Парад кніг «Сучасная кніга Беларусі»

Кніга – крыніца ведаў, мудрасці і міласэрнасці, гуманізма і дабраты – на працягу ўсяго года знаходзіцца ў зоне асаблівай увагі  супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі. І нас вельмі радуе, што цікавасць да кнігі на беларускай мове з кожным годам расце. Прыемна яшчэ і тое, што ў апошні час беларускія выдавецтвы выпускаюць цікавыя серыі кніг, якія захапляюць прыгожай вокладкай, цвёрдым пераплётам, аформлены з вялікім густам, а самае галоўнае, што паэзія і проза сучасных аўтараў цікавіць сваім зместам.

Мы прапануем усім аматарам беларускай літаратуры пазнаёміцца з новымі творамі сучасных майстроў беларускага слова, якія паступілі ў цэнтральную раённую бібліятэку.

Галоўная тэма зборнікаў прозы з чароўнымі назвамі “Самотная зорка Венера” і “Самая чароўная кветка”  – каханне, пачуццё, што высакародзіць душу, робіць жыццё радасным ці прыносіць трывогі і пакуты, становіцца прычынай жыццёвай драмы. Творы Віктара Гардзея, Валянціны Кадзетавай, Леаніда Левановіча, Таццяны Мушынскай, Андрэя Федарэнкі, Зінаіды Дудзюк і іншых сучасных аўтараў не пакінуць чытачоў абыякавымі, бо кожная гісторыя кахання выклікае зацікаўленасць, прымушае хвалявацца і суперажываць.

У серыі “Лімаўскі фальварак”  выйшла кніга прозы Івана Карэнды “Воплаўская госця”, якая уключае ў сябе аднайменную аповесць, апавяданні, нататкі пісьменніка. Творы аб’яднаны адной тэмай – адлюстраваннем жыццёвых інтарэсаў і духоўных памкненняў нашага сучасніка.

 

Кніга Янкі Сіпакова “Зубрэвіцкая сага” —  раман-містыфікацыя ў апавяданнях. Пачынаецца кніга паляваннем нашых продкаў на мамантаў, а закнчваецца падзеямі Другой сусветнай вайны, нашэсцем немцаў на Беларусь. Што ж аб’ядноўвае гэтыя апавяданні у адзіны твор? Месца, невялікая, звычайная беларуская вёсачка Зубрэвічы, якая ўзнікла на шляхах мамантавых ловаў, вёсачка, у якой жыў князь Мітка Сякіра – Дзмітрый Зубрэвіцкі, паселішча, пра якое ведаў кароль Польшчы Ягайла і якое, відаць паставіла і сваіх ваяроў на Грунвальдскую бітву.

У кнізе Людмілы Рублеўскай “Сэрца мармуровага анёла”  удала спалучаюцца гістарычны, прыгодніцкі, дэдэктыўны жанры, рамантызм і тонкі гумар. Героям даводзіцца разгадваць таямніцы беларускай гісторыі, рабіць складаны выбар паміж здрадай і подзвігам, самаахвярнасцю і спакойным жыццём, шукаць скарбы, біцца на двубоях і змагацца за сваё каханне.

 

Чатыры аповесці: “Карабель”, “Марсіянскае падарожжа”, “Палтэргейст”, Страчанае шчасце” склалі кнігу Васіля Гігевіча “Крах цывілізацыі”.  У іх аўтар даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце: паводзіны звычайнага чалавека, які па няволі апынуўся ў чужым грамадстве; магчымасці найноўшых тэхналогій стварыць штучны розум, каб устанавіць дыктат над людзьмі; рэакцыя зямлян на незвычайныя бытавыя праявы, якія выкліканы кантактамі з іншапланецянамі.

Кніга будзе цікавая тым, хто любіць фантастыку, цікавіцца касмічнымі падарожжамі, шануе свой родны край, яго культуру і звычаі.

Усіх, каго зацікавілі гэтыя творы, мы рады будзем бачыць у цэнтральнай раённай бібліятэцы і спадзяёмся, што вобразнасць, вялікая сіла і прыгажосць беларускага слова прыйдуцца па густу тым, хто для сябе ўпершыню адкрые сучасных аўтараў і іх творы.

Наталля Чарняўская,

галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі.