Феадосій Смалячкоў, снайпер з-пад Быхава

Феадосій Смалячкоў, снайпер з-пад Быхава

Smolyachkov_F_A_anЗа тры месяцы 18-гадовы беларус знішчыў 125 захопнікаў. На гэта ён патраціў 126 патронаў.

На фронце іх называлі «радавымі без промаху». Сапраўды, цяжка пераацаніць тую ролю, якую адыгралі савецкія воіны-снайперы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Велізарныя іх баявыя заслугі ў дасягненні нашай агульнай перамогі.

Ратная праца снайпера была асабліва небяспечнай і нялёгкай. Гадзіны, а то і суткі, праведзеныя ў балоце або ў кроне дрэва, на спякоце або ў люты мароз. Час нечалавечага напружання, чакання, хвалявання. Нягледзячы на боль і стомленасць. У любы сезон, у любое надвор’е. І нельга варушыцца, нельга заснуць, як бы ні зліпаліся вочы. Гэта паляванне на звера, але звер такі, што ў любы момант можа распаласаваць кулямётнай чаргой або накрыць мінамётным агнём…

Нарадзіўся 12 ліпеня 1923 г. у вёсцы Падгор‘е Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям‘і селяніна. Скончыў 6 класаў, школу ФЗН у Ленінградзе. Працаваў мулярам. З 1941 года — у радах Чырвонай Арміі. 27 ліпеня 1941 года ўступіў у 5-ю дывізію народнага апалчэння Выбаргскага раёна Ленінграда, потым служыў у разведцы. Вызначыўся пры абароне Ленінграда.

Снайпер 14-й асобнай мотастралковай разведвальнай роты (13-я стралковая дывізія 42-й арміі Ленінградскага фронту) радавы Смалячкоў адным з першых адкрыў лік знішчаным ворагам. Ініцыятар баявога спаборніцтва снайпераў Ленінградскага фронту. Падрыхтаваў 10 снайпераў, якія знішчылі некалькі сотняў фашыстаў. Асабіста знішчыў 125 салдат і афіцэраў праціўніка. 15 студзеня 1942 года загінуў. 6 лютага 1942 года за мужнасць і вайсковую доблесць, праяўленыя ў баях з ворагам, пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны ордэнам Леніна (двойчы).

Пахаваны ў Санкт-Пецярбургу. Яго імя носяць вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Мінску, Гомелі, Быхаве, пасёлак у Ленінградскай вобласці, сельгаспрадпрыемства ў Быхаўскім раёне, Санкт-Пецярбургскі гарадскі клуб ДТСААФ. У Санкт-Пецярбургу, каля вёскі Вароніна Быхаўскага раёна на шашы Магілёў–Гомель устаноўлены помнікі, у Санкт-Пецярбургу і Мінску — мемарыяльныя дошкі.

Увесну 1942-га, падчас цяжкіх баёў за Севастопаль, Людмілу Паўлічэнку — снайпера 54-га стралковага палка 25-й дывізіі Прыморскай арміі — накіравалі да суседзяў у часць, дзе доўга не маглі пазбавіцца ад фашысцкага стралка. Людміла выйграла дуэль, вораг быў забіты. У снайперскай кніжцы фашыста значылася, што яго ахвярамі сталі 400 французаў і больш за сто савецкіх салдат. А колькі б яшчэ чалавек загінула, калі б не наша жанчына-стралок? Яе вайсковаму подзвігу прысвечаны мастацкі фільм «Бітва за Севастопаль», які толькі што прайшоў у нашых кінатэатрах.

На франтах Вялікай Айчыннай здабылі сабе славу такія снайперы, як У. Пчалінцаў, Ф. Ахлопкаў, Ф. Зайцаў, М. Пасар і іншыя. У кожнага з іх на рахунку — сотні дакладных стрэлаў. Хто ж з савецкіх асаў-стралкоў мае права называцца снайперам нумар адзін?

Сярод мноства іншых экспанатаў у сённяшнім расійскім Цэнтральным музеі Узброеных Сіл знаходзіцца вінтоўка з таблічкай, на якой напісана: «Зброя імя Герояў Савецкага Саюза Андрухаева і Ільіна». Хусен Андрухаеў змагаўся пад Растовам. Там ён і загінуў. У яго памяць была названая снайперская вінтоўка сістэмы Мосіна. А падчас баёў за Сталінград з гэтай вінтоўкі б’е ворага легендарны снайпер — старшына Мікалай Ільін. У кароткі тэрмін ён павялічыў свой паслужны спіс са 115 да 494 знішчаных салдат і афіцэраў праціўніка. Мікалай Ільін па праве лічыцца найлепшым снайперам Вялікай Айчыннай вайны.

Ільін загінуў у рукапашнай сутычцы ў жніўні 1943-га пад Белгарадам. Яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго легендарную вінтоўку ўручылі найлепшаму снайперу часці. Гэтага гонару быў удастоены сяржант Афанасій Гардзіенка. З гэтай вінтоўкай ён давёў лік знішчаных ім фашыстаў да 417. Знакамітая зброя служыла да таго часу, пакуль не была пашкоджана асколкам снарада. На рахунку вінтоўкі — каля 1000 смяротных выстралаў у ворага.

