Міністр культуры аб помніках, прэміях і тэатры

Фото предоставлено пресс-службой фестиваля "Лiстапад"

Шмат цікавай інфармацыі атрымалі чытачы “НГ” падчас прамой лініі і анлайн-канферэнцыі міністра культуры Беларусі Паўла ЛАТУШКІ. Гутарка была нязмушанай і зацікаўленай, бо няпростыя пытанні ў час тэлефоннай ды інтэрнэт-сувязі абмяркоўвалі людзі нераўнадушныя і неабыякавыя. Пытанні, узнятыя чытачамі ў прамой або завочнай гутарцы, былі розныя, але аднолькава актуальныя: суразмоўцаў міністра цікавілі рэстаўрацыя і захаванне аб’ектаў гісторыі і культуры, выкарыстанне на поўную моц іх турыстычнага патэнцыялу, развіццё тэатральнага мастацтва ў краіне, тэматыка і напоўненасць фестываляў. Што яшчэ раз пацвердзіла: як і было спрадвеку, беларусаў цікавяць не толькі здабыткі матэрыяльныя, імкненне да духоўнасці і асветы і сёння вызначае наш нацыянальны характар.

Зберагчы, захаваць, аднавіць

— Добры дзень, шаноўны Павел Паўлавіч. Хачу падзяліцца з вамі ўражаннямі ад нашага славутага Нясвіжа, які абралі культурнай сталіцай краіны. Гэта, канешне, і радасць, і гонар, ды і горад-помнік таго варты. Аднак, калі паехаў туды на экскурсію, сутыкнуўся з нізкім узроўнем інфраструктуры для турыстаў. Мясцовая гасцініца не можа прыняць, размясціць усіх жадаючых, і госці вымушаны ехаць на начлег у Клецк і іншыя гарады паблізу…

Мікалай ЯРАШЭНКА, п. Лясны, Мінскі раён

— Праблема гэта вельмі важная, і вырашаць яе патрэбна як мага хутчэй. Бо ў сувязі з плануемым адкрыццём пасля поўнай рэстаўрацыі Нясвіжскага палаца Радзівілаў мы чакаем значнага павелічэння патоку турыстаў. Каб на належным узроўні забяспечыць іх абслугоўванне, у палацавым комплексе плануецца адкрыць гатэль, ужо працуе кафэ, у хуткім часе адкрыецца рэстаран. Яшчэ адзін гатэль будзе пабудаваны ў горадзе на сродкі прыватнага інвестара. Будуць створаны дадатковыя аб’екты агратурызму. Па інфармацыі Нясвіжскага райвыканкама, у горадзе і раёне сёння каля трох тысяч месцаў для абслугоўвання ў пунктах харчавання. Ёсць гатэль у пасёлку Гарадзея. Мы лічым, што інфраструктура ў прывабных для турыстаў мясцінах — не толькі ў Нясвіжы, у іншых таксама, павінна развівацца за кошт прыватных інвестыцый. Перакананы, што рост колькасці турыстаў у Нясвіж паспрыяе прыцягненню менавіта такіх інвестыцый у сферу сэрвісу.

— Добры дзень, Павел Паўлавіч. Такое да вас пытанне. У абавязках уласнікаў аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны — распрацаваць праект зоны аховы гэтых аб’ектаў. Каштуе такі праект каля 20—30 мільёнаў беларускіх рублёў. Але адкуль такія грошы ўзяць, напрыклад, маленькаму сельскаму прыходу, дзе касцёл — аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны? Можа, варта такія праекты распрацоўваць толькі ў вялікіх гарадах, дзе сапраўды гэтым помнікам штосьці пагражае? У вёсцы ж звычайна маштабных будоўляў не вядзецца.

Алена, Астравец

— Перш за ўсё хачу заўважыць, што распрацоўка зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей з’яўляецца вельмі слушным патрабаваннем закона. Калі не будзем працаваць у гэтым кірунку, побач з помнікамі культуры пачнуць узводзіцца новабудоўлі, якія будуць перашкаджаць успрыняццю гэтых каштоўнасцей. І неабавязкова праект будзе каштаваць 20—30 мільёнаў — усё залежыць ад тэрыторыі, якая павінна знаходзіцца пад аховай. Да таго ж, згодна з артыкулам 29 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, распрацоўвацца праект зоны аховы павінен у тым выпадку, калі побач з помнікам архітэктуры, гісторыі, археалогіі і гэтак далей плануецца весці нейкія работы. Таму, калі каля вашага аб’екта ў бліжэйшыя гады будаваць нічога не збіраюцца, то гэты праект і не патрэбен. Заўважу яшчэ, што распрацоўваць яго павінны неабавязкова ўласнікі аб’ектаў. Згодна з законам, зоны аховы ўстанаўліваюцца пры распрацоўцы горадабудаўнічай ці землеўпарадкавальнай дакументацыі. Таму заказчыкамі праектаў зон аховы могуць выступаць менавіта органы мясцовай улады пры распрацоўцы дэтальных планаў.

