Сёння — дзень смеху. Голы певень (гумарэска)
Певень ляжаў, растапырыўшы крылы, акурат пасярод двара. Ціхі летні ранак плыў над вёскай, і маці сябра спачатку нават не паверыла, што яе прыгажун аддае канцы. Але няўклюдная поза маладой свойскай птушкі, яе памутнелыя вочкі вымушалі думаць менавіта так. Што рабіць? Не прападаць жа дабру. I жанчына, стукнуўшы пеўня аб шулу варот, села на ганак, пачала скубсці пер’е.
Звыклая працэдура заняла не болей як паўгадзіны, і вось ужо певень ляжыць на загнеце сялянскай печы, у якой гараць, патрэскваюць дровы. Гаспадыня ўвішна бярэ вілкі для малых чыгуноў, кладзе на іх абскубанага пеўня і суне яго ў печ, каб абсмаліць. Ды пры набліжэнні да агню адбываецца неверагоднае. Певень ажывае, кідаецца, як шалёны, з зеўра печы прама на гаспадыню, а тая, ледзь не страчваючы прытомнасць, асядае на падлогу.
Певень жа праз адчыненыя дзверы выскачыў на двор, адтуль — на вуліцу і з’явіўся каля сваіх курэй толькі на наступны дзень. Ён быў страшны з выгляду, але бадзёры, важна, як і раней, абходжваў хахлатак.
Адбылося ж наступнае. Напярэдадні «цуда» гаспадыня вытрасла з дзесяцілітровай бутлі, у якой знаходзілася настойка, ягады. Настойку, вядома, як лякарства, даўно выпілі, а ягады стаялі. Іх яна і выкінула пад плот. Певень ягады знайшоў хутка, накляваўся ўволю, ап’янеў так, што ледзь дабраўся праз вуліцу да двара, ды там і сунуўся.
Далейшы ягоны лёс вы ўжо ведаеце. Гаспадыня, праўда, хацела птушку забіць, бо вельмі ўжо сорамна перад суседзямі за такога пеўня, але не даў гаспадар. «Няхай жыве, — сказаў, як адрэзаў, ён. — Перазімуе — значыць, перазімуе, а не — дык не».
Певень да зімы займеў новае пер’е і доўга яшчэ быў героем аповедаў мясцовых жартаўнікоў.
Мікола КОЛАСАЎ.