Другі па ліку знішчаных фашыстаў снайпер — капітан І. Сідарэнка. На яго рахунку — каля 500 адзінак жывой сілы праціўніка. Акрамя таго, ён асабіста падрыхтаваў 250 вучняў. Часцяком Сідарэнка браў з сабой на «паляванне» аднаго са сваіх выхаванцаў. Такая «вытворчая практыка» дапамагала вучням спасцігнуць хітрыкі і прыёмы дасведчанага настаўніка, якія маладыя снайперы не раз выкарыстоўвалі пасля.

Трэцім па сваім снайперскім рахунку ідзе гвардыі старшы сяржант М. Будзянкоў, ім знішчана 437 варожых салдат і афіцэраў.

Першы дзясятак найлепшых савецкіх снайпераў знішчыў агульнай колькасцю больш за 4200 ворагаў, а першая дваццатка — больш як 7500. У сярэднім на аднаго снайпера першай дваццаткі прыходзіцца каля 375 забітых фашыстаў. Так што каштоўнасць гэтых воінаў для арміі была сапраўды велізарная.

У іх шэрагу быў і наш зямляк — Феадосій Арцем’евіч Смалячкоў.

Прозвішча Смалячкова добра знаёмае мінчанам. Але ці многія з іх ведаюць, што чалавеку, імем якога названа адна з вуліц у цэнтры горада, у сорак першым годзе было ўсяго васемнаццаць гадоў?

Нарадзіўся ён 12 ліпеня 1923 года ў вёсцы Падгор’е Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля школы, у 1940 годзе, прыехаў у Ленінград, дзе скончыў школу фабрычна-заводскага навучання на Прыбыткоўскай вуліцы. Вучыўся і жыў на Выбаргскім баку, працаваў за Маскоўскай заставай, будаваў дамы. Калі, гуляючы па вуліцах і праспектах сённяшняга Санкт-Пецярбурга, вы завернеце на Маскоўскі праспект, то абавязкова будзеце праходзіць міма дома, пабудаванага перад самай вайной. Яго ўзводзіў малады муляр Феадосій Смалячкоў.

Увосень ён збіраўся паступаць у будаўнічы тэхнікум. Планы зблытала вайна. 23 чэрвеня 1941 года, на другі дзень вайны, Смалячкоў звярнуўся ў райваенкамат з просьбай адправіць яго на фронт.

— Вы яшчэ малады, — сказалі яму.

— Малады? — перапытаў муляр. — Я чытаў, што ў грамадзянскую вайну былі такія, што ў сямнаццаць гадоў палкамі камандавалі. А мне ўжо васямнаццаць.

— Вось і чакай, калі мы для цябе цэлую дывізію сфарміруем…

У пачатку ліпеня, калі ў Маскве і Ленінградзе пачалі стварацца падраздзяленні народнага апалчэння, Смалячкоў вырашыў зрабіць другую спробу. Ён пайшоў у Выбаргскі райкам камсамола і ўсё-такі дамогся свайго: 27 ліпеня яго залічылі добраахвотнікам у супрацьтанкавую роту 13-й дывізіі народнага апалчэння Выбаргскага раёна Ленінграда.

…Задыханы, ён прыбег у канторку прараба і паклаў на стол даведку. У ёй было сказана: «Прад’яўнік гэтага добраахвотнік Смалячкоў Феадосій Арцем’евіч знаходзіцца на службе ў стралковым палку дывізіі народнага апалчэння з 27.VІІ.41 г. на пасадзе байца.

Даведка выдадзена для прадстаўлення па месцы працы».

У палку Смалячкова чакала расчараванне: камандзір прызначыў яго… кухарам. Не гэтага чакаў Феадосій. Аднойчы, калі полк ужо вёў баі, Смалячкоў паглядзеў на сваю паходную кухню і раптам рашуча махнуў рукой:

— Каша і сама даварыцца. Да раздачы вярнуся…

Падклаў дроўцаў і заспяшаўся ў той бок, адкуль чулася стральба. У гэты дзень ён упершыню ўбачыў людзей, якія быццам застылі на зямлі. Людзей, якія ўжо ніколі не ўстануць.

Яго паклікаў паранены, папрасіў піць. Кухар даў яму вады. Зрабіўшы некалькі глыткоў, паранены заціх. Смалячкоў пачаў тармасіць яго — салдат ужо не чуў, не варушыўся. Ён быў мёртвы…

Гэта ўзрушыла юнака. Цэлы дзень ён не мог супакоіцца. А тут яшчэ старшына пачаў лаяць яго за адлучку. Нават прыгразіў, што строга пакарае за сыход з баявога паста.

— Які гэта баявы пост? — не стрываў Смалячкоў. — Гэта ж кухня.

