Колькі каштуе праца настаўніка?

Рабочая група па вывучэнні пытанняў магчымага пераходу на іншую сістэму аплаты працы педагагічных работнікаў працуе пры Міністэрстве адукацыі. Узначаліў камісію намеснік міністра адукацыі нашай краіны Казімір Фарыно. Акрамя работнікаў галоўнага адукацыйнага ведамства ў камісію ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, упраўленняў адукацыі і агульнаадукацыйных устаноў. Пазіцыю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў гэтай камісіі прадстаўляе намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта Раман ДАПІРА:

Раман ДАПІРА

— Раман Восіпавіч, інфармацыя пра тое, што дзейная сістэма аплаты працы можа змяніцца, не на жарт усхвалявала школьных настаўнікаў. Нельга сказаць, каб педагогі былі задаволеныя цяперашнімі сваімі заробкамі, аднак чамусьці ўсе ўпэўненыя, што змяненні наўрад ці будуць у лепшы бок… Патлумачце, калі ласка, чым была выклікана неабходнасць перагляду падыходаў да ацэньвання працы педагагічных работнікаў? І якія альтэрнатыўныя варыянты разглядаюцца?

— Перад пачаткам новага навучальнага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь праводзіў рэспубліканскую нараду з педагагічным актывам нашай краіны. Па яе выніках Савету Міністраў было даручана разгледзець пытанні паэтапнага павышэння заработнай платы педагагічным работнікам дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі пры адначасовым удасканаленні аплаты іх працы. У якасці адной з альтэрнатыў дзейнай сістэме аплаты працы школьных настаўнікаў прапануецца, напрыклад, пераход на штатна-акладную сістэму аплаты працы…

— …Прабачце, але на штатна-акладную сістэму аплаты працы педагогаў ужо перайшла Расійская Федэрацыя, і наколькі мне вядома, педагогі не выйгралі ад гэтага, а толькі прайгралі…

— Досвед нашых расійскіх калег і сапраўды даволі сумны. Але спачатку дазволю сабе невялічкі экскурс у гісторыю. Нармаваць працу настаўнікаў спрабавалі яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Спрабавалі вызначыць, якая частка дня педагога будзе нармавацца і аплачвацца, а якая — не. У 20-я гады мінулага стагоддзя нагрузка на настаўнікаў складала 24 гадзіны, але ў сярэдзіне 30-х гадоў прынялі рашэнне аб зніжэнні нагрузкі на стаўку да 18 гадзін на тыдзень для ўсіх катэгорый настаўнікаў, за выключэннем настаўнікаў пачатковых класаў. Па пачатковай школе зніжэнне да 20 гадзін адбылося ў пачатку 80-х гадоў і, нарэшце, у 1997 годзе нагрузка на настаўнікаў пачатковых класаў была зніжана да 18 гадзін. Гэта рашэнне прымалася сінхронна ў Беларусі, Расіі, Украіне і Казахстане. Хачу заўважыць, што калі ў 30-я гады мінулага стагоддзя прымалася рашэнне аб зніжэнні нагрузкі на настаўнікаў, дзяржава зыходзіла з таго, што настаўнікаў краіне востра не хапае. Адной рукой педагогам зніжалі нагрузку, але адначасова з гэтым павышалася аплата іх працы на стаўку. Той жа пастановай настаўнікам афіцыйна дазвалялася працаваць больш чым на стаўку. Трэба дадаць, што нават падчас ваеннага ліхалецця, калі ў 1943 годзе ў Савецкім Саюзе пераглядаліся нормы працы, зноў прымаецца рашэнне захаваць нагрузку на настаўнікаў у аб’ёме 18 гадзін на стаўку.

Такую нагрузку маюць беларускія настаўнікі і сёння, але ўжо агучваліся прапановы павялічыць стаўку да 20 гадзін. Мы ўпэўнены, што такое рашэнне толькі пагоршыць сітуацыю. Зараз сярэдняя педагагічная нагрузка на настаўнікаў складае па краіне 1,25 стаўкі, або 22,5 гадзіны. Нашы спецыялісты падлічылі, што пры павелічэнні аб’ёму педагагічнай нагрузкі на стаўку да 20 гадзін адбудзецца скарачэнне па краіне прыкладна 13 393 ставак, гэта значыць, што іх колькасць скароціцца на 10%. Асабліва балюча скарачэнне можа ўдарыць па педагогах Віцебшчыны, паколькі ў гэтым рэгіёне самы нізкі па краіне ўзровень нагрузкі — ён блізкі да 18 гадзін. Але што дасць настаўніку павелічэнне заработнай платы на 10 працэнтаў пры прапарцыянальным павелічэнні аб’ёму педагагічнай нагрузкі? Такі “рост” заработнай платы будзе вельмі хутка з’едзены інфляцыяй. Да таго ж для тых, хто працаваў больш чым на стаўку, нічога не зменіцца. Заробкі павялічацца толькі ў тых, хто з 18 гадзін пяройдзе на 20 гадзін. Але пры гэтым скарачэнне закране іх калег… Усім зразумела, што гэты варыянт — непрымальны.

