Быхаўская газета “Маяк Прыдняпроўя” атрымала Грамату Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Намесніку старшыні райвыканкама Вадзіму Рагавому, які ўзначальвае раённую прызыўную камісію, на мінулым тыдні двойчы даводзілася сустракацца з міністрам абароны Рэспублікі Беларусь, генерал-лейтэнантам Юрыем Жадобіным. Першы раз — у сераду, на Палескім палігоне, дзе праходзіла тактыка-спецыяльнае вучэнне асабовага саставу дывізіёна 456-й ракетнай брыгады, дзе паспяхова служаць і юнакі з Быхаўшчыны; другі раз — у чацвер, у Калоннай зале Дома афіцэраў Узброеных Сіл краіны, дзе па традыцыі напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны падводзіліся вынікі штогадовага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ пытанняў будаўніцтва і развіцця беларускай арміі, патрыятычнага выхавання насельніцтва. Сюды на ўганараванне пераможцаў ён прыехаў з галоўным рэдактарам раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя” Міколам Леўчанкам, каб атрымаць Грамату за вялікую праробленую работу па вызначаных умовамі конкурсу напрамках, прадстаўлены на яго аб’ёмны цыкл публікацый у нашай раённай газеце.
Уручаючы Грамату, генерал-лейтэнант Жадобін падзякаваў у асобе Вадзіма Рагавога кіраўніцтва Быхаўскага раёна, журналістам за цеснае, плённае супрацоўніцтва з вайскоўцамі, органамі тэрытарыяльнай абароны, актыўнае асвятленне гэтых працэсаў у друку.
Пасля цырымоніі ўганаравання Вадзім Васільевіч і Мікалай Уладзіміравіч сфатаграфаваліся разам з міністрам абароны Рэспублікі Беларусь Юрыем Жадобіным, ягоным памочнікам па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнікам Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны, генерал-маёрам Аляксандрам Гурай і першым намеснікам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліяй Ананіч, якая перад гэтым у сваім выступленні асабліва падкрэсліла плённае супрацоўніцтва Міністэрстваў абароны і інфармацыі, паколькі ваенная тэма набыла асаблівае гучанне з яскравым паказам урокаў мужнасці і гераізму, гонару за сваю краіну, свой беларускі народ.