Аляксей Дудараў — пра армію, «Рэвізора» і тэатр моцных пачуццяў

Драматычны тэатр Беларускай арміі адзначае 10-годдзе з дня заснавання.

фото: archive.russia-today.ru

Сваю першую «круглую» дату творчы калектыў самага маладога тэатра краіны сустракае пастаноўкай класікі — напярэдадні юбілею выпусцілі спектакль «Рэвізор» паводле Гогаля. Перад прэм’ерай карэспандэнт «Р» сустрэўся з мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі, вядомым драматургам Аляксеем ДУДАРАВЫМ (на здымку).

— Аляксей Ануфрыевіч, дзесяцігадовы чалавек — гэта, па сутнасці, яшчэ дзіця. А дзесяцігадовы тэатр — гэта?..

— Падлетак, відаць. Але разам з тым дзесяць гадоў для тэатра — той тэрмін, калі ўжо можна сказаць, адбыўся ён ці яму трэба яшчэ расці. Дык вось, магу ўпэўнена сказаць: наш тэатр адбыўся. І нязменным застаецца наш дэвіз: Драматычны тэатр Беларускай арміі — тэатр моцных пачуццяў. Альбо яшчэ такі: «Non solum armis», што азначае ў перакладзе з лацінскай «Не толькі зброяй», бо нават самае вялікае робіцца не зброяй, а духоўнасцю. У тым ліку і ў справе абароны. Гэта вялікае майстэрства — міратворчая дзейнасць. Нездарма ж гаворыць святое слова, што наракуцца міратворцы сынамі Божымі.

Таму, калі восенню 2002-га адбылася мая сустрэча з тагачасным міністрам абароны генерал-палкоўнікам Леанідам Мальцавым, які прапанаваў стварэнне новага тэатра, я, натуральна, падтрымаў гэта пачынанне дзвюма рукамі. Дый ці мог інакш драматург і старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Хаця скептыкі былі, якія казалі, што не армейская справа — тэатр.

Але я лічыў і лічу: тэатральнае мастацтва датычыць усіх. І наш тэатр засноўваўся не проста каб ставіць спектаклі пра армію ці вайну. Нашай мэтай было і застаецца сродкамі мастацтва тэатра спрыяць духоўнаму развіццю чалавека, выхаванню пачуцця глыбокага патрыятызму, шчырай любові да сваёй Радзімы. І не толькі ў людзей, якія служаць Айчыне, ці збіраюцца служыць, ці адслужылі, не толькі ў вайскоўцаў, а ў любога, хто прыходзіць у наш тэатр. А што датычыць людзей у пагонах, то мне запомніліся словы таго ж генерал-палкоўніка Мальцава пра тое, што нават выдатна падрыхтаваны, узброены па апошнім слове тэхнікі чалавек, які можа ўсё, без духоўнасці — усяго толькі кілер, а не абаронца Радзімы і міру.

— Тэатр, які вы ўзначальваеце, — які ён?

— Цёплы. І гэта адносіцца да ўсяго, я маю на ўвазе не толькі Цэльсія ці Фарэнгейта. У ім цёплая чалавечая і творчая атмасфера. Нездарма наш тэатр ахоўвае ікона Казанскай Божай маці. Яна знаходзіцца ў тэатры і асвячае яго з дня, калі мы сыгралі тут свой першы спектакль. Упэўнены, яна нам памагае ва ўсім пастаянна, у тым ліку і ў падтрыманні гэтай атмасферы. У нас нават няма так званага традыцыйнага пылу куліс — усялякіх інтрыг, плётак ці якіх яшчэ падобных праяў, уласцівых іншым калектывам. Дый, шчыра сказаць, нам проста няма калі гэтым займацца. У трупе усяго 15 чалавек, і ўсе шчыльна заняты справай. Калі хоць адзін з акцёраў па нейкай прычыне адсутнічае, рэпертуар проста «ляціць», і даводзіцца неяк выкручвацца.

— З улікам прэм’ернага «Рэвізора» ў рэпертуары тэатра ўжо дзевяць спектакляў. Які з іх можна лічыць творчай «візітоўкай» калектыву?

