У Беларусі пошукавая справа пастаўлена на дзяржаўную аснову

Ушанаванне памяці пра загінулых пры абароне Айчыны, як і захаванне памяці пра ахвяраў войнаў у Беларусі — гэта важная дзяржаўная справа.

У балоце пад Магілёвам пошукавікі нядаўна знайшлі збіты савецкі самалёт. Яго экіпаж меў заданне ў 1943-м бамбіць вакзал у Мінску, нанесці ўрон ворагу на чыгунцы. Калі вывучылі парэшткі самалёта, удалося лепш зразумець, што адбылося ў той час, сталі вядомыя імёны загінулых членаў экіпажа, якія лічыліся прапалымі без вестак.

f28cd3ec667777bcad0085aa528db30a

У Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічалі мільёны людзей, велізарнымі былі страты. Хто прапаў без вестак, той нібы выпаў з сілавога поля людской памяці, яго з пэўнасцю не аднясеш ні да мёртвых, ні да жывых. А пры тым кожны салдат меў сваё імя, жыццё, сям’ю. Мы ведаем, як маці, родныя доўга чакалі, а часам і працягваюць чакаць сыноў з фронту. Пажоўклыя трохкутнікі з такой фармулёўкай па гэты час ёсць у многіх беларускіх сем’ях. І хоць усё глыбей пад пластамі часу грозныя гады, але памяць народная жыве. Мы памятаем пра герояў, ведаем іх імёны. Ганарымся імі. Памятаем і страшную цану Перамогі: мільёны забітых, загінулых ад бамбёжак, закатаваных у палоне і — зніклых без вестак…

Кажуць, вайна заканчаецца толькі тады, калі будзе пахаваны апошні загінулы на ёй салдат. Для Беларусі гэтыя словы маюць асаблівы сэнс. Паводле розных крыніц, толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны людскія страты на тэрыторыі Беларусі (без уліку тых, хто не вярнуўся з прымусовых работ з Германіі) склалі больш за 3 мільёны чалавек. Акрамя таго, з франтоў Вялікай Айчыннай не вярнулася больш за 330 тысяч грамадзян, прызваных беларускімі ваенкаматамі ў Чырвоную Армію. Тысячы з іх па гэты час лічацца без вестак зніклымі. І наш абавязак перад памяццю пераможцаў — зрабіць усё магчымае, каб аднавіць справядлівасць, знайсці парэшткі, звесткі пра ўсіх, хто загінуў, па магчымасці ўстанавіць іх імёны і пахаваць паводле народных традыцый.

Пошукавая праца вядзецца даўно, хоць дату зараджэння такога руху мне знайсці не ўдалося. Адным з першых, яшчэ ў 50-я гады, пачаў пошукі герояў абароны Брэсцкай крэпасці рускі пісьменнік Сяргей Смірноў. Дарэчы, мала хто з маладзейшых ведае: дзень 9 Мая стаў святочным толькі ў 1965-м, праз 20 гадоў пасля Перамогі. І дабіўся гэтага Сяргей Смірноў. Яго нарысы, кнігі, прысвечаныя подзвігам савецкіх воінаў, а таксама выступы ў друку, па радыё і тэлебачанні выклікалі масавы рух па вышуку невядомых герояў. Суполкі, пошукавыя атрады ствараліся па ўсім Савецкім Саюзе. Школьнікі, студэнты, навучэнцы вучылішчаў у суправаджэнні педагогаў, энтузіястаў, ветэранаў вайны рабілі паходы па месцах баявой славы, абследавалі іх, хавалі непахаваныя парэшткі загінулых воінаў. Яны ж шукалі дакументы ў архівах і аднаўлялі імёны зніклых салдат і афіцэраў. Дзякуючы ім тысячы імёнаў загінулых вярнуліся з нябыту. Часам, аднак, члены такіх грамадскіх пошукавых атрадаў забывалі пра небяспеку пры раскопках на месцах бітваў. Былі выпадкі, калі ў пагоні за “артэфактамі” вайны гінулі людзі.

