Навіны Быхаўшчыны адным абзацам
У Магілёўскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў падвялі вынікі конкурсу на лепшае асвятленне сродкамі масавай інфармацыі жыцця і дзейнасці прафсаюзных арганізацый, гісторыі прафсаюзнага руху Магілёўшчыны. Пераможцы ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі. Лепшым аўтарам-аматарам па асвятленні дзейнасці першасных прафсаюзных арганізацый прызнана старшыня Быхаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Прыбарэц. Віншуем!
САЛЮТ, ПІЯНЕРЫЯ!
У Беларусі адзначылі Дзень піянерыі. У гэтым годзе піянерская арганізацыя справіла 95-ю гадавіну. Урачыста прайшоў злёт дружын “Салют, піянерыя!” на Быхаўшчыне. У раённым цэнтры дзіцячай творчасці сабраліся акцябраты і піянеры з усяго раёна – лепшыя амаль з 3000 юных актывістаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі расказалі аб сваіх паўсядзённых справах, падвялі вынікі працы. Ярка і займальна выступілі агітбрыгады. Самым актыўным граматы ўручыла старшыня раённага савета ветэранаў Марына Андрэеўна Кравец.
ЯКАСНАЯ КОЛЬКАСЦЬ
У Магілёве завяршыўся чэмпіянат па міні-футболе сезона 2016-2017 гг., у другой лізе якога каманда “Райпо Быхаў” заняла восьмае месца з 14. Для дэбюта пасля доўгага перапынку вынік неблагі. Лепшым быхаўскім бамбардзірам стаў Арцём Ларчанка. Ён забіў 34 мячы ў вароты сапернікаў. Ужо ў жніўні мясцовыя спартсмены пачнуць узмоцнена «ганяць мяч», каб годна выступіць на спаборніцтвах новага сезона.