Потым паскардзіўся камісару:

— Я ў добраахвотнікі пайшоў не кашу варыць, а ваяваць. Да паходнай кухні можна прыставіць і пажылога чалавека. Камісар даводзіў яму, што кухня на фронце таксама баявы пост, але сам жа дапамог маладому кухару — яму было дазволена ўдзельнічаць у баявых аперацыях. Аднойчы Феадосій з двума іншымі байцамі высачыў «языка», узяў яго ў палон і даставіў у часць. Пра ўдалую разведку кухара стала вядома камандаванню дывізіі. Улічваючы жаданне Смалячкова, яго перавялі ў разведвальны батальён. Так Феадосій стаў разведчыкам.

Ён быў вельмі задаволены сваімі новымі абавязкамі. Адзінае, што не падабалася Феадосію, дык гэта пастаянныя папярэджанні камандзіра захоўваць асцярожнасць, без крайняй неабходнасці не высоўвацца, не страляць, мець вытрымку. Смалячкоў нават паскардзіўся:

— Атрымліваецца, быццам разведчык павінен ваяваць упрыглядку: глядзі і дакладвай, што бачыш, а біць фашыста будуць іншыя. Гэта не па мне.

Але не ісці ж зноў да камісара. Чаго добрага, скажа, што Смалячкоў сам не ведае, чаго хоча.

Не, да камісара ісці нельга. Аднойчы Феадосій папрасіў камандзіра даць яму снайперскую вінтоўку. Той уважліва паглядзеў на маладзенькага байца. Прастадушны твар Смалячкова і яго невялікі рост рабілі яго падобным да хлапчука, які дзеля забавы нацягнуў на сябе бацькаву форму.

Перахапіўшы недаверлівы погляд камандзіра, Феадосій сказаў:

— Промахаў не дам, з дзяцінства прывучаны да палявання. З бацькам на ваўкоў хадзіў.

Праз некалькі дзён група разведчыкаў, у якую ўваходзіў і Смалячкоў, знаходзячыся на заданні, трапіла ў цяжкае становішча. Немцы выявілі нашых салдат і сталі праследаваць іх. Выратаваў таварышаў Феадосій. Ён схаваўся ў зручным месцы і трапнымі стрэламі стаў выводзіць са строю аднаго ворага за другім. Вось калі спатрэбілася яму бацькава навука падчас палявання на ваўкоў! Пад прыкрыццём трапнага агню Смалячкова разведчыкі без страт вярнуліся ў сваю часць. Калі камандзір выклікаў Феадосія, каб аб’явіць яму падзяку, салдат папрасіў даць яму снайперскую вінтоўку і дазволіць выхад на пярэдні край абароны для «палявання» на саперніка. Камандзір дазволіў. Праўда, першы выхад Смалячкова аказаўся не зусім удалым. Увесь восеньскі дзень ад світання і дацямна праляжаў ён са сваім напарнікам Шушкіным пад дажджом, але так і не высачыў ніводнага фашыста. Але ўжо на досвітку савецкі снайпер знішчыў свайго першага ворага, праз некаторы час — яшчэ двух. Было гэта 19 кастрычніка 1941-га. І з гэтага дня кожны выхад снайпера Смалячкова на пярэдні край абароны прыносіў яму новыя перамогі. Ужо праз тры тыдні ён напісаў нататку ў дывізіённую газету:

«Атрымаўшы снайперскую вінтоўку, я паставіў сабе за мэту як мага больш знішчыць фашысцкіх драпежнікаў… Мною ўжо знішчана 37 захопнікаў, але на гэтым мой баявы рахунак не скончаны. Я абавязуюся яшчэ мацней і бязлітасней біць фашысцкае звяр’ё».

Слова сваё ён трымаў моцна. Аднойчы, забраўшыся пад драцяную загароду ворага, Смалячкоў чатырма стрэламі паклаў чатырох фашыстаў. Перапалоханыя гітлераўцы выскачылі з зямлянкі. Смалячкоў шпурнуў у іх гранату… Вырашыўшы, што рускія пайшлі ў наступленне, фашысты адкрылі кулямётны і мінамётны агонь.

Гэта было б яшчэ паўбяды. Горш, што да снайпераў рушыла больш за ўзвод гітлераўцаў. Давялося адыходзіць. Ныраючы ў варонкі, хаваючыся за кустамі, Смалячкоў і яго новы памочнік Зіброў адпаўзалі да свайго пярэдняга краю. Смалячкоў затрымліваўся толькі на секунду, каб паслаць чарговую кулю ў праследвальнікаў. І праз тое, што чуліся стрэлы з розных месцаў, ворагі лічылі: супраць іх дзейнічае цэлая група чырвонаармейцаў. Яны сталі паводзіць сябе больш асцярожна, набліжацца баяліся.

Прыцемкі, якія хутка наступілі, дапамаглі Смалячкову і яго таварышу схавацца ад ворага і вярнуцца ў сваю роту.