Цяпер што тычыцца штатна-акладнай сістэмы. Сёння працягласць працоўнага часу педагога складаецца з нармаванай і ненармаванай частак. У нармаваную ўключаецца пэўны аб’ём урочнай работы — 18 гадзін. Але вядома, што настаўнікі працуюць не 18 гадзін на тыдзень. Астатні іх працоўны час не ўлічваецца наўпрост для налічэння заработнай платы. Маецца на ўвазе час, прызначаны для выканання педагагічнымі работнікамі іх службовых абавязкаў: гэта можа быць удзел у дзейнасці метадычных аб’яднанняў, узаемадзейнічанне з бацькамі вучняў, забеспячэнне аховы жыцця і здароўя навучэнцаў і іншыя абавязкі, што вызначаюцца правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўным дагаворам або статутам навучальнай установы. Акрамя таго, у апошнія гады расце доля непедагагічных формаў работы настаўніка: педагогам даводзіцца займацца арганізацыяй харчавання дзяцей, зборам макулатуры і іншай другаснай сыравіны, усенавучам і гэтак далей. Пастаянна павялічваюцца і аб’ёмы дакументаабароту.

Пры пераходзе на штатна-акладную сістэму настаўнікам давядзецца на стаўку працаваць 36 гадзін на тыдзень, якія будуць нармавацца і аплачвацца. Зыходзячы з аналізу цяперашніх аб’ёмаў педагагічнай нагрузкі на настаўнікаў, якую галіновы прафсаюз правёў ва ўсіх рэгіёнах, быў здзейснены разлік “кошту” пераходу на штатна-акладную сістэму аплаты працы і высветлілася, што аб’ём гадзін, якія давядзецца аплачваць, павялічыцца ў 1,8 раза. Натуральна, што для захавання “кошту” аплаты гадзіны працы настаўніка трэба павялічваць і фінансаванне ў такой жа прапорцыі. Але ці павялічаць нам фінансаванне на 80 працэнтаў? Калі ж пераход на штатна-акладную сістэму адбудзецца без павелічэння аб’ёмаў фінансавання, то знізіцца і “кошт” гадзіны працы настаўніка або “кошт” урока. Менавіта таму пазіцыя прафсаюза на дадзеным этапе адназначная — пераходзіць на штатна-акладную сістэму аплаты працы магчыма толькі пры гатоўнасці мясцовых бюджэтаў прапарцыянальна павялічыць аб’ём адпаведных асігнаванняў.

— Мне здаецца, што праца настаўніка — вельмі спецыфічная, і толькі частка яе, напрыклад, вядзенне ўрокаў і факультатываў, выконваецца ў строга адведзены час. Як можна нармаваць усе іншыя віды працы настаўніка, у прыватнасці, пазаўрочную частку працоўнага часу? І ці можа рэгламентавацца канкрэтнымі нормамі часу выхаваўчая работа?

— І сапраўды, сёння заканадаўствам аб працы ўвогуле не прадугледжаны час для падрыхтоўкі настаўніка да ўрокаў. Між іншым, каб прыйсці падрыхтаваным на ўрок (распрацаваць для вучняў дыферэнцаваныя рознаўзроўневыя заданні, наглядны матэрыял, прадумаць гульнявыя моманты), трэба выдаткаваць не адну гадзіну, і меркаванне, што настаўнікам са стажам патрабуецца менш часу на падрыхтоўку да ўроку, чым маладым спецыялістам, памылковае. Канспекты ўрокаў немагчыма выкарыстоўваць дзесяцігоддзямі… Такім чынам, на падрыхтоўку да заняткаў настаўнік вымушаны выдаткоўваць свой асабісты час, у тым ліку працаваць і ў выхадныя дні. Нельга забывацца і аб правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, арганізацыю прадметных алімпіяд, афармленне ўсемагчымых справаздач, анкет і гэтак далей. Усе пералічаныя віды работ не падлягаюць уліку і, адпаведна, не аплачваюцца. Спецыялісты Луганскага педагагічнага інстытута яшчэ дваццаць гадоў назад спрабавалі з дапамогай розных метадаў даследаванняў падлічыць працягласць працоўнага часу настаўніку і высветлілі, што настаўнік працуе ў сярэднім ад 40 да 83 гадзін у тыдзень.

