Горад Быхаў актыўна рыхтуецца да правядзення Дня беларускага пісьменства

Быхаўскі замак цяпер засыпаны снегам. Хаця над старажытнымі руінамі па-веснавому ззяе яркае сонца, усё ж рэстаўратарам і археолагам, якія прыехалі з Магілёва агледзець фронт работ, даводзіцца прабівацца да пабудоў па снежных сумётах. Дзіўная працэсія, сярод якой мужчыны ў туфлях і жанчыны на абцасах, накіравалася да адной з замкавых вежаў. Галоўнае — не ўпасці ў равок з фотаапаратам.

Загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова, доктар гістарычных навук, прафесар, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк і старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Калееў фатаграфуюцца на фоне вежы. Яны называюць гэта эпахальным момантам: нарэшце пачынаецца рэстаўрацыя і рэканструкцыя Быхаўскага замка.

— Гэта наша гордасць, — падкрэслівае Дзмітрый Калееў. — Да верасня павінны быць адрэстаўраваны дзве замкавыя вежы. На свяце пісьменства тут будзе гістарычная пляцоўка, з удзелам рыцараў.

Гэтая вежа, падаецца, нядрэнна захавалася, мяркуюць спецыялісты. Акуратныя вокны-байніцы, наверсе выраслі дрэвы, праз прарэхі ў даху праглядае сіняе неба, а на сценах маляўніча расцякліся лядовыя плямы — нібыта на чырвонай цэгле застылі хвалі. Але больш за ўсё рэстаўратары радуюцца цаглянай “елачцы” пад нагамі.

— Гэта значыць, што ўнізе ёсць падвал, і не менш за тры метры, — каментуе Ігар Марзалюк. — Можна будзе зрабіць вінтавую лесвіцу ўніз, а там стварыць цікавую экспазіцыю. Ну хаця б старажытную турму для фатаграфавання турыстаў!

Скарб не ў дымаходах

Быхаўскі замак — помнік архітэктуры ХVІІ стагоддзя, які знаходзіцца на беразе Дняпра. Яго пабудаваў знакаміты палкаводзец Ян Караль Хадкевіч, а потым ім валодаў магнат Леў Сапега. Усё гэта прадстаўнікі вядомых старажытных беларускіх радоў, і замак быў іх надзейнай крэпасцю і домам.

— Быхаўскі замак — унікальны помнік мураванага дойлідства Беларусі, — расказвае Марзалюк. — Ва ўсходняй Беларусі другога такога замка няма. Па старажытнасці і захаванасці, нават нягледзячы на ўсе бядотныя рэчы, якія мы тут бачым.

Ужо ў 2000-я гады яго арандаваў прадпрымальнік па прозвішчы Сапега, што ў той час палічылі за добры знак аднаўлення старажытнага будынка. Там арганізоўвалі дрэваапрацоўчую вытворчасць, але ўсе прыватныя планы перакрэсліў у 2004 годзе пажар. Пасля гэтага руіны замка стаялі закінутыя.

Самае цікавае, што пагалоскі пра таго прадпрымальніка, які нібыта не ствараў у замку сваю справу, а насамрэч шукаў скарб, знаходзяць сёння сваё пацвярджэнне. У замку ўсе дымавыя хады разбіты: відаць, шукальнікам яны падаліся найбольш прыдатным месцам для тайніка.

Цяпер у замку аконныя праёмы на ніжнім паверсе забіты дошкамі: атрымаліся такія своеасаблівыя драўляныя “жалюзі”, праз якія вытанчанымі ўзорамі кладуцца промні святла на старажытныя сцены і скляпенні. Людзі (напэўна, досыць маладыя) не ведаюць жалю перад даўніной: сцены пакрыты разнастайнымі прызнаннямі ў каханні і рэкламай сацыяльных сетак. Калі на сцяне ў змроку бачыш надпісы ва ўсю сценку “Я цябе кахаю” і “У кантакце”, гэта наводзіць на думкі пра кантакт з нейкімі іншымі вымярэннямі. Калі не баяцца, можна падняцца на другі паверх па лесвіцы без страхоўкі (даху няма, і таму прыступкі засыпаны снегам), і там пабачыць тое, што засталося ад прыгожых фрэсак.

Жырандолі Сапегаў

Гэтымі днямі ў замку пачнуцца археалагічныя раскопкі. Са студэнтаў гістарычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта створаны будаўнічы атрад з 30 добраахвотнікаў. Спачатку яны будуць працаваць ў падвалах. Мясцовая ўлада гарантавала ахову археолагам і рэчам, якія яны знойдуць.

Усе здабыткі гэтай экспедыцыі будуць прадстаўлены публіцы ў адной з вежаў на Дзень пісьменства ў верасні. У другой вежы будзе ўсталяваны макет замка, які ўвогуле мяркуецца аднавіць поўнасцю да 2018 года. Гэта прадугледжвае дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі”.

— Гэта будзе надзвычай цікавая праца, — кажа Марзалюк. — Гэта самы каштоўны і цікавы помнік гісторыі. Да мураванага замка тут стаяў замак драўляны. Непадалёк ёсць унікальныя курганныя могільнікі. Тут ужо рабілі каштоўныя знаходкі, і мы будзем праводзіць комплекснае даследаванне замка і ваколіцы.

Калі сыдзе снег і растае лёд, то ў Быхаў прыедуць геафізікі. З дапамогай сканера (як у Еўропе) яны выявяць дакладную карціну пабудоў Быхаўскага замка і таго, што ёсць у зямлі — ад жалязяк да брыльянтаў. Акрамя гэтага, захаваліся дэталёвыя планы замка, якія знайшліся ў Вільні.

Марзалюк расказвае, што будаваў замак галандскі інжынер, а падобныя збудаванні ёсць непадалёк ад Антверпена. Фотаздымкі Быхаўскага замка ў асноўным датуюцца савецкім часам, але апісанні яго ранейшага ўбрання вельмі падрабязныя.

— Мы нават ведаем, якія там былі шпалеры, — усміхаецца Ігар Марзалюк. — Не такія, як цяпер, а з атласу і шоўку, з дэкаратыўнымі пазалочанымі цвікамі для абіўкі. Крышталёвыя свяцільні, каваныя жырандолі. Карцінная галерэя. Вельмі прыгожы быў палац. А над уваходнай брамай “лунаў” герб Сапегаў “Ліс”.

Гэтую ўваходную браму (а дакладней, яе магутны падмурак) археолагі хочуць раскапаць, закансерваваць і зрабіць часткай музея. А яшчэ Ігар Марзалюк марыць пра тое, каб знайсці старажытныя гарматы: паводле гістарычных звестак, у Быхаўскім замку быў унікальны арсенал зброі, з гербамі і дэвізам каралёў Рэчы Паспалітай.

— Мы закранаем ХVІІ стагоддзе, і гэта захапляльна, — сказала дырэктар цэнтра па рэстаўрацыі ў Магілёве Наталля Кузняцова. — Мы хочам аднавіць замак у першапачатковым выглядзе. Вядома, не абысціся без ужывання новых матэрыялаў, але, па крайняй меры, трэба максімальна захаваць даўніну. Аднавіць замак з руінаў цалкам рэальна, толькі давядзецца прыкласці вялікія высілкі — фінансавыя і фізічныя.

Здаровы дух

У Быхаве займаюцца не толькі замкам. У горадзе наводзяць парадак. Будынкі на цэнтральнай вуліцы Леніна пафарбаваны ў прыгожыя колеры, буйныя крамы мяняюць сваё аблічча з архаічнага на сучаснае.

— Горад чакаюць кардынальныя змяненні, — абяцае кіраўнік Быхаўскага раёна Дзмітрый Калееў. — Нягледзячы на спазненне вясны, работы актыўна вядуцца. Дзень пісьменства сёлета будзе юбілейны, 20-ты. Мы чакаем у госці больш за 50 тысяч чалавек. І прыкладзём усе сілы, каб дастойна правесці свята.

Спіс аб’ектаў, якія трэба адрамантаваць, немалы. Напрыклад, гарадскі кінатэатр “Радзіма”, якому сёлета споўніцца 100 (!) гадоў, будзе мадэрнізаваны: новае абсталяванне дазволіць глядзець стужкі ў 3D і з якасным гукам, для гледачоў зробяць кавярню і ўсе сучасныя выгоды.

У Быхаве таксама адрамантуюць і прывядуць у парадак раённы Дом культуры, чыгуначны і аўтамабільны вакзалы (разам з прывакзальнай плошчай), краязнаўчы музей, а таксама зробяць дзіцячы парк. Дзеля дзіцячага парку быхаўчане гатовы выходзіць на суботнікі (і адзін ужо адбыўся).

Адзін з важных аб’ектаў у праграме навядзення парадку ў Быхаве не звязаны непасрэдна са святам пісьменства. Хаця — у здаровым целе здаровы дух, нагадвае мясцовае кіраўніцтва і раіць глядзець шырэй. Гэта басейн у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. Ён шмат гадоў стаяў закінуты, яго нават хацелі засыпаць, але неўзабаве там будзе новае тэхналагічнае абсталяванне.

— Душа радуецца, — шчыра сказаў дырэктар цэнтра Аляксандр Яшчанка. — Аднаўлення басейна людзі чакалі даўно. Гэта добрая ідэя.

У Быхаве адкрыты і штодзённа папаўняюцца дабрачынныя рахункі. Напрыклад, на рэстаўрацыю знакамітай сінагогі, якую гісторыкі называюць унікальнай. Ёсць надзея, што ў аднаўленні сінагогі будуць браць удзел не толькі грамадзяне Беларусі, але і яўрэі з замежжа. Тым больш што тут плануюць стварыць музей беларускага яўрэйства.

— Я думаю, што Быхаву вельмі рэальна стаць малой турыстычнай “меккай”, — лічыць кіраўнік Быхаўскага раёна. — Таму што наш раён — лідар у Магілёўскай вобласці па аграэкатурызме. Бог нашу зямлю не пакрыўдзіў, і гасцей у нас будзе ўсё больш. А пакуль запрашаем на Дзень пісьменства.

Звязда

Последние новости

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Как белорусы будут работать и отдыхать в мае 2024

28 марта 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

В Минобразования рассказали, введут ли обязательную отработку для платников

28 марта 2024
КАЛЕЙДОСКОП

В Беларуси запретили продажу стирального порошка Ariel и капсул Tide

28 марта 2024
ГЛАВНОЕ

В Беларуси на 1 января 2024 года проживало около 9,15 млн человек

28 марта 2024
НА СТРАЖЕ ЗАКОНА

29 марта – прямая телефонная линия с начальником 11 управления ГУБОПиК МВД

28 марта 2024
ЭКОНОМИКА

Дни Могилевской области пройдут с 29 марта по 22 апреля на ВДНХ в Москве

28 марта 2024
В МИРЕ

Напавшие на “Крокус Сити Холл” были под воздействием наркотических веществ

28 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Карпенко рассказал, как идет формирование ВНС

28 марта 2024
АКТУАЛЬНО

Прямая линия замначальника Могилевского областного управления МЧС Владимира Гореликова пройдет 30 марта

28 марта 2024
АКТУАЛЬНО

Бесплатную консультацию нотариуса можно будет получить 2 апреля

28 марта 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Быховские правоохранители в течение суток раскрыли уголовное преступление

25 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Как в условиях модернизации Быховской ЦРБ оказывается медицинская помощь жителям района

25 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быхове чествовали лучших работников коммунальной сферы

21 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быховском районе горела баня

26 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине состоялось очередное заседание комиссии по содействию занятости населения райисполкома

20 марта 2024
КУЛЬТУРА

Быхаўчан запрашаюць на тыдзень традыцыйнага мастацтва

21 марта 2024
ГЛАВНОЕ

Сергей Антонов, известный быховчанам своими писаниной и видосиками на экстремистских каналах, подался в бега

20 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

О мерах предосторожности в паводковый период

15 марта 2024