ТЕМЫ

17 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка

17 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко), лаўрэата Сталінскай і Ленінскай Дзяржаўных прэмій СССР, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, Героя Сацыялістычнай Працы, ганаровага грамадзяніна горада Мінска.

Гэты вядомы паэт і дзяржаўны дзеяч нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына на Мядзельшчыне Мінскай вобласці. У кнізе “Пяцьдзесят чатыры дарогі”, выдадзенай у 1963 годзе, ёсць ягоная аўтабіяграфія, дзе Яўген Іванавіч апісвае сваё дзяцінства, юначыя і сталыя гады жыцця. А жыццё было цяжкім, бо за рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся, сядзеў у турме. Вось што напісаў сам аўтар: “Няшмат дзён мне ўдалося пабыць на волі. Яшчэ перад выхадам з астрога ў суседняй камеры падчас вобыску стражнікі знай-шлі антырэлігійныя і рэвалюцыйныя вершы і першамайскую адозву. Усё гэта, як я потым даведаўся, і паслужыла матэрыялам да маёй новай справы.

—    А, зноў вярнуўся стары госць! — гэтымі словамі сустрэў мяне на “Лукішках” знаёмы стражнік. — Ну, ці доўга быў на волі?

—    Больш, як вы, — адказаў я.

І сапраўды, я хоць якія два месяцы пабыў на волі, а ён, амаль не выходзячы, жыў у турме. Толькі адна была розніца: я — за дзвярыма камеры, а ён — перад дзвярыма. Ходзіць ды бразгае ключамі”.

У сярэдзіне 30-х гадоў паэт працаваў у рэдакцыях газеты “Наша воля”, часопіса “Калоссе”, а калі ўсталявалася граніца з Літвой, пераехаў з Вільні ў Вілейку, дзе разам са сваёй жонкай, Любоўю Андрэеўнай Асаевіч, працаваў у рэдакцыі абласной газеты. Праз год пераехалі ў Беласток, дзе яна паступіла ў педінстытут.

У 1940 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве выйшаў ягоны зборнік “Выбраныя творы”, у які ўвайшлі вершы з папярэдніх, пакалечаных цэнзурай зборнікаў “На этапах”, “Журавінавы цвет”, “Нарач”, “Пад мачтай”, выдадзеных яшчэ да ўз’яднання Заходняй Беларусі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у франтавой газеце “За Савецкую Беларусь”, рэдактарам якой быў пісьменнік Міхась Лынькоў. У 1942 годзе напісаў паэму “Янук Сяліба” аб гераічнай партызанскай барацьбе нашага народа, калі жыў у Маскве, працаваў у агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

Пасля Вялікай Перамогі над гітлераўскай Германіяй пераехаў у Мінск, працаваў у часопісах “Вожык”, “Полымя”.

За пасляваенныя гады выйшлі зборнікі вершаў “Каб ведалі”, “На камяні, жалезе і золаце”, “У дарозе”, “След бліскавіцы”, “Мой хлеб надзённы”, шэраг іншых.

Нядаўна ў газеце “Беларуская ніва” прачытаў вялікі даследчы артыкул “Невядомы Максім Танк”, у якім карэспандэнт “БН” гартала сямейны альбом народнага паэта Беларусі разам з яго сынам — Максімам  Скурко. Там праследжваецца гісторыя сям’і паэта, якую дапаўняюць чорна-белыя фотаздымкі. Даведаўся, што паэт вельмі любіў малако. Неяк на кірмашы падыходзіць да бабулі, хоча купіць у яе трохлітроўку, а яна: “Куды наліць?” — “Куплю са слоікам”. — “Не, сынок, у нас з слоікамі кепска. Яго не прадам”. — “А, ну і не трэба”. Выпіў тры літры і пайшоў далей!

Максім Танк быў вельмі сціплым чалавекам. І напісаў завяшчанне, у якім прасіў, каб пахавалі не на сталічных Маскоўскіх могілках, а ў роднай Пількаўшчыне, побач з бацькамі. І каб ніякіх помнікаў яму не ставілі, не называлі ягоным імем школы, універсітэты, вуліцы, не вешалі мемарыяльных дошак.

Жонка класіка беларускай літаратуры Любоў Андрэеўна пайшла з жыцця 17 сакавіка, а ён сам — праз некалькі месяцаў — 7 жніўня 1995 года. Дарэчы, урну з прахам жонкі муж трымаў дома. Дамовіліся, што, калі ён таксама пойдзе з жыцця, то гэтую урначку апусцяць у яго магілу. Так потым і зрабілі, калі Максіма Танка хавалі ў Пількаўшчыне.

Мікола ЛЕЎЧАНКА,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі.  

Последние новости

КАЛЕЙДОСКОП

Маркетплейс Wildberries планирует расширить свой ассортимент и начать продажу недвижимости

17 июня 2025
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

Колледжи Беларуси начали прием документов

17 июня 2025
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Кассир из Быхова «одалживала» наличные и скрывала недостачу

17 июня 2025
Читать новость
КОМИТЕТ ГОСКОНТРОЛЯ

Планы выборочных проверок субъектов хозяйствования на II полугодие обнародовал КГК

17 июня 2025
Читать новость
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Как избежать острой кишечной инфекции: советы от эпидемиологов

17 июня 2025
Читать новость
АКТУАЛЬНО

В Быхове 19 июня пройдет прямая телефонная линия по вопросам летней трудовой занятости учащейся молодежи

16 июня 2025
Читать новость

Архивы