Горад – герой 17 стагоддзя (частка 6)

Трэці год вайны Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы праходзіў ва ўмовах Немежскага перамір’я. Разам з тым, Чавускі палкоўнік І. Нячай працягваў прадпрымаць спробы авалодаць Старым Быхавам. Яшчэ ў канцы 1656 г., калі яго палкі разам з войскам А. Трубяцкога стаялі пад бастыёнамі гэтай крэпасці, казацкі старшына пачаў накіроўваць быхаўцам лісты, у якіх заклікаў здаць горад не маскоўскаму войску, а менавіта яму – І. Нячаю. Пасля адступу царскіх войскаў быхаўцы ўжо было прынялі гэту прапанову, у сувязі з чым да сцен Быхава прыбыў увесь полк Чавускага палкоўніка. Аднак абаронцы не пагадзіліся ўпусціць усю гэту арду ў свой горад і прапанавалі І. Нячаю заехаць у крэпасць толькі з 50 ці 60 казакамі. Адважны палкоўнік падумаў трохі і паехаў назад ў Чавусы.

Аднак у сакавіку 1657 г. Быхаўская крэпасць, вытрымаўшы ў аблозе 2,5 гады, усё ж такі скарылася Украіне і ўрэшце адчыніла свае брамы «Беларускаму палку» І. Нячая, які адзначыў тады, што шляхта, мяшчане і ўсе жыхары Старога Быхава «паддаліся пад уладу і пратэкцыю нашу і прысягу выканалі нам… ». Аб сваім неверагодным дасягненні палкоўнік зараз жа паведаміў Б. Хмяльніцкаму, які, не адкладаючы ў доўгую скрыню, выдаў «Універсал Ягамосці гетмана Старому Быхаву аб стварэнні тут вольнага порту на Літве». Усім украінцам паведамілі, што «воляй Божай шляхта і жыхары Старога Быхава поўнасцю і ўсім сэрцам аддалі сябе пад нашу апеку і пакляліся не здаваць горад нікому іншаму, але перадаць яго ў поўную ўласнасць Запарожскага войска». Б. Хмяльніцкі вырашыў заручыцца падтрымкай кіеўскіх купцоў і заснаваць у Старым Быхаве цэнтр украінскага гандлю з Балтыкай.

У якасці прычын, якія падштурхнулі адважны гарнізон да прыняцця такога непапулярнага рашэння, можна назваць наступныя. Па-першае, нягледзячы на заключанае перамір’е, горад фактычна заставаўся ў аблозе, а дапамогі чакаць не было адкуль. Па-другое, быхаўцы сутыкнуліся са страшным голадам, у сувязі з чым трэба было прадпрымаць неадкладныя меры для таго, каб не даць абаронцам памерці галоднай смерцю. Існаваць жа за кошт «наездаў» на бліжэйшыя вёскі ўжо было немагчыма, бо ад іх практычна нічога не засталося. І самае галоўнае, быхаўцы выдатна ведалі пра ўзаемаадносіны казакоў з маскоўскай адміністрацыяй, хутчэй за ўсё яны чулі пра сутычкі паміж саюзнікамі, а таксама пра тое, што «черкасы» часам нападалі на царскія канвоі і вызвалялі палонных літвінаў. Менавіта таму горад адчыніў браму не маскоўскім ратнікам, а казакам, якія не імкнуліся падпарадкоўвацца царскім уладам. Выбар аказаўся правільным. Маскоўскіх салдатаў да горада не падпускалі, а 16 верасня 1658 г. у казацкім абозе пад Пуціўлем, недалёка ад мяжы з Маскоўскай дзяржавай, прадстаўнікі Рэчы Паспалітай і казацкай старшыні падпісалі Гадзяцкую дамову – пагадненне аб вяртанні Украіны ў склад Рэчы Паспалітай. Казакі, у тым ліку І. Нячай, павярнулі сваю зброю супраць войскаў Аляксея Міхайлавіча. А Стары Быхаў без бою зноў перайшоў пад руку Яна Казіміра. Гэтыя акалічнасці давалі падставы цару не лічыць горад капітуляваўшым.

Аднак Маскоўская дзяржава не збіралася адмаўляцца ад сваіх заваёў. У выніку актыўных ваенных і палітычных дзеянняў у 1659 г. Украіна ўжо ў які раз памяняла «палітычную арыентацыю» на прамаскоўскую, што было пацверджана тэкстам Пераяслаўскай дамовы, адзін з артыкулаў якога катэгарычна патрабаваў: «В городех, и местах, и местечках на Белой России ныне и впредь залогам черкасским не быть». Івану Нячаю было загадана пакінуць Стары Быхаў і здаць яго царскім ваяводам, а сваіх казакоў выслаць у Нежынскі і Чарнігаўскі палкі. У выпадку непадпарадкавання маскоўскія ўлады збіраліся распачаць супраць палкоўніка ваенныя дзеянні. Як таго і трэба было чакаць, Нячай не падпарадкаваўся і працягваў далей весці бойкі з царскімі атрадамі.

Поспех пакінуў І. Нячая ў студзені 1659 г., калі са Смаленшчыны ў беларускія і літоўскія землі рушыла моцная армія князя І. Лабанава-Растоўскага. Маскоўскія ратнікі атрымлівалі адну перамогу за другой. Становішча не маглі палепшыць аб’яднаныя шляхецкія атрады, якія падтрымлівалі паўстанцаў. У выніку большая частка фарміраванняў казакоў і шляхты да лета 1659 г. была разгромлена ці перайшла на бок пераможцаў. Тыя ж казакі і шляхта, якія мелі намер змагацца да апошняга, сцякаліся да Старога Быхава. У валах фартэцыі сабралося каля 4 тыс. абаронцаў, якімі камандаваў І. Нячай. Палкоўнік пісаў няспынныя просьбы аб дапамозе, скіраваныя запарожскаму гетману І. Выгоўскаму, літоўскаму гетману П. Сапегу і каралю Яну Казіміру. А царскія ваяводы тым часам падводзілі пад гэтую крэпасць свае войскі з Полацку, Віцебску і Смаленску.

З 24 траўня 1659 г. пачалася облога дняпроўскай крэпасці салдатамі С. Змеева, да якіх у ліпені падыйшлі галоўныя царскія сілы пад камандаваннем І. Лабанава-Растоўскага. А з чэрвеня яны распачалі больш рашучыя дзеянні. Вялікай была лютасць Аляксея Міхайлавіча на ўкраінскага палкоўніка, паколькі ўжо вясной гэтага года ён загадаў князю А. Трубяцкому, каб той выкінуў са Старога Быхава «изменника и душегуба» І. Нячая, які парушыў прысягу і выступіў супраць цара. Разам з атачэннем фартэцыі маскоўскія войскі рэгулярна рабілі вылазкі на заходні бераг Бярэзіны. Гэта рабілася дзеля таго, каб прагнаць адтуль казацкія і дабраахвотныя літвінскія аддзелы, якія падтрымлівалі кантакт з замкнёнымі ў аблозе і тым самым падбадзёрвалі іх. Сур’ёзнай жа небяспекі для маскоўскай арміі гэтыя фарміраванні не ўяўлялі.

Тым часам, яшчэ 1 траўня 1659 г. у Варшаве было прынята рашэнне аб адпраўцы рэшткі войска на дапамогу І. Нячаю. Гэтае рашэнне было выканана ў лепшых традыцыях адміністрацыйнага апарату Рэчы Паспалітай. На працягу лета, да пачатку жніўня дэмаралізаваная армія, якую больш цікавіла пытанне выбівання з дзяржавы свайго заробку, знаходзілася ў раёне Койданава (зараз Дзяржынск) і вескі Лошыца (зараз раён Мінска). Увесь гэты час жаўнеры судзіліся са сваім камандзірам Янам Сасноўскім праз шматмесячнаю невыплату ім заробку і, не губляючы дарэмна час, рабавалі навакольныя вёскі. Адсутнасць канкрэтных дзеянняў кароннай арміі выклікала нервовую рэакцыю караля, тым больш, што ў верасні да Яна Казіміра дайшлі звесткі, што маскоўцы пачалі інтэнсіўны абстрэл цвердзі і штурмы. Разам з тым, магчымасць дапамагчы Старому Быхаву ўсё ж такі была. Аднак, гетман Вялікага Княства П. Сапега, які кіраваўся толькі сваёй уласнай карысцю, прадпрымаў захады, якія ў выніку толькі дэзарганізовывалі падуладныя яму фарміраванні. Нажаль, гэты чалавек, як і многія іншыя магнаты, свае асабістыя інтарэсы ставіў вышэй дзяржаўных, нават у такі цяжкі для краіны час.

Тым часам І. Нячай працягваў супраціў. Першыя штурмы з лёгкасцю адбівалі. У першыя тыдні асады залога нават рабіла шматлікія вылазкі, наносячы сур’ёзныя страты царскім войскам. Аднак з цягам часу надзея на дапамогу знікала, таму абаронцы пачалі ашчаджаць сілы і адмовіліся ад атак. Становішча крэпасці ўскладнялася яшчэ і тым, што сярод абложаных не было адзінства. Частка казакоў выказвалася за капітуляцыю, многія зусім уцякалі з фартэцыі да маскоўцаў. У сваю чаргу некаторыя мяшчане таксама не жадалі служыць І. Нячаю і гаварылі, што слухаюцца яго «поневоле» і «впредь помогать ему не будут». Апошніх можна было зразумець: казакі, якія зараз знаходзіліся ў крэпасці, яшчэ зусім нядаўна асаджалі яе, пры гэтым забілі і паранілі многіх быхаўцаў.

