Бацькаў подзвіг Мікалая Церашкова

Бацькаў подзвіг Мікалая Церашкова

У кожнага з нас самы дарагі чалавек — маці. Ёй мы ўдзячны за тое, што дала жыццё, расціла, недасыпаючы шмат начэй, перажывала, калі нешта не ладзілася, заўсёды, чым магла, дапамагала. І любім так, як некалі ў дзяцінстве, хаця даўно маем сваіх дзяцей, якія сталі дарослымі. А маці… Маці ўжо састарыліся. Цяпер наша чарга дапамагаць ім. І ўдзячныя дзеці гэта ахвотна робяць. Але героем майго аповяду зараз стане не маці, а бацька. Бацька, які ў цяжкую для сям’і хвіліну не кінуў сваіх родных дзяцей, што ў наш супярэчлівы час не так рэдка, на вялікі жаль, і бывае, а ў сваёй асобе сумясціў на ўсё жыццё яшчэ і мацярынскія абавязкі. Прычым не ў гарадской кватэры з усімі камунальнымі зручнасцямі. Ён расціў васьмёра дзяцей у звычайнай сялянскай хаце, дзе ўсе выгоды — на вуліцы. І расціў так, што малыя заўсёды хадзілі сытыя, годна апранутыя, наведвалі школу.

IMG_3205

Жыхару вёскі Дунаёк Мікалаю Церашкову давалася гэта ой як цяжка, але ён ніколі нікому не скардзіўся, працаваў да сёмага поту не толькі на ўласным падворку, а і ў калектыўнай гаспадарцы.
Сям’я Церашковых жыла шчасліва. Першаю на свет з’явілася дачушка Леначка. Як ёй радаваліся бацькі! Маці — асабліва, з надзеяю на тое, што з цягам часу будзе ў яе памочніца па гаспадарцы. Бацька ж у думках, вядома, як і ўсе мужчыны, хацеў сына. Але калі Усявышні паслаў дачку, значыць так трэба, няхай расце здароваю, прыгожаю, шчасліваю. А сын… Сын будзе пазней. Маладыя ж яшчэ.

Так яно потым і было. Нарадзіўся сын Мікола. Радасці ў хаце стала яшчэ болей. Звычайна бацькі, займеўшыя дваіх дзетак, тым болей дзяўчынку і хлопчыка, гэтым і абмяжоўваюцца, каб не мець вялікіх клопатаў. Бывае, захочуць сабе на ўцеху і трэцяе дзіця. Ды гэта ўжо рэдка.
Церашковы ж вельмі кахалі адзін аднаго, а ў выніку вялікага кахання з’яўляюцца дзеці. Так сталася і ў іх. Услед за Міколкам у розныя гады нарадзіліся Сяргей, Валера, Юра, Васіль, Саша. Тут ужо бацька лічыў сябе самым шчаслівым чалавекам. Сыны раслі рухавымі, працавітымі, пад наглядам не толькі маці, а і старэйшай Алены. Былі паслухмянымі, ахвотна рабілі ўсе справы на падворку, збіралі ў летні час грыбы, ягады, нарыхтоўвалі сена. Як кажуць у такім выпадку, рабілі ўсё талакою. Ды так, што многія вяскоўцы зайздросцілі ім. І было ад чаго, паколькі не хапала рабочых рук. Церашковы ж такога дэфіцыту не адчувалі.

