Лепшыя імунамадулятары — вільготнае паветра і квашаная капуста

фото: infomed.by

Сумесна з радыёстанцыяй “Мір” наша газета правяла “прамую лінію” па актуальнай цяпер тэме прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу. На пытанні карэспандэнтаў радыёстанцыі “Мір” і газеты “Звязда”, а таксама на пытанні слухачоў і чытачоў адказала дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук, урач вышэйшай катэгорыі Алена Кішкурно.

“Мір”: Каму паказана вакцынацыя супраць грыпу?

— Абавязковая вакцынацыя робіцца па пэўных паказаннях. Скажам, акрамя дарослых людзей з хранічнай паталогіяй і зніжаным імунітэтам, у гэтую групу ўваходзяць дзеці і людзі пенсійнага ўзросту.

“Мір”: Калі нам сёлета чакаць эпідэміі і што рабіць ужо зараз, каб засцерагчыся ад грыпу і ВРВІ?

— Сёлета пачатак эпідэміі грыпу чакаецца напрыканцы снежня — пачатку студзеня. Наогул кішэчныя інфекцыі любяць цёплы сезон, а рэспіраторныя вірусныя — халодны. Як толькі паніжаецца тэмпература паветра, мы менш знаходзімся на вуліцы, больш — у памяшканні, пастаянна падвяргаемся перападу тэмператур. Акрамя таго, мы няправільна апранаемся… Наогул мала прыкладаем намаганняў, каб засцерагчыся. Хоць намаганні гэтыя вельмі простыя. Варта часцей праветрываць памяшканне, у якім працуем і адпачываем, — каб зніжаць крытычную канцэнтрацыю вірусаў у паветры. Патрэбна рацыянальная фізічная нагрузка, збалансаванае, багатае на вітаміны харчаванне. Трэба прыслухоўвацца да свайго арганізма, паколькі яшчэ да таго, як мы захварэлі, ён дае нам “падказкі” — патрабуе больш адпачываць, высыпацца…

“Мір”: Дапусцім, мы пераахалодзіліся. Ці трэба сагравацца? І як менавіта сагравацца — пад гарачым душам або, можа, варта прыняць крыху алкаголю?

— Сагравацца, калі вы прамерзлі або прамачылі ногі, трэба абавязкова. Для чаго? Для таго, каб, што называецца, штучна павысіць тэмпературу цела. Нездарма адным з першых сімптомаў захворвання можа быць менавіта павышэнне тэмпературы. Толькі пры такім рэжыме пачынае працаваць наш імунітэт. Наш абарончы інтэрферон — спецыяльны бялок, які змагаецца з вірусамі і бактэрыямі, пачынае выпрацоўвацца пры павышэнні тэмпературы — ад 37,5 і вышэй.

Цяпер аб тым, як правільна сагрэцца. Па-першае, трэба выпіць цёплага чаю — ідэальна было б з журавінамі, брусніцамі, малінай… Па-другое, легчы пад коўдру. Па-трэцяе, надзець цёплыя шкарпэткі.

Што да алкаголю, то ён не павышае тэмпературу цела, а, хіба, расслабляе і ліквідуе пачуццё трывогі. Калі мы пераахаладзіліся і ўжо адчуваем, што “падхапілі” вірус, значыць, ён укараніўся ў нашы клеткі, і нам патрэбна выставіць абарону — актывізаваць выпрацоўку інтэрферону, інакш кажучы, праводзіць дэзынтаксікацыю, а не дэзынфекцыю.

Дарэчы, пра тое, як лечаць ВРВІ за мяжой. Калі мама прыходзіць да ўрача і кажа, што ў дзіцяці кашаль, доктар раіць пабольш піць вадкасці. Наша матуля звычайна адчувае спакой толькі тады, калі яе дзіцяці выпісалі як мага больш таблетак. З’есці лімон ці мёд — гэта для нас чамусьці не лячэнне.

“Мір”: А што лепш — з’есці лімон ці выпіць аскарбінку? І колькі піць для прафілактыкі і пры першых прыкметах прастуды?

