Перакладаючы “Слова пра паход Ігара”, Гарэцкі прапускаў цьмяныя месцы?

Берасцяныя граматы — пісьмовыя дакументы ХІ—ХV стст., выкананыя на бяросце. Такія граматы знаходзілі пры раскопках старажытнарускіх гарадоў. Першы экзэмпляр такой граматы быў выяўлены ў 1951 годзе ў Ноўгарадзе. У Беларусі берасцяныя граматы знаходзілі падчас раскопак двойчы: у 1957-м у Віцебску і ў 1980-м у Мсціславе. Усяго ж на тэрыторыі былога СССР вядома ўжо каля тысячы экзэмпляраў гэтых унікальных пісьмовых крыніц.

— Мы даведваемся адтуль не толькі пра новыя словы старажытнарускай мовы, але і можам сцвярджаць, што пісьменнасць у Старажытнай Русі была вельмі пашыраная, — заключае дацэнт БДУ Людміла Зарэмба, кандыдат філалагічных навук. — Гэта была найкультурнейшая краіна! Гэта быў час, калі нават любоўныя цыдулкі (а захаваліся і яны) пісалі на бяросце…

Каштоўныя помнікі паўсядзённа-побытавага ліставання на старажытнай Русі слушна атрымалі сярод лінгвістаў азначэнне ўнікальнага эксперыментальнага палігона.

Адтуль з’яўляецца і ўражвае нас усё новая лексіка з былых стагоддзяў. Больш за тое, гэтыя словы-імпульсы часта дазваляюць беспамылкова абвергнуць або прыняць пэўныя прачытанні і тлумачэнні такога помніка сусветнага значэння, як “Слова пра паход Ігара”.

Так, напрыканцы 2009 года лінгвісты Андрэй Залізняк і Валянцін Янін зрабілі сваю “папярэднюю публікацыю” леташніх раскопак у Ноўгарадзе. Сярод 12-ці новых аб’ектаў гісторыкаў-славістаў найбольш прыцягнуў фрагмент берасцяной граматы з тэкстам “(оби)доу говори”.

Зафіксаваны на бяросце на мяжы ХІІІ-ХІV стст., гэты выраз палічылі самай ранняй фіксацыяй слова “говорити” са значэннем “паведамляць, інфармаваць”.

— Няўжо раней навукоўцы не мелі пацвярджэння гэтаму ў іншых рукапісных крыніцах?

— У тым і справа, што не мелі. З моманту адкрыцця “Слова…” прайшло ўжо больш за два стагоддзі. Аднак спатрэбілася шмат часу для таго, каб назапасіць шматлікую фактаграфію і тыя прадметы, якія былі літаральна выкапаныя з-пад зямлі — і ўсё для таго, каб сёння мы маглі з абсалютнай упэўненасцю прачытаць хоць бы некалькі радкоў старажытнага помніка.

Асаблівую цікавасць да “Слова…” праяўлялі і беларускія перакладчыкі — перш за ўсё Янка Купала, які ў 1919 годзе апублікаваў першы беларускамоўны пераклад “Слова…”.

— Што адметнага было ў беларускіх перакладах “Слова…”?

— Беларускія пераклады асабліва выразна акцэнтуюць паэтычную сістэму “Слова…”. Увогуле, беларуская літаратура вельмі моцная сваім міфапаэтычным успрыманнем свету. Тут чалавек як мастацкі персанаж існуе не столькі на фоне і сярод прыроды, колькі ў самой прыродзе ў якасці яе часткі. Чалавек і прырода настолькі блізкія, што нібыта перацякаюць адно ў другое.

Калі звярнуцца да тэксту “Слова…”, то, напрыклад, выраз “галици свою речь говоряхуть” беларускія перакладчыкі прадставілі ў розных паэтычных фарбах. У купалаўскім вершаваным перакладзе: “Рэдка пеў аратай за сахою…/ А на ежу ляцеці збіраючысь, / Галкі гоман заводзілі й гулі”. Я. Крупенька: “у тыя сумныя часы, / калі ў паміжусобных войнах/ на землях ураджайных вольных/ не красавалі каласы,…/ а галкі, гледзячы ўдаля, / вялі гамонкі з пахвальбою, што будуць і яны з ядою”. І. Чыгрынаў: “рэдка аратаі голас свой падавалі…, а галкі сваё гаварылі“. Р. Барадулін: “…пераклікаліся рэдка ратаі, …/ а галкі сваё гаварылі зычна”.

