беларусі Георгій Ерамеевіч Барысаў аднойчы сказаў: “ Ты, Мікола, трымай сувязь з нашым рабселькораўскім актывам. Рабочыя і сельскія карэспандэнты людзі добрасумленныя, правераныя, з іхняй дапамогаю ты хутчэй пазнаеш раён, будзеш ведаць рэальную абстаноўку на кожным прадпрыемстве, у кожным калгасе. А спіс актыву я табе дам, параю з кім у першую чаргу трымаць сувязь”.

Так мой творчы настаўнік хутка і зрабіў. А трымаць дзелавую сувязь на левабярэжжы Дняпра параіў з настаўнікамі Іванам Казловым з Гадылёва, Рыгорам Абушкевічам з Ветранкі, мужам і жонкаю Шульга з Іскані. На ісканскіх педагогоаў сказаў звярнуць увагу асаблівую, бо яны добрыя, шчырыя людзі, акрамя школьнай вядуць яшчэ і вялікую краязнаўчую работу, таму агульную мову з імі знойдзеш адразу.
Я сапраўды адразу знайшоў з гэтымі людзьмі агульную мову, але толькі ўлетку 1976 года, калі яны на новенькім “Запарожцы” падрулілі аднойчы ў канцы працоўнага дня да будынка рэдакцыі. Георгій Ерамеевіч  тады зачыняў на ключ дзверы рэдакцыі, а я стаяў і чакаў, калі ён гэта зробіць, каб разам пайсці да дому.

У гэты час і спыніўся іхні аўтамабіль, самы танны з усіх савецкіх легкавікоў. Але і ён лічыўся пэўнаю раскошаю, бо ўласных машын тады было нямнога. Мелі машыны ў асноўным авіятары 57-й МРАД.
“Запарожац” спыніўся, ззяючы свежаю фарбаю, адчыніліся дзверцы і з салона вылезлі радасныя, але невядомыя мне людзі.

—    А – а, таксама ўзрадавана ўсклікнуў, павярнуўшыся, мой рэдактар, хаваючы ў кішэню ключы. — Дык вы ўжо сталёвага коніка асядлалі. Добра, вельмі добра. Знаёмся, Мікола, гэта таксама Мікола, Мікалай Кірылавіч Шульга, а побач з ім яго жонка Галя, Галіна Сцяпанаўна. Ды я табе раней казаў пра іх.

І пачалася гамонка аб жыцці. Я яе ўжо дакладна нават не памятаю, а вось тое, што лёс звёў мяне з цікавымі людзьмі памятаю заўсёды, у чым потым неаднаразова пераконваўся. І пісаў. Пісаў пра Ісканскі школьны музей, які яны стварылі і вялі шматлікую перапіску з рознымі дзяржаўнымі архівамі, палкоўнікамі ды генераламі, папаўняючы музейны фонд патрэбнымі экспанатамі. Гэтыя палкоўнікі, генералы сюды прыязджалі, бо ў час Вялікай Айчыннай вайны вызвалялі вёску і ўвесь Быхаўскі раён ад гітлераўскай нечысці. А да аднаго з іх, палкоўніка і Героя Савецкага Саюза Аўхіма Барысавіча Фрадкова, па ягонаму запрашэнню, Галіна Сцяпанаўна ездзіла ў Адэсу, сустракалася з ім, прывезла некаторыя асабістыя рэчы і ўспаміны баявога старшага афіцэра.

Мікалай Кірылавіч даўно пайшоў у лепшы свет, а Галіна Сцяпанаўна жыве, радуе дзяцей і ўнукаў сваім аптымізмам, жаданнем усім дапамагчы, сваёй актыўнасцю ў вясковым жыцці. І не толькі.

