Навіны Быхаўшчыны адным абзацам
Учора ў Быхаўскім раёне былі падключаны да ацяплення аб’екты сацыяльнай сферы. У першую чаргу цяпло пададзена ва ўстановы аховы здароўя, адукацыі, бібліятэкі, музей. Ацяпленне жыллёвага фонду пачнецца ў залежнасці ад умоў надвор’я. Рашэнне прымаецца мясцовымі ўладамі, калі сярэднесутачная тэмпература паветра на працягу 5 сутак будзе ніжэй за 8 градусаў.
Мясцовыя ініцыятывы
У гэтыя дні ў аграсядзібе ў вёсцы Залахвенне праходзіць семінар удзельнікаў руху мясцовых ініцыятыў. Тэма сустрэчы – “Мясцовыя фестывалі ад мястэчка да рэгіянальнага кластара”. Абмяркоўваюцца магчымасці супрацоўніцтва раёнаў у справе павышэння статусу рэгіянальных фэстаў, здольнасць прыцягнення імі турыстаў і патэнцыйных інвестараў. Ужо прынята рашэнне сфармаваць агульны каляндар мерапрыемстваў, а таксама пачаць распрацоўку кластара «Фестывалі Падняпроўя».
Пад Нарачанскім знакам
У сценах ліцэя навучэнцы 11-га класа сабраліся на літаратурны вечар «Пад Нарачанскім знакам», прысвечаны 105-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Мерапрыемства арганізавана сумесна з гарадской бібліятэкай, а ганаровым госцем стаў пісьменнік, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Леўчанка. Ліцэісты пазнаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця Максіма Танка, даведаліся аб нялёгкім жыццёвым шляху паэта, яго літаратурных заслугах.
Цікавае знаёмства
У суботу гімназія горада Быхава запрашае дашкалят у школу будучага першакласніка! Пачатак заняткаў – 9.00.