Дзяніс Давыдаў: Гэта быў мой Аркольскі мост

Дзяніс Васільевіч Давыдаў (1784—1839)  —  адзін з тэарэтыкаў і практыкаў партызанскай вайны 1812 года. Генерал-лейтэнант. Паэт і мемуарыст.

За складанне сатырычных вершаў Аляксандр І выключыў яго з гвардыі і перавёў у гусары. Служыў у Беларускім гусарскім палку, што знаходзіўся ў Кіеўскай губерні. У пачатку Айчыннай вайны ўступае ў Ахтырскі гусарскі полк, дзе камандуе батальёнам, а потым  —  армейскім партызанскім атрадам.
З паслужнога спісу Дзяніса Давыдава: «У сапраўдных баях знаходзіўся … пад Ляхавам 28 кастрычніка, пад Смаленскам 29, пад Красным 2 і 4 лістапада, пад Копыссю 9 лістапада, дзе разбіў кавалерыйскае дэпо французскай арміі, пад Бялынічамі 14-га і за мужнасць узнагароджаны ордэнам Святога Георгія ІV класа…»

Каля паўгода насельніцтва Бялыніцкага раёна вымушана было жыць ва ўмовах напалеонаўскага акупацыйнага рэжыму. 14 лістапада 1812 года партызанскі атрад Дзяніса Давыдава выбіў з мястэчка два батальёны польскай пяхоты і два эскадроны ўланаў дывізіі генерала Дамброўскага, якія змагаліся на баку Напалеона, і завяршыў іх поўны разгром на рацэ Аслік непадалёку ад Эсьмонаў.

Бітве за Бялынічы Дзяніс Давыдаў прысвяціў некалькі старонак «Ваенных запісак», іх жа ў сваю чаргу скарыстаў у рамане «Дзяніс Давыдаў» і расійскі пісьменнік Задонскі.

Беларускі мастак Леанід Шчамялёў напрыканцы 1980-х гадоў напісаў карціну «Вызваленне Бялынічаў 14 лістапада 1812 года», якая зберагаецца ў фондах раённага мастацкага музея імя Бялыніцкага-Бірулі.

Прапаную чытачам  паглядзець на тую падзею вачыма самога Дзяніса Давыдава.

«…Мы падыходзілі да лясістых берагоў Бярэзіны, — пісаў Давыдаў.  —  Пяхота была неабходна, а пяхоту ў мяне адбіралі; што было рабіць? Я звярнуўся да генерала Міларадавіча, які на час пазычыў мне дзве гарматы коннай артылерыі і тым самым некалькі паправіў маё становішча».

А перад гэтым генерал-лейтэнант Канаўніцын загадаў Дзянісу Давыдаву далучыцца да войска генерал-ад’ютанта Ажароўскага, якое павінна было адбіць у французаў Магілёў. Пасля авалодання горадам партызанскаму атраду прадпісвалася фарсіраваным маршам рушыць да мястэчка Беразіно і там спыніцца, «бо верагодна, што каля гэтага месца пашчасціць вам многае перахапіць, і для таго, з’явіўшыся туды, накіраваць партыю ў бок Бабра і Гумнаў».

Гэты загад вольналюбіваму «ідэйнаму якабінцу» Давыдаву не спадабаўся, бо ён не пабачыў у тым «карысці службе», і камандзір партызанскага атрада, прыняўшы на сябе адказнасць, ідзе на Галоўчын і Бялынічы.
Увечары 13 лістапада Давыдаў з’явіўся ў Галоўчыне. Ад мясцовых жыхароў даведаўся, што ў Бялынічах раскватэраваўся атрад палякаў, якія абаранялі шпіталь і склады. Раніцой наступнага дня партызаны рушылі на Бялынічы. Па дарозе да іх далучыўся паручык Ахтырскага гусарскага палка Казановіч, які два дні патаемна гасціў у бацькоў. Сустрэча гэта аказалася дарэчы, паколькі Казановіч што-кольвечы разведаў пра варожы гарнізон і добра ведаў мясцовыя дарогі.

