Дзень беларускага пісьменства 2013: Тэлеграма

Барысевіч Валянцін нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Куль Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Скончыў завочна Беларускі сельскагаспадарчы тэхнікум, журфак БДУ імя У.І.Леніна. Працаваў на заводах металавырабаў, рамонтна-трамвайна-тралейбусным і трактарным, карэспандэнтам, адказным сакратаром, рэдактарам розных аддзелаў у раённых газетах “Маяк Прыдняпроўя” (г. Быхаў, Магілёўская вобласць) і “Светлы шлях” (г. Смаргонь, Гродзенская вобласць), у газетах і часопісах “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”, “Беларуская думка”, “Неман”. З 1995 па 2005 гг. – прэс-сакратаром у Вышэйшым Гаспадарчым Судзе Рэспублікі Беларусь і Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь. З 2009 па 2010 гг. – прэс-сакратаром у Міністэрстве гандлю Рэспублікі Беларусь. Выдаў кнігу прозы “Няверная душа”, аповесці “У вярыгах яхідны”, “Боль палыновы”, аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, літаратурна-крытычных артыкулаў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, працуе карэспандэнтам аддзела навін газеты “Рэспубліка”.

Тэлеграма

Вечарэла. У большасці хат запаліліся лямпачкі. Там-сям з двароў даносіліся то прыглушаны звон вёдзер, то галасы жанчын. Вяскоўцы спраўляліся па гаспадарцы. Толькі асобны двор, які двума чорнымі кубікамі ляжаў сярод белай сурвэткі поля, ніякімі прыкметамі жыцця сябе не выдаваў: не клубіўся дымок па-над комінам, не было бачна і святла ў вокнах.

Але ж яму, Міколу Дубовіку — маладому паштальёну, якога жонка тыдні два назад пераманіла з горада ў свае родныя мясціны, тэлеграму неабходна было даставіць менавіта туды — на хутар.
Наўкола было ціха і па-зімоваму сонна. Невялікая драўляная хата і пуня патаналі ў снезе, праўда, каля самага зруба, метры за два ад сцяны, чарнела прамёрзлая зямля.

Мікола ціхенька пастукаў у дзверы. Хвіліну нейкую пачакаў, але ніхто не выйшаў насустрач. Тады пагрукаў ямчэй. Рукою крануў пакрытую інеем клямку, і дзверы, працягла рыпнуўшы на правушынах, адчыніліся. У твар дыхнула цеплынёй і змрокам.

Увайшоўшы ў пакой, ціха павітаўся, але невысокая з пасівелымі рэдкімі валасамі старая ні слова не вымавіла ў адказ: не прыкмеціла, што ў пакой увайшоў чужы чалавек.

Бабуля сядзела за невялікім сталом, густа ўстаўленым паўміскамі і талеркамі, з якіх яшчэ ішла пад столь пара ад нядаўна прыгатаванай стравы, і вяла аб нечым гамонку. Міколу было цяжка зразумець, аб чым менавіта гутарка, да каго яна звяртаецца?

—    Ты, Васілёк, запражы ўранку каня, папрасі ў арцелі ды з’ездзі на млын,— наказвала старая,— а то Хведзька-млынар будзе сварыцца, што цяперся сваіх мяшкоў з мукой не забіраем… I ты, Сашка, не ўхмыляйся,— нахілілася да крайняй міскі, побач з якой на блакітнай талерцы ляжалі салёныя агуркі,— сёння дзень прагойсаў, палец аб палец не стукнуў, дзеўкі яму, бачыш, галоўней, чым справа… Заўтра каб агароджу наладзіў, а то, чаго добрага, свінка ў чужы агарод упрэцца. Глядзі ў мяне! — прыгразіла яна пальцам.— Есць і для цябе, Святланка, справа. Набліжаецца свята, каравай трэба спячы. У цябе заўсёды атрымліваецца. А бялізну?.. Бялізну пасля будзеш прасаваць. Дзень вялікі. Перш-наперш трэба нашых мужчынак пачаставаць. А зараз сілкуйцеся, галубочкі мае! — I, нахіліўшыся, цяжкаю рукой паднесла да рота драўляную лыжку. Некалькі разоў сербанула і асцярожна паклала на беражок талеркі, змахнула са стала ў жменьку хлебныя крошкі: — Вось і птушкам пачастунак будзе.

Пасля, памаўчаўшы крыху, дадала:

—    Шкада, што бацька рана пакінуў нас, а то паглядзеў бы, узрадаваўся. Такія вы ў мяне прыгожыя ды моцныя…

—    Васілёк, ты, як старэйшы, дапамажы Святлане прыбраць са стала, а я пайду. Прылягу…

Старая абаперлася аб краёк лаўкі, устала і, зірнуўшы на дзверы, раптам выпрасталася. У вачах мільганулі іскрынкі радасці і здзіўлення.

—    Васіль, Васілька, родненькі! — кінулася да Міколы.

…Яны сядзелі ў акуратна прыбраным пакойчыку. Было ўтульна і цёпла, толькі ходзікі, раз-пораз цікаючы, падказвалі, што няўмольна бяжыць час.

— А я ж гэта зірнула на цябе, і здалося, што Васілёк з вайны вярнуўся. Такі ж высокі, чарнявы.
Мікола маўчаў, збянтэжаны нечаканым паваротам падзей.

— Вы прабачце, Матрона Піліпаўна,— спрабаваў апраўдацца Мікола,— можа, не трэба было мне заходзіць, але ж вось тэлеграма.

— Нічога, я людзям заўсёды рада. Надакучыла адной. Пасля вайны як засталася на хутары, дык і звякую, відаць.