— Ці ведае шаноўны міністр культуры, што ў гарадскім пасёлку Жалудок у Шчучынскім раёне гібеюць два старажытныя будынкі — замачак Тызенгаўзаў, які не мае нават ахоўнага статусу, і палац Чацвярцінскіх? На апошнім шыльдачка ёсць, але толку ад яе пакуль што мала. Ці плануецца паправіць становішча гэтых не шэраговых для Гарадзеншчыны будынкаў?

Дзмітрый Вінчэўскі, Гродна

— Замак Тызенгаўзаў насамрэч пакуль што не мае ахоўнага статусу. Аднак Міністэрства культуры ў цяперашні час сумесна з мясцовымі органамі кіравання, у першую чаргу ўпраўленнямі і аддзеламі культуры, працуе над папаўненнем дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сёння ў ім крыху больш за 5400 аб’ектаў. Але насамрэч іх нашмат больш. Таму было прынята рашэнне калегіі міністэрства перагледзець гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіянальнага значэння, каб унесці іх у дзяржаўны спіс. Трэба думаць, у хуткасці туды і замачак у Жалудку трапіць. Што тычыцца палаца Чацвярцінскіх — зараз ён знаходзіцца ў руках прыватніка, які распачынае працу па аднаўленню гістарычнага будынка.

— Зараз у краіне даволі актыўна ідзе рэстаўрацыя. Яшчэ больш аб’ектаў, як заяўляецца ў прэсе, плануецца адрэстаўраваць. Скажыце, ці будзе прынята праграма “Замкі Беларусі”? Як сведчыць адноўлены замак у Лідзе, яна рэальна дзейнічае…

Алена Пятроўна, жыхарка Крэва

— За апошнія пяць гадоў на рэстаўрацыю помнікаў гісторыі і культуры дзяржавай было выдаткавана каля 250 мільёнаў долараў. Гэта вельмі значныя дзяржаўныя сродкі. Сёлета ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ідзе аднаўленне 17 найбольш знакавых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. І на гэтыя мэты плануецца асвоіць суму памерам каля двухсот мільярдаў рублёў. Аднак на дзяржаўныя сродкі ахапіць рэстаўрацыйным працэсам усе помнікі гісторыі і культуры адначасова нерэальна. Міністэрства культуры ўнесла ва ўрад праект пастановы аб зацвярджэнні Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” на 2012—2018 гады.

У рамках праграмы плануецца адрэстаўраваць, ажыццявіць кансервацыю яшчэ на 38 гісторыка-культурных аб’ектах нашай краіны, сярод іх Навагрудскі, Крэўскі, Гальшанскі замкі.

Ці загучыць опера ў глыбінцы?

— Звоняць вам аматары опернага мастацтва з глыбінкі. На жаль, паслухаць оперу “ўжывую”, на сцэне для нас даволі складана: паспрабуй дабрацца да той сталіцы, дый білет “з наскоку” можна не купіць. Вось каб быў свой оперны тэатр у Гомелі — зусім іншая справа…

Вера Міхайлаўна, Веткаўскі раён

— Оперны тэатр у Гомелі — буйны праект, які патрабуе значных арганізацыйных і матэрыяльных выдаткаў. Зараз яго стварэнне пакуль што знаходзіцца на стадыі ідэі. Тэатральнае мастацтва павінна быць даступным для жыхароў краіны, незалежна ад таго, дзе яны пражываюць — у сталіцы ці ў глыбінцы. Мы ўжо актыўна працуем у гэтым кірунку: напрыклад, ёсць пагадненне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета і Магілёўскага аблвыканкама аб стварэнні філіяла Вялікага тэатра ў Магілёве. На гэтым тыдні аматары высокага мастацтва ў Магілёве змогуць паглядзець оперную пастаноўку, не выязджаючы ў сталіцу. Падобныя пагадненні мяркуем заключыць і з іншымі гарадамі, дзе ёсць адпаведныя тэатральныя пляцоўкі.

— Чаму такія буйныя гарады, як Барысаў, Орша, Наваполацк, Баранавічы, Пінск і іншыя, не маюць лялечных тэатраў?

