Вабіць край маленства праз гады

Мне і цяпер успамінаецца ціхі ліпеньскі надвячорак у вёсачцы Заброддзе нашай роднай Быхаўшчыны, куды прыехаў адпачыць ад сталічных клопатаў слынны беларускі пісьменнік і проста вельмі добры чалавек Міхась Пазнякоў. Мясцовых жыхароў тут ужо можна пералічыць на пальцах адной рукі, але іхнія родзічы сваю малую радзіму не забываюць, наведваюць яе пры першай магчымасці, каб пабачыць жывых, схадзіць на клады, дзе спяць вечным сном іхнія бацькі, родныя, блізкія.

Міхась Паўлавіч тады прыехаў не адзін. На двары бацькоўскай хаты, дзе пад навесам стаяў прадаўгаваты, засланы абрусам стол, шчыравала Міхасёва сястра Паліна, завітаўшая на сустрэчу з Магілёва. Гэта ёй прысвяціў аднойчы брат шчырыя хвалюючыя радкі ў вершы “Сястры Паліне”.

Звіняць у небе жаўрукі,

Клякоча бусел каля хаты…

І дзень пагодлівы такі!

І сам я — нібы птах крылаты.

Сцяжынкай крочу ўздоўж сяла

З галінкай мамінага бэзу —

Наведаць рэчку, што прайшла

Праз лёс і сэрца: нашу Грэзу.

Гляджу, узрушаны, вакол,

Шапоча таямніцы лісце

І адуванчыкавы дол

Пяшчотай вее, як калісьці.

Кранае велічнасць бяроз

І дуба — волата старога.

Я нарадзіўся тут і рос,

Мне даражэй няма нічога.

Нібы на споведзь я прыйшоў

Сюды, да таты, мамы, —

Да самых чыстых берагоў

І да самотных самых.

Паэт мае чатырох сясцёр і кожнай з іх прысвяціў верш, пачынаючы са старэйшай Валянціны, а затым — Паліне, Ані, Марычцы. Вершы гэтыя настолькі кранальныя, светлыя, так бяруць за душу, што адразу разумееш, наколькі вялікая, пяшчотная любоў брата. Таму ён і ўключыў іх у кнігу выбраных твораў “Усміхаюцца зоры над хатаю”, якая ўбачыла свет у сёлетнім 2011 годзе, у серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў”.

Вось толькі пачынаецца кніжка не з іх, а з вершаў, прысвечаных Беларусі, Радзіме, землякам-быхаўцам, рэчцы Грэзе, клёну дзяцінства, роднаму краю і толькі потым ужо ім, родным сёстрам. Усе гэтыя патрыятычныя творы аб’яднаны ў раздзеле “І кліча ўдаль ражок берасцяны”. А назву кнізе даў першы радок верша “Ля бацькоўскай хаты” з гэтага раздзела.

Само сабой зразумела, што паколькі гамонка ідзе пра кнігу выбраных твораў, то ў яе раздзелы ўвайшлі лепшыя вершы з кніг, а іх тры дзесяткі, напісаных у розныя гады. Тут раздзелы “Не дайце музыцы памерці”, “Душы зняверыцца не дам”, “Квітнець бясконца сонечнай вясне”. А яшчэ — “Літаратурныя пародыі”, “Вянок парадыйных санетаў”, “Байкі, гумарыстычныя вершы, эпіграмы, шрацінкі”, “Мініяцюры”, “Эпітафіі”, “Творы для дзяцей”: казкі, вершы, лічылкі, калыханкі. Так што ў названай кнізе чытач любога ўзросту знойдзе для сябе творы, якія яго зацікавяць, выйшаўшыя з-пад пяра таленавітага аўтара.

Чытаю аптымістычны верш-роздум “Слухаючы класіку”.

Не дайце музыцы памерці!

Няхай у вас яна штораз

Гучыць, жывільная, у сэрцы,

Як закаханы першы вальс.

Няхай кранае вас да болю,

Няхай расчульвае да слёз

І вас агучвае сабою,

Узносіць птахай да бяроз.

І, супыняе сваркі ў свеце,

Іржавіць жэралы гармат…

Пачуйце музыку, і, верце,

Свет расцвіце, як весні сад.

Выдатны верш, першы радок якога таксама даў назву раздзелу. Змешчаны ён не ў самым пачатку раздзела, а недзе ў сярэдзіне і як бы звязвае паміж сабою іншыя творы, пачынаючы з першага —“Здрыганіся ад гневу, планета…” і апошніх “У Ялце”, “У Севастопалі”. Яны — высокага патрыятычнага гучання, прасякнуты клопатамі не толькі аб лёсе планеты Зямля, яе людзей, а і братніх нам народаў Расіі, Украіны, свайго ўласнага беларускага народа. Гэта бачна ў вершы “Рудня”, прысвечанага вёсцы Лагойскага раёна, якую 12 жніўня 1943 года фашысты спалілі разам з людзьмі, у вершы “Сосны ў Курапатах”. Такое не павінна паўтарыцца! Таму і робіць адпаведную выснову паэт у вершы “Дваццаць першаму веку”.

Ах, зямляне, ліхія зямляне,

Што ж ўскінулі меч над сабой?

На суніцы, на кветцы жаданай

Несусветны чарнобальскі боль.

Ратавала краса ўсіх спрадвеку.

Дабрата, ты не сплюшчвай павек.

Чалавека адкрый чалавеку,

Дваццаць першы ўзыходзячы век.

Як малому, табе сёння веру,

Што ўсміхаецца радасна ўсім,

Перапрўнены сонцам даверу,

Незасмучаны покуль нічым.