— Даўно паказана, што значна лепш з’есці лімон, апельсін або квашанай капусты, чым выпіць таблетку. Самы лепшы вітамін С — натуральны, таму пры першых прыкметах прастуды варта з’есці палову лімона. Багатыя на вітамін С і вышэйпералічаныя журавіны, брусніцы, чорная парэчка. Два кубкі такога морсу, палова лімона — і мы атрымаем неабходныя ў такім выпадку 500 мг вітаміну С, які прастымулюе нашы наднырачнікі і актывізуе абарончыя сілы арганізма.

Перабіраць з вітамінам С таксама не варта. Яго павышаныя дозы не лепшым чынам уздзейнічаюць на сасуды, зніжаюць іх пранікальнасць. Могуць узнікнуць праблемы і з падстраўнікавай залозай, і іншыя непрыемнасці. Звычайная сутачная патрэба ў вітаміне С — каля 100 мг, ад 2 да 10 дражэ, у залежнасці ад узросту. Размова ідзе, падкрэсліваю, пра міліграмы, а не грамы.

“Мір”: А што рабіць людзям з павышанай кіслотнасцю?

— Вось чаму я і раблю акцэнт не на 10 дражэ, а на журавінным морсе: ён не такі канцэнтраваны і куды больш карысны.

“Мір”: Што рабіць пры першых сімптомах грыпу?

— Самае важнае — не перашкаджаць арганізму выздараўліваць. Звычайная ВРВІ пройдзе за 7 дзён, калі вы будзеце выконваць усё, што я сказала вышэй, і дасце сабе адпачыць як мінімум 3 дні. Што да грыпу, то ён, як вядома, заяўляе аб сабе моцным павышэннем тэмпературы цела. Не трэба яе паніжаць, пакуль яна не ўзнялася да крытычнай адзнакі — 38,5. Дайце арганізму выпрацаваць неабходны яму інтэрферон. Піце паболей вадкасці і, зразумела, дайце сабе адпачыць мінімум 5 дзён.

“Мір”: Можа быць, яшчэ да візіту ўрача варта пачаць прыём лекавых прэпаратаў?

— Памятайце: іх павінен выпісаць урач. Нам могуць спатрэбіцца імунамадулятары, аднак я не раю самастойна вырашаць, што з вялікай колькасці апошніх патрэбна менавіта вам. Дарэчы, такой колькасці імунамадулятараў, якая цяпер ёсць у нашых аптэках, няма нідзе ў свеце. Там размова ідзе літаральна пра адзінкі найменняў, якія ніхто не набывае па ўласным жаданні. Усе мы розныя, з рознай спадарожнай паталогіяй, а значыць, проста немагчыма рэкамендаваць адзін прэпарат усім пацыентам.

“Мір”: Ужываць імунамадулятары з мэтай прафілактыкі вы таксама не раіце?

— Не раю. Лепш патрацьце грошы на гародніну і фрукты.

“Мір”: Ці можна адначасова “падхапіць” і вірус грыпу, і які-небудзь іншы рэспіраторны вірус?

— Грып можа мець месца як самастойнае захворванне і праяўляцца характэрнымі высокай тэмпературай, болем у мышцах, вачах, ліхаманкавым станам. Разам з тым, чалавека могуць атакаваць і іншыя вірусы. І тады паталогія будзе працякаць больш цяжка.

“Мір”: Што рабіць, калі тэмпература ўзнімаецца хутка і перавышае 38,5 градуса?

— Трэба разумець, што не існуе прэпаратаў імгненнага дзеяння, якія за некалькі хвілін дадуць нам пажаданы эфект. Як правіла, гарачкапаніжальныя лекі даюць свой эфект праз 30-40 хвілін пасля прыёму. Прэпарат павінен усмактацца і пачаць сваё дзеянне. А тым часам тое ж дзіця можна распрануць, даць яму папіць, пачаць абмахваць яго. Таксама абціраюць лоб і ўсё цела разбаўленым воцатам, проста гатаванай вадой, калі гэта не зусім малое дзіця.

— Мінск, Наталля. Мяне цікавіць, навошта нам па тэлебачанні навязваюць набыццё лекавых прэпаратаў, калі прызначаць іх павінен толькі ўрач?

— Я магу выказаць толькі ўласнае меркаванне. Ні ў адной краіне свету я не бачыла такой колькасці рэкламы лекаў. З другога боку, там жа ёсць радок — “Перад прымяненнем пракансультуйцеся з урачом”… Абсалютна згодна з вамі наконт таго, што любы прэпарат павінен прызначаць доктар, паколькі ён ведае ўсё аб пабочных эфектах і эфектыўнасці прымянення. Усё ж такі ўрачы пастаянна павышаюць свой адукацыйны ўзровень, даведваюцца аб тым новым, што стала вядома ў свеце. Трэба давяраць прафесіяналам.

— Мінск, Алена. Урачы сцвярджаюць, што краіна вырабу вакцыны супраць грыпу не мае прынцыповага значэння. Маўляў, усе аднолькава эфектыўныя. Тым не менш, многія бацькі не пагаджаліся, наколькі я ведаю, вакцынаваць дзяцей прышчэпкай кітайскага паходжання. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

— Вакцынаваць дзяцей трэба, і гэта нават не абмяркоўваецца. Іншая справа, людзі схільныя давяраць фірмам, якія ўжо добра сябе зарэкамендавалі, тым, хто на рынку звыш 15-20 гадоў. А кітайская вакцына флюваксін з’явілася ў апошнія 2 гады. Адсюль і пэўны недавер. Аднак і цяпер магу сказаць, што кітайская вакцына пацвердзіла сваю бяспеку і эфектыўнасць. Проста людзі да ўсяго новага ставяцца з асцярожнасцю… Па сваім складзе гэтыя вакцыны, безумоўна, амаль ідэнтычныя.

Сітуацыя па тым, якія вірусы будуць цыркуляваць на планеце, пастаянна манітарыруецца, робяцца прагнозы, якія амаль заўсёды спраўджваюцца. На падставе гэтых высноў і вырабляюцца вакцыны… Ніякія непажаданыя ўскладненні, рэакцыі не назіраліся пры выкарыстанні вакцын кітайскага паходжання. Больш за тое, усе звесткі аб іх вартасцях працягваюць збірацца.

— Віцебская вобласць, Маргарыта Міхайлаўна. Дзіцяці — 6 гадоў, хварэе не часта. Аднак мы наведваем школу. Ці трэба нам прышчэплівацца штогод або рабіць гэта ў залежнасці ад таго, як часта мы, у прынцыпе, будзем хварэць на вірусныя інфекцыі?

— Калі дзіця пайшло ў школу, значыць, колькасць кантактаў з іншымі дзецьмі і дарослымі будзе вялікай. Не будзем забывацца і на стрэсавы фактар. У такой сітуацыі проста неабходна рабіць прышчэпку ад грыпу. Гэта дапаможа дзіцяці захаваць тыя імунныя сілы, якія ён назапасіў за лета.

— Гомель, Ірына. Ці будзе сёлета цыркуляваць разам з іншымі тыпамі грыпу каліфарнійскі грып H1N1? Па якіх прыкметах можна распазнаць яго з першага дня заражэння? Якія меры варта прыняць?

— У агульнай структуры гэты тып віруса будзе займаць значна меншую долю, чым тры-чатыры гады таму. Як правіла, грып H1N1 вызначаецца больш цяжкім працяканнем, моцнай ліхаманкай, асаблівай інтаксікацыяй, а значыць, і болямі. У такім стане наўрад ці можна абысціся без шпіталізацыі.

— Гэты тып віруса ёсць у складзе сёлетніх вакцын?

