Гicторыi беларусаў, якiя паехалi на заробкі ў Расiю на “1200-1800 чыстымi”

Сёння цяжка знайсці беларуса, чые знаёмыя ці родныя не шукалі б шчасця ў выглядзе высокіх заробкаў у розных рэгіёнах Расіі. І ў мяне такіх знаёмых шмат. Працавалі ці працуюць яны у розных галінах. Ды і муж нядаўна паспрабаваў “расійскага хлеба”. Спачатку яго гісторыя:

Пётр, 29 гадоў, мантажнік аконных канструкцый, Мінск
Працаваў на працягу апошніх трох гадоў у камерцыйнай фірме мантажнікам, з восені мінулага года заробкі імкліва пачалі падаць (з 800-1000 долараў у рублёвым эквіваленце да 300-400). Для сям’і з 3 чалавек, дзе жонка ў дэкрэтным — малавата, згадзіцеся. Да новага года ўсе запасы былі вычарпаны, а зарплаты так і не падняліся. Калегі па цэху пацягнуліся ў Маскву, дзе “некаму нешта” ўдавалася зарабіць, загаварыў пра гэта і мой: “Там брат знаёмага працаваў апошнія некалькі месяцаў: 20 дзён там — 10 дома, 1200—1500 штомесяц чыстымі… Хлопцы едуць і мне прапануюць, давай я паспрабую, да лета табе машыну купім…” Апошні аргумент вырашыў усе. Ну як я магла не пусціць мужа зарабляць сабе на машыну, калі нядаўна атрымала пасведчанне кіроўцы?
Паездкі першая і другая.

Масква.

Паехалі 7 снежня на дзвюх машынах ушасцёх — у камерцыйную фірму, дзе некалькі гадоў таму даволі паспяхова працаваў адзін з хлопцаў. Уладкаваліся жыць у інтэрнаце (па 180 расійскіх рублёў з чалавека за суткі), умовы пражывання даволі прымальныя: блокі з 2-х пакояў, у пакоі па 4 чалавекі, кухня на паверсе, харчаваліся самастойна. Аплата працы: аванс плюс зарплата. Работы было вельмі шмат, наймальнік і чуць спачатку не захацеў аб паездцы дадому праз 20 дзён работы, дый з заробку быў толькі аванс у памеры 10 000 расійскіх рублёў, ці 300 долараў, таму вырашылі ехаць пасля зарплаты. Усе стасункі з сям’ёй праз скайп. Дзякуй тэхнічнаму прагрэсу за ілюзію жывых зносін!
Час ішоў вельмі марудна. Кожны дзень трэба было адказваць на пытанне дачкі: “Калі прыедзе тата?” і абяцаць, што ўжо вельмі хутка. Так у чаканні хуткага прыезду мы адзначылі з дачкой і 14, і 23 лютага, а вось на 8 сакавіка атрымалі доўгачаканы падарунак у выглядзе мужа і таты.
У выніку. За першы працоўны месяц муж атрымаў 32 000 расійскіх рублёў, з якіх 9 тысяч пайшло на пражыванне і харчаванне. За другі месяц — 10 000 авансу, а на жыццё ўсе тыя ж 9 000. Астатнія грошы за другі месяц работы наймальнік абяцаў аддаць пасля прыезду з дому. Такім чынам, праз 2 месяцы сямейны бюджэт папоўніўся на 24 000 расійскіх рублі, ці на 800 долараў. З іх 200 — на крэдыт і камунальныя за 2 месяцы, 200 пазыкі, 100 з сабой на дарогу ў Маскву. Нам на наступны месяц засталося ўсяго 300 долараў. Пра тое, каб адкладваць нешта на машыну, не магло быць і гаворкі, але Пётр быў настроены аптымістычна: надалей справы абяцалі пайсці ўгару, дый у Маскве іх ужо чакалі заробленыя грошы.
Тыдзень пабыўкі прайшоў як адзін дзень, хацелася кампенсаваць усе праведзеныя паасобку святы і выхадныя. Тэатр, кіно, дэльфінарый, каток, сустрэчы з сябрамі — распісаны быў кожны дзень, кожная гадзіна…
Прыехаўшы ў сярэдзіне сакавіка на ўжо “нагрэтае” месца, хлопцы праз некалькі дзён працы атрымалі замест разлічаных згодна з выкананымі аб’ёмамі 1000-1200 долараў усяго толькі па 300. Наймальнік сказаў, што розніцу заплацяць у наступным месяцы, бо зараз непадпісаныя працэнтоўкі (шчыра кажучы, я не ведаю, што гэта за дакумент. — Аўт.) Гэта акалічнасць, безумоўна, не магла не паўплываць на настрой. Нехта прапанаваў пачакаць, нехта адразу — шукаць новае месца. Але новае месца — гэта зноў месяц без грошай. Палеміка разгарэлася недзіцячая. Саломы ў полымя дабавілі яшчэ знаёмыя мантажнікі-беларусы, якія прыехалі ўладкоўвацца ў Маскве пасля “халтур” пад Смаленскам, дзе за пару дзён зарабілі па 300 долараў і зараз гэтыя грошы прагульвалі.
На працягу наступнага тыдня атрымалі яшчэ па 10 000 авансу. Але становішча гэта не паправіла, хлопцы перасварыліся, двое паехалі назад у Мінск, больш вопытныя шукалі надзейных і шчодрых заказчыкаў і нават нібыта знайшлі. Тыя прапанавалі ім заробак 2000- 2500 долараў, але недзе праз месяц. Пасля агучаных лічбаў заставацца працаваць на старым месцы ўжо не захацелі і, каб не праядаць і так невялікія грошы, зазбіраліся дадому з намерам перачакаць. Наймальнік вельмі пашкадаваў, што хлопцы з’язджаюць, але канчаткова разлічыць іх з гэтай нагоды не захацеў, працэнтоўкі ж не былі падпісаныя…
Такім чынам, за два тыдні паездкі на пражыванне і харчаванне было патрачана каля 4 000 расійскіх рублёў, а зароблена 18 000. Чыстымі атрымалася па 14 000 тысяч, гэта каля 450 долараў. Але па дарозе зламалася машына, а паколькі ўсе паломкі транспарту па папярэдняй дамоўленасці дзяліліся і на пасажыраў, дадому муж прывёз усяго 400 долараў.
Потым на працягу тыдня хлопцы спакойна, седзячы па хатах і праядаючы заробленае, чакалі выкліку з Масквы ад новых наймальнікаў. Ніхто не тэлефанаваў. Пётр пачаў шукаць заробак у Мінску. На той момант максімум, які яму паабяцалі, не перавысіў 4 мільёнаў беларускіх рублёў. За такія грошы працаваць у тых жа камандзіроўках, толькі па Беларусі, не хацелася. Хацелася трымаць слова і купіць жонцы машыну і дачцэ — добрыя падарункі на дзень народзінаў.
Тут адзін са знаёмых сабраўся ў Сочы.
Паездка трэцяя.