— Першай пастаноўкай у 2004 годзе была гістарычная балада «Ты помніш, Алёша…» пра Буйніцкае поле і абарону Магілёва. Яна мела поспех, і з ёй тэатр гучна заявіў пра сябе, але сапраўднай «візітоўкай», лічу, стаў усё ж спектакль «Не пакідай мяне…». Яму ўжо сем гадоў, больш за сотню разоў яго сыгралі, а гэта ўжо знакава. На спектакль ходзяць, яго любяць і сівыя ветэраны, і моладзь. Пачуцці ён выклікае і ў тых, і ў другіх аднолькавыя — пазітыўныя. Ён цёплы, нягледзячы на трагічнасць, са слязьмі, але і з ноткай гумару, у ім ёсць і каханне, і боль… Галоўнае — ён узрушвае гледача. Па сюжэце там чатыры такія Зоi Касмадзям’янскія, прыгожыя маладзенькія дзяўчаты, як кажуць, «піскляты» зусім, учарашнія школьніцы, якія нічога яшчэ не зведалі, мала што разумеюць і якія апынуліся на вайне. Яны маглі б быць жонкамі, маці, але нічога не адбываецца. Яны павінны выканаць адказнае і небяспечнае заданне камандавання ў тыле ворага і, за выключэннем толькі адной, усе гінуць…

Запомнілася, як генерал і пісьменнік Анатоль Сульянаў пасля гэтага спектакля сказаў: маўляў, калі ўся наша моладзь яго паглядзіць, абароназдольнасць краіны павялічыцца. Можа, кампліментарна і крыху перабольшана, але, лічу, дакладна. Пасля аднаго са спектакляў я сам чуў, як малады хлопец, гадоў 16, узрушаны пасля прагляду, дзяліўся ўражаннямі і палка казаў: за сваіх дзяўчат я ўсіх парваў бы. Уласна я лічу, што гэта рэакцыя на ўздзеянне мастацтвам — спектакль, пры ўсёй часам рамантычнасці, выклікае раздражненне ў мужчын. Пазітыўнае раздражненне. Бо нельга на закланне аддаваць дзяўчат. Не павінны дзяўчаты абараняць Радзіму, якімі нi былі б умовы. Абараняць — гэта мужчынская справа, і так было заўсёды. А дзяўчат трэба ахоўваць, берагчы, абараняць, гэтак жа як іконы, як дзяцей і старых.

— 10-годдзе тэатр адзначае прэм’ерай «Рэвізора». Чым выкліканы зварот да класікі?

— Мы з самага пачатку паставілі сабе задачу — абапірацца на сапраўдную літаратуру. Нават у самым аблегчаным матэрыяле, а ў нашым рэпертуары ёсць і забаўляльныя пастаноўкі, мы імкнёмся знаходзіць сэнс, высокую думку і імкнёмся клікаць гледачоў за сабой у той бок, дзе ёсць хоць маленькая кропелька святла, надзеі і любові.

На нашых падмостках не было і не будзе «чарнухі». І не таму, што нам, як падраздзяленню Міністэрства абароны, нехта нешта забараняе. Рэпертуар мы выбіраем самі і самі для сябе з’яўляемся самымі вялікімі цэнзарамі.

Цяпер жа ў «скрынку» паглядзіш — моташна робіцца. Тое ж самае адбываецца і на некаторых сцэнах. Гавораць — людзі такога хочуць, ім такое патрэбна. Не людзям гэта патрэбна, а дзялкам, каб бабло сваё хапнуць. А людзям трэба сапраўднае. Людзі адкрытыя мастацтву. Але нельга гэтую іх цікавасць выклікаць і сілкаваць рознымі непрыстойнасцямі, пошлымі хохмачкамі, распрананнем на сцэне і іншымі забароненымі прыёмамі.

Як бы сказаць так, каб не пакрыўдзіць нас, творцаў: глядач — ён разумнейшы за нас. Вось тэатр з чаго складаецца: літаратура, рэжысура, акцёры, мастак, кампазітар. Няхай яны будуць самыя геніяльныя — але без гледача, без узаемаабмену з ім няма тэатра. Глядач — абавязковы складальнік гэтага працэсу. І каб да яго далучыцца, ён павінен разумець, пра што яму даводзяць са сцэны. А калі не разумее, дык што яму з таго тэатра? З чалавекам трэба гаварыць па-чалавечы, на чалавечай мове, а не спасылацца на тое, што глядач яшчэ да нечага не дарос. Гэта выкрутасы проста, апраўданне ці сваёй бяздарнасці, ці зашоранасці на нечым своеасаблівым. А вось прымусіць сучаснага чалавека заплакаць у тэатры — гэта на сцэне сэрцам трэба плакаць самому.