— Безумоўна. Яго ўключаюць ужо некалькі гадоў. Я хачу яшчэ раз нагадаць, што вакцына не засцерагае ад захворвання. Яна засцерагае ад таго, што калі грып “прыйдзе”, то пройдзе без ускладненняў. Грып сам па сабе не страшны, страшныя яго ўскладненні — напрыклад, тая ж пнеўманія, якая ўзнікае, калі далучаюцца стафілакокавыя, стрэптакокавыя бактэрыі. Акрамя таго, у пажылых людзей на трэція-пятыя суткі, калі нібыта справа пайшла да выздараўлення, могуць быць інфаркты міякарда.

— Слуцк, Мікалай. Яшчэ нашы бабулі гаварылі, што для падняцця імунітэту трэба ўзяць журавіны, яблык і грэцкі арэх, зрабіць сумесь і рэгулярна ўжываць. Ці праўда, што ад гэтага ёсць карысць імунітэту?

— Логіка тут, бясспрэчна, ёсць. Усё, што вы пералічылі, змяшчае вялікую колькасць карысных рэчываў. Той жа грэцкі арэх — крыніца вітаміну В, поліненасычаных тлушчаў. Адзінае, што трэба ўлічваць, — у яблыках аскарбінавая кіслата захоўваецца толькі на працягу шасці месяцаў пасля таго, як іх знялі з дрэва… Наогул ёсць розныя варыянты падобных сумесяў, і, у прынцыпе, усе яны маюць права на існаванне. З прафілактычнай мэтай можна ўжываць мёд у спалучэнні з цытрусавымі.

— Мінская вобласць, Ірына. Што можна сказаць аб такім прэпараце, як ІРС-19? Праўда, чамусьці ён знік з аптэчнай сеткі…

— Прэпарат ІРС-19 — добры, ужываць яго можна. Трэба толькі мець на ўвазе, што бясконца павышаць імунітэт нельга. Іншымі словамі, нармальны імунітэт не павысіш. Павышэнне датычыцца толькі тых сітуацый, калі ён зніжаны. Існуюць неспецыфічныя прэпараты, якія павышаюць супраціўляльнасць арганізма ў такіх сітуацыях. ІРС — якраз той прэпарат, які спрыяе выпрацоўцы абарончай слізі ў слізістай поласці носа.

Рот і насаглотка з’яўляюцца першым і самым важным бар’ерам на шляху спынення інфекцыі. Калі ў нас вільготнасць паветра складае 30-40 працэнтаў, наша слізістая перасыхае, абарончая слізь не выпрацоўваецца. Вось чаму зараз акцэнт робіцца на выкарыстанні прэпаратаў, якія ўвільгатняюць слізістую насавых хадоў. Ёсць і спецыяльнае абсталяванне, якое дапамагае рэгуляваць вільготнасць паветра падчас ацяпляльнага сезона.

Па якой прычыне ў аптэках адсутнічае ІРС-19, я не ведаю, але раю падумаць аб тым, што асноўным застаецца дасягненне ў памяшканнях вільготнасці не менш як 50 працэнтаў. Раю таксама ўвільгатняць слізістую носа з дапамогай шэрагу іншых прэпаратаў падобнага дзеяння.

— А як доўга трэба піць імунамадулятары накшталт арпетолу?

— Тыя, што прадаюцца без рэцэпта, як мінімум, не прынясуць ніякай шкоды. Яны, сапраўды, павышаюць здольнасць клетак процістаяць вірусам. Але прымаць іх працягла і нават вельмі працягла трэба людзям з сапраўды аслабленым імунітэтам, астатнім — толькі тады, калі ёсць праблема, а значыць, пэўным курсам. Не абавязкова самому спрабаваць зразумець, ці ёсць у вас праблема з імунітэтам. Важна, што ў чалавека з нармальнай імуннай сістэмай грып праходзіць за 5 дзён. Калі ж гэтага не адбылося, урач сам будзе вырашаць, што перашкодзіла ў канкрэтным выпадку выздаравець за такі час.

