“Славянскі базар-2012” пройдзе з 12 па 18 ліпеня
XXІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе сёлета з 12 па 18 ліпеня. Дату правядзення агучылі на чарговым пасяджэнні Віцебскага гарвыканкама.
Ужо зацверджаны склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю на чале са старшынёй гарвыканкама Віктарам Нікалайкіным. Зацверджаны планы мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да XXІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Іх фінансаванне будзе ажыццяўляцца як з гарадскога, абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, падтрымаюць свята прадпрыемствы і арганізацыі горада. Па добрай традыцыі, напярэдадні чарговага “базару” або падчас яго ў Віцебску здаюцца ў эксплуатацыю аб’екты грамадскага і сацыяльнага прызначэння. Сёлета плануецца адкрыць у самым цэнтры горада гандлёвы комплекс у выглядзе піраміды, запрасіць дзятву і дарослых на прэзентацыю новага заапарка — аднаго з самых буйных у Еўропе, які з’явіцца недалёка ад спальнага раёна.
Аляксандр ПУКШАНСКІ, Звязда