1 лістапада Ф. Смалячкоў падаў заяву з просьбай прыняць яго ў камсамол. У заяве ён абяцаў за пяць дзён, да 24-й гадавіны Кастрычніка, знішчыць 20 фашыстаў. І стрымаў сваё слова — 6 лістапада на яго рахунку былі 23 знішчаныя ворагі. Вось адзін з прыкладаў хітрасці і знаходлівасці снайпера:

«Стаю ля амбразуры сваёй пазіцыі, — распавядаў Смалячкоў, — і ўважліва вывучаю сектар абстрэлу. Бачу, з нямецкага акопа вылез фашыст і, азіраючыся, накіраваўся кудысьці ўздоўж траншэі. Я прыцэліўся, спусціў курок і параніў яго ў нагу. Мой напарнік пытаецца, чаму я біў у нагу, а не ў галаву. А так было больш выгадна. На крыкі параненага з акопа вылезла яшчэ 5 немцаў, і, калі яны пабеглі на дапамогу, я паклаў іх аднаго за другім усіх».

Амаль штодня выходзіў ён на баявы рубеж і ніколі не вяртаўся без выніку.

Аб подзвігах Смалячкова паведамлялі газеты, расповеды пра яго баявы вопыт перадаваліся ад аднаго салдата да другога. Франтавая газета «Вперед!» на першай паласе пад рубрыкай «Пашана і слава найлепшым знішчальнікам фашыстаў» часта змяшчала карэспандэнцыі ваенкараў пра поспехі снайпераў. 13 снежня яна апублікавала перадавы артыкул, прысвечаны Феадосію Смалячкову. У ім гаварылася: «Выдатны паляўнічы на фашыстаў, ён ляжыць цэлымі днямі ў мароз і непагадзь на пярэднім краі і цярпліва чакае з’яўлення ворага. Патрабуецца жалезная вытрымка, найвялікшае напружанне нерваў, зроку і слыху. Усімі гэтымі якасцямі валодае Феадосій Смалячкоў, за кароткі час ён знішчыў 57 гітлераўскіх галаварэзаў».

У зямлянцы не спалі. Снайперы Шушкін і Сталяроў нядаўна вярнуліся з перадавой і чысцілі зброю. Іншыя збіраліся ў начны пошук. Нехта дапамагаў палітруку аформіць снайперскую кніжку.

— Хлопцы гавораць, — неўзабаве пачулі яны голас Смалячкова, — што я стаў злым. А якім мне быць?! Дзе мой бацька? Дзе маці? Дзе браты і сястра Ганна? Я бачыў сёння разбураную снарадамі сцяну, якую сам складваў. Вось кавалак цэглы. Я яго прынёс сюды, каб паказаць вам… Я бачыў на вуліцы кроў пасля абстрэлу. Я бачыў трупы на санках. Гэта везлі хаваць памерлых з голаду. Хто гэта ўсё нарабіў? Фашысты! Як жа мне іх не знішчаць? Заб’еш падлюгу — і на душы становіцца лягчэй…

Гутарку перапыніў гучны голас сувязнога, які нечакана ўбег у зямлянку:

— Смалячкоў і Зіброў — да камандзіра роты. Хутчэй!

Смалячкоў і яго напарнік з’явіліся да лейтэнанта. Той быў заняты чытаннем рапарта камандзіра баявога ахоўвання,

— Сядайце! — запрасіў ён.

Феадосій паспеў прачытаць на рапарце радок, напісаны па дыяганалі: «Камандзіру разведроты. Прыняць тэрміновыя меры». Побач ляжала нямецкая газета «Deutsche Soldaten Zeіtung» з партрэтам фашысцкага яфрэйтара. На разведчыкаў з газетнай старонкі глядзеў спадылба немец, уціснуты ў парадны мундзір. Усе грудзі завешаны крыжамі і медалямі.

— Хто гэта? — спытаў Смалячкоў, разглядаючы самазадаволеную фізіяномію яфрэйтара.

— Нямецкі снайпер Мінке. Знакамітасць! Аб’явіўся на нашым участку. Са штаба арміі даслалі газету з яго фота. — Лейтэнант сачыў за тварамі разведчыкаў, яму хацелася даведацца, якое ўражанне зрабіла на іх гэтае паведамленне. — Б’е без промаху. Учора забіў трох чалавек з баявога ахоўвання. Дасведчаны, відаць, сукін сын.

— Можа быць, калі так б’е, — няпэўна выказаўся Смалячкоў, не праявіўшы, аднак, ні здзіўлення, ні турботы.

— Спрытна маскіруецца, — дадаў лейтэнант. — Трэба яго знайсці і знішчыць.

— Зробім, таварыш лейтэнант!

На другі дзень з большымі, чым звычайна, перасцярогамі разведчыкі выйшлі на агнявы рубеж.

Світала. Мясцовасць, якая ляжала перад снайперамі, уяўляла з сябе заснежную раўніну. Зрэдку, затрымліваючыся на якім-небудзь пагорку або ў прысыпаным снегам кусціку, Смалячкоў і Зіброў вялі дбайнае назіранне, імкнучыся ўлавіць што-небудзь новае ў даўно знаёмым ландшафце.

