Горад – герой 17 стагоддзя (частка 7)

Сканчаўся 1659 год, а гарнізон І. Нячая ўжо які месяц зацята трымаў абарону на валах Старога Быхава. Разам з тым, абложаныя разумелі, што дапамога да фартэцыі не прыйдзе, у сувязі з чым у горадзе болела тых, хто страціў жаданне змагацца. З цягам часу ўсім стала зразумела, што крэпасць доўга не пратрымаецца. Вось што пісаў ў лісце да П. Сапегі са Слуцку Казімір Клакоцкі, які падтрымліваў сувязь з абаронцамі: «Быхаў, не падмацаваны дапамогай, яшчэ трымаецца, але яго ўжо можна лічыць страчаным… А пан Нячай пытаецца цяпер, чыя Украіна, бо ўжо страціў надзею. І пры гэтым ён хоча застацца. І хіба з дня на дзень здасца Маскве, бо тая яму падсоўвае прапановы здацца, гарантуючы здароў’е і цэласць». Аднак адважны палкоўнік дабраахвотна не здаўся.
Даўно вядома што моц крэпасці вызначаюць не таўшчыня яе сцен, а людзі, якія яе абараняюць. Ведаючы гэту ўсходнюю мудраць, маскоўцы знайшлі слабае месца ў непакорнай цвердзі – здраднікаў. Маскоўскія ваяводы здолелі схіліць да здрады членаў гарадскога магістрата Габрыэля Ільініча і братоў Ранчкоўскіх, а тыя ў свю чаргу – каменданта замка немца Шульца. Лёс Старога Быхава, які абараняўся па-геройску, быў вырашаны ноччу 4 снежня, калі пачаўся штурм непакорнай фартэцыі. Хутчэй за ўсё нехта са здраднікаў адчыніў браму, таму што царскім «ратным людям на том приступе урон небольшой учинился». «Впавши» ў Быхаўскую крэпасць, раз’юшанае доўгай асадай маскоўскае войска, «людей всех, в той осаде бывших, высекло». Асабліва пацярпелі палонныя шляхцічы і мяшчане, якіх «высекли в пень».
У данясенні цару І. Лабанаў-Растоўскі паведамляў, што «государевы ратные люди город Старый Быхов приступом взяли и изменника Ивашку Нечая и брата его Самошку Выговского и жен их и шляхту и козаков и мещан многих живых взяли, а иных многих же в приступное время побили». У час прыступу горад быў падпалены. Моцна пацярпеў і замак, ў якім «…с порохом взорвало палату, а в той… палате был порох ручной и пушечный и пушечные ядра, …свинцу 12 свиней… да пушечных ядер больших и малых 1843 ядра да семьсот пуль мушкетных, да в том же погребу Быховских мещан в кадех меду сырцу сто пуд да сукна и иную рухледь».
Так скончылась быхаўская эпапея. Аднак у гэту крывавую ноч загінулі не ўсе. Шмат абаронцаў павесілі крыху пазней. Рэшткі ўцалелых у якасці палонных былі вывезены ў Маскву. Разам з тым, камусьці пашанцавала ўратавацца. Сярод такіх можна назваць рабіна Іегуду-Лейб Пухавіцэра, які з жонкай і дачкой дзівам выйшаў з крэпасці. Пасля гэтых падзей яго сям’я ад’ехала ў Палесціну праз Італію, дзе ў Венецыі І.Л. Пухавіцэр выдаў збор сваіх пропаведзяў. У прадмове да гэтай кнігі ён апісаў жах пагрому ў Старым Быхаве і паведаміў як перажыў тую трагедыю.
Маскоўскі ж уладар, калі атрымаў звесткі аб узяцці непакорнай крэпасці, адзначыў залатымі ўзнагароднымі ўсіх ратнікаў, якія ўдзельнічалі ў штурме. У 1660 г. толькі ў арміі С.А. Змеева такіх узнагарожданых налічывалась 2400 чалавек. Акрамя таго цар загадаў «в Старом Быхове в каменном костеле быть соборной церкви Рождества Господа Бога и Спаса нашего Иисуса Христа».
Трагічны канец геройскай абароны асабліва засмуціў і напалохаў тых, хто ў гэты час знаходзіўся ў Слуцку. Гэты горад трымаўся ў тым ліку дзякуючы таму, што дняпроўская крэпасць затрымлівала каля сябе значныя сілы непрыяцеля. Аб гэтым сведчаць словы з ліста К. Клакоцкага да князя Багуслава Радзівіла, у якім ён пісаў: «…цяпер чарга Слуцку, бо ўжо таксама няма ў Літве іншай фартэцыі, на якую б магла б Масква спакусіцца». Польскі мемуарыст і сучаснік тых падзей Мацей Форбэк-Летаў, заканчываючы апісанне змаганняў пад Старым Быхавам, аддаў своеасаблівую пашану мужным абаронцам, якія ў большасці сваёй не былі шляхцічамі: «Калі б абаронцам была дадзена дапамога, яны б заставаліся б непераможанымі, а цяпер яны на вечную памяць засталіся як магутныя змагары ўсялякага стану прыкладам паважнай веры перад каралём, гаспадаром нашым, і Айчынай».