— Орша, Кацярына Аркадзьеўна. Я пенсіянерка, не працую. Дзеці з унукамі жывуць асобна. Наколькі я разумею, шансаў падхапіць грып у мяне не многа. Тым больш, я і не памятаю, калі ў мяне было такое захворванне. Хранічныя хваробы, вядома, ёсць — артэрыяльная гіпертэнзія, некалькі гадоў таму перанесла інфаркт міякарда. Мяне цікавіць, ці правільна я раблю, што не прышчэпліваюся?

— Існуюць паказанні да абавязковай вакцынацыі. Акрамя людзей з хранічнай паталогіяй і зніжаным імунітэтам, туды ўваходзяць і людзі пенсійнага ўзросту. Грып сам па сабе можа правакаваць інфаркт міякарда, паколькі гэты вірус адмоўна уздзейнічае на сасуды міякарда. Такім чынам, я б асабіста раіла вам прышчэплівацца. Не трэба баяцца гэтага працэсу. Усё роўна вы ходзіце ў магазін, кантактуеце з сябрамі, сваякамі. Рызыка захоўваецца.

— Магілёўская вобласць, Алена Віктараўна. Чытала, што вірусныя рэспіраторныя інфекцыі праходзяць літаральна за тыдзень. Калі ж гэтага не адбылося, значыць, далучылася бактэрыяльная інфекцыя. У такім выпадку прызначаюць антыбіётыкі. Аднак некаторым дзецям антыбіётыкі прызначаюць значна раней. У якіх выпадках гэта робіцца? Як наогул не дапусціць далучэння бактэрыяльнага ўскладнення?

— Любую вірусную інфекцыю, як і грып, трэба вылежаць. Неабходна даць сабе адпачынак як мінімум на 3-5 дзён. Для грыпу гэта адназначна 5 дзён. Калі ж не вылежаў, значыць, чакай ускладненняў і, жартоўна кажучы, не здзіўляйся, што памёр. Мы можам не вытрымліваць ніякія рэкамендацыі ўрачоў, але мы павінны ўсведамляць ступень небяспекі.

Грып выклікае мацнейшае зніжэнне імунітэту, і таму цесным чынам ён звязаны з ускладненнямі. У тым ліку з далучэннем бактэрыяльнай інфекцыі. У яе з’яўляецца больш шанцаў, каб праявіць сябе. Для кожнага ўзросту існуе свой час, які неабходна “адтэмпературыць”. Для малых дзяцей — да 3 дзён, для дарослых — да 5. Калі ж ліхаманкавы стан зацягваецца, доктар павінен высветліць, з чым гэта звязана. Адна справа, калі хвароба мае цяжкую форму, і іншая — калі далучылася захворванне бактэрыяльнага паходжання, калі патрабуецца спецыяльнае лячэнне антыбіётыкамі. Без доктара ў такіх выпадках адназначна не абысціся.

— Мінск, Вольга. Зараз вельмі актыўна прапагандуюцца і рэкламуюцца так званыя імунамадулятары. Каму іх трэба прымаць? У якой колькасці? Калі пачынаць?

— Нягледзячы на рэкламу, усе таблеткі прапісвае доктар з улікам вашай хранічнай паталогіі, станам імунітэту. Таму гаварыць аб самастойным прыёме гэтых сродкаў немагчыма. У лепшым выпадку вы проста выкінеце грошы на вецер. Наогул кожны ўрач ведае, што рызыка ад любога лячэння не павінна быць вышэй за само захворванне. А самалячэнне — заўсёды рызыка. Рэкамендаваць усім і кожнаму можна, напэўна, яблыкі, лімоны, і тое ў абмежаванай колькасці… Прымяненне імунамадулятараў нават з прафілактычнай мэтай павінен распісаць урач. Калі прапісаную схему не вытрымліваць, гэта адпаведна таму, каб прыкласці гэтыя таблеткі да галавы. Правілы тут жорсткія. За мяжой такіх прэпаратаў адзінкі, і іх прызначаюць толькі ў пэўных сітуацыях, а не для шырокага выкарыстання ў час узняцця эпідэміі.