ДАРЭЧЫ:

Бацькі Людвіга Казановіча жылі ў фальварку Людзвінава каля вёскі Пральня цяперашняга Вішоўскага сельсавета. Дарэчы, за падтрымку нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года чарговы ўладальнік гэтага фальварка І. Квяцынскі быў высланы ў Пензенскую губерню.

«Непрыяцельская кавалерыя выехала з Бялынічаў і была падпалкоўнікам Храпавіцкім і маёрам Чачэнскім адразу ж адкінута ў мястэчка, занятае двума моцнымі батальёнамі пяхоты. Ярасць пераследу завабіла нас на батальёны. Яны сустрэлі нас, як варта сустракаць нападнікаў, калі жадаеш абараняцца з гонарам».

Давыдаў, ацаніўшы сітуацыю і моц палякаў, задумаў ухіліцца ад бою, абышоўшы мястэчка справа, каля фальварка Хвойна, і потым выйсці на эсьмонскі шлях. Але адліга ды балоцістая мясцовасць прымусілі яго адмовіцца ад гэтае задумы і ўступіць у бітву.

«Я загадаў адкрыць агонь з гармат уздоўж галоўнай вуліцы. Непрыяцельская калона расступілася направа і налева, але, карыстаючыся мясцовасцю, перашкаджала ўступленню нашаму на вуліцу густым ружэйным агнём з-за хат і агароджаў. Я не ўмею прыходзіць у роспач, але тут было ад чаго адчаяцца. Дарэмна я памнажаў і ўзмацняў пакушэнні мае, каб выцесніць непрыяцеля з засады, ім выбранай: людзі і коні нашы валіліся пад смяротным агнём, але ні на крок ўперад не падаваліся, гэта быў мой Аркольскі мост! Аднак трэба было дзейнічаць: з гадзіны на гадзіну граф Ажароўскі мог прыйсці з Магілёва і, дзякуючы сваёй пяхоце, вырваць у мяне лісток лаўра, за які ўжо я рукой хапаўся!»

Аркольскі мост  —  гэта мост на рацэ Арколе ў Італіі. Вядомасць атрымаў пасля бітвы Напалеона са значна пераўзыходзячымі сіламі аўстрыйцаў у 1796 годзе. Банапарт дзеля завалодання мостам пайшоў на штурм яго на чале калоны.

У атрадзе Дзяніса Давыдава знаходзіўся і яго малодшы брат Леў, які з адборным атрадам казакаў нечакана паімчаўся па вуліцы і, ударыўшы па рэзерве палякаў, пагнаў яго да моста праз Друць. Але і гэты мужны і рызыкоўны ўчынак поспеху не прынёс. Праўда, Храпавіцкаму ўдалося захапіць шпіталь і склад, што знаходзіліся перад мястэчкам. І тут здарылася нечаканае: казацкі атрад палкоўніка Шамшава з войска генерал-ад’ютанта Ажароўскага паспрабаваў адбіць шпіталь і склад у … Храпавіцкага! Калі ж гэта не ўдалося, Шамшаў адвёў полк у поле і толькі назіраў за бойкай партызанаў з палякамі.

Дзяніс Давыдаў выразна ўсведамляў, што полк Шамшава — авангард атрада Ажароўскага, які знаходзіцца ўжо на падыходзе да Бялынічаў. Перамогу ўступаць не хацелася. «Я вырашыў запаліць хаты брандкугелямі», — прызнаецца Давыдаў.

У такім разе Бялынічы немінуча згарэлі б у страшэнным пажары. На шчасце, здарылася нечаканае: палякі пачалі збірацца ў калону. Давыдаў адмяняе свой загад на спаленне і б’е па ворагу карцеччу, што паскорыла арганізаваны адыход палякаў у накірунку да Эсьмонаў.

Прыкладна на тым месцы, дзе ў 1812 годзе пачыналася галоўная вуліца Бялынічаў, ўстаноўлены муляж гарматы -— як напамінак аб тых падзеях.
«Прапусціўшы калону ў поле, мы аб’ехалі яе з усіх бакоў, не перастаючы разрываць яе гарматнымі стрэламі. Камандуючы маёй артылерыяй паручык Паўлаў страляў з адной гарматы карцеччу і ядрамі, а з другой  —  гранатамі. Хвост калоны сцяліўся па дарозе, але сама яна злучалася і працягвала адступленне, адстрэль-ваючыся».

