Нягледзячы на кніжны бум, набыць у 70-я гады геніяльныя творы Уладзіміра Караткевіча было амаль немагчыма

Нягледзячы на  кніжны  бум,  набыць у  70-я  гады  геніяльныя  творы  Уладзіміра  Караткевіча  было  амаль  немагчыма

 

Нястомны вандроўнік і працаўнік. Так у свой час сказаў пра цудоўнага пісьменніка-рамантыка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль і ахарактарызаваў яго як чалавека незвычайна светлага настрою, які ўсёй душой любіць людзей і родную зямлю. І сапраўды, сказаць пра нашу старонку «На Беларусі Бог жыве» мог толькі самы любячы і самы адданы сын сваёй Бацькаўшчыны!

Але падчас нашай першай сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам маці-Радзіма ў асобе тагачасных уладаў не вельмі шанавала свайго таленавітага творцу-неслуха. Наша сустрэча адбылася якраз у той самы змрачнаваты час для пісьменнікаў, у жніўні 1972 года, у любімым мне ды і кожнаму сапраўднаму беларусу Полацку. Як і належыць па справядлівасці, тут, на радзіме першадрукара, ладзілася свята кнігі. Было шмат людзей. Арганізавалі выставу кніг. Прыехалі пісьменнікі са сталіцы. Сабраліся і маладыя пачынаючыя творцы з Полацка і Полаччыны: Валянцін Лукша, Герман Кірылаў, Навум Гальпяровіч, Алесь Шпыркоў, з Віцебшчыны — Давід Сімановіч. З Мінска прыехалі Ян Скрыган, Еўдакія Лось, Рыгор Барадулін, Леанід Прокша. З імі быў і паэт з Віцебска Юрый Лакербая. Пісаў ён на рускай мове і да гэтага часу выдаў на ёй некалькі сваіх кніг. Сярод шаноўных гасцей-пісьменнікаў быў і Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч.

Я ўжо тады даволі сур’ёзна займаўся творчасцю. Друкаваліся вершы ў рэспубліканскіх газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва»… На мае вершы напісалі песні кампазітары Дзмітрый Лукас і Мікалай Пятрэнка. Песню «Полацкая лірычная» кампазітара Дзмітрыя Лукаса ў выкананні тады папулярнага артыста Юрыя Смірнова неаднаразова перадавалі па радыё. Часта друкаваліся гумарэскі ў часопісе «Вожык», першыя негумарыстычныя апавяданні былі змешчаны ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя» і «Маладосць». Вельмі хацелася набываць і чытаць розныя кнігі, асабліва беларускіх пісьменнікаў. Але тады набіраў сілу кніжны бум. І набыць прыстойную кнігу, у тым ліку і беларускіх аўтараў, было вельмі цяжка, нават цяжэй, чым дастаць таксама дэфіцытную каўбасу.

Асабліва цяжка было ў нашай кніжнай краме «Светач» прыдбаць кнігі Караткевіча. Яны заўсёды былі нарасхват. Мне ўдалося да таго часу набыць усяго толькі дзве. Кнігу вершаў «Мая Iліяда» і аповесць «Чазенія», раман «Каласы пад сярпом тваім». Астатнія творы пісьменніка чытаў толькі ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь». Асабліва ўразіла і захапіла аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», надрукаваная ў «Маладосці», якую я з захапленнем прачытаў ужо некалькі гадоў таму. Але кнігі з гэтай аповесцю ўсё не было і не было. Я думаў, што яна ўжо выйшла, але не трапіла да нас у Полацк ці яе расхапілі без мяне. Думаў, што, можа, тут, на свяце, на кніжнай ярмарцы яна з’явіцца.

Але на ярмарцы не толькі не было гэтай кнігі Караткевіча, але ўвогуле ніякай. А я так хацеў набыць якую кнігу любімага пісьменніка, каб атрымаць ад яго аўтограф і такім чынам асабіста пазнаёміцца з аўтарам.

Роспачы маёй не было канца, хоць плач. Ды раптам Бог злітаваўся нада мной. На імправізаваным прылаўку заўважыў даволі ёмістую кнігу ў шэрай вокладцы — даведнік пісьменнікаў БССР. Вядома ж, неймаверна ўзрадаваўся, упэўнены, што тут павінна быць змешчана і біяграфія Караткевіча!.. Схапіў і пагартаў даведнік. І сапраўды, у даведніку была, як і ўсіх пісьменнікаў, біяграфія і фотаздымак Уладзіміра Сямёнавіча. Набыўшы даведнік, я хутка пашыбаваў да пісьменніка, які ў гэты час крыху адасобіўся ад астатніх.

Назваў сябе, сказаў, што пакрысе пішу вершы, прозу, і папрасіў аўтограф. Пісьменнік вельмі прыязна пачаў усміхацца мне і, калi падышлi да нас жонка і шасцігадовая дачушка Аэлітачка, сказаў адразу, што чытаў мае і вершы, і апавяданні. І тут жа прапанаваў:

— Давай будзем без фармальнасцей. Я — Валодзя, ты — Ваня, і ўсё!

І на старонцы побач са сваім партрэтам напісаў: «Ваню ад Валодзі. І Скарына пачынаў у Полацку».

Неўзабаве да нас падышла і жонка майго сябра, цяпер добрага пісьменніка Германа Кірылава Волька. Уладзімір Сямёнавіч гэтак жа ветла ўсміхнуўся і ёй. І калі Волька, назваўшыся, сказала, што яна настаўніца, Уладзімір Сямёнавіч гарэзліва сцепануў плячамі і ўсклікнуў:

— Гэта ж цудоўна быць настаўнікам! Я ж таксама настаўнік!

Неяк адбылося так, што мы засталіся ўдваіх. І я ўлучыў момант пахваліць выдатную аповесць пісьменніка «Дзікае паляванне караля Стаха» і пацікавіцца, дзе можна знайсці гэту яго кнігу, бо ў Полацку, колькі ні шукаў, не знайшоў. Нават у Віцебску і Мінску не патрапіў.

— А яна яшчэ не выйшла, — сказаў ён, хітнуўшы галавой некуды ўбок, як быццам гэтым самым паказваючы на нешта ці на некага, вінаватага ў  гэтым.

— Як не выйшла? — неспадзеўкі здзівіўся я. — Я ж яе ў «Маладосці» чытаў ужо даўнавата. Гады два ці болей таму. Гэта ж залатая кніга! Вунь колькі ўсякай макулатуры выдаецца…

Суразмоўца, вяла ўзяўшы мяне за руку, глыбока ўздыхнуў і, гледзячы прама ў вочы, сказаў:

— Ведаеш, Ваня, золата заўсёды тоне, а г…но плавае, і таму вечна навідавоку. Ат, пойдзем лепш да мяне ў гасцініцу, там і пагаворым.

Я, зразумела, з невыказанай радасцю згадзіўся. У гасцініцы мы сім-тым пачаставаліся. Крыху пагутарылі пра літаратуру, пра нейкія свае задумы. Але я бачыў, што Уладзімір Сямёнавіч увесь час трывожыцца, шнырыць па кішэнях. Я спытаў, што турбуе яго. Караткевіч неяк рашуча махнуў рукой:

— Ат, недзе білет на самалёт дзеўся. Ну нічога, знайду. Мабыць, у гаркаме пакінуў, — і, зірнуўшы на гадзіннік, сказаў: — Ты прабач ужо, Ваня, але мне трэба ў гаркам, на прыём. Хутка ляцець дахаты.

А з білетам, сапраўды, атрымаўся казус. У гаркаме Уладзіміру Сямёнавічу не выпала ўспомніць пра яго, і спахапiўся толькi каля трапа самалёта. Навум Гальпяровіч, які разам з тагачасным сакратаром гаркама Валянцінай Пятроўнай Собаль праводзіў гасцей да самалёта, пазней мне расказаў, што сцюардэса не хацела пускаць безбілетніка Караткевіча ў самалёт. Але ўсё-такі аўтарытэт гарадскога партыйнага начальства перамог.

Пазней, калі я ўжо ў 1980 годзе пераехаў у Мінск і быў рэдактарам аддзела літаратуры часопіса «Вожык», мы сустракаліся з Уладзімірам Караткевічам даволі часта, але ўсё неяк мімалётам. У гэты час Уладзімір Караткевіч быў дужа заняты працай над сваімі новымі геніяльнымі творамі.

Апошні раз мы бачыліся з ім, дакладна не памятаю, на шостым ці на сёмым з’ездзе пісьменнікаў БССР. Пасля заканчэння пасяджэння я выйшаў у фае, дзе стаялі і размаўлялі паміж сабой пісьменнікі, убачыў Караткевіча, які шпарка хадзіў узад і ўперад і нервова курыў папяросу «Беламор».

Убачыўшы яго такога, я нават не адважваўся падысці да яго. І усё ж такі нарэшце адважыўся і запытаўся:

— Уладзімір Сямёнавіч, што здарылася?

