Больш за 45 тысяч школьнікаў Магілёўшчыны адпачнуць сёлета ў аздараўленчых лагерах
Больш за 4 мільярды рублёў сёлета выдаткуюць з абласнога бюджэту на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летніх канікул. У Магілёўскай вобласці ўжо пачаліся першыя мерапрыемствы ў рамках аздараўленчай кампаніі 2013. Плануюцца, што ў гэтым сезоне адпачнуць і набяруцца сіл перад новым навучальным годам больш за 45 тысяч школьнікаў Магілёўшчыны.
Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, сёлета за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання плануецца аздаравіць 20 тысяч дзяцей у стацыянарных лагерах з кругласутачным знаходжаннем і 26 тысяч – у прышкольных лагерах з дзённым знаходжаннем. Усяго ў Магілёўскай вобласці расчыняць свае дзверы для школьнікаў больш за 500 аздараўленчых лагераў рознага профілю. Па традыцыі, лагеры дзённага знаходжання будуць працаваць у 2-3 змены, лагеры кругласутачнага знаходжання – у 3-4 змены. Прыблізны кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе каля 2 мільёнаў рублёў. Пры гэтым не будуць забытыя і тыя дзеці, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, дзеці-сіроты і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, адзначыла загадчыца навучальна-метадычнага кабінета па арганізацыі аздараўлення дзяцей ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Наталля Каламіец.