— А якім чынам праца настаўніка нармуецца ў іншых краінах, напрыклад, у той жа Расіі?

— Пры пераходзе на новую сістэму аплаты працы ў Расійскай Федэрацыі для вызначэння штатнага акладу была ўстаноўлена базавая велічыня. Яна вызначаецца на падставе структуры нагрузкі педагога. У аб’ём службовых абавязкаў і штатную заработную плату ўводзяцца ўсе віды педагагічнай дзейнасці настаўніка: урочная нагрузка, выхавальная, развіццёвая, пазашкольная, пазаўрочная, метадычная работа. У базавай частцы таксама ажыццяўляецца ўлік якасці — праз кваліфікацыйныя характарыстыкі, узровень адукацыі і стаж работніка. У Расіі памеры базавай велічыні і надбавак (стымульных выплат) аказаліся настолькі невялікімі, што ў многіх расійскіх рэгіёнах гэта прывяло да зніжэння аплаты працы педагогаў. Вызначаючы памер базавай велічыні, рэгіянальныя ўлады абапіраюцца ў першую чаргу на ступень напаўнення бюджэтаў і прыярытэты ў сацыяльнай палітыцы. Фактычна ўсё звялося да замены стаўкі першага разраду Адзінай тарыфнай сеткі на “базавы аклад” і “базавую велічыню”.

У асобных рэгіёнах Расіі была ўведзена мадэль, пры якой фонд аплаты працы залежыць ад нарматыву і сярэдняй напаўняльнасці па школе. У рамках такой мадэлі эфектыўнасць прыраўноўваецца выключна да скарачэння выдаткаў, а якасць працы настаўніка падмяняецца інтэнсіўнасцю работы (колькасцю вучняў у класе). Але ў перапоўненым класе якасць працы настаўніка, зразумела, не паляпшаецца. Увогуле ўвядзенне новай сістэмы аплаты працы ў Расіі ішло пераважна за кошт скарачэння колькасці ўстаноў і аптымізацыі колькасці работнікаў.

На заходнееўрапейскія краіны, дзе дзейнічае штатна-акладная сістэма, нам і ўвогуле арыентавацца не даводзіцца. У Фінляндыі, напрыклад, прафесія настаўніка — паважаная мужчынская прафесія, нават у пачатковай школе настаўнікі-мужчыны складаюць больш як 50 працэнтаў ад агульнай колькасці педагогаў, а на больш высокіх ступенях навучання гэты паказчык яшчэ больш высокі. Сярэдні памер заработнай платы там — 2,5 тысячы еўра. Нельга не ўлічваць і розныя падыходы да выхавання ў нашых школах і заходніх школах, дзе выхаванне дзяцей — гэта праблема сям’і.

— А якія захады па ўдасканаленні сістэмы аплаты працы беларускіх настаўнікаў прапануе галіновы прафсаюз?

— Адна з відавочных праблем — гэта нізкі ўзровень тарыфнай стаўкі першага разраду і невысокія тарыфныя каэфіцыенты Адзінай тарыфнай сеткі. Для таго, каб мінімізаваць уплыў інфляцыі, неабходна павялічыць тарыфныя стаўкі работнікаў адукацыі не менш чым на 50 працэнтаў.

Таксама мы прапануем перагледзець памеры павышэння тарыфных ставак (акладаў) у залежнасці ад стажу працы па спецыяльнасці. Сёння тарыфныя стаўкі (аклады) работнікаў са стажам да 5 гадоў павышаюцца на 10%, ад 5 да 10 гадоў — на 15%, ад 10 да 15 гадоў — на 20% і больш як 15 гадоў — на 30%. Такім чынам, пасля 15 гадоў работы па спецыяльнасці або ў галіне каэфіцыент ужо не павышаецца. Мы прапануем устанавіць наступныя памеры павышэння: ад 15 да 20 гадоў — на 30%, больш як 20 гадоў — на 40%.

Яшчэ адзін рэзерв — надбаўкі за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый. Цяпер за наяўнасць другой кваліфікацыйнай катэгорыі настаўнікі атрымліваюць надбаўку ў памеры 15% ад тарыфнай стаўкі, за першую — 20% і вышэйшую — 30%. У грашовым вымярэнні гэта складае адпаведна 74 тысячы, 101 тысячу і 158 тысяч рублёў. Мы лічым, што трэба павялічыць нарматывы надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый у 3-4 разы для стымулявання настаўнікаў да павышэння свайго прафесійнага ўзроўню.