Сочы.

Сталіца летніх алімпійскіх гульняў 2014 года будуецца бадай яшчэ шпарчэй, чым сталіца Расіі, і грошы там адпаведна круцяцца немалыя. Агучаныя 1 800 долараў за месяц чыстымі не здаліся нечым нерэальным. Знаёмы знаёмага (тыповы варыянт у падобных выпадках), з якім, дарэчы, па маім настаянні муж сам высвятляў акалічнасці па тэлефоне, сказаў, што фірма, на якой ён працуе — дзяржаўная: “Российские железные дороги”, генеральны забудоўшчык вялізнага комплексу. Зарплату, і немалую, плацяць рэгулярна, будаўнікоў зараз набіраюць, праўда, не вузкіх спецыялістаў, а шырокапрофільных, так што калі ёсць жаданне папрацаваць на будаўніцтве “з нуля”, можна добра зарабіць. Харчаванне і пражыванне за кошт фірмы. Аформіўшыся на працу, праз некалькі дзён можна атрымаць аванс. Ён нават прапанаваў сустрэць хлопцаў на вакзале ў Адлеры і дапамагчы з уладкаваннем.
Сумненняў было нямала: дачка, якая вельмі сумуе без таты, далёкая дарога: Сочы — не Масква, за 10 гадзін не даедзеш, ды й кош праезду ў адзін бок амаль 650 тысяч. Але спакуса зарабіць перамагла.
Сабраліся ехаць упяцёх, аднаго са спадарожнікаў Пётр ведаў, астатнія аказаліся яго сябрамі. Купілі білеты. У нас з мужам была толькі адна дамоўленасць: ён павінен вярнуцца да дня народзінаў дачкі, праз месяц, і гэта было прынцыпова. Таму на ўсякі выпадак 100 даляраў на зваротную дарогу ён узяў. Паездка пачалася не вельмі прыемна. Аказалася, што хлопцы прыехалі на вакзал ужо добра нападпітку і працягвалі гэтую справу ўсю дарогу. Пятру прыйшлося нават забраць у іх дакументы і грошы (тыя, што паспеў), бо перад праваднікамі і пагранічнікамі было сорамна за такіх суседзяў.
У Адлеры іх сустрэў той знаёмы знаёмага. Прывёз да дырэктара, які новым работнікам не здзівіўся, але сказаў, што на сёння вакансіі закрыты і ён толькі можа накіраваць іх на другую фірму, якая працуе побач і з’яўляецца субпадрадчыкам. Турэцкая фірма “Петра-строй” сапраўды знаходзілася побач і будавала суседні шматпавярховы дом. Там хлопцаў сустрэлі вельмі цёпла. Пасялілі ў дамкі з кухняй і выгодамі, дзе раней пражывалі адпачывальнікі. Будаўніцтва было кругласутачным, кругласутачна было наладжана і харчаванне будаўнікоў — кармілі, як дарагіх гасцей: меню разнастайнае, порцыі неабмежаваныя. Усё для працы, якая, трэба адзначыць, была няпростай. Адзін раз давялося працаваць цэлыя суткі запар, з-за папярэдніх перабояў з пастаўкамі бетону.

Так прайшло два тыдні, загаварылі пра аванс, бо ўласныя грошы, якія траціліся на цыгарэты і іншыя дробязі, заканчваліся. Намеснік дырэктара даў 3 000 на ўсіх (каля 100 долараў), але пад вялікім сакрэтам ад іншых будаўнікоў. Бо на ўсіх не хопіць. Гэтая акалічнасць прымусіла мужа занепакоіцца, ён пачаў наводзіць даведкі сярод тых, хто раней пачаў працаваць, бо зрабіць гэта загадзя не давялося. Аказалася, што чакаюць не толькі авансу, але і зарплаты за мінулыя месяцы. І што брыгады кабардзіна-балкарцаў напісалі заяву ў міліцыю, а потым яшчэ звярнуліся да мясцовага крыміналітэту, каб “выбіць” заробленыя грошы. Каша заварылася густа. Прыехаў генеральны дырэктар, пачаў высвятляць прычыны незадаволенасці, праявіў разуменне да праблем, сказаў, што грошы будуць, і, магчыма, хутка, але пакуль не закрыты пэўныя аб’ёмы, генеральны падрадчык грошы не пералічыць. Так што трэба яшчэ папрацаваць, а потым ужо ўсе грошы і атрымаць.

З кароткіх тэлефонных размоў і прыгнечанага настрою мужа зразумела, што трэба прымаць рашэнне — ехаць дадому з пустымі рукамі ці чакаць грошай у наступным месяцы. Для мяне адказ быць адназначным. Мужу, вядома, шкада было патрачаных сіл, часу і грошай на дарогу, але ён згадзіўся, што трэба ехаць. Ну і прыехаў… Аўтастопам… 2 сутак у дарозе. Пра гэтыя прыгоды я даведалася толькі пасля, бо ўвесь час была ўпэўнена, што муж прыедзе цягніком: грошы на білет ён з сабой узяў, але аказалася амаль усе патраціў… Акрамя 20 долараў, якія і прывёз дадому.
Міхаіл, 28 гадоў, Слонім
Пазнаёмілася я з ім у цягніку Брэст — Масква, вяртаючыся з камандзіроўкі. Настрой у чалавека быў прыўзняты. Слова за слова, Міхаіл расказаў мне, што жыве ў Слоніме, што жанаты і дачцэ тры гады, што ўсё б нядрэнна, але свайго кутка ў іх няма, жывуць у бацькоў. Гэтая праблема і прымусіла яго з лютага стаць гастарбайтарам у Маскве, бо зарплаты на фірме па вырабе корпуснай мэблі, дзе ён працаваў, стала хапаць толькі на прадукты.
Паехаў на шынамантаж да знаёмага, які ў расійскую сталіцу перабраўся ўжо даўно. У зімовыя месяцы ўдавалася зарабляць каля тысячы даляраў, а з надыходам вясны заробкі пайшлі ўгору, праўда, і работы прыбавілася, але гэта не страшна, бо працаваць за такія грошы ён згодзен, колькі патрэбна. За ім у Маскву паехала яшчэ некалькі хлопцаў, усім каля 30, кожны стараецца зарабіць для сям’і. Але не ва ўсіх атрымліваецца, і асноўная прычына — алкаголь. Грошы-то яны атрымліваюць штодзень, таму некаторым цяжка пераадолець спакусу і не патраціць крыху на тое, каб “расслабіцца”. А стрымальных фактараў у выглядзе жонкі і дзяцей няма. Вось і зацягвае. Па гэтай прычыне добрага сябрука давялося адправіць дадому ў Слонім, і ён не апошні, бо ў іх калектыве ёсць яшчэ пару хлопцаў, якія не спраўляюцца з залежнасцю.
Лірычныя адступленне пра дачку, жонку, сям’ю Міхаіла не радавалі. Ехаць і думаць пра тое, што дзіця да апошняга не хацела адпускаць руку, галасіла: “Татачка, не з’язджай”, а жонка, супакойваючы малую, хавала слёзы, яму не хацелася. Тым больш што на ажыццяўленне яго планаў па будаўніцтве ўласнага дома патрэбна ўсяго тры гады такога качавога жыцця, усяго тры… “Гэта вельмі хутка,” — казаў мне Міхаіл. “Божа, як гэта доўга, дачка ж яго ўжо ў першы клас пойдзе,” — думала я…