Дзяніс БУСЛОЎСКІ, Барысаў

— Сёння ў краіне існуе 27 дзяржаўных тэатраў, сярод іх сем лялечных. Як сведчаць звароты аматараў тэатральнага мастацтва, іх колькасць яшчэ недастатковая, тэатры павінны з’яўляцца не толькі ў абласных цэнтрах, але і ў буйных гарадах абласнога падпарадкавання. Зразумела, гэта залежыць ад фінансавых магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, але найперш у гэтым павінны быць зацікаўлены мясцовыя органы кіравання, якія і фінансуюць рэгіянальныя тэатры. Зараз, напрыклад, сумесна з імі разглядаецца пытанне аб магчымасці стварэння прафесійных тэатраў у Полацку і Лідзе.

“Балючыя кропкі”

— Добры дзень. У мяне пытанне пра справядлівасць размеркавання выдаткаў у сферы культуры. З’явілася новая тэатральная прэмія, хаця была “Крыштальная Паўлінка”. Цяпер вось абвясцілі аб новай прэміі для эстраднікаў. А ці не здаецца вам, паважаны Павел Паўлавіч, што не бляск шоу патрэбен асноўнай масе беларусаў, а добрыя клубы і бібліятэкі на вёсцы? Вы асабіста даўно былі ў вясковым клубе? Бачылі, у якім жудасным стане знаходзіцца большасць з іх?

Марына, Петрыкаў

— Няма аніводнай паездкі ў рэгіён, а яны бываюць некалькі разоў на месяц, каб не наведаў установы культуры ў вёсцы ці ў райцэнтры. Але супрацьпастаўляць развіццё рэгіянальнай культуры і прафесійнага мастацтва няправільна. Адно павінна дапаўняць другое. Прафесійнае мастацтва не можа існаваць без развіцця культуры ў рэгіёнах. Для Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады, якія адказваюць за фінансаванне рэгіянальнай культуры, павінна быць прыярытэтам падтрымка дамоў культуры і рамёстваў, народнай творчасці і аматарскіх аб’яднанняў, клубных устаноў на вёсцы і ў раённых цэнтрах. Не пагаджуся з вамі, што ў гэтым кірунку нічога не мяняецца. Падчас выканання Дзяржаўнай праграмы адраджэння вёскі за 2005—2010 гады было створана каля тысячы аграгарадкоў і практычна ў кожным з іх згодна з сацыяльнымі стандартамі створаны ці адрамантаваны клубы, бібліятэкі, дамы культуры, рамёстваў. Што тычыцца прафесійнага мастацтва, яно заўсёды было і будзе запатрабаваным. І дзяржава мае абавязак яго падтрымліваць.

Нацыянальная тэатральная прэмія — запознены праект. Ва ўсіх суседніх краінах падобныя праекты існуюць і развіваюцца. Той інтарэс, які праявіла тэатральная грамадскасць Мінска і рэгіёнаў краіны, паказаў, што гэты праект патрэбны. Што тычыцца Нацыянальнай музычнай прэміі — магу пагадзіцца, што гэта павінна быць перш за ўсё шоу. Так, наша эстрада патрабуе імпульса для далейшага развіцця. Менавіта для таго каб стымуляваць развіццё эстрады, і было ініцыявана правядзенне Нацыянальнай музычнай прэміі. Хаця гэты кірунак больш залежыць ад тэле- і канцэртных прадзюсараў.

— Якая падтрымка будзе аказана школам мастацтваў, сельскім і раённым дамам культуры краіны ў абнаўленні музычных інструментаў і гукаўзмацняльнай тэхнікі? Ім самім гэта, канешне, не па кішэні…

Васіль ВАСІЛЕВІЧ, Дзятлава

— Міністэрства культуры ініцыявала прыняцце дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2011—2015 гады”. Кожная вобласць, акрамя Брэсцкай, пры прыняцці праграмы прадугледзела адпаведныя сродкі на набыццё музычных інструментаў. У адпаведнасці з ёй набыццё музычных інструментаў для школ мастацтва, прафесійных і аматарскіх калектываў, якія працуюць у абласцях, — у кампетэнцыі мясцовых органаў улады. На жаль, мы вымушаны канстатаваць, што для некаторых выканкамаў гэтыя дзеянні застаюцца толькі на паперы… Мы будзем вельмі прынцыпова адстойваць пазіцыю перад аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам аб неабходнасці вырашэння гэтай праблемы.