Дарэмна байцы праляжалі гадзіны са дзве. Нават каска, высунутая з-за бруствера на лжывай пазіцыі, не прыцягнула ўвагі фашысцкага снайпера.

— Дрэнь справы, — сказаў нягучна Зіброў. — Адчуў небяспеку і змыўся…

З нашай траншэі застрачыў аўтамат. Смалячкоў азірнуўся, і ў гэты момант у нейтральнай зоне пачуўся сухі трэск, быццам на хвоі абламаўся сук.

Феадосій чуў стрэл, але ўспышку празяваў. Ён не спускаў вачэй з таго месца, аднак больш адтуль ніхто не страляў. Толькі праз гадзіну паўтарыўся адзіночны стрэл, таксама за дротам.

— Скача з месца на месца, як блыха, — раззлаваўся Зіброў.

— Памыляешся, Лёша! Яфрэйтар ляжыць дзе-небудзь, стаіўшыся, а страляе іншы. Замятае след…

Фашыст (ён і на самай справе ляжаў тут!) цярпліва чакаў стрэлу рускага снайпера, за галаву якога яму абяцалі Жалезны крыж, і ён ужо бачыў яго на сваім мундзіры.

Смалячкоў і Зіброў вярнуліся ні з чым у баявое ахоўванне. Павячэраўшы, яны вырашылі накіравацца да камандзіра роты. Смалячкоў далажыў пра ўсё.

— Я папярэджваў вас, што гэта за птушка, — сказаў лейтэнант. — Можа, пусціць у ход хітрасць?

— Я думаў пра гэта, таварыш лейтэнант, — сказаў Смалячкоў.

— Ну і што?

— Вы ж самі казалі, што вораг вопытны і хітры. Мы пераканаліся. Але і мы не лапцем капусту сёрбаем.

Пакідаючы раніцай зямлянку камандзіра роты, Смалячкоў прадбачыў, што і ў гэты дзень фашысцкі снайпер застанецца верны сваёй тактыцы: яго стрэлаў не хутка дачакаешся.

Феадосій увесь дзень назіраў за тым месцам, дзе, па яго здагадцы, хаваўся яфрэйтар. Ён прыглядаўся да кожнай купкі мясцовасці, кожнай гурбы снегу. Смалячкоў вывучыў звычкі гітлераўца. «Мінке чакае выпадку, каб злавіць мяне на мушку», — увесь час думаў ён.

Ужо па тым, як па-майстэрску маскіруецца нямецкі яфрэйтар, Феадосій зразумеў, што супраць яго дзейнічае мацёры, хітры вораг. Другі дзень не прынёс ніякіх зменаў. І трэці таксама.

Праводзячы ў чацвёрты раз Смалячкова на пярэдні край, камандзір роты казаў:

— Па ўсім відаць, што сапернік у цябе няпросты. Тут патрэбна вытрымка, вытрымка і яшчэ раз вытрымка… Ну, і хітрасць, вядома…

На чацвёрты дзень, перад тым як заняць агнявы рубеж, Смалячкоў грунтоўна пагутарыў з камандзірам баявога ахоўвання. Было дамоўлена, што калі гітлеравец не выявіць сябе да дзвюх гадзін дня, то нашы стралкі ўжывуць пастку. «Праверым, якая ў яго вытрымка!» У грозным паядынку на поўдзень ад Пулкава сустрэліся не проста два снайперы, якія валодалі аднолькавым вопытам і першакласнай тэхнікай. Сустрэліся прадстаўнікі дзвюх цалкам розных армій: фашысцкай, што імкнулася захапіць чужую зямлю, заняволіць цэлыя народы, і савецкай, што бараніла сваю Радзіму, яе свабоду і незалежнасць. Гэта не магло не паўплываць на зыход паядынку.

Феадосій Смалячкоў цярпліва ляжаў на агнявой пазіцыі. Ён горача прагнуў перамогі над ворагам. Прагнуў у імя тых, хто паміраў ад голаду і холаду ў блакадным Ленінградзе, хто пакутаваў і змагаўся, прагнуў у імя жыцця… І верыў у перамогу.

Георг Мінке таксама не сумняваўся, што пераможа. Упэўненасць фашыста падмацоўвалася халодным разлікам. У яго цэйсаўская оптыка — раз, выдатнае веданне стралковай справы — два, вялікі баявы вопыт — тры. Хіба гэтага мала для перамогі над рускім?

Але гітлеравец пралічыўся. Не выявіўшы зноў патрэбнай цэлі, Мінке спачатку маўчаў, а апоўдні паспрабаваў, што б там ні было, выклікаць стральбу савецкіх снайпераў: вытрымка здрадзіла яму, і ён вырашыў перайсці ў атаку.

Быў сонечны зімовы дзень. Снежнае покрыва зіхацела. Георг Мінке, маскіруючыся, поўз у бок падбітага танка. Тут у яго была абсталявана запасная пазіцыя. З наглядальнай шчыліны машыны, прыкрытай кавалкам матэрыі, можна было сачыць за пярэднім краем абароны праціўніка.

