Акадэмік Вацлаў Ластоўскі ў Быхаве

Перэферыйны статус Быхава у межах Беларусі ў пачатку ХХ ст. s000113_788886(напрыклад, чыгунка тут з’явілася толькі ў 1902 г.) абумовіў той факт, што малады беларускі нацыянальны рух тут амаль не выяўляўся. “Беларускае Адраджэнне” наогул мела мала структураў у правінцыйных павятовых цэнтрах і было ў правінцыі, за рэдкімі выключэннямі, амаль невядомае.

Аддаленасць Быхава ад Вільні яшчэ больш абцяжарвала доступ сюды беларускіх выданняў; калі дадаць сюды процідзеянне рускай адміністрацыі  і спольшчаных памешчыкаў, атрымаем пералік тых аб’ектыўных і суб’ектыўных цяжкасцей, якія заміналі абуджэнню на Быхаўшчыне беларускай нацыянальнай свядомасці. Зразумела, для горада з багатай гісторыяй і культурнай спадчынай (чаго варты адны толькі быхаўская мураванкі XVI–XVII стст.!) такая сітуацыя была непрымальная.

Правядзенне ў 2013 г. у горадзе Дня беларускай пісьменнасці ўздымае пытанне вывучэння і рэактуалізцыі гарадской і краёвай гісторыі, культурных набыткаў (а гэтаксама і стратаў) мінулага, наогул кажучы – гістарычнай памяці. Уяўляецца, у гэтым шэрагу Вацлаў Ластоўскі будзе не выпадковай постаццю.

Вось жа: больш за 100 гадоў таму, у 1911 г., на сельскаспадарчую выставу ў Быхаве прыяжджаў у спецыфічным статусе “культурнага пасла” Вацлаў Ластоўскі – вядомы дзеяч нацыянальнага адраджэння, літаратар, гісторык, крытык, прэм’ер-міністр БНР (1919–1922 гг.), кнігавыдавец,  у канцы 1920-х гг. – дырэктар Беларускага Дзяржаўнага музею ў Мінску. Навукова-папулярны выклад ягонай надзвычай цікавай і павучальнай біяграфіі зрабіў за сваім часам беларускі архівазнаўца і гісторык Язэп Янушкевіч (Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння. Мн., 1995). Уяўленне пра маштаб постаці дазваляе зрабіць перавыдадзеная сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ягоная капітальная праца “Гісторыя крыўскай (беларускай) кнігі” – манаграфія, якая адна толькі здольная заняць цэлую кніжную паліцу. Яшчэ адзін цікавы момант: калі Дзень пісьменнасці ладзіўся ў Глыбокім, сярод ушанаваных там выдатных ураджэнцаў Глыбоччыны быў і Вацлаў Ластоўскі; гэты факт можа разглядацца як своеасаблівае сімвалічнае сведчанне непарыўнага адзінства беларускай гістарычна-культурнай прасторы.

Пра выставу, пра свае ўражанні ад быхаўскага грамадства той пары В. Ластоўскі пісаў у адмысловай нататцы, якая тут і прыводзіцца ў скарочаным выглядзе, з захаваннем аўтарскай пунктуацыі і правапісу (паводле факсімальнага перавыдання: Наша Ніва. Першая беларуская газэта з рысункамі. Вып. 4. 1911 г. Мн., 2003. С. 471–473).

* * *

Вось і Быхоў, мэта нашае падарожы. Гарадок так сабе – з двумя цэрквамі і адным касьцёлам ды дзесяцьцю жыдоўскімі бажніцамі. Ляжыць ён на ўзгорку, разбудаваўся на руінах колішняго пагранічнаго з Масквой літоўскага замку. Як усюды у нас, і тут больш корчэм ці, як іх цяпер па моднаму празвалі, “рэстараноў”, піўных і іншых гэтаго калібру “культурных” закануркоў, чым школ і хаўрусоў.

Брыдзеш пешчанымі вуліцамі паміж старэнькіх дамкоў, і неўспадзеўкі ў вочы кідаецца шырокі прастор. Гэта з валоў від на Днепро і нізкую, затопную раўніну, каторая цягнецца з дзесятак вёрст у шыркі роўнай лукой, цяпер – пад восень – густа убранай стагамі сена. Днепро тут не шырокі, але гонкі і водны.

З берагу у нізе на права відаць шмат белых новенькіх багатых будоўлі, прыбраных флагамі; гэта – выстаўка. Шырокі пляц, абгароджэны, выраўняны, засеяны зялёнай травіцай; скрозь праведзены дарожкі, пасыпаные жвірам, насаджэны кветкі ў прыгожые узоры, харошые газоны, багатые павільёны, рэстаран, тэатр; праведзен і тэлефон; паны ў сурдутах, у фраках; падежджаюць карэты, коні у бронзе з мяцёлкамі на галавах па шасьці цягнуць пустую лакераваную павозку. Ўсё гэта адразу паказывае, што выстаўка устроена не для убогай беларускай вёскі, а дзеля забавы паном, каторым зажадалося мець  у Быхове тэатр с францускай мовай (як адзін казаў, ім надаела слухаць беларускую мову ад парабкоў і эканомоў), з заморскімі вінамі, з абедамі ад аднаго рубля да дваццаці пяці.

Быў на той выстаўцы і аддзел з беларускімі кніжкамі, ды з “Нашай Нівай”. Шмат хто з беларусоў дагэтуль ня ведаў, што ўжо шосты год выходзіць газэта ў роднай мове, дык цяпер усе чыталі, знаёміліся. Адны з раскрытым сэрцам віталі родную мову, пекна выложэную ў кніжках, – другіе глядзелі, як на дзіва, – але і адны і другіе куплялі кніжкі, і шмат хто падпісываўся на газэту. Знайшоўся і адзін такі малады паніч, каторы вельмі абурыўся, што на выстаўцы былі беларускіе кніжкі, і гаманіў, што ў Могілёўскай губэрні німа беларусоў <…>

Цікава было, як вучыцелькі з народных школ, прывёўшы дзетак, як бобу, паказыала ім агародніцкі аддзел. Паказывае, напрыклад, адна пальцэм на вялізарны гарбуз і пытае дзяцей, ці бачылі такую “тыкву”? – “Не” – кажуць дзеці – “тыквы ня бачылі, але акурат гэткіе гарбузы ў нас растуць”! – “Гэта-ж” – кажэ вучыцелька – “па вашаму па мужыцку гарбуз, а па расейску тыква”. <…>

У канцы трэба дадаць, што бадай толькі адны перакіньчыкі беларусы крыва глядзелі на беларушчыну; праўдзівые велікарусы па большай часьці спагадалі беларусам і цікавіліся кніжкамі і газэтай беларускай, а нават выпісвалі газэту, каб бліжэй пазнаёміцца з беларускім рухам.

 

Антон Лявіцкі

Последние новости

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Акция «Безопасные осенние каникулы»

30 октября 2025
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Председателем правления общества «Знание» избран Алексей Авдонин

30 октября 2025
Читать новость
КАЛЕЙДОСКОП

Чем занять ребенка на осенних каникулах

30 октября 2025
Читать новость
ТЕХНОЛОГИИ

Илон Маск запустил новую онлайн-энциклопедию

30 октября 2025
Читать новость
НА СТРАЖЕ ЗАКОНА

Не рискуйте напрасно — своевременно смените шины

30 октября 2025
Читать новость
ГЛАВНОЕ

ВАЖНО! Безопасные каникулы

30 октября 2025
Читать новость

Архивы

Рекомендуем