Зняволенага ж І. Нячая выслалі ў Сібір. Яго сваяк Юрый Хмяльніцкі неаднаразова прасіў Аляксея Міхайлавіча каб той памілаваў палкоўніка, але заўсёды атрымліваў адмовы. Аднак, па заканчэнні вайны, пад час Андрусаўскіх перамоваў, урад Рэчы Паспалітай дабіўся вызвалення І. Нячая і вяртання яго ў 1667 г. ў Вялікае Княства Літоўскае. Гэты факт цікавы тым, што дэманструе адрозненне ў адносінах маскоўскіх уладароў да сваіх ворагаў і да сваіх хаўруснікаў. Пасля прыбыцця з Маскоўскай дзяржавы 17 лютага 1667 г. былі падцвержаны правы палкоўніка на Бабруйскае староства, якое ён атрымаў у 1658 г. і сумму 23 тыс. злотых, якія І. Нячаю падарыла каралева Марыя. А 19 жніўня 1673 г., у памяць пра заслугі І. Нячая, яму і яго жонцы нададзена пажыццёвае права на Загальскае староства. Такім чынам, кіраўнікі Рэчы Паспалітай не забылі пра адважнага палкоўніка, які гераічна абараняў Стары Быхаў.
Усім вядома: на чужой бядзе свайго шчасця не збудуеш. Вось і быхаўскім здраднікам не доўга шанцавала. Дакладна не вядома, які лёс іх напаткаў пасля падзення Быхава, але з упэўненасцю можна сцвярджаць, што добрага з імі нічога не адбылось, таму што 29 ліпеня 1661 г. на сойме ў Варшаве маёмасць быхаўцаў Габрыэля і Яна Ільінічаў перадалі маёру Даніэлю Эйтафу, які ў 1660 г. як маскоўскі камендант Наваградскага замка без бою перадаў яго пад уладу Рэчы Паспалітай.
Што тычыцца Быхаўскаў крэпасці, то ў 1660 г. сітуацыя тут дыяметральна змянілася: у Быхаве ўжо сядзела ў аблозе войска царскага ваяводы Ф. Абярнібесава. 26 кастрычніка ён паведаміў цару пра цяжкі стан яго салдатаў якія галадалі і на якіх без перапынку нападалі казакі палкоўніка Д. Мурашкі, што стаялі «близко Быхова у Ворколабова монастыря». Абложаныя мелі тады 18 палкавых пішчаляў і 2 вялікія верхавыя пішчалі.
Пасля адыходу добраахвотных фармаванняў палкоўніка ў Ігумен (цяпер – Червень), Ф. Абярнібесаву было загадана, «чтобы он послал во весь Быховский уезд по обе стороны реки Днепра и велел хлебные запасы… сыскивать и возить их в Быхов». Аднак гэта задума правалілася: збіраць было няма чаго. У 1661 г. тут знаходзіўся полк Адама Гохварда, салдаты якога «голод и нужды всякие терпели, и траву, лебеду, и мокрицу, и лошадиное мясо, и сырые говяжьи кожи, варя ели…». Ратнікі прасілі, каб «милосердный государь… за…службишко и за осадное терпение… велел из Старого Быхова» іх «со своей службы переместить», таму што многія з палку «побиты и в полон взяты, и с голоду со всякой осадной нужды померли…и которые осталиь, и те занемогли». Самога ж палкоўніка А. Гохварда арыштавалі за тое, што ён цару «хотел изменить». Зразумела, што Аляксей Міхайлавіч нават і не збіраўся пераводзіць кагосьці з фартэцыі ў іншае месца службы, у сувязі з чым 8 ліпеня 1661 г. 300 салдат і стральцоў быхаўскай залогі збеглі з горада.
1661 г. стаў годам вызвалення Магілёва ад маскоўскай арміі. Таму значэнне Быхава як апорнага пункта царскага войска істотна ўзрасло. А ў верасні гэтага года са Старога Быхава была ажыццёўлена карная акцыя адносна магілёўцаў. 800 салдат пад камандаваннем полупалкоўніка Немчына прыбылі пад Магілёў, дзе ўладкаваўшы засаду, накіравалі 50 конных ратнікаў пад гарадскую сцяну, дзе яны напалі на прадмесце Уструшню (цяпер – вуліца Магілёва) і «многих людей порубали и стада отогнали». Гарадская варта і мяшчане, натуральна, адправіліся ў пагоню за крыўднікамі, але папалі прама ў рукі масокўскім салдатам, якія «120 человек посекли», а «14 живых взяли».
