Уладзімір Пазнякоў: Болей нікуды нічога не дам, нават калі будуць вельмі прасіць

Уладзімір Пазнякоў: Болей нікуды нічога не дам, нават калі будуць вельмі прасіць

Добра бачны з натуры вынікі фізкультуры, таксама працоўнага навучання ў ДУА “Абідавіцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”, дзе гэтым займаецца са сваімі выхаванцамі настаўнік Уладзімір Сямёнавіч Пазнякоў.

Па-летняму свеціць маёвае сонца, наўкола хвалююць пышнаю квеценню сады, вабяць прыгожыя кветкі і гэтакай прыгажосці адпавядае людскі настрой, асабліва вучнёўскай моладзі. Яна хаця і радуецца прадстаячым вялікім летнім канікулам, але ў паводзінах хлопчыкаў, дзяўчынак бачна не толькі нейкая асаблівая весялосць, а і пэўная запаволенасць у рухах, нават нейкая развязнасць. Відаць, стаміліся яны ўжо вучыцца, хадзіць на заняткі, бо прыйшла пара адпачываць.

IMG_1872

Такую выснову зрабіў крыху паназіраўшы за ўрокам фізкультуры, які вёў вопытны выкладчык Уладзімір Пазнякоў. З ім пасля і пагаманілі аб школьных набытках у развіцці фізкультуры, спорту, паколькі сам настаўнік у свой час скончыў факультэт пачатковага ваеннага навучання і фізічнага выхавання Магілёўскага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. У ДУА “Абідавіцкі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа” выкладае фізкультуру ўжо шаснаццаць гадоў, значыцца ў ліку лепшых педагогаў свайго профілю. І пацвярджае гэта дасягненнямі выхаванцаў.

— Яны ў мяне спаборнічаюць нароўні з гарадскімі школьнікамі, а часам нават лепш за іх, — удакладняе Уладзімір Сямёнавіч, — бо па выніках раённых фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў заўсёды займаюць прызавыя месцы.

У сёлетнім навучальным годзе вучань 10 класа Уладзіслаў Крылоў стаў першым у асабістым заліку падчас зімовага мнагабор’я “Абаронца Айчыны”.

Пяцікласніца Крысціна Лапчанка выйшла на першае месца ў зімовым мнагабор’і “Снежны снайпер”. Усё гэта на раённым узроўні.

Сямікласнік Руслан Шкуратаў таксама першынстваваў у “Снежным снайперы”. І гэта не адзінкавыя прыклады, бо ёсць поспехі ў развіцці школьнага турызму. Найбольш важкі быў у 2011 годзе, калі каманда заняла першае месца ў вобласці, трэцяе — ў рэспубліцы.

Дасягненні абідавіцкіх школьнікаў на раённых, абласных і нават на рэспубліканскіх спаборніцтвах уражваюць вельмі тым, што… у школе няма спартыўнай залы. І не было! А дасягненні — ёсць.

Чаму так атрымліваецца? Чаму у некаторых установах адукацыі, дзе спартыўныя залы ёсць, няма такіх вынікаў, а тут, на здзіўленне, ёсць? Гэты парадокс варта прааналізаваць, абагуліць ды зрабіць адпаведныя вывады спецыялістам.

Мой суразмоўца пра гэта гаварыць не стаў, а вось пра тое, што гадоў пяць таму за школаю пачалі будаваць тэнісны корт, а потым закінулі, гамонку павёў, бо ўклаў у тую будоўлю шмат сваёй фізічнай працы, падлеткаў, якія дапамагалі разраўніваць ссыпаны 14 аўтамашынамі пясок, разнесці 60 тон гравію…

