Талент пісьменніка Васіля Ткачова шматгранны

Ён піша творы для дзяцей і юнацтва, публічныя і драматургічныя творы, сатыру і гумар. А жыве ў Гомелі, хоць ягонае дзяцінства, юнацкія гады прайшлі ў вёсцы Іскань на Быхаўшчыне, дзе настаўнічалі бацькі. Таму ведае раён, многіх яго людзей, прыехаў на сустрэчу з землякамі ў Дом культуры мікрараёна Быхаў-1, дзе мясцовыя бібліятэкары аформілі ў вае стэнды з кнігамі слыннага земляка, фотаздымкамі, калі ён яшчэ быў школьнікам Ісканскай васьмігодкі, служыў у Савецкай Арміі, а затым вучыўся на факультэце журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча.

У вызначаны час пачалася сустрэча “Заўсёды помніць родныя сцяжынкі”, якую распачала бібліятэкар Людміла Коханава. Яна расказала шматлікім прыхільнікам таленту пісьменніка яго жыццёвую і творчую біяграфію, дзе не толькі вучыўся, а і працаваў, чаго дасягнуў у жыцці. А дасягнуў Васіль Юр’еввіч многага. Ён не толькі член Саюза пісьменнікаў, а і член Саюза тэатральных дзеячаў, лаўрэат шэрагу прэстыжных літаратурных прэмій, прэміі федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, напісаў шэраг кніг для чытачоў рознага ўзросту, актуальныя п’есы, якія ставяць на сваіх сцэнах не толькі тэатры Беларусі, а і Расіі.

Вядучую дапоўніў сам пісьменнік, які ўспомніў сваё першае апавяданне, надрукаванае ў 1966 годзе ў часопісе “Вясёлка” і сваю першую кніжку для дзяцей “Хітры Данік”, кнігі для дарослых “Пахавалі пражыты дзень”, “Дзень у горадзе”, “Мой рай зямны”, “Тратнік”, “Снукер”, “Дом камуны”, “Год городом Горьким”, “Смех на прызбе”, “Карасі на пяску”, “Крутыя хлопцы” і іншыя.

Аўтар гэтых твораў адказаў на пытанні вядучай, быў задаволены выступленнеі свайго былога класнага кіраўніка з вёскі Іскань Галіны Шульга, якая прадставіла бібліятэцы фотаздымкі са свайго сямейнага альбома. Галіна Сцяпанаўна з усмешкаю пацвердзіла праўдзівасць сваёй першай сустрэчы з будучым пісьменнікам, які хлопчыкам самавольна сеў за руль дзядзькавага грузавіка і ледзве не збіў на мосце праз рачулку легкавік, з зусім яшчэ маладой настаўніцай.

Цікавым успамінам пасавалі словы ўдзячнасці за творчасць аб родных мясцінах намнсніка дырэктара па вучэбнай рабоце Абідавіцкай сярэдняй школы Наталлі Сычовай, прыехаўшай на сустрэчу разам з вучнямі.

Сказаў цёплыя словы пра Васіля Ткачова і ягоны калега па пяру, сябра і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Леўчанка, галоўны рэдактар Быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”, на старонках якой у юнацтве друкаваўся будучы вядомы празаік і драматур. Мікола Уладзіміравіч зазначыў, што замкнёны, хмурны, тым болей злы па натуры чалавек не напіша добрых твораў для дзяцей, вясёлых гумарэсак. Яму гэта проста непадуладна. А Васіль Юр’евіч — гаворкі, вясёлы, ведае шмат цікавых гісторый, анекдотаў, якая бярэ з жыцця. У гэтым быхаўчане пераканаліся, паслухаўшы Васілёву гумарэску “Карасі на пяску” з аднайменнай кніжкі, якую прачытала чытачка Таццяна Палавікова. Ды так добра, што ўсе смяяліся.

Дарэчы, пісьменнік працуе зараз над раманам “На пяці вуглах”, які прысвячае гораду Быхаву, падзеям мінулых гадоў. Таму гадзіны за дзве да сустрэчы доўга гаманіў з былым першым сакратаром Быхаўскага райкама КП Беларусі і старшынёю райвыканкама, дэпутатам  Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІІ склікання і ганаровым грамадзянінам Быхаўскага раёна Аляксандрам Пазюмкам. Шаноўны Аляксандр Раманавіч шмат чаго пісьменніку расказаў і яшчэ раскажа, бо пакінуў яму свае нумары хатняга і мабільнага тэлефонаў.

Добрага здароўя, творчых поспехаў шчыра жадалі земляку чытачы выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Наталля Перуноўская, бібліятэкар з Абідавічаў Таісія Самуйлава, а загадчыца бібліятэкі-філіяла №49, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Наталля Абросімава, арганізатар гэтай цікавай і змястоўнай сустрэчы, пасля слоў падзякі Васілю Ткачову, уручыла яму сувенір — карціну з краявідам роднай Быхаўшчыны.

Мікола КОЛАСАЎ