…У дзве гадзіны, як дамовіліся яшчэ раніцай, салдаты баявога ахоўвання пачалі «дражніць» немца. Паспрабавалі падняць над траншэяй каску, насаджаную на сапёрную лапатку. Яфрэйтар не адгукнуўся: Мінке зразумеў, што яго ловяць.

«Значыць, здагадаўся. Адкуль жа ён назірае?» — Феадосій прыкідваў усе магчымыя варыянты і — які раз! — стаў квадрат за квадратам правяраць адкрытую перад ім мясцовасць.

Раптам яго позірк затрымаўся на падбітым танку, яго спынілі яшчэ ў вераснёўскіх баях на мінным полі. «Можа, тут?» — Феадосій насцярожыўся. Ён падзяліўся сваімі назіраннямі з напарнікам. Той таксама пачаў сачыць за падбітай машынай.

— Там нехта ёсць, — далажыў ён Смалячкову.

Феадосій навёў вінтоўку на наглядальную адтуліну танка (толькі праз яе вораг мог нешта бачыць) і працягваў чакаць. Раптам над самым вухам прасвісцела куля, яна ўрэзалася ў заднюю сценку заснежанага акопа.

Смалячкоў не паспеў стрэліць, як аб яго каску звонка пляснула другая куля. Феадосій адчуў, што яму апаліла лоб. Віскнула, нібы чмель, і трэцяя куля.

Цяпер снайперы былі ўпэўнены: страляюць з танка.

Байцы, выкарыстоўваючы няроўнасці мясцовасці, перапаўзлі на запасную пазіцыю. Адсюль яны працягвалі назіраць за танкам.

Смалячкоў быў упэўнены, што Мінке яго не выявіў. Не стане ж вопытны снайпер тройчы перазараджаць вінтоўку. Маючы дакладную цэль: ён знішчыць яе першай жа куляй. Яфрэйтару, верагодна, надакучыла чакаць. Адчуваючы сваю бяспеку за трывалай бранёй танка, Мінке вырашыў паскорыць развязку дуэлі. Дастань яго цяпер куляй у танку!

Паядынак зацягваўся. Мінула яшчэ гадзіна, ніхто больш не страляў.

— А раптам ён сыдзе? — спытаў напарнік.

— Не пойдзе, — усміхнуўся Смалячкоў. — Сачы за люкам…

Яфрэйтар і сапраўды не спяшаўся сыходзіць. Ён зручна ўладкаваўся ў танку. Адсюль яму была бачна не толькі стралковая траншэя рускіх, але і іншая, больш кароткая, траншэя, што служыла для зносінаў з баявым ахоўваннем. Яна была крыху мелкаватай, і вопытнае вока фашысцкага снайпера бачыла байцоў праціўніка, якія перапаўзалі па ёй. Ён зноў прыпаў да акуляра. Вось яшчэ адзін чырвонаармеец прабіраецца наперад. Са снайперскай вінтоўкай. Ззаду паўзе другі. Таксама снайпер. Блішчыць прыцэл…

Немец упарта сачыў за траншэяй, мяркуючы, верагодна, што савецкія снайперы падбіраюцца да танка. Яфрэйтар спусціўся праз люк пад чэрава танка і ўладкаваўся за гусеніцай, тут у яго была абсталявана агнявая пазіцыя.

— Федзя, пад танкам нехта варушыцца, — далажыў назіральнік.

«Бач, куды забраўся! Спрацавала, значыць…» — Смалячкоў так прыпаў вокам да прыцэла, што адчуў холад сталі. Палец знайшоў спускавы кручок.

Гітлеравец узяў пад прыцэл тое месца, дзе залеглі чырвонаармейцы (на самай справе, гэта былі два манекены, якія перасоўвалі з дапамогай вяроўкі). Праз некалькі хвілін яны зноў «папаўзлі». Яфрэйтар занерваваўся. Ён, відавочна, спалохаўся, што рускія падбяруцца бліжэй і закідаюць яго гранатамі.

Немец стрэліў і адразу стаў цэліцца ў другую фігуру. Але ўдалечыні нешта трэснула, нібы зламаўся сухі сучок… Георг Мінке дачакаўся ўсё-такі меткай смалячкоўскай кулі!

18 снежня ў дывізіённай газеце паведамлялася, што Смалячкоў знішчыў 72 ворагі, а праз 20 дзён — ужо 91. Са студзеня 1942 года газета «Вперед!» апублікавала нататку самога Феадосія Арцем’евіча — так цяпер паважліва называлі яго нават пажылыя байцы-аднапалчане.

