ТЕМЫ

Лёсы людскія: Векавечныя ўспаміны

Яна толькі нядаўна, 9-га студзеня, адзначыла сваё 99-годдзе. Маючы за плячыма амаль век жыцця, Таццяна Віткоўская (на здымку), тым не менш, мае даволі ясны розум і добрую памяць. У гэтым я ўпэўніўся, калі сустэўся з ёю ў аддзяленні кругласутачнага прабывання ў в. Грудзінаўка ўстановы “Быхаўскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, дзе Таццяна Сяргееўна пражывае апошні дзесятак год.
—Хлусіць не буду, часіны Першайсусветнай вайны, рэвалюцый 1917 года, грамадзянскай вайны ў Расіі асабліва не адклаліся ў маёй памяці, — распавяла ўспаміны доўгажыхарка. —  Сталася так, хутчэй за ўсё, з-за майго малога ўзросту тады, а таксама, відаць, з-за таго, што нашу  Аршаншчыну гэтыя падзеі асабліва не кранулі. Памятаюцца ўжо толькі наступствы таго ліхалецця, што выразіліся праз мноства пакалечаных людзей, асірацелых дзяцей, знявечаныя лёсы сем’яў і гэтак далей.
Спакойнай і архаічнай заставалася мая родная вёска Літусова і ў 20-я гады мінулага стагоддзя, калі сяляне, атрымаўшы ад бальшавікоў зямлю, з усіх сілаў стараліся пашыраць ды развіваць свае саматужныя гаспадаркі, каб пракарміць вялікія сем’і.
У той час я закончыла мясцовую чатырохгодку, хацела вучыцца далей, але тут раптоўна памёр бацька, і жыццё пайшло нашматцяжэй. Да таго ж у хуткасці ажаніўся мой родны брат і пайшоў гаспадарыць асобна. Засталіся мы ўтраіх з маці ды малодшаю сястрою, і тут ужо мне давялося працаваць, лічы, за гаспадара. Умела і рабіла ўсё: арала, сеяла, касіла, даглядала жывёлу і г. д. А гаспадарка мелася немалая — былі каровы, конь, авечкі, мноства іншай жыўнасці.
Але гэтаму, хоць і цяжкаму, але адносна спакойнаму і з пэўнай заможнасцю жыццёўладкаванню, хутка прыйшоў канец — напачатку 1930-х гадоў настаў час масавай калектывізацыі. У нас за самы кароткі тэрмін утварылі калгас, назву якога і цяпер нават памятаю добра — “1 Мая”. Без гвалту ды перагібаў, як потым мякка абазвалі празмернасць самавольства ды сапраўдных рэпрэсій супраць уласнага народу, тут не абыйшлося. У калектыўнай гаспадарцы таксама давялося шмат ды цяжка працаваць, але ўжо не на сябе, а нават незразумела было і на каго. Я і ў калгасе лічылася ў працы на перадавых пазіцыях: пастаянна то ў сценгазеце пра мяне пісалі, то на Дошку гонару заносілі.
Напрыканцы 1930-х гадоў выйшла замуж. Мужа неўзабаве забралі ў войска, а я зноўку стала цягнуць калгасную лямку. Перад самай вайной муж дэмабілізаваўся і пайшоў служыць у міліцыю, дзе працаваў у органах выканання пакаранняў. Калі пачалася вайна, то турму, дзе ён працаваў, разам са штатам і  і зняволенымі перадыслакавалі на ўсход краіны, у горад Салікамск Пермскай вобласці. Паехала туды і наша сям’я.
Умовы для жыцця на новым месцы былі нават для нас невыносныя, не кажучы ўжо пра зняволеных. Узімку мы прасіліся на пастой да мясцовых жыхароў, а ўлетку жылі ў зямлянцы. Сітуацыя яшчэ потым болей ускладнілася, калі ў наш лагер пачалі зганяць этнічных немцаў з Паволжжа і Казахстана. Рабілася гэта ў прэвентыўных мэтах, каб, як баяліся тагачасныя савецкія ўлады, тыя не ўтварылі так званую  пятую калону ў тыле краіны. А гэта ж былі  спакойныя, рахманыя і працалюбівыя людзі. Не маючы адпаведных умоў для жыцця, асуджаныя і прымусовыя перасяленцы гінулі кожны месяц дзесяткамі.
—Не абыйшло страшнае гора і нашу сям’ю, — тут старая цяжка-цяжка ўздыхнула.  — Ад недастатковага харчавання і недахопу лекаў памёр наш адзіны маленькі сынок. Па праўдзе кажучы, пасля гэтага ўсё ў сям’і пайшло наперакасяк. У рэшце рэшт мы разыйшліся — былы муж застаўся ў Перадураллі, а я паехала на радзіму.
У пасляваеннай Беларусі шпаркімі тэмпамі ішло адраджэнне і аднаўленне народнай гаспадаркі, будаўніцтва жылля, таму праблем з працаўладкаваннем ніякіх не мелася. Парабіла каторы час на будоўлях, а потым уладкавалася працаваць на нядаўна пабудаваную БелГРЭС  — флагман тагачаснай энергетыкі рэспублікі. Там пасля паўтара дзесятка гадоў і закончыла сваю працоўную кар’еру.
Да нашай сустрэчы з Таццянай Віткоўскай я пагутарыў з загадчыцаю аддзялення кругласутачнага прабывання Людмілаю Ярмоленка. Тая даўно добра ведае доўгажыхарку, бо старая да гэтага пэўны час жыла ў Грудзінаўцы. Сюды яна пераехала з Аршаншчыны па запрашэнню пляменніка, а калі той памёр, то палічыла за лепшае не замінаць ягоным родным і блізкім.
—Прыклад Таццяны Сяргееўны не адзіны ў тым, што добры догляд і абслугоўванне ў нас забяспечваюць доўгі век пражываючым, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Да нас часта паступаюць, у адрозненне ад гэтага выпадку, зусім занядбаныя і кінутыя блізкімі яшчэ не старыя людзі, якія пасля колькі часу пражывання, лічы, у камфортных, у параўнанні з папярэднімі, умовах, як быццам зноўку нараджаюцца на свет. А пасля праведзенага апошнім часам рамонту аддзялення, аснашчэння яго абсталяваннем і мэбляй установа стала ў плане ўмоў пражывання амаль узорнай.
Напрыканцы сустрэчы  загадчыца прапанавала зрабіць невялікую азнаямляльную экскурсію па аддзяленню, якую хуткім часам давялося прыпыніць, бо ў госці да пражываючых з калядным і навагоднім канцэртам прыехалі валанцёры з клубу “Добрыя сэрцы”, які арганізавалі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

 

Мікалай Ахрыменя.

Последние новости

КАЛЕЙДОСКОП

Белорусские ученые создают полезный фастфуд

30 апреля 2025
Читать новость
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Самые полезные для здоровья продукты

30 апреля 2025
Читать новость
СПОРТ

Белорус Шостак признан лучшим вратарем юниорской хоккейной лиги США

30 апреля 2025
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

Национальное исследование качества образования пройдет в Беларуси в 2026 году

30 апреля 2025
Читать новость
ТЕХНОЛОГИИ

Хакеры заставили нейросети выполнять запрещенные действия

30 апреля 2025
Читать новость
НА СТРАЖЕ ЗАКОНА

26 пьяных водителей и 51 бесправник задержаны за выходные в Могилевской области

30 апреля 2025
Читать новость

Архивы

Рекомендуем