— Я тэлеграму прынёс,— зноў напомніў Мікола пра мэту свайго візіту.

— Тэлеграму? — перапытала старая.— Ад каго ж? Прачытай, калі не цяжка.

Ён дастаў з кішэні акуратна складзены аркуш паперы і, зірнуўшы на бабулю, якая з нецярпеннем чакала, прачытаў: «Мама, прыязджай, чакаем. Саша».

—    Ад Сашкі,— з палёгкай уздыхнула яна,— якое ж сёння чысло?

—    Трэцяга студзеня,— адказаў, зірнуўшы на гадзіннік, Мікола.

—    Гэта ж у мяне, старой, і выветрыла… Ва ўнучкі дзень нараджэння — семнаццаць гадоў споўніцца іх малодшанькай Святланцы.

—    Далёка дзе жывуць?

—    Далекавата, сынку… Улетку былі тут у мяне, прасілі, каб абавязкова наведалася, але ж як хату пакінеш. Ды і гаспадарка…

Нейкую хвіліну ў пакоі панавала цішыня. Мікола па-ранейшаму пагладжваў на шапцы варсінкі, а старая, аб нечым успамінаючы, пазірала на рамку, якая вісела непадалёку на сцяне.

—    Вам бы зараз у вёску,— парушыў цішыню Мікола,— гэткія прыгожыя, светлыя будынкі выраслі… I вада ў хаце, і газ ёсць, і ацяпленне, пра паліва думаць не трэба.

—    Што ты, сынок,— махнула рукой старая.— Я тут нарадзілася, адсюль дзеці на фронт пайшлі, нельга мне пакідаць гэты куток…

Матрона ціхенька ўстала з кушэткі, выцерла слязу і, мякка ступаючы па палавічку, пайшла ў спальны пакой. Нейкі час з-за перагародкі было чуваць, як яна совала шуфляды, куфэркі, корпалася ў паперах…
Вярнулася з тоўстым пакетам, загорнутым у пажоўклую газету.

—    Вось што мне дорага,— дрыжачай рукой яна разгарнула газету, дастала такое ж пажоўклае пісьмо і папрасіла пачытаць.

Мікола з цяжкасцю чытаў выцвілыя ад часу радкі: «Баі вядзём пад Пружанамі на Брэстчыне… Рота, якой камандую, змагаецца храбра… Адбілі дзве варожыя атакі… Мацуйся, мама! Мы пераможам! Васіль Аляшкоў».

Мікола з хваляваннем прачытаў апошні радок з пісьма і асцярожна паклаў ліст на белую сурвэтку.

—    Прабачце, Матрона Піліпаўна, што патурбаваў вас. Пайду ўжо.

—    Куды ж ты, родненькі, у такое надвор’е… Вунь які шугавей за акном.

—    Ды як-небудзь паціху даплятуся.

Ён шчыльна абматаў шалікам шыю, зашпіліў на ўсе гузікі паліто і накіраваўся да дзвярэй: «Да пабачэння, Матрона Піліпаўна!»

У хатах вяскоўцаў было ўжо цёмна, толькі два ліхтары з бетонных слупоў дапамаглі знайсці сцяжынку.
Мікола абтрос снег з паліто, ціхутка адкрыў дзверы, баючыся парушыць спакой у кватэры. Але дарэмна. Жонка не спала.

—    Па рабоце затрымаўся. Ажно на хутар хадзіў…

—    Вось, вось… табе толькі адно і мроіцца: то лес, то дзеўкі, то хутар.

Моцна грукнуўшы дзвярыма, жонка знікла ў спальні.

Мікола, ведаючы яе раўнівы характар, не стаў пярэчыць. Распрануўся, злёгку павячэраў і ўладкаваўся адпачыць на канапе ў зале. Сон не ішоў. Перад вачыма зноў і зноў паўставалі радкі з пісьма, словы Матроны Піліпаўны.

…Было ціха, але стаяла надзвычай марозная раніца. Ад сонечных промняў у вачах ззялі тысячы зорачак-светлячкоў. Мікола, узяўшы пад локаць жонку, крочыў вясковай вуліцай. Жартаваў, смяяўся.

I раптам прыціх. Да адзінокай хаты ад бальшака пралеглі дзве пары глыбокіх слядоў.

—    Ведаеш, Таня, давай з’ездзім да маёй маці. Як яна там адна?

—    Абавязкова з’ездзім,— згадзілася Таня.

Последние новости

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

V открытый региональный конкурс детских инструментальных ансамблей состоялся на базе детской школы искусств г.Быхова

23 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Минтруда рассказали, какие изменения планируются в законе об охране труда в 2025 году

23 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине проходит республиканская молодежная ярмарка вакансий

23 апреля 2024
ТЕХНОЛОГИИ

В Беларуси появится собственная операционная система и браузер

23 апреля 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

ОРВИ у детей

23 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Минэнерго: БелАЭС позволила заместить 7,7 млрд кубометров природного газа

23 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Делегат ВНС: я готова активно и достойно работать на благо родной Беларуси

23 апреля 2024
В МИРЕ

Украинские власти переименуют более 340 населенных пунктов из-за отсылок к советскому прошлому

23 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Министр ЖКХ рассказал, когда в 2024 г. ждать роста тарифов на услуги

23 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

26 апреля ГАИ района проводит Единый день безопасности дорожного движения под девизом «Открой сезон без нарушений!»

23 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Прямую телефонную линию проведет 20 апреля заместитель председателя Быховского райисполкома Александр Желобкевич

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане принимают участие в Международном форуме «Традиционная культура как стратегический ресурс устойчивого развития общества»

18 апреля 2024