Мiнiнформ расказаў пра “WEB 3.0”

Ці ёсць месца для беларускай мовы ў “глабальным павуцінні”? Ці знікнуць прафесійныя журналісты? За што ў інтэрнэце людзі будуць гатовыя плаціць? Як беларусам атрымаць сваю сацыяльную сетку? Пра ўсё гэта карэспандэнт “Звязды” пагутарыў з намеснікам міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрыем Шэдко.

Што ж такое WЕB 3.0?

Якім чынам можна зрабіць так, каб беларускі сегмент інтэрнэту стаў больш папулярным сярод насельніцтва, ды нават сярод работнікаў СМІ, якія таксама не спяшаюцца выкарыстоўваць усе яго магчымасці?

— У Беларусі інтэрнэт расце шпаркімі тэмпамі. Гэта, у першую чаргу, звязана з тым, што людзі ў нас пачынаюць карыстацца інтэрнэтам часцей і больш: з дому, з працы і гэтак далей. Ён становіцца для іх абсалютна звычайным інструментам, як імбрычак, кававарка… З іншага боку, вельмі часта людзі, якія прыходзяць у сусветнае павуцінне, застаюцца незадаволенымі кантэнтам і якасцю нашых сайтаў. І тады ў іх адбываецца абсалютна відавочны выбар — сайты рунэта. Давайце параўнаем дзве лічбы: у зоне “bу” існуе каля 70-80 тысяч сайтаў (у тым ліку і тыя, што зарэгістраваны беларусамі ў іншых доменных зонах), але пры гэтым ёсць каля 15 мільёнаў рускамоўных сайтаў (рунэт у шырокім сэнсе слова). І канкурыраваць з такім патокам інфармацыі вельмі складана. Акрамя таго, рынак інтэрнэт-рэкламы развіваецца вельмі марудна. У тым ліку таму, што нашы прадпрыемствы яшчэ не зразумелі, што гэта канал, праз які можна прапаноўваць свае тавары і паслугі. Трэцяя праблема — у нас пастаянна спрабуюць зрабіць клоны нейкіх замежных сайтаў. Але ж не ўсе яны могуць быць удала перанесены на беларускую глебу. Нашым жа сайтам неабходна праводзіць агрэсіўную праграму для заваёўвання аўдыторыі. Калі ты пра сябе не раскажаш, цябе ў гэтым моры інфармацыі ніхто ніколі не знойдзе. Людзей трэба да сябе прывабіць. Неабходна мець добры, якасны кантэнт. І тут у беларускіх сайтаў ёсць вялікая перавага — яны бліжэй да нашых людзей.

Чаму большасць сайтаў беларускіх газет, часопісаў, тэлеканалаў даюць абсалютна тую ж самую інфармацыю, што і на сваіх старонках альбо ў эфіры, без адаптацыі?

— Усім нашым калегам неабходна ясна разумець, што інтэрнэт — гэта спецыфічнае асяроддзе. Людзі там прывыклі да пэўных фарматаў атрымання інфармацыі. Гэта той самы WЕB 2.0. Другі момант — інтэрнэт па азначэнні рэч жывая. То бок чалавек, які прыходзіць у інтэрнэт, чакае максімальнай інтэрактыўнасці. Ён чакае, што зможа выказаць сваю думку, зможа на штосьці паўплываць. Іншымі словамі, атрымае прадукт з максімальным сваім удзелам. Гэта і з’яўляецца ключавым момантам WЕB 2.0.

Чым жа тады адрозніваецца WЕB 3.0?

— Раней усё трымалася на тым, што кантэнт ствараюць у тым ліку і карыстальнікі, а часам і толькі карыстальнікі. А сацыяльныя сеткі — гэта найвышэйшы пункт, да якога дайшоў WЕB 2.0. WЕB 3.0 — гэта тая рэч, якая, напэўна, павінна парадаваць нашых прафесійных журналістаў.

Хтосьці лічыць, што інтэрнэт забівае прафесійную журналістыку ў тым выглядзе, да якога мы прызвычаіліся. Нічога падобнага. Возьмем любыя заходнія рэйтынгі англамоўнага інтэрнэту. Якія самыя папулярныя крыніцы навін? З упэўненасцю магу сказаць, што з топ-10 8 будуць сайтамі традыцыйных тэлеканалаў. Іншымі словамі, гэта запатрабаваная, якасная, звычная для чалавека журналістыка. Акрамя таго, у моры інфармацыі чалавеку вельмі цяжка арыентавацца. Я, напрыклад, штодзённа праглядаю каля 30 сайтаў: рэгіянальных, тэматычных і іншых. Проста лічу, што гэта частка маёй працы. Адпаведна, праца журналіста — прадаставіць чалавеку прааналізаваную, адабраную, правераную інфармацыю аб тым, што яго рэальна цікавіць, палягчаючы гэтым жыццё. І WЕB 3.0 якраз прадугледжвае тое, што: карыстальнік павінен удзельнічаць у стварэнні кантэнту; гэта павінна быць максімальна інтэрактыўна, але пры тым суправаджацца прафесійнай апрацоўкай. Да таго, напэўна, мы і будзем ісці. Таму змена падыходаў да атрымання інфармацыі не адмяняе журналіста як прафесіянала. Усё роўна чалавек, у якога ёсць выбар з тысячы тэлевізійных тэлеканалаў, нарэшце ў іх заблытаецца. Таму яму патрэбен фільтр. Але па зададзеных ім параметрах.

Прыйшоў, убачыў, заплаціў

А журналіст не ператворыцца ў чалавека, які проста фільтруе, адбірае патрэбную інфармацыю, але сам яе не стварае?

— Напрыклад, заходняя журналістыка ўвогуле вельмі персаніфікаваная. Там чалавек не проста расказвае пра нейкія факты, а яшчэ і дае сваю трактоўку. Аналітыка і публіцыстыка не могуць застацца без гэтага складніка. А вось у інфармацыйнай журналістыцы людзі, напэўна, будуць замяняцца аўтаматызаванымі сістэмамі. Зразумела, што са з’яўленнем зародкаў штучнага інтэлекту з’явіцца магчымасць апрацоўваць большы масіў інфармацыі і атрымліваць больш якасны вынік. Але гэта, думаю, адбудзецца не ў бліжэйшыя 10-20 гадоў. А калі чалавек не проста хоча засвоіць інфармацыю, а даведацца пра чыёсьці кампетэнтнае меркаванне, то тады ён будзе звяртацца да журналіста, прафесіянала, які разбіраецца і можа прапанаваць гатовае рашэнне, з якім можа, у сваю чаргу, згадзіцца ці не.

Ці могуць СМІ цалкам сысці ў сацыяльныя сеткі?

— Часткова тое ўжо адбываецца. Гэта добра, калі ты з’яўляешся пасіўным спажыўцом: акрэсліў некалькі тэм, якія цябе цікавяць, і праглядаеш стужку навінаў. У той жа час, калі камусьці патрэбна аналітычная інфармацыя, то без жывых журналістаў не абысціся: я думаю, што камп’ютар яшчэ не хутка навучыцца так аналізаваць сітуацыі, як чалавек. А значыць, СМІ застануцца. Іншая справа, што доступ да іх будзе ажыццяўляцца па-іншаму. Чалавек не будзе заходзіць у інтэрнэт і набіраць канкрэтны адрас. Ён будзе атрымліваць інфармацыю з гэтага СМІ з дапамогай нейкіх спецыяльных праграм. Падумайце, у Беларусі зарэгістравана больш за тысячу газет. Каб чытаць іх усе, не хопіць часу. Значыць, патрэбны нейкія падборкі. Аднак чалавецтва ўсё ж такі рухаецца да таго, што кантэнт будзе платным. І прыклады гэтага ўжо ёсць на захадзе. Руперт Мэрдак (вельмі ўплывовы медыямагнат. — Аўт.) увёў плату нават не за ўсе матэрыялы, а за кожны асобна. Каштуе капейкі, але пры гэтым чалавек купляе не ўсю газету, а толькі тое, што яго рэальна цікавіць. Думаю, так будзе адбывацца да таго часу, пакуль не будзе выдумана нейкая зусім новая тэхнічная фармацыя, якую мы зараз і прадказаць не можам.

А нашы людзі таксама будуць згодныя плаціць?

— Звычка прыходзіць з часам. У нейкі момант мы пачынаем пераконвацца, што, па-першае, інфармацыі занадта шмат, па-другое, бясплатная інфармацыя зусім не гарантуе, што за яе нясе адказнасць хоць хто-небудзь. Таму з увядзеннем платнасці той ці іншай інфармацыі (зразумела, што базавая дзяржаўная інфармацыя павінна быць бясплатнай) з’явіцца і адказнасць за якасць прадастаўленых звестак. Думаю, што менавіта гэта — натуральны шлях развіцця.

Мары аб беларускамоўным інтэрнэце…

Часам кажуць, што беларускамоўны сегмент інтэрнэту не мае будучыні, бо з ім дрэнна працуюць пошукавыя сістэмы…

— Гэта бяда не толькі наша. Гэта бяда кожнай невялікай краіны. Нядаўна вярнуўся са Славеніі. Там была вялікая канферэнцыя, прысвечаная “электроннаму ўраду”. У прыватнасці, гучалі даклады наконт мультымоўных сістэм. Гэта вельмі актуальна для краін ЕС, бо ў іх усе афіцыйныя дакументы адначасова павінны складацца на ўсіх афіцыйных мовах краін-удзельнікаў. Значыць, любая электронная сістэма ў тэорыі павінна падтрымліваць усе мовы. Але зразумела, што Gооglе ў першую чаргу захоча аптымізаваць пошук на рускай мове перад тым, як будзе пераходзіць на беларускую. Дзякуй Богу, што ў нас дзве мовы, якія мы аднолькава здольныя прымяняць. Але на што я звярнуў увагу: уключыў тэлевізар — і ўбачыў, што ў іх ідуць перадачы з субцітрамі. Эканамічныя разлікі паказваюць, што неэфектыўна перакладаць з англійскай мовы. У Беларусі ж такога няма.

