Праекты — рухавік для развіцця

Праекты — рухавік для развіцця…
Аляксандра Міхеенка пра работу з людзьмі ў чарнобыльскіх раёнах
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Міхеенка з’яўляецца народнай выбранніцай ад Быхаўскай выбарчай акругі № 81. Акруга аб’ядноўвае чатыры раёны — акрамя Быхаўскага: Касцюковіцкі, Краснапольскі і Слаўгарадскі. Раёны складаныя, усе моцна пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, тры з іх, акрамя Быхаўскага, уваходзяць у склад паўднёва-ўсходняга рэгіёна, дзе дзейнічае асобная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Але для Аляксандры Міхеенка гэта работа знаёмая, пра жыццё ў гэтых раёнах яна ведае не з нечых слоў. Парламентарыем яна стала пасля пасады старшыні Касцюковіцкага райвыканкама.
Крамы на колах
— Больш за тое, я сама родам з Касцюковіч, ведаю, як жывецца ў маленькіх населеных пунктах, — удакладняе Аляксандра Мікалаеўна. — Калі працую ў рэгіёне, звяртаю ўвагу на значныя для насельніцтва моманты. Пытанні абслугоўвання на сяле заўсёды былі актуальныя. Напрыклад, гэтым разам маніторыла работу аўтакрам. Радуе, што негатыву ад людзей на работу гандлёвых аб’ектаў ад райспажыўкааперацыі няма. Для эканомікі сёння спажыўкааперацыя — наогул выратаванне. Калі ў населеным пункце, умоўна кажучы, жыве 100 чалавек, яшчэ мэтазгодна ўтрымліваць краму з нейкім скарочаным рэжымам работы. А дзе людзей меней, ніякага сэнсу няма. Ды і з прадаўцамі на сяле праблема, таму людзі з разуменнем ставяцца да крам на колах.
Дэпутат азнаёмілася з работай аўтакрам у Касцюковіцкім раёне. Наведала Смолькі, Фралоўку, размаўляла і з прадаўцамі, і з жыхарамі. Ацаніла асартымент аўталавак і пераканалася, што ён годны. Асабліва спадабалася новая аўталаўка — такія сёння набывае спажыўкааперацыя. Там усё сучаснае: вялікія халадзільныя куфры, прасторныя вітрыны.
— У Касцюковіцкім раёне людзі апошнім часам сталі вельмі станоўча адгукацца аб рабоце гэтага гандлёвага аператара, — заўважыла дэпутат. — Нядаўна тут змяніўся старшыня арганізацыі, адчуваецца, што працуе сумленна. Ажывіўся асартымент, пакупнікі задаволены, прадаўцы не ў крыўдзе.
Тэма народнага адзінства
Парламентарыі працуюць у сваіх акругах тыдзень у месяц, і работа гэта розная: прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам, наведванне арганізацый і прадпрыемстваў. У верасні працаваць давялося якраз напярэдадні Дня народнага адзінства. І Аляксандра Міхеенка арганізавала круглы стол, каб пагутарыць з насельніцтвам на гэту і іншыя тэмы. У якасці спікера запрасіла калегу, старшыню Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча.
— Сустрэча прайшла пазітыўна, вельмі эмацыянальна, — дзеліцца яна ўражаннямі. — Прыйшлі вучні старшых класаў, навучэнцы ліцэя, працоўная моладзь, маладыя спецыялісты, якія прыехалі ў раён, ідэолагі, работнікі прадпрыемства. Сёння ў людзей ёсць запыт на такія жывыя зносіны з дэпутатамі ўсіх узроўняў. Яны жадаюць чуць адказы на свае пытанні з першакрыніц. Хочуць ведаць пра сітуацыю ў краіне і тую, што складваецца за яе межамі. Вядома, усе занепакоены бразганнем зброі каля нашых граніц. Асабліва пасля выпадку з украінскімі дронамі на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна. Сёння на інтэрнэт-рэсурсах можна знайсці што заўгодна. Нехта спрабуе нас запужваць, лье бруд на нашу краіну і Расію, на Саюзную дзяржаву, на беларускую палітыку. Таму запыт на прамыя стасункі вялікі і ў сталага пакалення, і ў моладзі. На перспектыву мы і далей будзем ладзіць такія сустрэчы.
Настаўнікі дзеляцца набалелым
Асноўныя праблемы педагогаў былі разгледжаныя на Рэспубліканскім педагагічным савеце з удзелам Прэзідэнта. Падчас работы ў акрузе Аляксандра Міхеенка сустрэлася з настаўнікамі, каб даведацца, што іх хвалюе.
