Даследчык і летапісец

Наш Быхаўскі край — вельмі багаты на таленавітых людзей, якія ўславілі не толькі яго, а і нашу родную Беларусь ва ўсім свеце.
Славутым земляком з’яўляецца і ўраджэнец вёскі Мокрае Міхась Іосіфавіч Мушынскі, які нарадзіўся 24 студзеня 1931 года.

Сын чыгуначніка, ён у 1948 годзе экстэрнам здаў экзамены за 8 класаў і перайшоў вучыцца ў сярэднюю школу №1 г. Быхава, якую скончыў у 1950 годзе з залатым медалём. І адразу, нягледзячы на вялікі конкурс, паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Атрымаў дыплом настаўніка ў 1955 годзе, год працаваў ва ўніверсітэцкім выдавецтве, затым стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі.
Тады ж пачаў актыўна выступаць у друку. Першай буйной навуковай працай маладога вучонага стала на аснове ягонай кандыдацкай дысертацыі манаграфія “Ад задумы — да ажыццяўлення. Творчая гісторыя “Новай зямлі” і “Сымона-музыкі” (1965), якая, да таго ж, стала першым асобным выданнем па творчай гісторыі ў Беларусі. У ягоных манаграфіях “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады” (1975) і “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40 — першая палова 60-х гадоў” (1985) упершыню прааналізаваны працэс фармавання метадалагічных асноў беларускай крытыкі і літаратуразнаўства.
Шырокі грамадскі рэзананс выклікала манаграфія пра 20-30-я гады. Ёю зачытваліся не толькі літаратуразнаўцы, але і гісторыкі, філосафы. Вядомы гісторык з Масквы Мікалай Улашчык, сам удзельнік беларускай эпапеі 20-х гадоў, высока ацаніў кнігу і даслаў яе аўтару ліст з самымі цёплымі пажаданнямі.
Доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі ў 1979 годзе ўжо ўзначальваў аддзел выданняў і тэксталогіі вышэйназванага Інстытута літаратуры.
У навуковым свеце і сярод літаратараў наш зямляк вядомы як літаратуразнаўца, тэкстолаг, літаратурны крытык, старшыня секцыі крытыкі і літаратуразнаўства Саюза пісьменнікаў, намеснік старшыні Рэспубліканскага Фонда фундаментальных даследванняў, віцэ-прэзідэнт Рэспубліканскага фонда імя братоў Гарэцкіх, адзін з пастаянных кіраўнікоў арганізацыйных камітэтаў Коласаўскіх і Гарэцкіх чытанняў.
У 1994-1998 гадах Міхась Іосіфавіч з’яўляўся старшынёю экспертнага Савета па філалагічных навуках Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) Беларусі.
Выдатнаму вучонаму падуладны як складаныя тэарэтыка-метадалагічныя праблемы, так і пытанні тэксталогіі, крыніцазнаўства, гісторыка-дакументальнага абгрунтавання літаратуразнаўчых даследванняў.
У 1982 годзе ўбачыла свет ягоная кніга “Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці” — настольная кніга кожнага, хто цікавіцца творчасцю песняра. Дарэчы, гэта першае ў Беларусі асобнае выданне летапісу жыцця і творчасці вялікага паэта і пісьменніка.
Пачынаючы з 1979 года, пад кіраўніцтвам Міхася Іосіфавіча падрыхтаваны навукова-каменціраваныя зборы твораў Івана Мележа ў 10 тамах, Міхася Лынькова ў 8 тамах, Піліпа Пестрака ў 5 тамах, Максіма Гарэцкага таксама ў 5 тамах, Пятруся Броўкі ў 9 тамах, Міхася Зарэцкага таксама ў 9 тамах, Максіма Багдановіча ў 3 тамах.
Да 125-годдзя з дня нараджэння класікаў роднай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа завершаны выпуск поўнага збору твораў Купалы ў 9 тамах і Коласа ў 18 тамах.
Лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Мушынскі — адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры”, “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, “Нарысаў па гісторыі беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў”, “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, іншых кніг, а таксама падручнікаў для вышэйшых навучальных устаноў краіны.
Кнігі вучонага-даследчыка “І нічога, акрамя праўды: якой быць гісторыі беларускай літаратуры”, “Няскораны талент. Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага”, шматлікія артыкулы 90-х гадоў сталі ўдалымі спробамі пераасмыслення гісторыка-літаратурнага працэса, новага чытання твораў, напісаных у 20-30-я гады. Гэты напрамак навуковай дзейнасці вучонага Мушынскага ў многім прадвызначыў стварэнне і нават канцэпцыі гісторыка-літаратурнага развіцця структуры “Гісторыі беларускай літаратуры”.
Летась у першым нумары часопіса “Роднае слова” з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння нашага земляка прафесар Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна Мікола Мішчанчук змясціў артыкул “Дабрыня і спагада Міхася Мушынскага”, у якім паказаў свайго настаўніка ў навуцы чулым, шчырым чалавекам, гатовым пры неабходнасці прыйсці на дапамогу. Так было вераснёўскім ранкам 1964 года, калі Мікола прыйшоў у Акадэмію навук цікавіцца, на якіх умовах можна сюды паступіць у аспірантуру, так было потым, у час цяжкай страты саракагадовага сына, так было на абароне кандыдацкай дысертацыі ў Брэсце калегі Алены Ігнацюк. Міхась Іосіфавіч выступіў тады так бліскуча, што ягоную прамову прысутныя памятаюць і цяпер.
Па прызнанню прафесара Мішчанчука, словы ўдзячнасці свайму навуковаму кіраўніку-рупліўцу кожны раз, калі ён едзе па справах у сталіцу, перадае Кацярына Мароз. А Мушынскі мог гэтага і не рабіць, мог не браць на сябе місію добраахвотнага хроснага бацькі. Аднак узяў. І выканаў годна. Ды і сам Мішчанчук шчыра прызнаецца, што менавіта з лёгкай рукі свайго настаўніка быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Асабіста мне сустракацца са славутым земляком не даводзілася. Я размаўляў з ім толькі па тэлефоне. Але нават у хвіліны кароткіх размоў адчуваў моц ягонай абаяльнай энергетыкі.
Мікола Леўчанка.