Перакладаючы «Слова пра паход Ігара», Гарэцкі прапускаў цьмяныя месцы?

Берасцяныя граматы — пісьмовыя дакументы ХІ—ХV стст., выкананыя на бяросце. Такія граматы знаходзілі пры раскопках старажытнарускіх гарадоў. Першы экзэмпляр такой граматы быў выяўлены ў 1951 годзе ў Ноўгарадзе. У Беларусі берасцяныя граматы знаходзілі падчас раскопак двойчы: у 1957-м у Віцебску і ў 1980-м у Мсціславе. Усяго ж на тэрыторыі былога СССР вядома ўжо каля тысячы экзэмпляраў гэтых унікальных пісьмовых крыніц.

— Мы даведваемся адтуль не толькі пра новыя словы старажытнарускай мовы, але і можам сцвярджаць, што пісьменнасць у Старажытнай Русі была вельмі пашыраная, — заключае дацэнт БДУ Людміла Зарэмба, кандыдат філалагічных навук. — Гэта была найкультурнейшая краіна! Гэта быў час, калі нават любоўныя цыдулкі (а захаваліся і яны) пісалі на бяросце…

Каштоўныя помнікі паўсядзённа-побытавага ліставання на старажытнай Русі слушна атрымалі сярод лінгвістаў азначэнне ўнікальнага эксперыментальнага палігона.

Адтуль з’яўляецца і ўражвае нас усё новая лексіка з былых стагоддзяў. Больш за тое, гэтыя словы-імпульсы часта дазваляюць беспамылкова абвергнуць або прыняць пэўныя прачытанні і тлумачэнні такога помніка сусветнага значэння, як «Слова пра паход Ігара».

Так, напрыканцы 2009 года лінгвісты Андрэй Залізняк і Валянцін Янін зрабілі сваю «папярэднюю публікацыю» леташніх раскопак у Ноўгарадзе. Сярод 12-ці новых аб’ектаў гісторыкаў-славістаў найбольш прыцягнуў фрагмент берасцяной граматы з тэкстам «(оби)доу говори».

Зафіксаваны на бяросце на мяжы ХІІІ-ХІV стст., гэты выраз палічылі самай ранняй фіксацыяй слова «говорити» са значэннем «паведамляць, інфармаваць».

— Няўжо раней навукоўцы не мелі пацвярджэння гэтаму ў іншых рукапісных крыніцах?

— У тым і справа, што не мелі. З моманту адкрыцця «Слова…» прайшло ўжо больш за два стагоддзі. Аднак спатрэбілася шмат часу для таго, каб назапасіць шматлікую фактаграфію і тыя прадметы, якія былі літаральна выкапаныя з-пад зямлі — і ўсё для таго, каб сёння мы маглі з абсалютнай упэўненасцю прачытаць хоць бы некалькі радкоў старажытнага помніка.

Асаблівую цікавасць да «Слова…» праяўлялі і беларускія перакладчыкі — перш за ўсё Янка Купала, які ў 1919 годзе апублікаваў першы беларускамоўны пераклад «Слова…».

— Што адметнага было ў беларускіх перакладах «Слова…»?

— Беларускія пераклады асабліва выразна акцэнтуюць паэтычную сістэму «Слова…». Увогуле, беларуская літаратура вельмі моцная сваім міфапаэтычным успрыманнем свету. Тут чалавек як мастацкі персанаж існуе не столькі на фоне і сярод прыроды, колькі ў самой прыродзе ў якасці яе часткі. Чалавек і прырода настолькі блізкія, што нібыта перацякаюць адно ў другое.

Калі звярнуцца да тэксту «Слова…», то, напрыклад, выраз «галици свою речь говоряхуть» беларускія перакладчыкі прадставілі ў розных паэтычных фарбах. У купалаўскім вершаваным перакладзе: «Рэдка пеў аратай за сахою…/ А на ежу ляцеці збіраючысь, / Галкі гоман заводзілі й гулі». Я. Крупенька: «у тыя сумныя часы, / калі ў паміжусобных войнах/ на землях ураджайных вольных/ не красавалі каласы,…/ а галкі, гледзячы ўдаля, / вялі гамонкі з пахвальбою, што будуць і яны з ядою». І. Чыгрынаў: «рэдка аратаі голас свой падавалі…, а галкі сваё гаварылі«. Р. Барадулін: «…пераклікаліся рэдка ратаі, …/ а галкі сваё гаварылі зычна».