Сапраўдным ударам для абаронцаў сталася навіна пра падзенне украінскага гетмана І. Выгоўскага, які змагаўся за незалежнасць ад Масквы. Аб гэтым чавусскаму палкоўніку паведамілі самі маскоўскія ваяводы, якія жадалі хутчэй схіліць яго здаць горад. Калі гэта не дапамагло, з Украіны прывезлі ліст да І. Нячая, падпісаны пераяслаўскім палкоўнікам Цімафеем Цяцюрай, нежынскім Васілём Залатарэнкам і чарнігаўскім Анікеем Сіліным. Яны пісалі, каб Нячай неадкладна здаў Стары Быхаў маскоўскім войскам і сам «біў чалом» цару. А праз некаторы час стала вядома, што І. Нячай абяцаў казацкім паслам, якія прыбылі да яго, што ён здасца толькі ў тым выпадку, калі да яго асабіста напіша сам новы гетман Юрый Хмяльніцкі. Аднак капітуляцыя не адбылася.

Прыкладна ў гэты ж час, у пачатку верасня армія марадзераў, якую чамусьці называлі арміяй Рэчы Паспалітай, павольна пацягнулася да Бабруйску. Адначасова ў Быхаў дасылаліся лісты з заклікам трываць. Але рух быў вельмі марудны. Жаўнеры спасылаліся на тое, што цяжкая дарога пакалечыла значную колькасць коней. Ну як тут не прыгадаць прымаўку пра дрэннага танцора? Нягледзячы на ўсё гэта, Яну Сасноўскаму ўдалося, выкарыстоўваючы сведчанні палонных, схопленых раз’ездамі пад Старым Быхавам, арганізаваць акцыю з мэтай дапамагчы І. Нячаю. Перад галоўнымі сіламі да Старабыхаўскай крэпасці былі адпраўлены восем конных харугваў пад камандаваннем смаленскага ваяводы Міхаіла Абуховіча і чатыры пад кіраўніцтвам берасцейскага суддзі Станіслава Казіміра Бабруйніцкага. Гэтыя атрады павінны былі знянацку атакаваць аддзел конніцы непрыяцеля, які стаяў на варце перад маскоўскімі акопамі, разбіць яго, прабіцца з правіянтам ў Быхаў і змяніць залогу. Але ўсё добра было толькі ў планах. Па дарозе да Быхаўскай фартэцыі многія жаўнеры пакідалі шэрагі і вярталіся ў лагер. Дзякуючы арганізаванасці і дысцыпліне маскоўская конніца, якая пілнавала падходы да горада, заўважыла харугвы М. Абуховіча (што не дзіўна) і папярэдзіла сваё войска, якое зарыентавалася ў намерах ворага і змагло перашкодзіць яму. Ну, а храбрыя літвінскія ваяры адыйшлі за Друць.

Позняй восенню армія Я. Сасноўскага, якой дзяржава ўпарта не плаціла грошы, пад напорам свайго вайскаводцы прыйшла пад Магілёў. У сувязі з чым узнікае пытанне: чаму яны пайшлі ў гэты горад, калі Стары Быхаў да Бабруйска значна бліжэй? За пару дзён «грознае» войска папаліла ўцалелыя падчас вайны прадмесці Магілёва, пасля чаго, цалкам адмовіўшыся ад службы, самавольна пайшло на Глуск, а затым скіравалася ў Наваградчыну, страчваючы пры гэтым рэшту дысцыпліны. За Друццю засталіся толькі конныя харугвы М. Абуховіча. У сувязі з гэтым Аляксей Міхайлавіч загадаў знішчыць гэтыя аддзелы, якія сваёй прысутнасцю дадавалі надзеі І. Нячаю, які ўпарта абараняўся. Але, як кажуць, дурны прыклад заразны. Удосыць наглядзеўшыся на армію Рэчы Паспалітай, маскоўскія ратнікі таксама заявілі, што не пойдуць у бой. Зачэпка была простай: ваявода Сямён Змееў не знатнага роду, таму пад яго началам яны змагацца не могуць. Празнаўшы пра гэта, І. Лабанаў-Растоўскі направіў на М. Абуховіча меньш пераборлівых ваяк (магілёўскую і віцебскую шляхту, «да романовских и ярославских татар, да казаков донских…, да монастырских слуг 2 сотни»). Перад тварам падыходзячага ворага літвіны, як звычайна, не маргнуўшы вокам, пакінулі пазіцыі і адыйшлі за Бярэзіну. С. Змееў жадаў іх праследаваць, але дух шляхецкай дэмакратыі перадаўся па паветры яго падначаленым, і яны адмовіліся ісці далей, спаслаўшыся на галечу і недахоп коней. Як бачна, цяжкія ўмовы гэтай вайны адбіліся не толькі на настроях войска Рэчы Паспалітай. Нажаль, змаганне са сваёй арміяй падарвала здароў’е і так хворага Я. Сасноўскага, які пасля бегства сваіх жаўнераў ад Магілёва з’ехаў у Слуцк, дзе памер 26 красавіка 1660 г.