Але з іншага боку, у нас і на беларускую ніхто не перакладае…

— Ну, гэта зразумела. Пытанне ў тым, што павінен быць попыт. Інтэрнэт створаны, відаць, для лянівых людзей, якія хочуць ісці па шляху найменшага супраціву. Я думаю, што беларуская мова ў інтэрнэце, безумоўна, будзе развівацца. За кошт такіх выданняў, як ваша, за кошт розных дзяржаўных інтэрнэт-праектаў, прысвечаных гісторыі і культуры. Я дык увогуле думаю, што большасць сайтаў павінна рэалізоўвацца ў трохмоўным варыянце: беларуская-руская-англійская. Мы ж адкрытая краіна і павінны паклапаціцца і пра тых, хто да нас прыедзе. Напэўна, многія праекты будуць рэалізоўвацца энтузіястамі, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай. Што ж тычыцца такіх дарагіх рэчаў, як пошукавыя механізмы, тут праблем значна больш. Мы абмяркоўвалі магчымасці перакладу: зараз сваю паўназначную пошукавую сістэму не пацягнем. Але паступова, у тым ліку з ростам беларускага рэкламнага рынку, калі прадпрыемствы пачнуць траціць больш грошай у інтэрнэце, ужо можна будзе дыктаваць свае правілы гульні.

А наколькі магчыма, каб у Беларусі з’явілася свая сацыяльная сетка, якая б добра разумела і карысталася беларускай мовай? “УКантакце”, фэйсбук прапануюць толькі тарашкевіцу. Твітар і такога не дае.

— Інтэрнэт увогуле не вельмі сябруе з граматыкай, таму гэта ўсё можа развівацца толькі стыхійна. А наконт з’яўлення беларускай сацыяльнай сеткі не зусім па адрасе пытанне. Сам я вялікі праціўнік віртуальных стасункаў. Для працы гэта зручна і карысна, але цалкам сысці ў віртуальныя зносіны няправільна. Гэта ж чыста камерцыйныя праекты, якія пабудаваны на пэўных схемах манетызацыі. А з сябрамі лепш размаўляць ужывую.

Вы сказалі, што калі беларускі сегмент і будзе развівацца, то толькі энтузіястамі і прафесіяналамі, якія ўбачаць у гэтым камерцыйную перспектыву. А ці не кожны беларус павінен быць падобным энтузіястам?

— Разумееце, беларус-энтузіяст тэарэтычна і на практыцы, на жаль, зусім розныя паняцці. Мы ўсе, безумоўна, патрыёты. Гэта нармальна. Мы ўсе любім сваю краіну. Але калі справа даходзіць да нейкіх намаганняў, далёка не кожны возьмецца ў вольны ад працы час ствараць якасны кантэнт для беларускамоўнага інтэрнэту. Такіх людзей не вельмі шмат.

А калі раптам беларусы скажуць: “Хочам, каб усё было беларускамоўным!”. Ці магчыма гэта тэхнічна?

— Калі ў людзей ёсць попыт на беларускамоўны матэрыял, то не будзе праблем з яго атрыманнем. Але справа яшчэ ў тым, што ніводная дзяржава свету не возьмецца перарабляць інтэрнэт. Попыт нараджае прапанову. Аднак нават калі пад дзвярыма майго кабінета сядзе мільён беларусаў і скажа, што хоча беларускі інтэрнэт, я нічога зрабіць не змагу. Парыў мас — гэта заўсёды выдатна, але яго трэба накіраваць. Ёсць жа ў Вікіпедыі раздзелы выключна на баскскай мове! Па мясцовай гісторыі. Яшчэ раз паўтару, што галоўнае, каб быў якасны, прафесійны, унікальны кантэнт.

Звязда

 

Последние новости

ТЕХНОЛОГИИ

Дуров объявил о запуске в Telegram донатов авторам и владельцам каналов

19 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

Погода на выходные: дождливо, прохладно и ветрено. В ночь на субботу – заморозки

19 апреля 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

К 1 сентября все белорусские школы перейдут на новый режим питания

19 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
КАЛЕЙДОСКОП

В Беларуси запретили « Русские народные сказки»

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Советы от МЧС при похолодании

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Тематическую прямую телефонную линию проведет 26 апреля комитет по труду, занятости и социальной защите Могилевского облисполкома

19 апреля 2024
НОВОСТИ

Минобразования скорректировало сроки вступительной кампании в ссузах

19 апреля 2024
В МИРЕ

Израиль нанес ракетный удар по Ирану

19 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Ранние яровые зерновые в Беларуси посеяли более чем на 88% площадей

19 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

На Быховщине отметили День беременных

9 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел 1-й этап областного фестиваля управленческого опыта руководителей учреждений общего среднего образования «Лидер образования»

8 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Приглашаем принять участие в фотоконкурсе «В объективе – Быховский район»

9 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024