Грамата 109 з раскопу ў Ноўгарадзе. Умоўная дата стварэння знаходкі — 1100—1120 гг.
Грамата 28 з раскопу ў Ноўгарадзе. Умоўная дата стварэння знаходкі — кан. ХІV ст. — 1400-я гг.

— У сваіх публікацыях вы згадвалі і талент перакладчыка Гарэцкага.

— Сапраўды, на сёння вядомыя два варыянты перакладу «Слова…» Максімам Гарэцкім — у 1922 і 1925 гг. Асабліва хачу звярнуць увагу на рэдакцыю 1922 года. Адзін з яе ўрыўкаў — «Тогда по русьской земли редко ратаеве кыкахуть, но чясто врани граяхуть, хотять полетети на уедие» — Гарэцкі пераклаў такім чынам: «Тады па рускай зямлі рэдка пяялі аратаі, а часта каркалі груганы, хацеўшы ляцець на пажыву».

Варта адзначыць, што Гарэцкі перакладаў даслоўна. Таму незразумелыя — цьмяныя — месцы часта прапускаў. Аднак сэнс арыгіналу пры гэтым захоўваўся. Сапраўднае перакладчыцкае майстэрства!

Напрыклад, фрагмент перакладу, у якім слова «галици» (як антонім да слова «соколы») у Гарэцкага прадстаўлены як «половцы» («стая галак бяжыць», «галіцы грудам бягуць»), пазней гэтае значэнне падмацуе і Барадулін («чароды галак спуджана ўцякаюць»).

Гэтае значэнне Гарэцкі беспамылкова «ўгадаў»! Як і яго сучаснікі, ён не мог ведаць пра шматзначнасць слова «галици», аднак адчуў канцэнтрацыю сэнсаў у ім. Ён нібы прадказаў пазнейшыя прачытанні Дзмітрыя Ліхачова і Таццяны Мікалаевай.

— Няўжо паміж перакладамі беларускай і рускай літаратурнай практыкай не было ніякіх узаемаўплываў?

— Было ды яшчэ колькі! Тут адзін з найбольш цікавых момантаў у асаблівасцях маўлення беларусаў — аканні. Напрыклад, адметнае старажытнарускае слова «вороны». У рускіх перакладах сустракаем два варыянты націску ў графеме: «вОроны» і «ворОны».

«ВорОна» стала такой адмысловай «вульгарызацыяй» гругана («вОрона»). Гэта двухсэнсоўнасць была падтрымана і беларускімі перакладчыкамі з тае прычыны, што адзін з асноўных фанетычных законаў беларускай моўнай традыцыі — аканне.

Тут відавочная ўзаемасувязь беларускіх перакладчыкаў з фальклорам і размоўнай дыялектнай гутаркай. Таму што паводле народных прыкмет, карканне вароны — нядобры знак для таго, хто выпраўляецца ў дарогу. То бок сітуацыя як бы незнарок праецыравалася літаратарамі-перакладчыкамі на ўчынкі князя Ігара, які вяртаўся на радзіму пасля паражэння і палону. Такім чынам, пераклады беларусаў, якія прачыталі выраз «вороны не каркалі» праз аканне — адмысловая нацыянальная адметнасць.

Адным словам, беларускія пераклады — багатая глеба для вывучэння, якая яшчэ чакае сваіх удумлівых даследчыкаў.

Ілья ЛАПАТО, Звязда

Последние новости

АКТУАЛЬНО

Купалье-2026: Александрия приглашает на главный летний праздник

6 июля 2026
Читать новость
ПРЕЗИДЕНТ

Армия Беларуси: Лукашенко о суверенитете и профессионализме военных

6 июля 2026
Читать новость
ПРЕЗИДЕНТ

Международные задачи и спорт. Лукашенко принял с докладом президента НОК

6 июля 2026
Читать новость
В МИРЕ

В Великобритании хакеры взломали 80 тысяч правительственных почт и выставили данные на продажу

6 июля 2026
Читать новость
АКТУАЛЬНО

Внимание родителей — залог безопасности ребенка во время летних каникул

6 июля 2026
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

В Беларуси запустили электронную очередь для подачи документов в вузы

6 июля 2026
Читать новость

Архивы

Рекомендуем