— Настаўнікі кажуць, што сёння перагружаны работай, — рэзюмуе яна. — Ёсць праблемы з вялікім дакументаабаротам. Але першачарговая задача настаўніка — даць веды. У Быхаўскім раёне сустракалася з дырэктарамі школ, кіраўнікамі ваенна-патрыятычных клубаў. Тэма мне вельмі блізкая. Два гады таму ў Касцюковіцкім раёне быў арганізаваны сумесна з міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Іванам Кубраковым ваенна-патрыятычны клуб «Зубр». Сёння мы назіраем станоўчыя вынікі яго дзейнасці. Гэтыя дзеці — лідары ў сваіх калектывах, карыстаюцца аўтарытэтам у аднагодкаў. У Быхаве таксама дзейнічаюць два ваенна-патрыятычныя клубы. Я прапанавала ў кастрычніку правесці спаборніцтва сярод усіх такіх клубаў Быхаўскай выбарчай акругі. Зробім віктарыну на веданне гісторыі, дадзім магчымасць юным знаўцам паказаць сябе. Ды і кіраўнікам ваенна-патрыятычных клубаў таксама ёсць чым падзяліцца, расказаць пра вопыт работы.
На першым месцы — бытавыя праблемы
Ніводная паездка дэпутата ў рэгіён не абыходзіцца без прыёму грамадзян. На першым месцы сярод пытанняў, якія хвалююць людзей, — жыллёва-камунальныя праблемы, рамонт дарог і дваровых тэрыторый.
— Гэтыя пытанні вядомыя нам і паступова здымаюцца, — кажа дэпутат. — Людзі часам не зусім аб’ектыўна ацэньваюць сітуацыю. Хочуць, каб усё было зроблена тут і цяпер. Даводзіцца тлумачыць, што патрэбна планамерная работа. Не бывае так, што звярнуўся — і адразу ж усё вырашылася. Патрэбны час. Калі пытанне гарачае і яго нельга адкласці, мясцовыя ўлады робяць усё, каб яго зняць. Ніхто ні ад кога не адмахваецца, наадварот, трымаюць на кантролі.
Вельмі шмат прыходзіць зваротаў на электронны адрас. Камусьці хочацца проста патэлефанаваць дэпутату і пагутарыць. Размаўляю з людзьмі, нешта тлумачу або бяру каардынаты, каб пракансультавацца з экспертамі, пасля даю тлумачэнні. Дэпутат павінен быць даступным для ўсіх: ён — народны чалавек. Я і раней была даступным кіраўніком, мне было цікава пачуць, што думаюць людзі, якія бачаць недахопы. Магчыма, не ўсе пытанні атрымліваецца вырашыць па тэлефоне, таму бяру на кантроль, паглыблена вывучаю. Напрыклад, людзі звярнуліся ў мой тэлеграм-канал па дарогах. Запрасілі, калі буду ў акрузе, пад’ехаць да іх. І я прыязджала, глядзела. Паставілі гэтыя вуліцы на кантроль, вывучаем абстаноўку.
Эканоміка — гэта наш дабрабыт
— Я працую ў Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, яна спецыфічная, — расказвае Аляксандра Міхеенка. — Праз нас праходзяць самыя розныя законапраекты, таму што ўсё завязана на грашах. І мы аналізуем гэтыя дакументы. Ёсць даручэнне Прэзідэнта прапрацаваць пытанне па наданні дадатковых паўнамоцтваў кіраўнікам райвыканкамаў. Як сказаў Прэзідэнт на адным з кадравых дзён, старшыня райвыканкама — гэта прэзідэнт на сваёй тэрыторыі. Пераглядаюцца заканадаўчыя акты, вывучаюцца магчымыя змяненні.
На раёнах трэба больш актыўна працаваць над пошукамі дзейсных інвестпраектаў па схеме «Адзін раён — адзін праект». Той праект, які працуе ў Касцюковіцкім раёне, пачынаўся яшчэ пры мне. Гэта вытворчасць вырабаў з тонкаліставога металу. Яго рэалізуе прыватны інвестар, якому мы прадалі аб’ект за базавую велічыню. Там ужо зроблена шмат чаго, укладзена болей чым 200 тысяч еўра. Я пастаянна кантралюю гэты аб’ект. Шмат працоўных месцаў не будзе, навейшая вытворчасць не падразумявае вялікую працоўную сілу, але ж гэта нашы падаткі. А добрая база бюджэту — гэта падтрымка сацыяльнай сферы. Вось набылі для раённай бальніцы новы апарат КТ, а гэта болей чым мільён беларускіх рублёў. Таму «Адзін раён — адзін праект» — вельмі важны рухавік для развіцця нашых раёнаў. Эканоміку сёння можна адсачыць па бюджэце. Калі мы бачым, што дарогі будуюцца, мадэрнізуюцца бальніцы, узводзяцца школы, гэта значыць, эканоміка працуе добра. Яна як лакмусавая паперка. Эканоміка паляпшаецца, умацоўваецца бюджэт. Выпрабаванні заходнімі санкцыямі зрабілі нас больш моцнымі. Той жа Беларускі цэментны завод працуе з колаў, як і практычна ўсе быхаўскія прадпрыемствы. Унутраны рынак увесь у іх распараджэнні.
Фота з архіва Аляксандры МІХЕЕНКІ