Паэтычная сустрэча “З любоўю да роднай зямлі”

Актавую залу Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна 22 сакавіка ў другой палове дня запоўнілі аматары творчасці слыннага беларусскага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы Аляксея Пысіна, які нарадзіўся менавіта ў гэты знакавы дзень, на Саракі. Тут распачыналася паэтычная сустрэча “З любоўю да роднай зямлі”, на якую завіталі студэнты, сталыя магіляўчане і не толькі, пісьменнікі, якія добра ведалі Аляксея Васільевіча, сустракаліся з ім, працавалі, сябравалі. Прыгожа аформленыя выставы з ягоных шматлікіх кніг і кніг пра яго, слайды аб жыцці і творчасці надаюць сустрэчы ўрачыстасць, а песні кампазітара Міколы Яцкова на шэраг пысінскіх вершаў ствараюць адпаведны настрой.

Загадчыцца аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры бібліятэкі Тамара Калініна распавядае пра слаўны, але вельмі нялёгкі жыццёвы шлях творцы, прайшоўшага праз пякельны агонь Вялікай Айчыннай вайны, быў двойчы паранены, узнагароджаны двума медалямі “За адвагу” — вышэйшую адзнаку салдацкай доблесці. Таму і пісаў ён свае вершы ў асноўным пра вайну, пра жывых і паўшых сваіх таварышаў-сувязістаў, пехацінцаў. Ваенная ппаэзія Аляксея Пысіна пастаўлена літаратурнымі крытыкамі ў адзін рад з ваеннаю прозаю Васіля Быкава. Але калі Быкаў атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі, то Пысін так і не стаў ім, хаця па вялікаму рахунку ён сапраўды  народны  паэт, патрыёт сваёй Айчыны. Але, як сказаў ягоны сябра, літаратуразнаўца і крытык Віктар Арцем’еў, Пысіна недаацанілі…

Аўтар гэтых радкоў падзяліўся сваімі ўспамінамі аб сустрэчах з земляком-паэтам, прачытаў два пысінскія вершы і свой верш яму прысвечаны.

І ўсё ж галоўным героем мерапрыемства быў пісьменнікі Віктар Арцем’еў, які з’яўляецца даўнім даследчыкам жыцця і творчасці  слыннага паэта, бо прысвяціў яму свае кнігі “Вянок Аляксею Пысіну”, “Паэт вузел завязаў”, “Пысін: ад прадзедаў — да праўнукаў”, “Бібліятэка паэта Аляксея Пысіна”. Падрыхтавана да друку і яшчэ адна кніга “У родзе Пысіна”. Амаль усе гэтыя творы мною прачытаны. І не пакрыўлю душою, калі скажу, што гэтак мэтанікіравана, паслядоўна, сістэмна і з веданнем справы яшчэ ніхто не пісаў. Трымаю ў руках “Бібліятэку паэта Аляксея Пысіна”. Кніжка зусім невялікая, але ў ёй ёсць выказванні вялікіх людзей аб творчасці нашага земляка ў раздзеле “Кнігі з аўтографамі”. Вось некаторыя тэксты. Янка Брыль. Збор твораў у пяці тамах. Том 1. Мн., 1979. “Аляксею Пысіну — у знак шчырай сімпатыі і павагі. 19. ХІІ. 80”.

Ніл Гілевіч. У добрай згодзе. Мн. 1979. “Слаўнаму, мудраму, дарагому Аляксею Васільевічу — з павагаю і любоўю. 9.10.79 г.”.

Рыгор Барадулін. Вечалле. Кніга паэзіі. 1980. “Дарагому Аляксею Пысіну — лепшаму паэту зямлі беларускай з нязменным захапленнем, з братэрскай любоўю, з павагай. Мінск, 1981”. Вось усяго толькі тры выказванні трох класікаў беларускай літаратуры пра Пысіна чалавека і паэта. Іх і ўспомніў падчас свайго выступлення Віктар Арцем’еў, якому 21 сакавіка споўнілася 85 гадоў і якому са словамі віншавання дырэктар абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна прыпаднесла цудоўныя ружы і падарунак.

Віктара Іванавіча дапоўніў пісьменнік Іван Аношкін, які ўпершыню пазнаёміўся з Пысіным падчас працы ў Чэрыкаўскай раённай газеце ў другой палове 50-х гадоў мінулага стагоддзя, а потым, калі перавялі ў “Магілёскую праўду”, то не толькі разам працаваў, а і кватараваў напачатку ў Пысіных, бо сябраваў з паэтам. Пасля шаноўны Іван Архіпавіч змяніў Аляксея Васільевіча на пасадзе старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Сваім настаўнікам у творчасці, як і папярэднія прамоўцы, назваў вядомага паэта цяперашні старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Уладзімір Дуктаў, які ўручыў юбіляру Арцем’еву Грамату свайго творчага Саюза. Такую ж Грамату атрымаў у сувязі з 55-годдзем з дня нараджэння і паэт Віктар Кунцэвіч. Яму споўнілася 55 гадоў, але па сённяшні дзень вучыцца паэтычнаму майстэрству ў Аляксея Пысіна, аб чым і сказаў.

Выказваліся цёплыя словы ўдзячнасці, павагі і любові да знакамітага паэта іншымі удзельнікамі сустрэчы, якія надоўга застануцца ў памяці, будуць хваляваць, калі гаворка пойдзе пра ягоны жыццёвы і творчы шлях.

Сустрэча ў рамках абласных Пысінскіх чытанняў скончылася. Мы фатаграфуемся на памяць. А пасля разам з Віктарам Арцем’евым, палкоўнікам-франтавіком у адстаўцы Пятром Асмалоўскім і старшынёю абласнога аддзялення Саюза кампазітараў Беларусі Яўгенам Маланковым едзем да месца, дзе пахаваны паэт. Кладзём на ягоную магілу кветкі і моўчкі стаім, апусціўшы галовы. Кожны думае пра Яго…

Мікола ЛЕЎЧАНКА.              

Последние новости

ГЛАВНОЕ

Жители Быхова учатся предотвращать пожары и заботиться о здоровье

18 сентября 2025
Читать новость
КАЛЕЙДОСКОП

Один из крупнейших в 2025 году астероидов пролетел мимо Земли

18 сентября 2025
Читать новость
СПОРТ

Волейболистки “Минчанки” выиграли два матча на старте розыгрыша Кубка России

18 сентября 2025
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Запреты на посещение лесов действуют в 11 районах Беларуси

18 сентября 2025
Читать новость
СПОРТ

В Быхове прошла спартакиада по мини-футболу

18 сентября 2025
Читать новость
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Сегодня в Быховском районе проходит единый день информирования

18 сентября 2025
Читать новость

Архивы

Рекомендуем