Узгадалі «Вяснянкі»
Багацейшы духоўны свет нашых продкаў, іх надзвычайны талент, яскравая фантазія, гумар адбіліся у абрадах і звычаях, гульнях і песнях, прыкметах і павер’ях, якімі перасыпаны ледзь не кожны дзень гадавога кола.Менавіта вясна багатая на святы і прысвяткі.
Вось і запрасілі да сябе у госці хлопчыкаў і дзяўчынак з ДУА “СШ № 2 г.Быхава” супрацоўнікі Цэнтра культуры,народнай творчасці і раместваў, каб разам узгадаць свята “Вяснянкі” і душою дакрануцца да традыцый нашых продкаў, каб разам успомніць, як прадзеды вясну чакалі, да яе рыхтаваліся.
Спачатку адбылося тэатралізованнае дзеянне “Загукаем мы вясну!”, дзе быў прадстаўлены рэканструяваны святочны дзявочы касцюм Быхаўскага краю, які вырабілі настаўнікі ДШМРіМ г. Быхава. Усе дэталі касцюма зроблены уручную, і касцюм адпавядае народным традыцыям: уключае у сябе спадніцу, кашулю, фартушок і пояс.
У гэтым адзенні Вясняначка і заклікала Вясну-красну ў госці да дзяцей. Вясна прыйшла з пацешкамі, конкурсамі і прызамі. Дзяўчаты перабіралі насенне, упрыгожвалі веснавымі ўзорамі фартушкі, дэманстравалі стылі — як можна прыгожа завязаць хустачку. А хлопчыкі весела і дружна удзельнічалі ў конкурсе “Птушка заўтрашняга дня”. І усе разам успомнілі народныя прыкметы вясны.
Вясна засталася задаволенай, а потым прапанавала ўсім палюбавацца новай калекцыяй сукенак “Кветкі лета” творчай студыі дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтва “Прыгажуні”, якой кіруе Вольга Чыжонак. Сваю калекцыяю ў стылі “роспіс па тканіне” прадставілі чатыры навучэнкі гэтай студыі. Яны , як сапраудныя мадэлі, рабілі дэфіле ў сваіх яскравых уборах. І зазіхацелі на тканінах макі і ружы, васількі і рамонкі…
Пасля паказу калекцыі кіраўнік студыі “Прыгажуні” Вольга Уладзіміраўна адказала на пытанні гледачоў: якую тканіну трэба выкарыстоўваць, якія патрэбны фарбы для роспісу па тканіне, колькі патрэбна часу, каб вырабіць такія цудоўныя касцюмы.
А потым Вясна прапанавала ўсім пазнаёміцца з творчымі вырабамі дзяцей і настаўнікаў ДШМРіМ, з відамі раместваў, з якімі працуюць вучні ў школе. Дзятва з вялікім задавальненнем наведала гэтую ўстанову.
Алена БАЙКОВА,
мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў.