101 займальны факт з гісторыіі Быхаўшчыны

У Магілёве, пры падтрымцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міра”, пабачыла свет кніга дырэктара Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргея Жыжыяна “101 займальны факт з гісторыіі Быхаўшчыны”. Яна ўтрымлівае 101 фатаздымак з ілюстрацыямі, многія з якіх друкуюцца ўпершыню.
У прадмове да кнігі вядомы на Магілёўшчыне і ў краіне гісторык-краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Барысенка піша: “Нягледзячы на малады ўзрост, Сяргей Жыжыян добра вядомы сярод гісторыкаў-краязнаўцаў, педагогаў і пошукавікоў Магілёўшчыны. “Быхаўскія краязнаўчыя чытанні, якія ён арганізаваў і рэгулярна праводзіць у раёне, сталі ўжо візітнаю карткаю роднага краю. Яго нястомная, крапатлівая праца па вывучэнню роднай зямлі прынесла свае першыя літаратурныя плады ў выглядзе кнігі, якую чытач трымае ў руках.
Гэта выданне — не проста збор займальных фактаў, гэта нешта большае, аб’ядноўваючая ў сабе велізарны пласт гісторыі і культуры Быхаўшчыны. Апісанне гістарычных асоб, падзей мінулага, помнікаў строга выверана дакументальна і, што сёння найбольш важна і рэдка сустракаецца, носіць культурна-асветніцкі характар. Несумненна, выбраны аўтарам жанр пабудаваны на такім багатым матэрыяле, стане яркім прыкладам трапяткіх адносін і любові да сваёй Радзімы, будзе добрай асновай для выхавання патрыятызму ў маладога пакалення рэгіёна”.
Асабіста я часта сустракаюся з Сяргеем Піліпавічам, нямала даведаўся ад яго пра гісторыю роднай Быхаўшчыны, але калі ўзяў падораную ім кніжку, то і для сябе знайшоў нямала цікавага. Да прыкладу тое, што ў 1873 годзе нейкі штабс-капітан Нечаеў, які квартараваў у вёсцы Новы Быхаў ад няма чаго рабіць раскапаў курганы, дзе знайшоў чатыры срэбранікі часоў праўлення Кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча (980-1000) і арабскі дырхем Нуха ібн Мансура (976-997). Той нечаканай знаходцы здзівіўся не толькі сам штабс-капітан, а і ўвесь навуковы свет Расійскай імперыі, калі ягоныя знаходкі археолаг Н.М. Турбін перадаў Маскоўскаму археалагічнаму таварыству. Срэбранікі князя Уладзіміра і тады былі вялікай рэдкасцю, а цяпер яны зусім уражваюць археолагаў, нумізматаў, бо па розных інфармацыйных крыніцах у свеце ёсць ад 20 да 80 такіх манет. Але ніяк не болей сотні экземпляраў.
Да нядаўняга часу я лічыў, што назва нашага горада Быхава паходзіць ад словазлучэння “Быў хоў”. І вось даведаўся пра гіпотэзу, па якой сваю назву Быхаў атрымаў ад слова “бух (бых) авіца” — так у Сярэднявеччы называліся гарматы, якія цяпер скрыжаваны на гербе горада. Але, піша Сяргей Жыжыян, мала хто ведае, што гербам Быхава на працягу 1862 года, мог стаць зусім іншы эскіз. Яго ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя скарыстала адна з расійскіх фірм па вытворчасці значкоў у серыі з гербамі гарадоў былога СССР, вельмі папулярнай сярод калекцыянераў-фолерыстаў. Быў выпушчаны менавіта такі значок Быхава з гербам, эскіз якога апісвае аўтар.
Цікавы таксама факт аб тым, што ў першай палове ХІХ стагоддзя ў Быхаве жыла муза вялікага рускага паэта Аляксандра Пушкіна — Ганна Пятроўна Керн. Гэта ёй прысвечаны ўсім вядомы верш “Я помню чудное мгновенье…”, напісаны ў 1825 годзе.
У няпоўныя 17 гадоў юную прыгажуню выдалі замуж за 52-гадовага генерала Ермалая Керна, чыя 2-я дывізія ў жніўні 1820 года была расквартаравана у Старым Быхаве, як тады называўся наш горад, і па 1823 год. Сам генерал з сям’ёю жыў у замку…
Сяргей Жыжыян поўнасцю прыводзіць артыкул А. Анапрыенкі “Рэвізор”, надрукаваны ў часопісе “Русская старина” за лістапад 2013 года.
Прыводзіць таму, што выкладзеныя ў ёй падзеі 1885 года адбываліся ў Старым Быхаве,а пазней другі класік рускай літаратуры — Мікалай Васільевіч Гогаль — напісаў па іх свой знакаміты “Рэвізор”.
Аўтар кнігі паказвае таксама факты развіцця на Быхаўшчыне аптэчнай, музейнай справы, меліярацыі, з’яўленне ў горадзе першага аўтамабіля, а таксама прызямленне тут славутага рускага авіятара Пятра Несцерава падчас ягонага пералёту з Кіева ў Санкт-Пецярбург.
Гэтае выданне, несумненна, актуальнае, цікавае, разлічанае на настаўнікаў, вучняў, краязнаўцаў, усіх тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. А ёю, на маю думку, цікавяцца ўсе.
Сяргей ЛЕЎЧАНКА.