Быхаўскія ветэраны наведалі Слаўгарад

Плённа працуе Быхаўскі раённы савет ветэранаў, які ўзначальвае кавалер ордэна Пашаны, ганаровы грамадзянін нашага раёна Марына Андрэеўна Кравец. Ён не абмяжоўваецца мерапрыемствамі толькі ў сваім, няхай сабе і вялікім раёне, а мае цесныя стасункі з суседзямі, прычым не толькі Магілёўшчыны. Быхаўчане ўжо ездзілі абменьвацца вопытам у Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці, яны — да нас, прыязджалі таксама ветэраны з Касцюковічаў, а днямі такая дзелавая паездка быхаўчан адбылася ў Слаўгарадскі раён.
Гасцінныя слаўгарадчане сустрэлі сваіх калег з хлебам-соллю, іх сардэчна вітаў на сваёй багатай рознымі гістарычнымі падзеямі зямлі старшыня тамашняга раённага савета ветэранаў Анатоль Аляксандравіч Мартынаў, а затым навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея Андрэй Кавалёў правёў аглядавую экскурсію па горадзе. Падчас яе наш ветэранскі актыў усклаў кветкі, гірлянду да помнікаў загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам, воінам-вызваліцелям Слаўгарадчыны, якія склалі свае галовы ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў грозным 1943 годзе, наведалі мемарыяльны помнік вёскам, нацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў красавіку 1986 года, філіял холдынгу “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкін гарлачык”.
У кінатэатра “Радзіма”, каля якога прыцягнуў увагу сваёю дагледжанасцю, прыгожымі кветкамі, атракцыёнамі дзіцячы сквер, адбылося падвядзене вынікаў семінара-экскурсіі. Але перад пачаткам паседжання госці мелі магчымасць азнаёміцца з выставаю кніг, брашур, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, выставаю вырабаў народных умельцаў ад Лапаціцкага СДК.
Затым кіраўнік Слаўгарадскай раённай арганізацыі ветэранаў Анатоль Аляксандравіч Мартынаў выступіў па тэме мерапрыемства “Актуальныя пытанні жыццядзейнасці ветэранаў вайны і працы”. А ва ўзначальваемую ім арганізацыю ўваходзяць 3400 ветэранаў. Пенсіянераў жа ў раёне налічваецца недзе 4500 чалавек, а пярвічных арганізацый — 25. Аб іхняй дзейнасці, дзейнасці раённага савета ветэранаў, праблемах, якія даводзіцца вырашаць і вёў гамонку іх галоўны ветэра. Праблемы, пытанні прыкладна тыя, што і ў нас, арганізацыя вольнага часу пажылых людзей — таксама.
Як мы і чакалі, стрыжнем выступлення былі мерапрыемствы, сустрэчы, паездкі, акцыі, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення Беларусі і 70-годдзю Перамогі савецкага народа над гітлераўскай Германіяй.
На гэтым акцэнтавала ўвагу прысутных падчас свайго выступлення і Марына Анрэеўна Кравец, асабліва падкрэсліваючы вялікую зробленую работу сумесна з цэнтральнай раённай бібліятэкай, з раённай арганізацыяй “Беларускі саюз афіцэраў”, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Быхаўскага райвыканкама на чале з Раманам Мельнікавым, які сядзеў разам з ветэранамі. Дастаткова было з гэтай нагоды ўспомніць маштабную акцыю “Вайна. Перамога. Памяць”.
Патрыятычнае выхаванне наладжана нават у дзіцячых садках. У гэтым суседзі пераканаліся, калі паглядзелі відэафільм аб сустрэчы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Іванаввіча Данілкіна і самой Марыны Андрэеўны Кравец з дзецьмі ў адным з быхаўскіх дзіцячых садкоў.
Закончылася цікавае, карыснае мерапрыемства наведваннем знакамітага помніка прыроды рэспубліканскага значэння “Блакітная крыніца”.