Ужо ў незалежнай Беларусі пошукавая справа была пастаўлена на дзяржаўную аснову. 21 снежня 1992 года пры Савеце Міністраў стварылі Упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. Пазней Указам Прэзідэнта кіраванне гэтымі справамі было перададзена Міністэрству абароны, там сфармаваны 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Адзін з кірункаў работы Упраўлення — арганізацыя дзейнасці па правядзенні пошукавых работ. “За перыяд з 1995 па 2014 гады падраздзяленнямі батальёна эксгумаваныя і перададзеныя ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы для перапахавання парэшткі 25.836 загінулых абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, — расказаў вядучы спецыяліст Упраўлення Аляксандр Лугін. — З іх 14.797 — байцы Чырвонай арміі, 4.058 — ваеннаслужачыя Рускай арміі перыяду Першай сусветнай вайны, 6.712 ахвяр вайны, 111 удзельнікаў супраціўлення. Устаноўлены імёны 2.427 з іх. Выяўлена 185 адзінак стралковай зброі, 5.119 выбухованебяспечных прадметаў, 26.926 патронаў, 560 медальёнаў, 52 узнагароды”.

Спецыялісты Упраўлення стварылі і вядуць аўтаматызаваны банка даных “Кніга памяці Рэспублікі Беларусь”. Па словах А. Лугіна, цяпер на дзяржуліку ў Беларусі стаяць 7.390 воінскіх пахаванняў розных гістарычных перыядаў, у якіх пахавана больш за 2.236.600 загінулых. Звесткі пра 485.043 вядомыя і ўнесены ў пашпарты воінскіх пахаванняў і аўтаматызаваны банк даных, па гэты час лічацца невядомымі 1.751.623 пахаваных. Важна, што пасля развалу Савецкага Саюза народы постсавецкіх дзяржаў, як і многіх іншых краін свету, сёння не дзеляць салдат вайны на сваіх і чужых. Вайна заўсёды і для ўсіх — трагедыя: незалежна ад боку фронту, у кожную сям’ю яна нясе гора. Таму і супрацоўнічаюць пошукавыя атрады Беларусі з падобнымі структурамі іншых краін і рэспублік.

Так, у 2014-м байцы 52-га батальёна Узброеных Сіл Беларусі сумесна з расійскімі пошукавымі грамадскімі аб’яднаннямі з Ніжага­родскай, Пензенскай, Чэля­бінскай, Смаленскай абласцей і Татарстана правялі палявыя пошукавыя работы ў Віцебскім, Слонімскім, Рагачоўскім, Чавускім раёнах краіны. У ходзе работ, расказаў А. Лугін, эксгумаваны парэшткі 90 байцоў РСЧА і 6 ахвяраў вайны. Устаноўлены звесткі пра 5 з іх. Выяўлены 5 адзінак стралковай і 8 фрагментаў іншай зброі, 3.029 патронаў, 267 выбухованебяспечных прадметаў, 9 медальёнаў, 166 іншых прадметаў. Сёлета запланаваны сумесныя палявыя пошукавыя работы з шасцю грамадскімі суполкамі Расіі і 90-м асобным спецыяльным пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Расіі.

Пошукі без вестак зніклых і ўвекавечанне памяці пра вайну — працэс доўгі, працаёмкі. Гэта вельмі патрэбная, дзяржаўнай важнасці справа. Бо па гэты час нехта шукае адказ на пытанне: дзе пахаваны мой дзед, бацька, брат? Пошукі важныя для ваенных гісторыкаў, якія спрабуюць падлічыць: колькі ж яшчэ магіл невядомых салдат ёсць у месцах бітваў? Заслугоўвае ўдзячнасці і павагі праца пошукавікаў, неабыякавых людзей, якія шмат робяць па ўшанаванні памяці пра загінулых. І гэта — прыклад сапраўднага патрыятызму для моладзі. Сёння, дарэчы, удзельнікамі пошукавых экспедыцый часта становяцца школьнікі, студэнты. Можна не спадзявацца: з хлопцаў, што хоць раз быў на раскопках месцаў баёў, хто дакрануўся да жахаў вайны і смерці, вырастуць прыстойныя людзі. У іх і думкі не будзе пра тое, а ці варта было абараняць нашу зямлю ад ворага. Яны будуць памятаць пра тых, хто ішоў на смерць, гінуў ў баях за Бацькаўшчыну. Мяркую, прайшоўшы “школу памяці”, маладыя людзі пачнуць больш шанаваць сваё жыццё, жыцці іншых. І мне хочацца верыць, што будучыя пакаленні беларусаў будуць ужываць гэтае страшнае, чорнае слова “вайна” толькі ў мінулым часе.

sb.by

Wordpress snowstorm powered by nksnow