Апошняю ў іх нарадзілася дачка Наташа. Гэта быў 1995 год. Калі дзяўчынцы ішоў другі год, маці цяжка захварэла, а неўзабаве яе не стала. Гора прыйшло ў іх хату, вельмі вялікае гора. Кожны адчуў страшэнны ўдар лёсу, і толькі самая меншая Наташа нічога не разумела. Яна ўсвядоміць незапаўняльную страту пазней, калі адчуе патрэбу ў матчынай ласцы, матчынай падтрымцы. Тады ж старэйшыя з надзеяй глядзелі на бацьку, які не мог стрымліваць слёз, не ведаў яшчэ, як жыць далей. Па вялікай жа вёсцы пайшлі самыя розныя чуткі, часам і плёткі. Маўляў, зап’е мужык, загуляе, пачне здаваць адзін за другім дзяцей у інтэрнат, каб наладзіць сваё далейшае асабістае жыццё. Не застанецца ж адзін, жанчын у вёсцы хапае. І яны мелі рацыю, жанчын сапраўды хапала. Толькі не такіх, якія змаглі б палюбіць яго дзяцей. Пра сябе нават не думаў.

—Былі такія, каторыя прыходзілі да мяне самі, прапануючы разам жыць, але я не згаджаўся, — успамінае Мікалай Міхайлавіч. — Не згаджаўся таму, што ведаў, нутром адчуваў: не заменяць яны маім дзецям маці. Жонку, можа, у нейкай меры і змогуць, маці ж — не! А гэта — галоўнае. Таму не стаў цешыць сябе надзеямі, цвёрда вырашыў заставацца для сваіх дзетак самым дарагім чалавекам, быць для іх і бацькам, і маці. А наколькі мне гэта ўдалося, меркаваць ім.

На мой погляд удалося не толькі раней, удаецца і зараз. Старэйшая дачка Алена сама ўжо маці дваіх дзяцей, працуе ў мясцовай сярэдняй школе, жыве асобна. Сыны ж усе жывуць разам з бацькам. Раней яны скончылі прафесійна-тэхнічнае вучылішча будаўнікоў у горадзе Магілёве, валодаюць сумежнымі спецыяльнасцямі, ды жыць у горадзе не захацелі, вярнуліся дамоў. А паколькі побач работы няма, час ад часу ездзяць на заробкі ў Падмаскоўе, будуюць расіянам жыллё.

Нядаўна прыехала да бацькі з абласнога цэнтра самая малодшая дачка Наталля, бо знаходзіцца ў дыкрэтным водпуску. Яна цяперака гаспадарыць у хаце, на падворку, гатуе бацьку, братам ежу, якія не сядзяць без справы.

Бацька ўсё жыццё пасьвіць буйную рагатую жывёлу. Раней, калі існаваў саўгас, а потым калгас “Кіпячы”, то рабіў гэта ў калектыўнай гаспадарцы. Калі ж не стала і яе, пачаў дапамагаць ААТ “Валадарскі”. Летась даглядаў статак у 500 галоў, сёлета ён напалавіну меней. А меней жывёлы, меней і заробак, бо меней клопатаў. Пасьвіць цёлак Мікалай Міхайлавіч не адзін. Сёлета яму дапамагае сын Валера. Своеасаблівы сямейны падрад, можна сказаць.

—Сваю гаспадарку таксама маеце? —цікаўлюся ў Церашкова-старэйшага.

—А як жа, трымаю і трымаю ўвесь час, — кажа гаспадар, — бо без яе не вырасціў бы дзяцей, не меў бы таго, што маю зараз. Яно і ў магазіне ўсё можна купіць, але сённяшнія цэны на прадукты харчавання і нашы заробкі не ўпісваюцца ў жыццёвую рэальнасць. Дакладней будзе сказаць, яны несувымяральныя. А жыць жа трэба. Вось і трымаю ў хлеве два дзесяткі курэй, столькі ж трусцоў, каня, карову. Куры і трусы — гэта яйкі і дыетычнае мяса. Карова дае малако, з якога можна зрабіць тварог, смятану, масла. Піць сырадой карысна таксама. А з дапамогаю каня апрацоўваю 20 сотак прысядзібнага ўчастка, на якім вырошчваем бульбу, езджу на працу, у лес, калі трэба. Свіней не гадую вось ужо два гады. Збыў і другую карову.

—Чаму так, кармоў не хапае?

—Кармоў хапае, асабліва травы, сена. Мука дарагая. За мех аддаваў160 тысяч рублёў. А гэта ўжо занадта. Ды і прадукцыі столькі, як раней, нашай вялікай сям’і больш не патрэбена. Здароўе таксама не тое, праз год мне на пенсію. Буду займацца толькі гаспадаркаю дома, пасьвіць жывёлу перастану. Хопіць бегаць за ёю, набегаўся за многія гады.

Карэнны вясковец распавядае аб сваім лёсе, аб тым, што зборна-шчытавы дом, абкладзены белаю цэглаю, яму выдзеліў у маладосці былы дырэктар саўгаса “Кіпячы” Аляксей Кандратавіч Краўчанка. Падчас ягонага кіраўніцтва ў вёсцы шмат будавалі жылля. І гэта шырокая, доўгая вуліца ўсцяж лесу, на якой жыве мой суразмоўца, — плён руплівай працы тагачаснага дырэктара, будаўнікоў.

У сям’і Церашковых ёсць стары легкавы аўтамабіль, яшчэ старэйшы за яго матацыкл, які набыў сабе яшчэ тады, калі нарадзілі Алену ці, можа, крыху пазней. Алене ж хутка споўніцца 30 гадоў. Столькі бегае і гэты двухколавы памочнік, зроблены на Мінскім мотавелазаводзе ў савецкія часы.
Мікалай Церашкоў-старэйшы чалавек не гаманкі. Ён прывык болей рабіць, чым размаўляць, паколькі ведае:салавей песнямі сыты не бывае. Чалавек, між іншым, таксама. Добра спяваецца тады, калі добра жывецца, ёсць вольны час. У Мікалая Міхайлавіча такой раскошы няма, бо няма ў яго родзічаў, як у іншых людзей, якія маглі б дапамагчы, калі ўзнікае патрэба. Таму даўно прывык разлічваць толькі на сябе і сваю сям’ю, якую змог стварыць і згуртаваць сабе на радасць.

Мікола КОЛСАЎ

Последние новости

ГЛАВНОЕ

Акция «Час Земли» пройдет 30 марта

28 марта 2024
ПРЕЗИДЕНТ

Лукашенко: экономика Беларуси справляется в условиях давления со стороны недружественных государств

28 марта 2024
ОБЩЕСТВО

ЦИК Беларуси зарегистрировал 56 кандидатов в члены Совета Республики

28 марта 2024
ГЛАВНОЕ

Замена убыточных стационарных магазинов на селе автолавками продолжается в Беларуси

28 марта 2024
ЭКОНОМИКА

Ранние яровые зерновые и зернобобовые в Беларуси посеяны почти на 23% площадей

28 марта 2024
КАЛЕЙДОСКОП

65 киви за минуту: что американец сделал с фруктами, чтобы попасть в Книгу рекордов Гиннесса

27 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Коклюш: что за болезнь и чем она опасна

27 марта 2024
ТЕХНОЛОГИИ

В Беларуси специалистов по захоронению радиоактивных отходов будут готовить при содействии «Росатома»

27 марта 2024
ЭКОНОМИКА

В Беларуси повышают размер суточных при командировках

27 марта 2024
В МИРЕ

Число пострадавших при теракте в “Крокус Сити Холле” увеличилось до 360

27 марта 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Быховские правоохранители в течение суток раскрыли уголовное преступление

25 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Как в условиях модернизации Быховской ЦРБ оказывается медицинская помощь жителям района

25 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быхове чествовали лучших работников коммунальной сферы

21 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быховском районе горела баня

26 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине состоялось очередное заседание комиссии по содействию занятости населения райисполкома

20 марта 2024
КУЛЬТУРА

Быхаўчан запрашаюць на тыдзень традыцыйнага мастацтва

21 марта 2024
ГЛАВНОЕ

Сергей Антонов, известный быховчанам своими писаниной и видосиками на экстремистских каналах, подался в бега

20 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

О мерах предосторожности в паводковый период

15 марта 2024