«Мой навагодні падарунак Радзіме — 107 знішчаных фашыстаў. Цяпер я пачаў знішчаць другую сотню гітлераўскіх бандытаў. Я яшчэ больш настойліва буду паляваць на двухногіх звяроў, буду выхоўваць сваім прыкладам новыя кадры снайпераў. Нішчачы фашысцкае звяр’ё, я помшчу за сваю любімую Радзіму, за родную Беларусь. Літасці гітлераўскім галаварэзам ад мяне не будзе…»

Прыкладна ў тыя ж дні Феадосій Смалячкоў выступаў па Ленінградскім радыё. Ён гаварыў: «Я ганаруся тым, што з’яўляюся ўдзельнікам руху знішчальнікаў. Я выходжу са сваёй вінтоўкай на рубеж бліжэй да праціўніка і не даю літасці ніводнаму фашысту, калі ён вылезе са сваёй нары. Гэты лік будзе расці з кожным днём. Як камсамолец, я перадаю свой вопыт іншым. Мною навучаны снайперскай справе байцы Шушкін, Іваноў, Зіброў. Цяпер я навучаю чацвёртага байца — Волкава. У нашай часці, акрамя мяне, ёсць яшчэ шмат снайпераў. Дзясяткі фашыстаў знішчылі Кастроў, Баснакоў, Іназемцаў і іншыя байцы. Нас, знішчальнікаў, становіцца ўсё больш. Уся Чырвоная Армія паспяхова вучыцца ўменню знішчаць фашыстаў…» Імя Ф.А. Смалячкова карысталася вялікай папулярнасцю на ўсім фронце. Ён не толькі сам выходзіў на баявыя заданні, але і займаўся падрыхтоўкай і трэніроўкай снайпераў. Чырвонаармеец Смалячкоў стаў ініцыятарам баявога спаборніцтва снайпераў Ленінградскага фронту. У студзені 1942-га камандаванне ўзнагародзіла яго імянным гадзіннікамі і ордэнам Леніна.

Вялікай падзеяй у жыцці войскаў Ленінградскага фронту быў злёт снайпераў, што адбыўся 22 лютага 1942 года ў Смольным. На яго былі запрошаны 66 славутых байцоў, якія мелі на сваім рахунку сотні знішчаных нямецкіх захопнікаў. Абмежаваны склад удзельнікаў злёту вызначаўся цяжкай сітуацыяй на фронце. Прысутнасць кіраўнікоў партыйных, савецкіх і камсамольскіх арганізацый горада і вобласці, усяго складу Ваеннага савета фронту падкрэслівала важнасць гэтага сходу. Пасля кароткага выступлення камандуючага фронтам снайперы абмяняліся вопытам баявой дзейнасці. Потым з прамовай выступіў сакратар ленінградскага абкама партыі Жданаў. Ён падкрэсліў: «Снайперызм ёсць практычная форма знішчальнай вайны супраць нямецкіх захопнікаў. Таму вопыт баявой работы снайпераў павінен стаць здабыткам усяго асабовага складу войск фронту. Снайперы высока ўзнімаюць ролю асабістай зброі байца, вучаць паўней выкарыстоўваць агнявую моц вінтоўкі, бо вайна — гэта спаборніцтва агню».

Злёт прыняў зварот да ўсіх байцоў і камандзіраў фронту: «Ёсць толькі адзін шлях барацьбы з фашысцкай звяругай — вынішчыць усіх да аднаго акупантаў. Знішчыць ворага — акт найвялікшай справядлівасці. Знішчальнік акупантаў з’яўляецца героем нашага часу. Ён адчувае любоў родных, падзяку народа, хвалу ўсяго перадавога чалавецтва. Знішчальнікам нямецкіх захопнікаў можа і павінен стаць кожны франтавік. Пашана байцу, які знішчыў 10 фашысцкіх мярзотнікаў. Слава таму, хто забіў 50 гітлераўскіх гадаў. Вечная падзяка герою, які знішчыў сотню фашыстаў».

На злёце былі абвешчаны загад Ваеннага савета фронту аб узнагароджанні 216 снайпераў ордэнамі і медалямі і Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 лютага 1942 года аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза дзесяці найлепшым снайперам за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм. Прысутным узнагароды былі ўручаны тут жа, на злёце. Залатую Зорку і ордэн Леніна атрымалі Пётр Галічэнкаў, які знішчыў 140 фашыстаў, Уладзімір Пчалінцаў, на яго рахунку былі 102 ворагі, Іван Вежліўцаў, які забіў больш як 100 акупантаў. Быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза і пачынальнік снайперскага руху Ленінградскага фронту — Феадосій Арцем’евіч Смалячкоў. Пасмяротна. Ён загінуў на баявым пасту раніцай 15 студзеня 1942 года ў баі на Пулкаўскіх вышынях, паддаўшыся на хітрасць нямецкага снайпера — больш дасведчанага саперніка. У дзень сваёй гібелі герой забіў чацвярых немцаў і давёў свой снайперскі рахунак да 125.