У той лютаўскі дзень яна чакала майго прыезду, каб разам патрапіць на літаратурную вечарыну з нагоды 65-гадовага юбілею былога свайго вучня, а зараз вядомага беларускага пісьменніка Васіля Ткачова. Вечарына ладзілася ў суседняй вёсцы Хатоўня Рагачоўскага раёна, куды нас запрасіў шаноўны Васіль Юрьевіч, і таму збіралася на некалькі незвычайнае мерапрыемства як на свята. Вось так, як на свята, яна збіралася і раней, калі побач з домам, на пагорку, стаяла васьмігадовая школа, у якой была дырэктарам. А ў кіламетры ад яе, толькі ў іншым баку, месціліся ў адным белакаменным будынку клуб, бібліятэка, праўленне калгаса “Іскра”. Цяпер няма ўжо нічога. Ды засталіся людзі, якім патрэбна ўвага, а тое і дапамога. Яны, калі захочуць, заўсёды ідуць да сваёй Галіны Сцяпанаўны, якую даўно на агульным сходзе абралі старэйшынаю. Ідуць у любы час, бо адукаваная, добразычлівая, ветлівая былая настаўніца заўжды адчыняе дзверы. Гасцінна сустракае, гутарыць, раіць, настаўляе, патрабуе, дапамагае, калі чалавек мае такую патрэбу, хаця ў самой душа вельмі баліць. Ды часам так, што нікога не хочацца бачыць, ні з кім гаманіць.

Менавіта такі настрой быў у яе, калі страціла сына. Яшчэ не паспеў хоць крышачку прытупіцца матчын боль, як у хату завітаў вясковец, які страціў жонку і так перажываў, што не ведаў, як далей без яе жыць, гатовы быў на ўсё.

Давялося прымяніць педагогу ўсё сваё прафесійнае майстэрства, жыццёвы вопыт, каб пераканаць суразмоўцу ў тым, што, нягледзячы на гора, жыццё працягваецца, яно дадзена чалавеку Богам і трэба радавацца кожнаму пражытаму дню, дапамагаць сваім родным і блізкім, радаваць іх, а не прыносіць гора. І доўгая гутарка пайшла аднавяскоўцу на карысць.

Усе наспеўшыя грамадскія пытанні старэйшына вырашае са старшынёю Абідавіцкага сельвыканкама Алегам Міхайлавічам Шадурыным альбо з кіраўніком спраў выканкама Валянцінай Аляксандраўнай Сазуравай. Алег Міхайлавіч, калі прыязджае ў Іскань, абавязкова заходзіць, гутарыць аб надзённых справах. А так звычайна размовы ідуць пры неабходнасці па тэлефоне.

У праўленне СВК “Абідавічы” звяртаецца радзей, але ў інтарэсах справы не абмінае і яго. Асабліва, калі ўзнікае пытанне, якое хвалюе людзей.

— А што хвалюе вяскоўцаў зараз? — цікаўлюся ў старэйшыны.

—    Сёння востра стаіць пытанне аплаты за малако, якое закупляе ў людзей для дзяржавы сельскагаспадарчы кааператыў. Ён аплочвае нам за кожны літр усяго па 2645 рублёў, а ў магазіне малако, прычым ніжэйшай тлусцасці, каштуе ад 6 і болей тысяч рулёў за адзін літр. Дзе ж справядлівасць? — абураецца старэйшына, — і дадае: пры такой аплаце, калі на ўсё іншае цэны растуць быццам на дражджах, людзі хутка пазбавяцца ад кароў, а іх і так засталося мала.

—    І колькі буронак сёння ў вёсцы?

—    Мала, зусім мала. Усяго 13, а жыхароў ажно 204. Тут ёсць над чым задумацца.
Сапраўды, ёсць над чым, бо трымаюць рагуль у асноўным пенсіянеры. Ёсць карова і на падворку Галіны Сцяпанаўны. Без яе гаспадыня не ўяўляе свайго жыцця, а вось працаздольныя вяскоўцы, тым болей моладзь, не жадаюць абцяжарваць сябе такімі  хатнімі клопатамі. Купляюць у магазіне патрэбную малочную прадукцыю.

—    Толькі хіба можна параўнаць магазіннае малако з сырадоем ад сваёй буронкі? Ні ў якім разе! — робіць выснову Шульга на карысць свойскага малака. Яна лічыць, што калі дзяржава працягвае закупляць у насельніцтва малако з уласных падворкаў, значыць яно ёй патрэбна, а калі патрэбна, то і аплочваць трэба адпаведна, каб чалавеку выгадна было ўтрымліваць карову.