М.А. Ткачоў паведамляе, што Стары Быхаў быў ачышчаны ад маскоўцаў 1 снежня 1661 г., калі да яго падступіла войска Рэчы Паспалітай пад началам С. Чарнецкага ў складзе 7000 конных і пешых салдат з 11 гарматамі. Аднак гэта не так. Дакладна вядома, што горад яшчэ доўгі час знаходзіўся пад уладай Аляксея Міхайлавіча. Так, у траўні 1662 г. маскоўскі ўрад накіраваў сюды на падмацаванне новыя палкі, у 1663 г. царскі гарнізон у гэтым горадзе налічваў 1000 чалавек. Але вызваленне ўсё ж такі адбылося ў 1664 г., калі мяшчане выгналі з Быхава царскую залогу без дапамогі войска, сваёй уласнай сілай. Хутчэй за ўсё, гэта былі тыя быхаўцы, якія пакінулі горад да таго, як ён трапіў у аблогу царскіх войскаў, і рушылі ў глыб краіны. Напэщна, гэтыя людзі вярнуліся пасля захопу крэпасці І. Лабанавым-Растоўскім таму што ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім ужо не было бяспечных месцаў.
З гэтага часу і да заканчэння вайны ў 1667 г. Стары Быхаў фактычна знікае з пісьмовых крыніц. Ён упамінаецца ў 1664 г., калі маскоўскі князь Празароўскі перамог пад валамі гэтай фартэцыі атрады ваяводы Паца. У ліку ваеннапалонных тады апынуўся шляхціч Даніла Меньжык. Як і многія яго таварышы, ён пад канвоем быў напраўлены ў Маскву. Тут ён ажаніўся і застаўся жыць назаўсёды. А праз некаторы час ужо прывычна адзываўся на прозвішча Меньшыкаў. Праз восем гадоў у яго нарадзіўся сын, які пазней стаў «правай рукой» Пятра І – Аляксандрам Данілавічам Меньшыкавым.
Пазіцыя абаронцаў Быхаўскай крэпасці яшчэ дзесяцігоддзі з’яўлялася прыкладам вернасці і стойкасці для іншых абывацеляў Рэчы Паспалітай. Гераічная пастава жыхароў Быхава атрымала належную ўхвалу не толькі ад Яна Казіміра, які 20 чэрвеня 1661 г. пацвердзіў прывілей ад 31 траўня 1655 г. Яго пераемнік Міхаіл Карыбут Вішнявецкі 20 лістапада 1669 г. санкцыянаваў, а на Сейме 1670 г. – зацвердіў усе ранейшыя наданні быхаўцаў, права вольнага гандлю на рэках Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага ды вызваленне ад падаткаў на 20 гадоў. Але адміністрацыя Рэчы Паспалітай выканала рашэнне Сейма ў лепшых сваіх традыцыях. У 1671 г. (праз год пасля прыняцця сеймавай пастановы) адміністратары мытняў выдалі ўніверсал, у якім адзначалася, што «…вольности, дарованные конституцией 1670 года…, выражены крайне неопределенно и не показывают, от каких именно пошлин они освобождают жителей… И так как против них учинена уже манифестация, то скарбовые дворяне, писари и их помощники не должны обращать внимания на эти вольности и взыскивать пошлины со всяких товаров по тарифу». Як бачна, магнаты не моцна клапаціліся аб людзях, якія коштам свайго жыцця баранілі Радзіму ад ворагаў. Галоўнае што хвалявала «эліту» – іх матэрыяльны дастатак. Пакрыўджаныя быхаўцы ў 1676 г. ездзілі на аудыенцыю к новаму каралю Яну III Сабескаму і прасілі яго абараніць іх ад чыноўніцкага самавольства. У сувязі гэтым, Ян ІІІ, аддаючы пашану геройскаму гораду, адразу ж 20 сакавіка 1676 г. выдаў прывілей, у якім чарговы раз пацвердзіў усе ранейшыя пажалаванні для жыхароў Старога Быхава і выказаў надзею, што «іншыя нашы падданыя, духавенства і шляхта, да той жа цноты і веры, і абароны супраць непрыяцеля, ахвоту і прыклад з іх будуць браць».
Зараз хтосьці задаецца пытаннем: навошта быхаўцы так зацята абаранялі свой горад, калі іх дзяржава была такой дрэннай? Прасцей было здаць яго і жыць спакойна пад уладай іншага манарха, як гэта зрабілі магілёўцы. Але дзяржаву, як і час у якім жывуць, не выбіраюць. Краіна можа быць добрай ці дрэннай, але мы самі, а не іншаземны «добры дзядзька», можам зрабіць яе лепей. Гэту праўду ведалі і нашы продкі, якія баранілі сваю Радзіму на быхаўскіх валах. І не іх віна ў тым, што Рэч Паспалітая і далей кацілася да прорвы. Яны зрабілі усё што маглі. І нават больш. Быхаўцы напісалі гісторыю, якую пасля тых падзей яшчы многія дзесяцігоддзі памяталі расіяне і дагэтуль на забыліся палякі, але якую, нажаль, зусім не ведаюць цяперашнія жыхары гэтага горада.

Юрый Шкапляроў,
дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Магілёўскага вышэйшага каледжа  МУС Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук.