70 гадоў таму не стала народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

28 чэрвеня 1942 года трагічна завяршыўся зямны шлях класіка нацыянальнай літаратуры, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Мінула 70 гадоў, але абставіны смерці песняра дагэтуль застаюцца нявысветленай тайнай.

— Мы павінны верыць толькі фактам або дакументальным крыніцам. А сёння іх, на жаль, няма, акрамя аднаго — тэксту спецпаведамлення на імя Берыі з копіямі Сталіну і Молатаву аб трагічнай гібелі народнага паэта Беларусі ў Маскве, — адзначае дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

Копія гэтага дакумента атрымана напрыканцы 1990-х гадоў пасля звароту Міжнароднага фонду Янкі Купалы ў ФСБ Расіі з афіцыйным запытам пра абставіны смерці паэта. Пазней былі яшчэ некалькі спроб даведацца больш на гэты конт, але пакуль беспаспяховыя. Адказ адзін: у расійскіх архівах больш нічога няма.

— Нам застаецца толькі паверыць на слова, але, скажу шчыра, у глыбіні душы мы спадзяёмся, што дакументы ўсё ж ёсць, толькі пакуль нявыяўленыя, і з цягам часу нешта яшчэ можа высветліцца. Напрыклад, калі дапусціць, што яны захоўваюцца як дзяржаўная тайна, пад грыфам «Совершенно секретно», то зняць яго магчыма пасля 75 гадоў. Так што надзея застаецца, — гаворыць Алена Ляшковіч.

З таго, што вядома на сёння, карціна выглядала так. 18 чэрвеня 1942 года з пасёлка Пячышчы, з Татарстана, дзе Купала з жонкай знаходзіўся ў эвакуацыі, паэт прыехаў па запрашэнні ў Маскву. Праз 10 дзён планавалася на афіцыйным узроўні адзначаць яго 60-годдзе. Купала спыніўся ў гасцініцы «Масква», у пакоі 414. 28 чэрвеня са свайго пакоя ён падняўся на 10-ы паверх, у нумар 1034, які займаў тагачасны старшыня Саюза пісьменнікаў БССР Міхась Лынькоў і ў якім знаходзілася ў той дзень многа гасцей, у тым ліку і некаторыя беларускія пісьменнікі, у прыватнасці Крапіва, Броўка, Міронаў. Праз некаторы час Купала з нумара выйшаў. Па адной версіі, яго нехта выклікаў, па другой — выйшаў сам. А праз некалькі хвілін прысутным паведамілі жахлівую вестку — паэт упаў у лесвічны пралёт і разбіўся…

— Магчымы тры версіі гэтага трагічнага здарэння, але ні адна з іх сёння дакументальна не пацверджана, — адзначае вядучы навуковы супрацоўнік музея Фаіна Ваданосава.

Першая — самагубства. Аднак ёсць шмат звестак сучаснікаў паэта пра тое, што ў 1942-м настрой Купалы быў дастаткова аптымістычны. З улікам, канечне, што гэта перыяд, калі ідзе вайна, ён далёка ад радзімы, Беларусь у акупацыі. Але ў тых жа Пячышчах Купала адзначае на карце сцяжкамі лінію фронту і перад новым, 1942 годам заклікае сваімі радкамі землякоў: надыходзіць час нашай перамогі, хутка вернемся на радзіму, якая будзе вольная. Ва ўспамінах розных людзей узгадваецца, як Купала ў Маскве гаворыць сябрам, маўляў, праз тыдзень, хлопцы, мой юбілей, запрашаю, буду частаваць і г.д. Ёсць успаміны і пра добры творчы настрой паэта — у гэты час у перакладзе на рускую мову выходзіць яго зборнік вершаў для дзяцей. Дакладна вядома, што за некалькі гадзін да смерці Купала сустракаецца з Мазальковым, укладальнікам кнігі. Яны дамаўляюцца сустрэцца на наступны дзень у выдавецтве, дзе Купала павінен атрымаць выпісаны за зборнік ганарар.

Другая версія — няшчасны выпадак. І тут таксама шмат пытанняў. Сучаснікі Купалы адзначалі, што парэнчы ў гасцініцы «Масква» былі даволі высокія, каб самому зваліцца ўніз. Да таго ж калі паэту раптам стала дрэнна, то чаму ён не ссунуўся на падлогу ці не паваліўся на бок, а кульнуўся ўніз?.. У спецпаведамленні ўказваецца, што ў нумары Купалы знайшлі бутэльку шампанскага. Але дапушчэнню, быццам той быў п’яны і таму зваліўся, супярэчаць іншыя звесткі: прыехаўшы з Пячышчаў у Маскву, Купала лячыўся ў крамлёўскай бальніцы і не ўжываў алкаголь. У тыя дні Міхась Лынькоў пісаў Якубу Коласу ў Ташкент, маўляў, да нас прыехаў Купала, п’е толькі піва, лечыцца. Трэцяя версія — трагедыя не абышлася без удзелу пэўных органаў улады…

Паводле слоў Фаіны Ваданосавай, у 2007 годзе яна перагледзела мноства архіўных матэрыялаў, спадзеючыся, што хтосьці з тых пісьменнікаў, якія прысутнічалі ў гасцінічным нумары ў момант трагедыі, мог разважаць пра яе прычыны ў асабістай перапісцы ці ўспамінах. Але знайшла толькі адзінкавыя згадкі: «недарэчная смерць», «памёр», «загінуў», «страшэннае гора», «дзікае здарэнне» — і ніякіх меркаванняў, як і чаму такое адбылося.

Купалу крэміравалі ў Маскве 1 ліпеня 1942 года. Развітацца з паэтам сабралася многа людзей — дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, у тым ліку з-за мяжы. Кузьма Чорны, які прысутнічаў на паніхідзе, у лісце Коласу пісаў, што ў труне, каля галавы Купалы, ляжала стужка з надпісам «Мне сняцца сны аб Беларусі…», радком з яго верша 1924 года. Пра пахаванне ёсць і ўспаміны Паўліны Мядзёлкі. Яна, у прыватнасці, узгадвала, што труна стаяла даволі высока, Купалу цяжка было ўбачыць, але прыкметнымі былі сіняк на скроні, вельмі загрыміраваны твар і ордэн Леніна на лацкане са сколатай эмаллю. Паўліна Мядзёлка ўспамінала таксама і тое, як у час пахавання Купалы падыходзіла да многіх, хто быў з паэтам у яго апошні дзень, з пытаннем: як магло здарыцца? Але хтосьці адварочваўся, хтосьці адыходзіў, хтосьці гаварыў пра раптоўны сардэчны прыступ.

Жонка паэта, Удадзіслава Францаўна, яго анёл-ахоўнік, як яе называлі, на пахаванні не прысутнічала. Дарэчы, у Маскву паэта запрасілі чамусьці аднаго, без яе. Пра смерць мужа Уладзіслава Францаўна даведалася толькі 30 чэрвеня і з Пячышчаў прыехаць не паспела: час ваенны. У Маскву яна дабралася толькі 3 ліпеня. Да сваіх апошніх дзён Уладзіслава Францаўна не магла сабе дараваць, што 28 чэрвеня яе не было побач з Купалам. Менавіта яна стала заснавальніцай, а пасля і першым кіраўніком музея песняра, прысвяціўшы сваё жыццё справе захавання яго памяці.

У 2003 годзе, калі ў расійскай сталіцы вырашылі зносіць гасцініцу «Масква», супрацоўнікам музея песняра ўдалося перавезці ў Мінск шэраг каштоўных матэрыялаў — уваходныя дзверы пакоя 414, дзверы з люстэркам з гэтага ж нумара, аконную раму, фрагменты паркету, парэнчаў, лесвічных прыступак… Зараз яны прадстаўлены асобнай тэмай у пастаяннай экспазіцыі. Тут жа знаходзіцца копія таго самага спецпаведамлення, а таксама мармуровы пастамент з маскоўскага крэматорыя. Урна з прахам народнага паэта была перавезена ў Мінск у 1962 годзе. Яна пахавана на Вайсковых могілках, на месцы, дзе ўзведзены помнік Янку Купалу.

Дата смерці песняра традыцыйна на працягу ўжо некалькіх дзесяцігоддзяў адзначаецца супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея, творчай інтэлігенцыяй і проста прыхільнікамі творчасці паэта. Сёлетні вечар памяці «Жальбіны» адбудзецца 28 чэрвеня у 16.30 на Вайсковых могілках.

 

respublika.info

Последние новости

КАЛЕЙДОСКОП

Землю может накрыть сильнейшая магнитная буря – NASA

25 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быховском районе построят станцию обезжелезивания

25 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Прокуратура Могилевской области помогла быховчанке вернуть удержанные у нее судебным исполнителем средства

25 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
НА СТРАЖЕ ЗАКОНА

Правила безопасного поведения на водоемах

25 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

ВНС 25 апреля продолжает работу. В повестке дня – утверждение Концепции нацбезопасности и Военной доктрины

25 апреля 2024
ПРЕЗИДЕНТ

Выступление Лукашенко перед делегатами ВНС – полная версия

24 апреля 2024
ПРЕЗИДЕНТ

“Очень важно сейчас не разрушить наше единство”. Первые слова Лукашенко в должности председателя ВНС

24 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Лукашенко избран председателем Всебелорусского народного собрания

24 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Лукашенко на ВНС: мы должны быть сильными, время выбрало нас

24 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Прямую телефонную линию проведет 20 апреля заместитель председателя Быховского райисполкома Александр Желобкевич

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане принимают участие в Международном форуме «Традиционная культура как стратегический ресурс устойчивого развития общества»

18 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

13 апреля прямую телефонную линию проведет заместитель председателя Быховского райисполкома Виктор Агнетов

12 апреля 2024