Выкладзеныя думкі паэт працягвае ў раздзеле “Душы зняверыцца не дам” патрыятычнымі творамі аб Вялікай Айчыннай вайне “У Хатыні”, “Бабка Ганна”, “Маці”, “Пасля кіно”, “9 мая”, “Ветэраны”, “Ленінград”, “На месцы подзвігу Мікалая Гастэлы”.

Хораша чытаюцца “Вязьмо трылетаў” аб каханні, у якім пераклікаецца гэтая вечная тэма з любоўю да роднага краю.

Верасень іграў нам на раялі,

Гукі таямнічыя плылі

І пяшчотным лісцем ападалі

На далоні сцішанай зямлі.

І, шчаслівы, радасны бясконца,

Я ішоў з табою незямной.

А ў тваіх вачах вішнёвых сонца

Расцвітала юнаю вясной.

Такі хвалюючы “Асенні эцюд” атрымаўся ў некалі закаханага паэта.

Трагічнае, узвышанае, хвалюючае і камічнае месцяцца ў аб’ёмнай кнізе побач, пачынаючы з літаратурных пародый на вершы паэтаў Анатоля Зэкава, Міколы Шабовіча, Яўгена Хвалея, Алеся Бадака, Віктара Яраца, Леаніда Пранчака, іншых творцаў. Пародыі гэтыя — добразычлівыя, сяброўскія, і ў той жа час трапныя, выклікаюць усмешку. Вось як, да прыкладу, парадыруе паэт радкі Сяргея Законнікава: “Толькі падобны на вечныя песні// верш напісаць я ніяк не змагу”.

Томік Шэкспіра і Пушкіна томік…

Сэрца хвалююць жывыя радкі.

Вечныя песні! А я вось — ніколі

Верш не пакіну, сябры, на вякі.

Вершы ж ірвуцца з душы на паперу,

У выдавецтва пара аддаваць,

Хай і не вечныя творы , ды веру:

Новую кнігу не доўга чакаць.

Гумарам прасякнуты “Вянок парадыйных санетаў”, прысвечаны вядомым майстрам паэтычнага слова Рыгору Барадуліну, Пятрусю Макалю, Генадзю Пашкову, Максіму Лужаніну, Сяргею Грахоўскаму, Уладзміру Скарынкіну, Васілю Зуёнку, Нілу Гілевічу, Казіміру Камейшу, Георгію Юрчанку, Генадзю Бураўкіну, Нэлі Тулупавай, Максіму Танку, Цімоху Дзеразе. Заканчваецца ж вянок аўтапародыяй яго аўтара.

Творы для дзяцей выклікаюць асаблівую цікаўнасць, бо яны ў Міхася Пазнякова, настаўніка па адукацыі, які не адзін год працаваў ім у гарадской і сельскіх школах, напісаны з веданнем дзіцячай псіхалогіі, запатрабаванняў юных чытачоў. Гэта тычыцца казак, вершаў, лічылак, калыханак. А каб у гэтым канчаткова пераканацца, варта іх пачытаць.

Асабіста я пераканаўся ўжо, бо шаноўны Міхась Паўлавіч падчас той ліпеньскай сустрэчы падараваў мне сваю кніжку выбраных твораў з надпісам: “Дарагому сябру Мікалаю Уладзіміравічу Леўчанку — пісьменніку і журналісту, выдатнаму летапісцу сучаснай Быхаўшчыны ад аўтара.

в. Заброддзе, 25.07. 2011 г.”.

Пасля таго часу нярэдка бяру кнігу ў рукі, каб наталіцца сапраўднай паэзіяй, мілагучнасцю роднай матчынай мовы.

Мікола ЛЕЎЧАНКА.

Последние новости

НА СТРАЖЕ ЗАКОНА

Памятка для родителей: как защитить детей от киберпреступников?

6 мая 2024
Читать новость
ЭКОНОМИКА

Ранние яровые зерновые в Беларуси посеяли почти на 94% площадей

6 мая 2024
Читать новость
ГЛАВНОЕ

В Минтруда рассказали, что делается в стране для усиления государственной заботы о ветеранах

6 мая 2024
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Профилактика опасных болезней животных

6 мая 2024
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Делегат VII Всебелорусского народного собрания Дарья Мыцык встретилась с коллективом центральной районной больницы

6 мая 2024
Читать новость
ГЛАВНОЕ

“Белпочта” выплатит пенсии за 9 и 14 мая досрочно

6 мая 2024
Читать новость
ОБЩЕСТВО

В Беларуси запретили продавать еще одно подсолнечное масло от российского производителя

6 мая 2024
Читать новость
В МИРЕ

В Бельгии хотят сделать 8 мая праздничным днем и отмечать в этот день победу над фашизмом

6 мая 2024
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Как узнать борщевик?

6 мая 2024
Читать новость
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Минприроды объявило смотр-конкурс на лучшее благоустройство водного объекта

6 мая 2024
Читать новость

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине пройдут учения

30 апреля 2024
Стрелка вверх
ОБЩЕСТВО

В Быхове горел дом

26 апреля 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошла межотраслевая профсоюзная спортландия, посвященная 120-летию профсоюзного движения. ФОТО

26 апреля 2024
Стрелка вверх
ОБЩЕСТВО

Где православным освятить пасхальные куличи и яйца в Быхове

2 мая 2024
Стрелка вверх
ОБЩЕСТВО

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине проходит республиканская молодежная ярмарка вакансий

23 апреля 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНОЕ

История Евгения Кривулькина, работавшего в опасной зоне Чернобыля

26 апреля 2024
Стрелка вверх
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Юные экскурсоводы Быховщины завоевали признание на областном и республиканском уровне

2 мая 2024
Стрелка вверх