Не толькі гаспадырчымі клопатамі жыве старэйшына. Раней яна звярнулася за дапамогаю да дырэктара ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод” Сяргея Грымыкі наконт добраўпарадкавання магілы былога галоўнага інжынера прадпрыемства Георгія Шапіры, растралянага гітлераўцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І знайшла паразуменне ў кіраўніка. Сяргей Віктаравіч зрабіў усё, каб магіла ахвяры фашызму на Быхаўскіх могілках была прыведзена ў належны парадак.
Гэты характэрны прыклад не адзінкавы. Неяк аднавясковец прынёс у хату абрывак газеты, на якім было надрукавана: “Семченко Михаил Сазонович. Родился 08. 03. 1922 года. Проживал в с. Искань Журавичского района Гомельской области. Мать — Семченко Лукерья. Солдат. Умер в лагере 13. 02. 1945 года.

Прдготовил к печати подполковник Александр Макаров”.

Далей ад імя рэдакцыі ідзе прыпіска, што калі вам нешта вядома пра гэтых людзей, то можаце дапоўніць наяўную інфармацыю. Вашых пісьмаў і паведамленняў чакаць па адрасе… І ўказаны адрас у горадзе Мінску, нумар тэлефона.
Няўрымслівая Галіна Сцяпанаўна сабрала ўсе звесткі пра Міхаіла Сазонавіча Семчанку, ягоных двух братоў і чатырох сясцёр. І накіравала іх ва ўпраўленне па ўвекавечванню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, на імя палкоўніка Шумскага.

На вялікі жаль, ніякага адказу з вайсковага ўпраўлення не атрымала, хаця, наколькі ведаю, палкоўнік Шумскі Віктар Віктаравіч, служыць там і цяпер.

Галіна Сцяпанаўна ўжо гатова ехацьу Хатоўню, а я разглядваю яе ўзнагароды за грамадскія справы па лініі мясцовага самакіравання. Вось Ганаровая грамата Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў за аказанне дзейснай дапамогі сельвыканкаму ў вырашэнні бытавых праблем насельніцтва і сацыяльна-эканамічнага развіцця сельсавета, Дыплом ІІ ступені аблсавета дэпутатаў уручаны ёй як пераможцы спаборніцтва сярод органаў тэрытарыяльнага і грамадскага самакіравання сельскіх населеных пунктаў, іншыя граматы, дыпломы, падзякі за дасягненні як на абласным, так і на раённым узроўні.
Тым часам мая суразмоўца з цеплынёю кажа пра Валянціну Ягораўну Шацаву, якой у апошні час даводзіцца выклікаць хуткую дапамогу, Еўдакію Восіпаўну Буханаву. Ёй ужо за 80, непісьменная і зусім не мае слыху, таму таксама мае патрэбу ў дапамозе.

Слухаю старэйшыну вёскі Іскань і разумею, што яна вельмі патрэбна людзям, якія без яе даўно не ўяўляюць свайго сялянскага жыцця.

Мікола КОЛАСАЎ.

Последние новости

СПОРТ

Министерство спорта и туризма информирует

4 мая 2024
КАЛЕЙДОСКОП

Как хранить яйца до и после Пасхи: полезные советы

3 мая 2024
В МИРЕ

В украинскую армию будут призывать больных ВИЧ и раком

3 мая 2024
ОБЩЕСТВО

Белстат подсчитал, во что обойдется белорусам приготовление пасхального кулича

3 мая 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине пройдет специальная программа «Детство без насилия»

3 мая 2024
ТЕХНОЛОГИИ

Китай запустил лунный зонд “Чанъэ-6” для сбора образцов грунта с обратной стороны Луны

3 мая 2024
ОБЩЕСТВО

Карточки некоторых банков могут не работать в ночь на 4 мая

3 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Развитие регионов как важный элемент стабильности. Акценты рабочей поездки Александра Лукашенко на юго-восток Могилевщины

3 мая 2024
ПРЕЗИДЕНТ

“Не просто впечатляет”. Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
ГЛАВНОЕ

Выходные – в режиме усиления

3 мая 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине пройдут учения

30 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Быхове горел дом

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошла межотраслевая профсоюзная спортландия, посвященная 120-летию профсоюзного движения. ФОТО

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Где православным освятить пасхальные куличи и яйца в Быхове

2 мая 2024
ГЛАВНОЕ

История Евгения Кривулькина, работавшего в опасной зоне Чернобыля

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине проходит республиканская молодежная ярмарка вакансий

23 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Юные экскурсоводы Быховщины завоевали признание на областном и республиканском уровне

2 мая 2024