Валанцёры клуба “Добрыя сэрцы” пабывалі ў аграгарадку Грудзінаўка
Валанцёры клуба “Добрыя сэрцы” пры Быхаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа з канцэртнай праграмай пабывалі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў аграгарадку Грудзінаўка.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Ждан, якая распавяла, что 2016 год абвешчан Годам культуры, а культура — гэта не толькі сучасная творчасць у літаратуры, жывапісе. Гэта яшчэ і наша спадчына: родная мова, помнікі даўніны, фальклор і нашы народныя песні. Менавіта таму канцэрт, з якім прыехалі валанцёры, прысвечаны беларускай народнай творчасці.
Канцэртная праграма пачалася ўсім знаёмай песняй “Кацюша”, якую спявалі разам, а кіраўнік валанцёрскай групы Валянціна Новікава чытала вершы, якія піша сама.
Беларускія байкі чытала Галіна Новікава, Надзея Лукаш праспявала жартоўныя песні “Варэнікі”, “Калінка-малінка”. Чыталі валанцёры таксама вершы Якуба Коласа, Уладзімір Гашкоў пад апладысменты спяваў песні “Матчына хата”, “Бярозавы сок”, «Вёска».
Напрыканцы мерапрыемства загадчыца аддзялення кругласутачнага знаходжання Наталля Лобарава падзякавала гасцей за цудоўны канцэрт, бо старыя таксама хочуць да сябе ўвагі, клопатаў ад тых, хто іх акружае. Скончыўся ж канцэрт вясёлай песняй “Жывіце здарова”.
Мерапрыемства працягвалася больш гадзіны. Пакідаючы аддзяленне, валанцёры паабяцалі яго насельнікам прыехаць праз пэўны час да іх зноў.
Святлана АНІСЬКОВА.