Жыццё пражыць — не поле перайсці

Адною вуліцаю цягнется вёска Старая Баяршчына, хаты якой стаяць па ободва бакі асфальтавай дарогі, што вядзе ў пасёлак Чырвоная Беларусь. У большасці сваёй хаты гэыя дагледжаныя, але ёсць і закінутыя, зарослыя леташняю сухою травою. Яны ў панурай адзіноце чакаюць свайго гаспадара. Толькі калі ён прыдзе і ці прыдзе наогул? Пытанне, адказаць на якое зараз наўрад хто зможа.

IMG_2510

Карэнны жыхар гэтага населеннага пункта Іван Мандрык сустрэў ужо сваю васьмідзесятую вясну. Дык ён кажа, што жыве тут пастаянна адзін. Астатніх жыхароў вельмі сталага ўзросту яшчэ мінулагодняй восенню забралі да сябе ў горад зімаваць дзеці і яны яшчэ пакуль не вярнуліся, але пераважная большасць хат належыць так званым дачнікам. Гэта іхняе селішча і яно ажыве, калі ўсталюецца цёплае надвор’е, калі ўзнікне неабходнасць займацца градкамі, агародамі. Толькі гэта надарыцца пасля, а цяпер яшчэ нідзе нікога няма. Паўсюдна стаіць цішыня ды гуляе вольны вясновы вецер.

На падворку ветэрана працы Мандрыка з самага ранку ідзе работа. Гаспадар разам з зяцем Уладзімірам вырашыў замяніць на верандзе зношаную падлогу, вось і рупяцца пакласці тут новыя дошкі.

Валодзя застаецца працягваць распачатую справу, а мы праходзім у хату. Тут і вядзём гамонку.
— Мы з жонкаю нарадзілі і выхавалі траіх дачушак, сына нам Бог не даў, але мы ніколі не лічылі сябе абдзеленымі бацькамі, — прызнаецца Іван Лаўрэнавіч. – Дзяўчынкі выраслі ў нас прыгожымі, працавітымі, атрымалі вышэйшую адукацыю. Цяпер ў вышэйшых навучальных установах займаюцца ўжо двое ўнукаў. Яшчэ адна ўнучка выкладае англійскую мову ў Гадылёўскай сярэдняй школе, а праўнучка наведвае заняткі ў другім класе. Усё ў іх добра.

Моцныя сем’і з’яўляюцца падмуркам моцы нашай дзяржавы і таму асабліва прыемна слухаць сталага бацьку і дзядулю, ягоныя разважанні аб сямейна-бытавых адносінах, аб тым, што дарагія яму не толькі дачкі, а і зяці, іхнія дзеці, бо зяцямі ён вельмі задаволены.

Ды і як не быць задаволенным, калі зяці, асабліва Валодзя Ражноў, ва ўсім дапамагаюць, калі на хату, ейны дагледжаны падворак, надворныя пабудовы, утульную альтанку прыемна паглядзець. А крыху далей радуе вока шарэнга пчаліных вулляў, за якімі пачынаецца гарод. Ён ладны, недзе 40 сотак. З такім кавалкам зямлі ўправіцца непроста. Тым не менш упраўляецца, бо працуюць на сваёй зямлі вялікай сямейнаю талакою, скарыстоўваючы мотаблок з наборам глебаапрацоўчых прылад. Вырашчанага ўраджаю затым хапае ўсім.
— Раней, калі вучыў дочак, трымаў вялікую дапаможную гаспадарку, — успамінае мой суразмоўца. – На падворку меліся і давалі шмат малака тры каровы, рохкалі свінні, не давала спакою іншая жыўнасць. Цяпер яго абуджаюць толькі куры ды сабака, часам прабяжыць кот. Вось і ўсё.

Не варта толькі думаць, быццам Іван Лаўрэнавіч са сваёю Еваю Фёдараўнаю жылі аднаасобна, для сябе, сваёй сям’і. Не, яны плённа працавалі таксама на калгасных палетках, у жывёлагадоўлі. Ён – трактарыстам, шафёрам, яна – паляводам, даяркаю.

Ветэран распавядае, як вучыўся ў Ямніцкай сямігодцы, дзе дырэктарам быў Фёдар Антонавіч Беляеў, цяперашні ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна і як працаваў перад службай у Савецкай Арміі ў калгасе “Бальшавік”. Служыць жа яго прызвалі ў 1955 годзе ва ўнутраныя войскі. Высокі, зграбны і прыгожы беларускі хлопец нёс варту ў Маскоўскім Крамлі амаль чатыры гады. У лістападзе 1958 года дземабілізаваўся. Праўда, перад тым, як звольніцца ў запас, палкоўнік Казлоў вельмі ўгаворваў застацца ў арміі на звыштэрміновую службу ці пайсці ў ваеннае вучылішча, стаць афіцэрам. Не згадзіўся. Вярнуўся дамоў, паступіў ў Буўніцкае сельскае прафессійна-тэхнічнае вучылішча, дзе рыхтавалі ў той час механізатараў шырокага профілю. І праз год вучобы стаў ім. У працэсе вучобы з групаю лепшых курсантаў ездзіў у Казахстан дапамагаць убіраць збажыну. Там на працягу трох месяцаў працаваў на прычапным збожжаўборачным камбайне С-6, які цягнуў услед за сабою гусенічны трактар ДТ-54 вытворчасці Харкаўскага трактарнага завода. Ён і прывадзіў у рух жняярку, іншыя дэталі камбайна сваім валам адбору магутнасці.

За старанную працу атрымаў Грамату ЦК камсамола краіны.

Распавядаючы пра сваю маладосць, мой суразмоўца ўвачавідкі маладзее і сам. У яго святлеюць вочы, званчэй становіцца голас. Ён называе кіраўнікоў гаспадаркі, якія яе ўзначальвалі ў розныя гады. Імі былі Наде Ліпакова, Дзмітрый Сычык, Пятро Міхалап, Алег Грудаў. А сам у той час круціў абаранак грузавіка ГАЗ-53. Круціў да 1996 года, калі пайшоў на заслужаны адпачынак. Вадзіцелем лічыўся добрым, за што таксама мае граматы, нагрудныя знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” розных годаў.

— Вы ж вучыліся на міханізатара шырокага профілю, калі ж паспелі атрымаць правы вадзіцеля? – цікаўлюся.
Іван Лаўрэнавіч заўсміхаўся, нагадаў народную мудрасць аб тым, што жыццё пражыць – не поле перейсці, а затым прызнаўся: быў час, калі падвяло здароўе, урачы рэкамендавалі лёгкую працу. Толькі дзе яе, лёгую працу, у вёсцы знойдзеш, калі трэба было рабіць не толькі ў калгасе ці саўгасе, а і на ўласным падворку. Вось і падаўся ў ваенізаваную ахову мясцовага авіягарнізона. Вартаваў там тры гады запар са зброяй у руках ваенныя аб’екты. Потым медкамісія. Узрадаваўся, калі дактары сказалі, што цяперака зноў можна сесці за руль аўтамабіля. Так і пачаў працаваць вадзіцелем.

Гаспадар у каторы раз успамінае добрымі словамі сваіх дачок – Надзею, Валянціну, Таццяну. Яны ахвотна прыязджаюць у родную хату, запрашаюць у госці да сябе. У іх гасце зараз маці Ева Фёдараўна. Бацьку ж пакуль няма чвсу. Ды і калі ён з’явіцца. Вось зробяць з зяцем новую падлогу, навядуць парадак, а там і пасяўнымі клопатамі займацца трэба. Тады дзеці прыедуць сюды самі, маці таксама, каб дружна заняцца агародам. І так да восені, да самай уборкі ўраджаю. Калі ж ураджай убяруць, падрыхтуюцца належным чынам да зімы, тады можна будзе пагасцяваць і самому. Калі не падвядзе здароўе.

Мікола КОЛАСАЎ

Wordpress snowstorm powered by nksnow