Звароты грамадзян: удасканаліць працу

Гэта мэта была асноўнай на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Абмяркоўвалі тэматыку пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі, і склад саміх адказаў на гэтыя лісты і вусныя паведамленні.
“Адразу адзначу, што з тымі “адпіскамі”, якія пакуль трапляюцца ў чыноўнікаў ды кіраўнікоў арганізацый, трэба заканчваць, – пачынае пасяджэнне старшыня райвыканкама Сяргей Ігнаценка. — Чалавеку адпраўляюць такія адказы, у якіх нават спецыяліст не адразу ўсё зразумее”.
Па меркаванню главы раёна, склад пісьмовага адказу на зварот грамадзяніна павінны быць лаканічным і даступным. Ці патрэбна, напрыклад, вясковай бабулі пералічэнне некалькіх Законаў, норм ды правілаў, калі яна дагэтуль звярталася з нараканнямі на неачышчаную ад снегу дарогу ці калодзежную ваду? Вядома, не. Яна чакае простых, зразумелых слоў. Пажадана – станоўчага характару.
Таму і прыпыняюць для пераапрацоўкі занадта мудроныя лісты ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама. Начальнік аддзела Вольга Пазнякова канстатуе: за мінулы год раённым уладам патрапіла 388 зваротаў. Невялікі, але прагрэс ёсць – у параўнанні з пазамінулым годам лічба на 5% паменшылася.
Па-ранейшаму, у лідарах “зваротнага” антырэйтынга жыллёва-камунальная галіна. На яе скардзілася 30% з усёй колькасці людзей. 14% хвалюе пытанне паляпшэння жыллёвых умоў, для 11% першасным стала пытанне рамонту жылля. Не выйшлі за “дзясятку” пытанні архітэктуры і будаўніцтва, працы і заработнай платы, зямельныя ды дарожныя праблемы. На іх прыходзіцца, адпаведна, па дзевяць, сем, шэсць і пяць працэнтаў ад усёй колькасці скаргаў і прапаноў.
Як удалося скараціць колькасць узнятых пытанняў? Сакрэт нескладаны. Вольга Пазнякова расказвае: “З 224 чалавек, якія запісаліся на асабісты прыём да кіраўніцтва раёна, больш за 150 пасля кансультацый у аддзелах райвыканкама адмовіліся ад візіту. Пытанні былі знятыя ці дасканала растлумачаныя”. Акрамя гэтага, сваю эфектыў-насць дэманструюць выязныя прыёмы грамадзян, якія ажыццяўлялі сельвыканкамы у аддаленых вёсках, маршруты так званых сацыяльных груп.
Праўда, калі б не было ніякіх праблем у рабоце з людзьмі, пасяджэнне не збіралі б. Начальнік аддзела засяроджвае ўвагу прысутных на больш пільнай рабоце з кантэнтам сайтаў арганізацый. Прыводзіць прыклад – на шэрагу інтэрнэт-старонак прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі цэны на некаторыя паслугі дагэтуль прыводзяцца у недэмінаваных рублях.
Хвалюе і жыллёва-камунальная галіна. Зваротаў там стала менш, але ўсё роўна на ЖКГ прыходзіцца ў разы больш скаргаў, чым на іншыя інстанцыі. Да таго ж, шмат паўторных. Старшыня прапаноўвае дапоўніць праект рашэння выканкама дадатковай адказнасцю пасадавых асоб за паўторнасць зваротаў – за недапрацоўкі трэба адказваць.
Уладзіслаў ГРЫБАНАЎ.