На перакрыжаванні шляхоў

У вёсцы Ухлясць Смаліцкага сельсавета жыве вельмі цікавы чалавек — Мікалай Дзянісавіч Белазёраў (на здымку). Яму цяпер восем дзесяткаў гадоў і на ягонай памяці засталіся яшчэ ў нейкай ступені нават даваенныя часіны, а што тычыцца гадоў ваеннага ліхалецця, то тое, па словах старога, адклалася зусім яскрава і запамінальна.

Успамінаючы даваенныя гады, ён асабліва адзначыў, што вучыўся ў пачатковых класах у Смаліцы, і ягоным першым настаўнікам быў Дзяніс Бычанкоў. Потым гэты ўраджэнец в. Ніканавічы праславіўся тым, што ў 1942 годзе з’яўляўся ўпаўнаважаным ЦК ЛКСМБ па Быхаўскаму раёну, дзе спачатку змагаўся ў радах партызанскага атрада Максімава-Лебедзева, а потым перабраўся ваяваць ў родныя мясціны на левабярэжжа Дняпра. Там падчас няроўнага бою з фашыстамі каля в. Прыбар загіную смерцю храбрых.

— У ваенныя часы жыў я на хутары, што месціўся паміж Смаліцай і Дабужай, — расказвае Мікалай Дзянісавіч. — Цяпер яго ўжо няма, а ў вайну, так сталася, апынуўся на перакрыжаванні шляхоў дзеяння як партызан, так і нямецкіх карнікаў і паліцаяў. Давялося шмат чаго пабачыць, таму што ўдзень у акрузе гаспадарылі фашысты, а ў большай ступені іхнія прыслужнікі-паліцаі з Кузькавіцкага гарнізона, а ноччу наступаў час народных мсціўцаў. Шмат каго з іх, як кажуць, ведаў у твар, бо яны наведваліся ў нашую хату.

А ў нашым краі тады была вельмі складаная абстаноўка. Справа ў тым, што да нас праз лясы дабраліся многія ўдзельнікі баёў пад Магілёвам. Іх прытулілі некаторыя мясцовыя жанчыны, таму гэтых салдат яшчэ называлі “прымакамі”. Немцы і паліцаі стараліся адшукаць савецкіх байцоў, таму і лютавалі.
З горам папалам, многім акружэнцам удалося перажыць зіму 1941-1942 гадоў, а ўжо з вясны 1942 года пачаў фарміравацца партызанскі рух на левабярэжжы Быхаўшчыны. Пачалося ўсё з фарміравання атрада Якава Курпачэнкі, куды далучыліся рабочыя са шклозавода “Ільіч” у Ветранцы. Потым пачаў дзейнічаць атрад Георгія Сазонава, які быў закінуты штабам Заходняга фронту ў тыл ворагу. Мне добра памятаецца, што прозвішча камандзіра было менавіта Сазонаў, хоць вядомы расійскі літаратар, удзельнік партызанскага руху ў складзе 1-й Быхаўскай партызанскай брыгады Авідзій Гарчакоў ў сваёй кнізе “Па-за законам” называе яго Самсонавым.

На тэрыторыі тагачасных Ветранскага і Трылесінскага сельсаветаў 1942-1943 гадах  дзейнічала некалькі атрадаў, што складаліся з былых акружэнцаў, закінутых з-за лініі фронту ваенных, мясцовых жыхароў. Пра многія з іх шмат што вядома, а вось пра групу “Сямёрка”, якая пераўтварылася потым у атрад, звестак маецца зусім мала.  А я асабіста сустракаўся з членамі гэтай, дэсанціраванай з-за лініі фронту дыверсійна-разведвальнай групы на чале з Рыгорам Варажышчавым, бо базіравалася яна ў першыя тыдні  якраз у раёне паміж Смаліцай і Дабужай. Іх было спачатку шэсць чалавек, потым да іх далучыўся мясцовы актывіст Сівагракаў. Група заходзіла неаднаразова ў нашу хату, адпачывала ў нас. Па даручэнню камандзіра прыглядваў за іхнімі конямі, пасвіў  таксама авечак, якіх партызаны забіралі ў якасці трафеяў у немцаў і паліцаяў.
Потым група разраслася ў атрад, які дзейнічаў ужо ў складзе буйных партызанскіх злучэнняў. Увосень 1943 года ўсе яны трапілі ў нямецкае акружэнне і блакаду. Шмат байцоў загінула падчас жорсткіх баёў і спроб вырвацца з лап фашыстаў. Тады стала вядома пра подзвіг двух дэсантнікаў з атрада Варажышчава, іх ведалі толькі па імёнах — Пашка і Валодзька, якія коштам сваіх жыццяў прыкрылі адступленне асноўных сіл партызанаў. Потым расказвалі, што нямецкія камандзіры  прыводзілі ў прыклад мужны ўчынак савецкіх воінаў.
Перад наступленнем нашых войскаў увосень 43-га немцы рабілі своеасаблівую зачыстку тэрыторыі перад лініяй фронту, выганяючы адтуль усіх мясцовых жыхароў. Тыя рабіліся бежанцамі, у ліку якіх адным часам знаходзіўся і я.