Калі цягнік пад’язджаў да Мінска і стала зразумела, што гэта апошнія хвіліны нашага знаёмства, я пажадала Мішу поспехаў у працы, хуткага здзяйснення яго мары і моцнай сям’і, у якой за тры гады не аслабне каханне і ўзаемаразуменне. А потым я хуценька спускалася ў метро, думаючы: “Як добра, што прыеду, а муж дома, што ён сарваўся сёння раней, каб забраць дачку з садка, і што ўсіх грошай не заробіш, а сям’я — гэта калі людзі жывуць разам.”
Прыкладаў паездак на заробкі сярод маіх знаёмых яшчэ шмат, некаторыя паспяхова працавалі па некалькі гадоў і потым вярталіся на радзіму, стаміўшыся ад жыцця на чамаданах, іншыя перацягвалі да сябе сем’і. Нехта стабільна зарабляў, некага (звычайна будаўнікоў) “кідалі”. Муж знаёмай з’ехаў у Маскву і праз год паездак паміж Мінскам і Масквой сказаў жонцы, што ў яго там новая, хоць і не афіцыйная, сям’я і хутка будзе дзіця. Сваяк ездзіў у Сібір, вахтавым метадам, на 4-5 месяцаў, добра зарабляў, дабудавалі кватэру, зрабілі рамонт, але апошні раз вярнуўся ў сярэдзіне вахты, без грошай (іх плацяць за ўсю вахту адзін раз), бо не мог выносіць пастаяннага галаўнога болю, баяўся памерці на чужыне, бо з яго знаёмым там здарыўся няшчасны выпадак і родныя толькі праз месяц пасля смерці змаглі яго пахаваць…

Знаёмыя мужа вярнуліся з Сочы, зарабіўшы па 200 долараў на дарогу. Брат сяброўкі паехаў у Маскву з адным чамаданам, мыўся і спаў на вакзале, шукаў работу, знайшоў — працуе ахоўнікам у гасцініцы, зарабляе каля тысячы долараў і чаявыя. Аднагрупнік ужо гадоў пяць працуе ў Піцеры, узняўся па службовай лесвіцы і нядрэнна зарабляе, забраў туды сям’ю, у Мінск прыязджае да бацькоў…

Але шчыра кажучы, знаёмых, якія знайшлі сваё месца на радзіме і зарабляюць дастаткова, каб пабудаваць кватэру, купіць машыну, з’ездзіць адпачыць, уладкаваць дзяцей, у мяне таксама вельмі шмат. А вось на чый прыклад арыентавацца, кожны вырашае сам для сябе.
Таццяна Ляўковіч, Звязда

Последние новости

ТЕХНОЛОГИИ

Дуров объявил о запуске в Telegram донатов авторам и владельцам каналов

19 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

Погода на выходные: дождливо, прохладно и ветрено. В ночь на субботу – заморозки

19 апреля 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

К 1 сентября все белорусские школы перейдут на новый режим питания

19 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
КАЛЕЙДОСКОП

В Беларуси запретили « Русские народные сказки»

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Советы от МЧС при похолодании

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Тематическую прямую телефонную линию проведет 26 апреля комитет по труду, занятости и социальной защите Могилевского облисполкома

19 апреля 2024
НОВОСТИ

Минобразования скорректировало сроки вступительной кампании в ссузах

19 апреля 2024
В МИРЕ

Израиль нанес ракетный удар по Ирану

19 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Ранние яровые зерновые в Беларуси посеяли более чем на 88% площадей

19 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

На Быховщине отметили День беременных

9 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел 1-й этап областного фестиваля управленческого опыта руководителей учреждений общего среднего образования «Лидер образования»

8 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Приглашаем принять участие в фотоконкурсе «В объективе – Быховский район»

9 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024