Увайшоўшы ў лес непадалёку ад Мокравічаў, палякі каля паловы сваіх стралкоў пакінулі для стрымлівання партызанаў. Але Леў Давыдаў з казакамі абрушыўся на іх з лесу і пасля непрацяглай сутычкі польскія стралкі вымушаны былі ратавацца ўцёкамі. У палон патрапілі палкоўнік, два капітаны, 96 жаўнераў, але цяжкае кулявае раненне ў гэтым баі атрымаў і Леў, «замацаваўшы крывёю адважны свой подзвіг», — адзначыў Дзяніс Давыдаў.

ДАРЭЧЫ:

Яшчэ напачатку 1980-х гадоў некаторыя бялыніцкія старажылы прыгадвалі, што на месцы гэтай сутычкі і ранення Льва Давыдава стаяў сціплы помнік. Хутчэй за ўсё ён быў устаноўлены ў 1912 годзе, калі шырока адзначаўся 100-гадовы юбілей перамогі ў Айчыннай вайне. Помнік быў знішчаны ў 1920-я гады…

Пасля гэтай сутычкі Дзяніс Давыдаў загадаў казацкай сотні на чале з Бекетавым патаемна прабрацца ў Эсьмоны, разабраць мост праз Аслік і ў засадзе дачакацца непрыяцеля, а сам пасыпаў калону адступаючых карцеччу. «Намер мой быў зрабіць рашучы націск каля гэтага паселішча і тым спыніць бой, які стаў для мяне вельмі дарагім».

Задуманае ўдалося. На пераправе каля разбуранага моста па калоне з усіх бакоў ударылі і казакі Бекетава, і асноўныя сілы Давыдава. Адны палякі сталі кідаць зброю, здаючыся ў палон партызанам, а рэшта, адстрэльваючыся, пераправілася праз рэчку і праз Заазер’е адступіла да Беразіно.

ДАРЭЧЫ:

Сярод жыхароў Эсьмонаў, Заазер’я і шэрагу навакольных вёсак да сёння бытуе легенда, што пад вялізным каменным крыжам, які знаходзіцца ў лесе пры дарозе на Шапялевіцкі шлях, пахаваны нейкі французскі генерал, войска якога ў лістападзе-1812 адступала да Бярэзіны.

Параненых разам з братам пад прыглядам двух хірургаў з захопленага шпіталю Дзяніс Давыдаў адправіў у Шклоў, а трафеі (400 чвэртак жыта, 40  —  пшаніцы, 200  —  грэчкі, 50  —  канопляў; 290 хворых са шпіталю і 13 лекараў; запалоненых палкоўніка, чатырох капітанаў, 192 радавых, увесь абоз і 180 стрэльбаў) пад распіску перадаў упраўляючаму бялыніцкім маёнткам князя Ксаверыя Агінскага Ляпінскаму і рушыў пад Беразіно.

Міхась КАРПЕЧАНКА, краязнаўца.

Могилевская правда

Последние новости

ГЛАВНОЕ

Сегодня Быховщина отметила сороковую годовщину со дня аварии на Чернобыльской АЭС

25 апреля 2026
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

Прием документов на бюджетные места в вузах пройдет 12-17 июля

25 апреля 2026
Читать новость
ОБЩЕСТВО

В Беларуси скорректирован перечень запрещенных для подростков работ

25 апреля 2026
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Более 37 тыс. рублей налогов выплатила риелторская организация из Могилева за сокрытие выручки

25 апреля 2026
Читать новость
ГЛАВНОЕ

В Беларуси продолжается конкурс «#КиберПраво: твой щит в Сети»

25 апреля 2026
Читать новость
ПРЕЗИДЕНТ

Лукашенко продолжает большую командировку – теперь в Петриковском районе

25 апреля 2026
Читать новость

Архивы

Рекомендуем