Пісьменнік, праходзячы паўз мяне, крыху зыркнуў на мяне і, як мне здалося, нібыта са злосцю адказаў:

— Я не Уладзімір Сямёнавіч, а Валодзя, мы ж, здаецца, у Полацку пра гэта дагаварыліся. Валодзя! Хіба зазнаўся, начальнік!

І ён зноў пачаў шпарка хадзіць туды-сюды. Але ў гэты час прарэзлівы званок запрасіў усіх у залу пасяджэння на падвядзенне вынікаў з’езда.

Потым была і другая сустрэча. У ліпені 1984 года. Вельмі і вельмі цяжкая, думаю, не толькі для мяне, родных, сяброў і для ўсіх яго безлічных чытачоў, якія прагнулі і прагнулі сустрэцца з яго творамі, а разам з імі і з ім самім.

Дванаццатага ліпеня, як няўрымслівы вандроўнік, знаўца роднага краю ён з сябрамі — фотакарэспандэнтам часопіса «Маладосць» Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым — пусціўся ў плаванне па Прыпяці. І ў час гэтага падарожжа яму стала вельмі кепска. І ён вярнуўся ў Мінск, дзе і памёр. Мне казалі, што ў яго было прабадзенне язвы страўніка, а ў лечкамісіі — тагачаснай урадавай бальніцы накшталт крамлёўскай у Маскве — узяліся лячыць хваробу печані, а патрабавалася тэрміновая аперацыя. Зрабілі б яе па часе тэрмінова ў бліжэйшай раённай бальніцы, мо ўсё магло б быць добра.

Развітваліся з нябожчыкам у Доме літаратара. Усё рабілася неяк стрымана, сціпла, калі не сказаць, патаемна. З прыкметных начальнікаў нікога не было. Па ўсім адчувалася, ледзь не на ўсіх дзейнічаюць даволі непрыязныя адносіны кіруючых рэспубліканскіх партыйных органаў. Калі прыйшла пара выносіць дамавіну з нябожчыкам, ахвотнікаў на гэту місію не знаходзілася. Калі Яўген Міклашэўскі, які тады працаваў у апараце кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў, падыходзіў то да аднаго, то да другога з прысутных з просьбай дапамагчы, то яны аднекваліся, спасылаючыся, відаць, на нейкія акалічнасці. Калі Яўген папрасіў мяне і Уладзіміра Арлова, мы адразу згадзіліся. Дваіх другіх ні Валодзя, ні я не ведалі і не ведаем.

Па дарозе да катафалка нас суправаджалі шматлікае шчоўканне фотаапаратаў і шум кіназдымачнай апаратуры. Вядома, гэта былі не казённыя людзі, а прыхільнікі таленту адной з самых адметных асоб у нашай роднай літаратуры і культуры.

У 2010 годзе грамадскасць Беларусі вельмі прыкметна адзначыла васьмідзесяцігоддзе пісьменніка-летапісца, пісьменніка высокай культуры і патрыятызму, паэта, празаіка, літаратурнага крытыка, кінасцэнарыста і перакладчыка шматлікіх твораў з моваў брацкіх народаў. І тое кепскае, бруднае, што калісьці ўчынялася, назаўсёды канула ў лету, як і самі ўчыніцелі.

На гэтым здымку, зробленым полацкім фотамастаком Кастусём Васільевічам Жарнасекам у жніўні 1972 года ў час нашага знаёмства і з нагоды святкавання Дня кнігі, справа — Уладзімір Караткевіч, я і мая  жонка Валя.

respublika.info

Последние новости

ТЕХНОЛОГИИ

Дуров объявил о запуске в Telegram донатов авторам и владельцам каналов

19 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

Погода на выходные: дождливо, прохладно и ветрено. В ночь на субботу – заморозки

19 апреля 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

К 1 сентября все белорусские школы перейдут на новый режим питания

19 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
КАЛЕЙДОСКОП

В Беларуси запретили « Русские народные сказки»

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Советы от МЧС при похолодании

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Тематическую прямую телефонную линию проведет 26 апреля комитет по труду, занятости и социальной защите Могилевского облисполкома

19 апреля 2024
НОВОСТИ

Минобразования скорректировало сроки вступительной кампании в ссузах

19 апреля 2024
В МИРЕ

Израиль нанес ракетный удар по Ирану

19 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Ранние яровые зерновые в Беларуси посеяли более чем на 88% площадей

19 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

На Быховщине отметили День беременных

9 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел 1-й этап областного фестиваля управленческого опыта руководителей учреждений общего среднего образования «Лидер образования»

8 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Приглашаем принять участие в фотоконкурсе «В объективе – Быховский район»

9 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024