— Як, на ваш погляд, можна актывізаваць дзейнасць Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”? Чаму ў асноўным конкурсе ігравога кіно на “Лістападзе” не было ніводнай беларускай карціны?

Вольга АНДРЭЕНКА, Жодзіна

— Так, на жаль, сёлета на кінастудыі “Беларусьфільм” не паспелі давесці да канца работу над фільмам, які мог бы быць прадстаўлены ў асноўным конкурсе ігравога кіно на “Лістападзе”. Затое фільм Алены Туравай “Рыжик в зазеркалье”, які прымаў удзел у конкурснай праграме “Лістападзіка”, атрымаў некалькі спецыяльных прызоў. Дакументальная стужка беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч “Инокиня” ўдастоена спецыяльнага прыза Прэзідэнта краіны “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. Як паабяцаў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Алег Сільвановіч, у наступным годзе на суд гледачам на кінафестывалі плануецца прапанаваць адразу тры рознажанравыя кінастужкі.

— Чаму мала хто з беларускіх акцёраў тэатра і кіно мае званні заслужаных, народных артыстаў краіны? Ці, можа, Беларусь бедная на таленты? Упэўнена, што не. Навошта ўсіх акцёраў трымаць на адным узроўні? Напрыклад, у Бабруйскім драматычным тэатры толькі адзін акцёр мае званне заслужанага.

Галіна АДЗЯРЭЙКА, Бабруйск

— Талент акрэсліваецца не званнем і не пасадай у мастацкай іерархіі, а ў першую чаргу запатрабаванасцю ў грамадстве. Але, канешне, пагаджуся з вамі, што асоб, якія дастойны адпаведнага звання, вельмі шмат у нашым мастацтве. Міністэрства культуры прынцыпова падтрымлівае неабходнасць адзначэння адпаведнымі ўзнагародамі і званнямі лепшых дзеячаў культуры. Але канчаткова рашэнне аб прысваенні званняў прымаецца кіраўніком дзяржавы.

Зразумела, званне з’яўляецца сімвалічнай ацэнкай прызнання таленту. І за апошні час колькасць заслужаных, народных артыстаў павялічылася. У краіне 83 творчыя асобы маюць званне “народны”, а 387 — “заслужаны”. За апошнія тры гады званне “народны” атрымалі 11 чалавек, “заслужаны” — 17. Толькі ў апошні час званне народных артыстаў атрымалі такія яскравыя асобы беларускай культуры, як Віктар Манаеў, Аляксандр Анісімаў, Аляксандр Яфрэмаў, Таццяна Бандарчук.

Што тычыць канкрэтна вашай установы, то тут шмат залежыць непасрэдна ад кіраўніцтва. Калі дырэктар, мастацкі кіраўнік лічаць неабходным адзначыць дзяржаўнай узнагародай, званнем адпаведнага акцёра, то ініцыятыва павінна зыходзіць у першую чаргу ад кіраўніцтва тэатра.

Больш фестываляў! Цікавых і патрэбных!

– Скажыце, чаму ў нашай краіне так слаба развіты міжкультурныя сувязі? У нас жа так многа гарадоў-пабрацімаў. Мне, як студэнту факультэта міжнародных зносін, было б вельмі цікава пазнаёміцца з культурай розных краін.

Алег ЛЕПЕШ, Мінск

— Штогод мы ладзім шэраг буйных культурных акцый за межамі нашай краіны, замежныя госці часта бываюць у нас. Сёлета, напрыклад, Беларусь упершыню ўдзельнічала ў Венецыянскім біенале, на Канскім кінафестывалі, Берлінскім кінафестывалі. Купалаўскі тэатр пабываў з гастролямі ў Расіі і ва Украіне, Іспаніі, Францыі і Азербайджане, Вялікі тэатр толькі ў 2011 годзе быў з гастролямі ў Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Галандыі, Іспаніі, Кітаі, Люксембургу, Швейцарыі, Дзяржаўны сімфанічны аркестр — у Аўстрыі, Германіі, Францыі.