Трэба павялічваць і колькасць гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы, якія аплачваюцца. Для гэтых мэтаў у навучальным годзе выдзяляецца ў сярэднім 5 гадзін на тыдзень на адзін клас у агульнаадукацыйных установах. Між іншым, арганізацыйна-выхаваўчая работа ўключае класнае кіраўніцтва, індывідуальную і групавую выхаваўчую работу з навучэнцамі, ідэалагічную і культурна-масавую работу, арганізацыю мерапрыемстваў выхаваўча-аздараўленчага напрамку, прапаганду і фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, арганізацыю грамадска-карыснай дзейнасці, працоўнае навучанне і прафарыентацыю, прафілактыку супрацьпраўных паводзін навучэнцаў, сацыяльна-педагагічную работу з настаўнікамі. Цалкам відавочна, што колькасць гадзін, што выдзяляюцца для арганізацыйна-выхаваўчай працы, зусім не адпавядае фактычным выдаткам для выканання патрэбнага аб’ёму работы. Мы прапануем выдзяляць на вядзенне арганізацыйна-выхаваўчай працы і аплачваць не менш як 9 гадзін на тыдзень, а гадзіны, якія былі адпрацаваныя звыш устаноўленых, фіксаваць і аплачваць дадаткова.

Цяпер на ўсталяванне надбавак за высокія прафесійныя, творчыя і вытворчыя дасягненні, складанасць, напружанасць працы, а таксама выкананне асабліва важных (тэрміновых) работ накіроўваецца толькі 10 працэнтаў планавага фонду заработнай платы і 20 працэнтаў — на прэміяванне. Гэтага недастаткова для матэрыяльнага стымулявання работы. Нарматывы выплат стымулюючага характару трэба павялічыць. Патрабуе вырашэння і пытанне аб выдаткаванні з бюджэту грашовых сродкаў для ўсталявання дадатковых мер стымулявання работнікаў, якія знаходзяцца на кантрактнай форме найму.

Упэўнены, што прынцып аплаты працы настаўніка па яе колькасці і якасці забяспечыць магчымасць аператыўна вырашаць кадравыя пытанні і ў большай ступені выкарыстоўваць яго інтэлектуальны патэнцыял. Калі можаш выканаць большы аб’ём работы, прычым выканаць якасна — калі ласка, выконвай і атрымлівай за гэта ўзнагароджанне. Шчыра кажучы, нас хвалююць факты зыходу з навучальных устаноў высокакваліфікаваных работнікаў, якія пачасціліся апошнім часам. Прычым галіну пакідаюць, як правіла, асобы ў найбольш прадуктыўным ўзросце. Сярод прычын, якія прымусілі іх шукаць сабе іншы род заняткаў, педагогі называюць нестабільнасць занятасці ў сілу пастаяннага перагляду гадзін, што адводзяцца на вывучэнне тых ці іншых дысцыплін, нізкія заробкі, суб’ектывізм некаторых кіраўнікоў, іх непрафесіяналізм пры вырашэнні пытанняў арганізацыі і нармавання працы, неабходнасць выконваць неўласцівыя педагогам функцыі, незапатрабаванасць крэатыўных і ініцыятыўных граматных кадраў. Сёння мы збіраем інфармацыю і канкрэтныя прыклады па асобных рэгіёнах і гарадах.

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА.

Звязда

Последние новости

ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Быхов – здоровый город

2 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Юные экскурсоводы Быховщины завоевали признание на областном и республиканском уровне

2 мая 2024
ОБЩЕСТВО

Вступил в силу Закон «Об охране окружающей среды» в новой редакции

2 мая 2024
ГЛАВНОЕ

Сирень: ломать или не ломать?

2 мая 2024
ГЛАВНОЕ

Где православным освятить пасхальные куличи и яйца в Быхове

2 мая 2024
КУЛЬТУРА

Мининформ объявляет старт аккредитации журналистов на «Славянский базар»

2 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Как Быхов отметил Первомай

2 мая 2024
ОБЩЕСТВО

В деревне Гаи Могилевского района пройдет торжественное мероприятие “Героям победного мая!”

2 мая 2024
ГЛАВНОЕ

Ограничение на посещение лесов действует во всех районах Могилевской области

2 мая 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел VII районный конкурс исполнителей молодежной патриотической и авторской песни

30 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине пройдут учения

30 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Быхове горел дом

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошла межотраслевая профсоюзная спортландия, посвященная 120-летию профсоюзного движения. ФОТО

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Прямую телефонную линию проведет 20 апреля заместитель председателя Быховского райисполкома Александр Желобкевич

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

История Евгения Кривулькина, работавшего в опасной зоне Чернобыля

26 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине проходит республиканская молодежная ярмарка вакансий

23 апреля 2024