На Быхаўшчыне ствараюць камфортныя умовы для выбаршчыкаў

Да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання застаецца менш за месяц. Напярэдадні адзінага дня галасавання 18 лютага ўчастковыя камісіі ўжо прыступілі, у тым ліку, і да стварэння камфортных умоў для выбаршчыкаў.
Кастрычніцкі ўчастак для галасавання №11 размешчаны ў раённым цэнтры культуры і яго можна смела называць узорным. Прычына відавочная – традыцыйна тут свой выбар зробіць кіраўнік раённай вертыкалі.
Цяпер пачалася самая актыўная падрыхтоўка да гэтай важнай грамадска-палітычнай падзеі. Але ўсё праходзіць у штатным рэжыме, цалкам спакойна.
На ўчастку расставілі мэблю, усталявалі кабіны для тайнага галасавання. На бачным месцы —інфармацыйны стэнд, на якім пазней размесцяць звесткі пра ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. Лепш арыентавацца выбаршчыкам у будынку дапамогуць спецыяльныя паказальнікі. У пакоі для галасавання ўсталююць сейф, герб і сцяг Рэспублікі Беларусь, а таксама запрацуе радыёкропка і правядуць тэлефонную сувязь.
— Зараз займаемся афармленнем рознай дакументацыі. Перад намі таксама стаіць задача выверыць спісы выбаршчыкаў. Патрэбныя звесткі падае аддзел ЗАГС Быхаўскага райвыканкама. Пасля канчатковай карэкціроўкі, камісія ўсталюе дакладную колькасць выбаршчыкаў і атрымае бюлетэні для галасавання. Па папярэдніх дадзеных, на нашым участку адзін чалавек упершыню прыме ўдзел у выбарах. А што тычыцца скрыняў для галасавання, то іх тры. Прычым ёсць празрыстая скрыня, якую выкарыстоўваем непасрэдна 18 лютага, — кажа старшыня камісіі Наталля Корза.
Многія быхаўчане прыходзяць на выбары як на свята. Вось таму ў адзіны дзень галасавання тут плануюць арганізаваць выступленні самадзейных артыстаў, прадэманстраваць фільм пра Быхаў, будзе працаваць буфет. Як паказвае практыка, з раніцы найбольш актыўныя пажылыя выбаршчыкі, а пасля поўдня на ўчастак для галасавання прыходзіць моладзь.
Наталля Аляксандраўна даўно ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях, але пры гэтым усё роўна перажывае. Калегі, вядома, заўсёды дапамагаюць і падтрымліваюць. Усе яны ў асноўным таксама людзі вопытныя. А значыць, можна не сумнявацца, што на Кастрычніцкім участку ўсё будзе арганізавана на высокім узроўні.
Сяргей ЛЕЎЧАНКА.