Пісьменнікі-землякі прыехалі на Быхаўшчыну на літаратурна-музыкальную вечарыну, прысвечаную Году малой радзімы

Ён увайшоў у залу кінатэатра “Родина” такі ж, як і быў некалькі год назад пры нашай апошняй сустрэчы. Энергічны, усмешлівы, добразычлівы. Такім я запомніла Сяргея Украінку яшчэ ў студэнцкія гады і вельмі ганаруся даўнім з ім знаёмствам.
Пісьменнікі-землякі Сяргей Украінка, Алесь Казека, Уладзімір Ясеў прыехалі на Быхаўшчыну на літаратурна-музыкальную вечарыну, прысвечаную Году малой радзімы. Ужо тут да іх кампаніі далучыўся калега па пяры Мікалай Леўчанка.
Сустрэлі дарагіх гасцей, як і пакладзена, вялікім прыгожым караваем. Дарэчы, паслухаць знакамітых аўтараў сабралася поўная зала.
Алесь Казека піша на рускай і беларускай мовах. За яго творчую біяграфію пабачылі свет зборнікі паэзіі “Души моей родник”, “Мелодия надежды”, “Единственный друг”, “Час сяўбы”, “Перекрестки судеб”, паэмы “Медуніца” і “Марыйка”.
Сяргей Украінка друкавацца пачаў з 1977 года. Яго творы змяшчаліся ў шматлікіх перыядычных выданнях і калектыўных зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый. Аўтар зборнікаў “Маё Купела”, “Белый аист, черное перо”, “9 гранаў”.
Уладзімір Ясеў аўтар больш сотні навуковых і навукова-метадычных публікацый, кандыдат палітычных навук, дацэнт, аўтар зборнікаў “Паловы дыні”, “Времяворот”.
Мікалай Леўчанка сапраўдны летапісец Быхаўшчыны, аўтар дакументальна-публіцыстычных кніг “Зеленое золото”, “Уроки мужества”, “Непраходзячы боль”, зборнікаў паэзіі і прозы “Пад знакам зялёнай ружы”, “Шчырасць”, “Вяртанне”.
Пісьменнікі чыталі свае першыя і самыя дарагія сэрцу радкі. Успаміналі дзяцінства і родныя мясціны, дзе нарадзіліся. Казалі пра тое, што цёплыя пачуцці да малой радзімы на працягу ўсяго творчага шляха натхняюць, абуджаюць пачуцці, якія потым выліваюцца ў сардэчныя вершы.
Сустрэча завершылася фотаздымкам на памяць. Спадзяёмся, не прыйдзецца даволі доўга бачыць пісьменнікаў-землякоў толькі на фота. Мабыць, не заставяць нас доўга чакаць і зноў наведаюць сваю малую радзіму.
Кацярына ЧЫГІРАВА.