А ў пазбаўленым надзеі на дапамогу Старым Быхаве дзень на дзень умовы пагаршаліся. Аднак крэпасць пратрымалася яшчэ месяц. З-за недахопу правіянту ў канцы кастрычніка І. Нячай выпусціў за брамы 216 чалавек, якія засведчылі І. Лабанаву-Растоўскаму, што ў горадзе шляхты, казакоў і мяшчан 1-1,5 тыс. чалавек і ўсе змораныя голадам. Нягледзячы на гэта, з фартэцыі рэгулярна рабіліся вылазкі ў бок маскоўскіх акопаў. Адна, асабліва моцная, была здзейснена 29 кастрычніка на пазіцыі С. Змеева і прынесла вялікія страты яго войску. Акрамя таго, абаронцы забралі шмат зброі, у тым ліку мартыру, якая прычыняла цяжкія шкоды ў горадзе. Гэтая вылазка зрабіла значнае ўражанне на маскоўскіх ратнікаў, якіх уцекачы пераканалі, што залога бароніцца з апошніх сілаў. Яшчэ большай нечаканасцю стала правядзенне наступнай удалай вылазкі 5 лістапада.

Такім чынам Стары Быхаў дабрачынна ўздзейнічаў на светапогляд І. Нячая і яго казакоў, якія разам з мяшчанамі, нягледзячы на безнадзейнае становішча і прапановы захаваць іх жыццё ў выпадку капітуляцыі, не змянілі «палітычнай арыентацыі» і да апошняга абаранялі свой апошні бастыён – быхаўскую крэпасць. (Заканчэнне будзе.)

Юрый Шкапляроў,

дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Магілёўскага вышэйшага каледжа  МУС Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук.

Последние новости

ОБЩЕСТВО

До +23°С и грозы ожидаются до конца недели в Могилевской области

15 мая 2024
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

Единый урок, посвященный Дню семьи, пройдет 15-16 мая в школах Беларуси

15 мая 2024
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Быховская земля встретила IV Всебелорусский Крестный ход «Церковь и армия». ФОТО

15 мая 2024
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

Установлены сроки и пункты проведения ЦТ – 2024

15 мая 2024
Читать новость
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

С 1 мая в Беларуси повышены зарплаты ряду медработников — кому ожидать прибавку?

15 мая 2024
Читать новость
КАЛЕЙДОСКОП

Nature: лето 2023 года стало самым жарким за последние две тысячи лет

15 мая 2024
Читать новость
ОБЩЕСТВО

На Быховщине пройдет профилактическая акция «Не оставляйте детей одних!»

15 мая 2024
Читать новость
АКТУАЛЬНО

Прямую телефонную линию проведет 18 мая председатель Могилевского областного Совета депутатов

15 мая 2024
Читать новость
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Быховчане торжественно отметили День Государственных символов. ФОТО

15 мая 2024
Читать новость
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Беларуси отмечают День семьи

15 мая 2024
Читать новость

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быхове начались мероприятия по проверке мобилизационной готовности территориальной обороны

7 мая 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНОЕ

В Быховском районе подросток, нуждающийся в особых условиях воспитания, направлен в специальное учреждение

10 мая 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНОЕ

В Быховском районе горел дом

10 мая 2024
Стрелка вверх
НА СТРАЖЕ ЗАКОНА

В Быхове рассмотрено уголовное дело в отношении гражданина, совершившего истязание своей сожительницы

10 мая 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Как отметят День Победы в Быхове

8 мая 2024
Стрелка вверх
ОБЩЕСТВО

Где православным освятить пасхальные куличи и яйца в Быхове

2 мая 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быхове проходит ремонт дорог

6 мая 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Торжественный ритуал принесения Присяги состоялся на мемориале воинской славы «Лудчицкая высота»

8 мая 2024
Стрелка вверх