— Мінская вобласць, Ангеліна. Раскажыце, калі ласка, як правільна лячыць насмарк і кашаль? Што б вы рэкамендавалі з народных сродкаў?

— Тут мае значэнне ўзрост. У малога дзіцяці заўсёды пры насмарку ёсць небяспека запалення вуха і развіцця бранхіту. Таму вам трэба кантактаваць з педыятрам, каб той прызначыў спецыяльныя кроплі, якія будуць хутчэй купіраваць і вылечваць насмарк. У дарослага насмарк можна лячыць з дапамогай прамывання носу саляным растворам — ён павінен быць вельмі ашчадным, капаць трэба 2-3 разы ў дзень. Варта праводзіць і дэзынтаксікацыю, каб дапамагаць арганізму пазбаўляцца ад таксінаў. Журавіны, брусніцы добра стымулююць мочааддзяленне.

Адыходу макроты будзе спрыяць цёплае малако з содай, чорная рэдзька з мёдам, проста цёплы чай. Трахея знаходзіцца блізка да страваводу, і таму будзе станоўчы эфект. Акрамя таго, такім лячэннем нікому нельга нашкодзіць. Прэпараты ж ад кашлю прызначае толькі доктар, паколькі яны валодаюць розным дзеяннем і не ўсе будуць працаваць у першыя суткі. Ёсць цукровыя сіропы для дзяцей, якія нібыта цалкам бяспечныя і могуць набывацца без рэцэпта. Але нават па іх прымяненні трэба кансультавацца з доктарам, паколькі адна трава — трыпутнік — валодае супрацьзапаленчым дзеяннем, другая — чабор — можа выклікаць рвоту і г.д.

— Віцебск, Алена. Дзяўчынцы 4 гады. Урачы мяркуюць, што ў яе вузкія насавыя праходы, адэноіды 1-2 ступені, алергічныя рэакцыі. 5-6 разоў на год (і працягла) хварэе на рынасінусіты, трахеіты, фарэнгіты, бранхіты. Тэрапія: прамыванні салінам, фізіятэрапія, інгаляцыі з дыяксідзінам, бератэкам, шчолачныя. Прымяняліся ізафрасінупрэд, складаныя кроплі, парлазін, фліксанадэ, антыбіётыкі. Зняць ацёк слізістай пакуль не ўдаецца. Ляжым у раённай бальніцы… Што нам рабіць?

— Вам неабходна прыехаць на кансультацыю ў прафесарска-кансультатыўны цэнтр Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, які размяшчаецца на базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння ў Мінску. Тэлефон рэгістратуры: 8 (017) 265 06 25. Неабходна параіцца з урачом-інфекцыяністам або педыятрам. Вазьміце, калі ласка, выпіску аб вашых ранейшых даследаваннях і прыязджайце з дзіцем.

Святлана БАРЫСЕНКА, Звязда

Последние новости

КУЛЬТУРА

«Славянский базар в Витебске»: что в программе международного фестиваля искусств

26 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Быхове горел дом

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошла межотраслевая профсоюзная спортландия, посвященная 120-летию профсоюзного движения. ФОТО

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быхове состоялся митинг-реквием «Чернобыльский набат»

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

История Евгения Кривулькина, работавшего в опасной зоне Чернобыля

26 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Что делать, если ваш дом затапливает

26 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Члены Совета Республики проведут единый день приема граждан в Гомельской области

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

26 апреля – день трагедии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
СПОРТ

Бокий выиграл третье золото на чемпионате Европы по параплаванию

26 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Быхове горел дом

26 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошла межотраслевая профсоюзная спортландия, посвященная 120-летию профсоюзного движения. ФОТО

26 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Прямую телефонную линию проведет 20 апреля заместитель председателя Быховского райисполкома Александр Желобкевич

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане принимают участие в Международном форуме «Традиционная культура как стратегический ресурс устойчивого развития общества»

18 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

История Евгения Кривулькина, работавшего в опасной зоне Чернобыля

26 апреля 2024