Сапраўдны майстар і творца можа расказаць так, каб яго зразумеў просты чалавек, абсалютна пра ўсё. І няма забароненых тэм. І паказаць на сцэне можна ўсё. Але пры гэтым трэба паважаць чалавека. А калі ты чалавека ў вялікім сэнсе гэтага слова не паважаеш, табе наогул мастацтвам займацца нельга. Тады табе трэба нешта іншае. Хаця, відаць, паважаць чалавека трэба, займаючыся і любой іншай справай.

— Напэўна, не варта ўдакладняць, што прэм’ерны «Рэвізор» будзе без усякіх модных выкрутасаў, надуманасцяў і «тараканаў» у галаве…

— Тараканаў у нашым тэатры і ў прамым, і ў пераносным сэнсе не было дзесяць гадоў і не будзе. Тараканы — яны ж там, дзе нячыста, дзе мярзота. А гэта не да нас. Што да новаўвядзенняў, то Чэхаў, Гогаль — яны сказалі ўсё. Іх не трэба дапісваць. Гогаля мы не перайначвалі, апроч нейкіх нязначных купюр і тэатральнай рэдактуры. Каб была магчымасць, я і самога Мікалая Васільевіча з задавальненнем запрасіў бы на спектакль, не баючыся выслухаць ад яго заўвагі на гэты конт.

— Не магу не спытаць: як рухаюцца справы з працягам «Белых Рос»?

— Кінааповесць напісана. Ствараецца сцэнарый. Над ім зараз працуе малады беларускі рэжысёр Аляксандра Бутар. Не хачу папярэдне нічога казаць. Але тое, што яна робіць, мяне не раздражняе. Яна адчувае матэрыял, і гэта самае важнае. Дарэчы, гэтак жа некалі адчуваў і дапаўняў сваім бачаннем сцэнарый фільма «Белыя Росы» яго рэжысёр Ігар Міхайлавіч Дабралюбаў.

— А над чым зараз працуеце вы?

— Трэба напісаць ці знайсці п’есу пра сучасную армію, пра моладзь. Але гэта вельмі складана. Вось пра мінулае, гісторыю пішацца лягчэй. Па-першае, напрацовак багата. Па-другое, з табой няма каму паспрачацца. Калі з душой зробіш, можа няблага атрымацца. А тут — ужо другі год ламлю галаву і пакуль, на жаль, безвынікова.

respublika.info

Последние новости

КАЛЕЙДОСКОП

К 80-летию освобождения от немецко-фашистских захватчиков утверждена эмблема, отражающая силу и непокоренность народа-победителя

29 марта 2024
ТЕХНОЛОГИИ

Пользователи Тelegram из Беларуси смогут ограничивать круг тех, кто может присылать им личные сообщения

29 марта 2024
В МИРЕ

В Минэнерго Украины заявили о массированной атаке на объекты энергетики

29 марта 2024
ОБЩЕСТВО

Скончался пострадавший во время теракта в «Крокусе» белорус, за жизнь которого боролись врачи

29 марта 2024
ОБЩЕСТВО

Свыше 22 тыс. граждан Украины прибыли в Беларусь с начала 2024 года

29 марта 2024
КУЛЬТУРА

Итоги XVII Международного молодежного театрального форума «М.@rt.контакт» подвели в Могилеве

29 марта 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

Выпускные вечера в школах Беларуси пройдут 14 июня

29 марта 2024
ГЛАВНОЕ

29 марта пройдёт Единый день безопасности дорожного движения

29 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Как белорусы будут работать и отдыхать в мае 2024

28 марта 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

В Минобразования рассказали, введут ли обязательную отработку для платников

28 марта 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Быховские правоохранители в течение суток раскрыли уголовное преступление

25 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Как в условиях модернизации Быховской ЦРБ оказывается медицинская помощь жителям района

25 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быховском районе горела баня

26 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быхове чествовали лучших работников коммунальной сферы

21 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине состоялось очередное заседание комиссии по содействию занятости населения райисполкома

20 марта 2024
КУЛЬТУРА

Быхаўчан запрашаюць на тыдзень традыцыйнага мастацтва

21 марта 2024
ГЛАВНОЕ

Сергей Антонов, известный быховчанам своими писаниной и видосиками на экстремистских каналах, подался в бега

20 марта 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

Единый урок, посвященный годовщине трагедии в Хатыни, пройдет 22 марта во всех школах Беларуси

22 марта 2024