IMG_1870

Ён крыху павесялеў, калі ўспомніў, як ягоныя выхаванцы ездзілі ў Мінск на дзіцячую забаўляльную праграму “Бухта капітанаў”. Іх тады нават паказвалі па другім канале Беларускага тэлебачання. Дарэчы, Пазнякоў выкладае фізкультуру ў 5-10- класах, а яго калега Аляксандр Кавалёў — у пачатковых і 11 класах. Аляксандр Мікалаевіч таксама добры настаўнік. Але калі ён займаецца толькі сваім прадметам, то Пазнякоў, да таго ж, вядзе працоўнае навучанне з 5 па 9 класы. Вядзе ўсяго паўтара года, ды толькі і ў гэтай надзвычай важнай справе дасягнуў, на мой погляд, выдатных вынікаў. Разам з васьмікласнікамі, а іх 10 чалавек, змайстраваў цудоўны карабель-ветразнік, з іншымі хлопцамі — планеры, іншую тэхніку, а таксама падводныя лодкі, танк часоў Вялікай Айчыннай вайны, аўтамабіль-палутарку, іншыя рарытэты.

— Усе гэтыя вырабы хачу выставіць у класе, дзе знаходзіцца карабель, а потым паклікаць бацькоў ды паказаць, на што здатныя іхнія дзеці. Для дарослых такі падыход стане нечаканым, запамінальным сюрпрызам, — дзеліцца сваёю задумкаю ўмелец.

— Дзе ж вы бралі чарцяжы, каб зрабіць такое прыгожае судна з белымі ветразямі?

— Шчыра кажучы, нідзе. Нешта знайшлі для сябе ў інтэрнэце, нешта ўбачылі ў кінафільмах, а нешта і дафантазіравалі, — задаволена ўсміхаецца Уладзімір Сямёнавіч, — а затым, калі ўжо ўсё прадумалі, абмеркавалі, узяліся за справу. Выкарыстоўваючы мясцовыя матэрыялы, на працягу года і зрабілі такога прыгажуна.

— А не спрабавалі ладзіць выставы работ сваіх выхаванцаў на раённых мерапрыемствах?

— Не, не спрабаваў, але даваў дзве добрыя работы на настаўніцкую канферэнцыю. Больш іх не ўбачыў.

Уладзімір Сямёнавіч па сённяшні дзень шкадуе, што ў школу не вярнулі адпраўленага ў Магілёў кап’ёкідальніка, латы якога выразалі з бляхі, скарыстоўвалі іншы метал. Выхаванцы і сам настаўнік ганарыліся сваім творам самадзейнага мастацтва. І, калі ім прапанавалі, аддалі ў абласны цэнтр з надзеяй, што там яго па вартасці ацэняць. Надзеі не спраўдзіліся. Выраб знік невядома куды.

— Болей нікуды нічога не дам, нават калі будуць вельмі прасіць, — кажа абураны выкладчык, — паколькі перад дзецьмі сорамна, не ведаю, што ім і казаць…

Тым часам школьнікі разам з любімым настаўнікам выношваюць новыя задумы, рыхтуюцца разам быць на канікулах, удзельнічаць у запланаваных мерапрыемствах. Так яно заўсёды, калі дарослы чалавек умее знаходзіць агульную мову з дзецьмі. Тым болей — настаўнік. Тады гэта педагог па прызванню, а не па пасадзе.

Мікола КОЛАСАЎ.

Последние новости

ОБРАЗОВАНИЕ

Старшеклассники Беларуси начнут изучать основы микроэлектроники

27 апреля 2026
Читать новость
ТЕХНОЛОГИИ

Холдинг «Горизонт» презентовал компактную новинку

27 апреля 2026
Читать новость
ПРЕЗИДЕНТ

Возрождать, чего бы нам ни стоило. Лукашенко о возвращении в оборот пострадавших земель Полесья

27 апреля 2026
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Как влияет на стаж и пенсию работа на полставки

27 апреля 2026
Читать новость
ОБЩЕСТВО

В Беларуси утверждены профстандарты для сферы красоты, ухода за животными и легкой промышленности

27 апреля 2026
Читать новость
НОВОСТИ

В Беларуси с 29 апреля меняются ставки утилизационного сбора

27 апреля 2026
Читать новость

Архивы

Рекомендуем