Прайшлі Дні беларускай культуры ў Літве і Арменіі. Тыя ж “Песняры” сёлета атрымалі самы вялікі за сучасную гісторыю даход ад гастрольнай дзейнасці за мяжой. З ахвотай едуць і да нас. Толькі з Расіі мы прымалі сёлета музычны фестываль Співакова, Марыінскі тэатр, фестываль Башмета, “Рускія сезоны”, якія ладзіў для нашага гледача Андрыс Ліепа. З поспехам прайшлі Дні культуры Украіны ў Беларусі, Дні культуры Кітая, Польшча прадстаўляла сваю культуру ў нашай краіне. На апошні тэатральны фестываль “Панарама” прыехалі калектывы з Расіі, Літвы, Венгрыі, Польшчы. На фестываль тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ” у Мінск у кастрычніку з’ехаліся лепшыя тэатры з Аргенціны, Польшчы, Латвіі, Літвы, Францыі, Расіі, Карэі. І такіх прыкладаў шмат. Міністэрства будзе клапаціцца, каб міжнародныя культурныя сувязі толькі пашыраліся. Напрыклад, у хуткім часе ў мяне запланавана сустрэча з паслом Бразіліі, падчас якой мы будзем абмяркоўваць удзел артыстаў нашых краін у сумесных праектах.

– Ці будзе праводзіцца Рэспубліканскі фестываль народнага гумару ў Аўцюках у наступным годзе? Ці не зменіцца колькасць фестываляў у краіне?

Святлана Дзмітрыеўна, Калінкавіцкі раён

— Напэўна, мы будзем падтрымліваць аднаўленне гэтага фестывалю. Калі яго ўзгадваеце, значыць, ён запатрабаваны. Народны гумар — адметная з’ява ў беларускай культуры. Што ж датычыць фестывальнага руху, адзначу, што, на мой погляд, яго мэтазгодна пашыраць. Гэта стварае дадатковыя магчымасці для развіцця мастацтва, творчасці, рэалізацыі талентаў. У краіне пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры, упраўленняў культуры аблвыканкамаў і райвыканкамаў штогод праходзіць каля 60 разнастайных фестываляў. Думаем аб неабходнасці фестывалю народнай творчасці, які б “вандраваў” па абласных цэнтрах, а потым фіналам завяршыўся ў Мінску. Не так даўно правялі конкурс фестывальных праектаў. Перамогу сёлета атрымаў фестываль цыркавога мастацтва ў Гомелі.

– Ці вядомы прыкладны час правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” ў 2012 годзе?

Надзея СТАНКЕВІЧ, Маладзечна

— Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” праводзіцца ў адпаведнасці з рашэннем Прэзідэнта краіны адзін раз у два гады. Зараз ідуць перамовы з Мінскім аблвыканкамам аб тым, каб ініцыяваць правядзенне гэтага фестывалю штогод. Песні беларускіх паэтаў і кампазітараў зоймуць значнае месца і ў новых праектах Міністэрства культуры, якія адбудуцца ў Мінску ў снежні гэтага года, — Нацыянальнай музычнай прэміі і ў “Залатой калекцыі беларускай песні”, у якой прагучыць 35 лепшых беларускіх песень ХХ—ХХI стагоддзяў. Пазней плануецца правесці канцэртны тур па краіне “Залатой калекцыі”, выпусціць дыскі з запісам гэтых песень.


Марына КУЗЬМІЧ, Людміла МІНКЕВІЧ, Народная газета

Последние новости

КАЛЕЙДОСКОП

Как хранить яйца до и после Пасхи: полезные советы

3 мая 2024
В МИРЕ

В украинскую армию будут призывать больных ВИЧ и раком

3 мая 2024
ОБЩЕСТВО

Белстат подсчитал, во что обойдется белорусам приготовление пасхального кулича

3 мая 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине пройдет специальная программа «Детство без насилия»

3 мая 2024
ТЕХНОЛОГИИ

Китай запустил лунный зонд “Чанъэ-6” для сбора образцов грунта с обратной стороны Луны

3 мая 2024
ОБЩЕСТВО

Карточки некоторых банков могут не работать в ночь на 4 мая

3 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Развитие регионов как важный элемент стабильности. Акценты рабочей поездки Александра Лукашенко на юго-восток Могилевщины

3 мая 2024
ПРЕЗИДЕНТ

“Не просто впечатляет”. Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
ГЛАВНОЕ

Выходные – в режиме усиления

3 мая 2024
КАЛЕЙДОСКОП

На Солнце произошла очень мощная вспышка

3 мая 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине пройдут учения

30 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Быхове горел дом

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошла межотраслевая профсоюзная спортландия, посвященная 120-летию профсоюзного движения. ФОТО

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

История Евгения Кривулькина, работавшего в опасной зоне Чернобыля

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине проходит республиканская молодежная ярмарка вакансий

23 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

4 мая прямую телефонную линию проведет заместитель председателя Быховского райисполкома Виктор Агнетов

3 мая 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Юные экскурсоводы Быховщины завоевали признание на областном и республиканском уровне

2 мая 2024