Распавёў Мікалай Белазёраў і пра акалічнасці іншага кшталту, якія замоўчваліся за савецкім часам. Для мясцовага насельніцтва ніколі не з’яўлася сакрэтам тое, што пад шыльдай партызан нярэдка хаваліся крымінальныя элементы, а то і сапраўдныя бандыты і рабаўнікі, якія надта ж ужо дапякалі людзей. Нярэдка не было парадку, дысцыпліны і сярод народных мсціўцаў. Не называючы прозвішчаў, шкадуючы тым самым жывучых тут цяпер іхніх нашчадкаў, ён прыгадаў убачаную на ўласныя вочы сапраўдную драму з крывавым фіналам. Аднойчы кампанія такіх «партызан» наладзіла ў іхняй хаце вялікую п’янку, учыніла бойку, і адзін з іх у самагонным запале застрэліў з нагана другога. Пры гэтым зрабіў гэта подла, стрэліўшы небараку ў спіну. Адклаўся ў памяці суразмоўцы, па ягоных словах, і іншы негатыў ды расказваць пра яго ён не стаў.

Яшчэ Мікалай Дзянісавіч выказаў сваё меркаванне, якое таксама грунтуецца на ўласных назіраннях, што ў брацкай магіле ў вёсцы Ухлясць (а мы якраз і сядзелі на лаўцы каля ягонай хаты, што размешчана паблізу гэтага святога месца) пахаваны ў асноўным астанкі мясцовых жыхароў, партызанаў, а вось рэшткі чырвонаармейцаў, якіх тысячы, а можа і дзесяткі тысяч, загінулі пры вызваленні, так і не былі адданы зямлі. Пра гэта сведчылі шкілеты, якімі былі ўсеяны ў пасляваенны час навакольныя лясы. І ніхто іх тады не прыбіраў.

Пасля вайны амаль усё сваё жыццё Мікалай Белазёраў звязаў з торфабрыкетным заводам “Дняпроўскі”, адзін з участкаў якога размяшчаўся на Ухлясці. Працаваў спачатку механікам-нарміроўшчыкам, а потым з’яўляўся вядучым выкладчыкам тэхнічных курсаў да самай пенсіі.
Мікалай Іваноў,
 Таццяна Яўсеева (фота).

Последние новости

ТЕХНОЛОГИИ

Дуров объявил о запуске в Telegram донатов авторам и владельцам каналов

19 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

Погода на выходные: дождливо, прохладно и ветрено. В ночь на субботу – заморозки

19 апреля 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

К 1 сентября все белорусские школы перейдут на новый режим питания

19 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
КАЛЕЙДОСКОП

В Беларуси запретили « Русские народные сказки»

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Советы от МЧС при похолодании

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Тематическую прямую телефонную линию проведет 26 апреля комитет по труду, занятости и социальной защите Могилевского облисполкома

19 апреля 2024
НОВОСТИ

Минобразования скорректировало сроки вступительной кампании в ссузах

19 апреля 2024
В МИРЕ

Израиль нанес ракетный удар по Ирану

19 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Ранние яровые зерновые в Беларуси посеяли более чем на 88% площадей

19 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

На Быховщине отметили День беременных

9 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел 1-й этап областного фестиваля управленческого опыта руководителей учреждений общего среднего образования «Лидер образования»

8 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Приглашаем принять участие в фотоконкурсе «В объективе – Быховский район»

9 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024