Вестка пра гібель Смалячкова болем адгукнулася ў сэрцах усіх салдат, сяржантаў і афіцэраў дывізіі, арміі і фронту. Ваенны савет 42-й арміі і камандаванне дывізіі апублікавалі некралог: «На баявым пасту смерцю храбрых загінуў наш таварыш — чырвонаармеец Феадосій Арцем’евіч Смалячкоў. Варожая куля абарвала жыццё выдатнага знішчальніка фашыстаў. Хто не ведаў Феадосія Смалячкова? Імя нястомнага снайпера грымела па ўсім фронце. Гэта заслужаная слава — ён з’яўляўся сапраўднай пагрозай гітлераўскім акупантам. Чырвонаармеец Смалячкоў гарэў на баявым пасту. Усё сваё маладое, 19-гадовае жыццё, усё цалкам, аддаў ён любімай Радзіме».

Смерць выдатнага снайпера выклікала не толькі смутак, але і імкненне люта помсціць ворагу. Вучань Смалячкова снайпер Ратаеў пісаў у дывізіённай газеце: «Будзем годнымі пераемнікамі героя Смалячкова». «Смалячкоў навучыў мяне снайперызму. Я забіў 48 фашыстаў. Сотня ворагаў заплаціць за жыццё Смалячкова», — паведамляў снайпер Зіброў. «Па 125 забітых немцаў!» — з такім заклікам звярнуўся да ўсіх воінаў злучэння снайпер Астудзін.

Вінтоўка Ф.А. Смалячкова за нумарам 13914 была ўрачыста ўручана найлепшаму снайперу дывізіі Сталярову. Узяўшы ў рукі зброю настаўніка, ён на магіле Смалячкова пакляўся без промахаў біць ворага. Сваю клятву воіны фронту выканалі з гонарам. Ужо да лета 1942-га 26 вучняў Смалячкова знішчылі да 3000 ворагаў. А яшчэ праз год гэтая колькасць узрасла да 8000 — столькі ворагаў знайшлі смерць ад трапных стрэлаў паслядоўнікаў Феадосія Смалячкова. Снайперскі рух па знішчэнні нямецка-фашысцкіх захопнікаў неўзабаве набыў масавы характар. Паводле афіцыйных даных, у лютым 1942 года сярод абаронцаў Ленінграда налічвалася каля тысячы снайпераў, кожны з якіх на той момант знішчыў ад 10 да 50 фашыстаў, і 200 снайпераў, што забілі ад 50 да 100 гітлераўцаў.

Коратка пісаць пра Смалячкова цяжка. Калі ж выкладаць усё па парадку, атрымаецца цэлая кніга. Таму лічым магчымым завяршыць кароткі аповед пра Героя Савецкага Саюза ўсяго некалькімі лічбамі.

За тры месяцы — з 19 кастрычніка 1941-га па 15 студзеня 1942-га — Феадосій Смалячкоў знішчыў 125 захопнікаў. На гэта ён патраціў 126 патронаў. Толькі адзін промах быў у Смалячкова.

 

Перад вамі апошні ліст Героя Савецкага Саюза, ініцыятара масавага руху знішчальнікаў Ленінградскага фронту, байца-добраахвотніка Феадосія Смалячкова, які быў апублікаваны 1 студзеня 1942 года ў газеце «На страже Родины»:

«Вораг заняў Беларусь. Мясціны, дзе я нарадзіўся, шчасліва правёў дзяцінства і юнацтва, падвергліся спусташэнню. Там засталіся мае бацькі. Яны трапілі пад ярмо фашысцкіх варвараў. У маіх грудзях — нянавісць, у маім сэрцы — пякучая прага помсты.

Напярэдадні 24-й гадавіны Кастрычніка я з хваляваннем слухаў даклад таварыша Сталіна. Яго заклік — знішчыць усіх да аднаго акупантаў — стаў маім баявым дэвізам. Паставіў перад сабой задачу — да Новага года знішчыць не менш за 100 фашыстаў. Новы, 1942, год сустракаю ў радах партыі Леніна, мяне прынялі кандыдатам. Абавязацельства сваё выканаў: знішчыў сотню нямецкіх акупантаў.

Чырвонаармеец — снайпер Ф. Смалячкоў».

“Звязда”

Последние новости

ТЕХНОЛОГИИ

Дуров объявил о запуске в Telegram донатов авторам и владельцам каналов

19 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

Погода на выходные: дождливо, прохладно и ветрено. В ночь на субботу – заморозки

19 апреля 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

К 1 сентября все белорусские школы перейдут на новый режим питания

19 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
КАЛЕЙДОСКОП

В Беларуси запретили « Русские народные сказки»

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Советы от МЧС при похолодании

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Тематическую прямую телефонную линию проведет 26 апреля комитет по труду, занятости и социальной защите Могилевского облисполкома

19 апреля 2024
НОВОСТИ

Минобразования скорректировало сроки вступительной кампании в ссузах

19 апреля 2024
В МИРЕ

Израиль нанес ракетный удар по Ирану

19 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Ранние яровые зерновые в Беларуси посеяли более чем на 88% площадей

19 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

На Быховщине отметили День беременных

9 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел 1-й этап областного фестиваля управленческого опыта руководителей учреждений общего среднего образования «Лидер образования»

8 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Приглашаем принять участие в фотоконкурсе «В объективе – Быховский район»

9 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024