Грамата 109 з раскопу ў Ноўгарадзе. Умоўная дата стварэння знаходкі — 1100—1120 гг.
Грамата 28 з раскопу ў Ноўгарадзе. Умоўная дата стварэння знаходкі — кан. ХІV ст. — 1400-я гг.

— У сваіх публікацыях вы згадвалі і талент перакладчыка Гарэцкага.

— Сапраўды, на сёння вядомыя два варыянты перакладу “Слова…” Максімам Гарэцкім — у 1922 і 1925 гг. Асабліва хачу звярнуць увагу на рэдакцыю 1922 года. Адзін з яе ўрыўкаў — “Тогда по русьской земли редко ратаеве кыкахуть, но чясто врани граяхуть, хотять полетети на уедие” — Гарэцкі пераклаў такім чынам: “Тады па рускай зямлі рэдка пяялі аратаі, а часта каркалі груганы, хацеўшы ляцець на пажыву”.

Варта адзначыць, што Гарэцкі перакладаў даслоўна. Таму незразумелыя — цьмяныя — месцы часта прапускаў. Аднак сэнс арыгіналу пры гэтым захоўваўся. Сапраўднае перакладчыцкае майстэрства!

Напрыклад, фрагмент перакладу, у якім слова “галици” (як антонім да слова “соколы”) у Гарэцкага прадстаўлены як “половцы” (“стая галак бяжыць”, “галіцы грудам бягуць”), пазней гэтае значэнне падмацуе і Барадулін (“чароды галак спуджана ўцякаюць”).

Гэтае значэнне Гарэцкі беспамылкова “ўгадаў”! Як і яго сучаснікі, ён не мог ведаць пра шматзначнасць слова “галици”, аднак адчуў канцэнтрацыю сэнсаў у ім. Ён нібы прадказаў пазнейшыя прачытанні Дзмітрыя Ліхачова і Таццяны Мікалаевай.

— Няўжо паміж перакладамі беларускай і рускай літаратурнай практыкай не было ніякіх узаемаўплываў?

— Было ды яшчэ колькі! Тут адзін з найбольш цікавых момантаў у асаблівасцях маўлення беларусаў — аканні. Напрыклад, адметнае старажытнарускае слова “вороны”. У рускіх перакладах сустракаем два варыянты націску ў графеме: “вОроны” і “ворОны”.

“ВорОна” стала такой адмысловай “вульгарызацыяй” гругана (“вОрона”). Гэта двухсэнсоўнасць была падтрымана і беларускімі перакладчыкамі з тае прычыны, што адзін з асноўных фанетычных законаў беларускай моўнай традыцыі — аканне.

Тут відавочная ўзаемасувязь беларускіх перакладчыкаў з фальклорам і размоўнай дыялектнай гутаркай. Таму што паводле народных прыкмет, карканне вароны — нядобры знак для таго, хто выпраўляецца ў дарогу. То бок сітуацыя як бы незнарок праецыравалася літаратарамі-перакладчыкамі на ўчынкі князя Ігара, які вяртаўся на радзіму пасля паражэння і палону. Такім чынам, пераклады беларусаў, якія прачыталі выраз “вороны не каркалі” праз аканне — адмысловая нацыянальная адметнасць.

Адным словам, беларускія пераклады — багатая глеба для вывучэння, якая яшчэ чакае сваіх удумлівых даследчыкаў.

Ілья ЛАПАТО, Звязда

Последние новости

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Как белорусы будут работать и отдыхать в мае 2024

28 марта 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

В Минобразования рассказали, введут ли обязательную отработку для платников

28 марта 2024
КАЛЕЙДОСКОП

В Беларуси запретили продажу стирального порошка Ariel и капсул Tide

28 марта 2024
ГЛАВНОЕ

В Беларуси на 1 января 2024 года проживало около 9,15 млн человек

28 марта 2024
НА СТРАЖЕ ЗАКОНА

29 марта – прямая телефонная линия с начальником 11 управления ГУБОПиК МВД

28 марта 2024
ЭКОНОМИКА

Дни Могилевской области пройдут с 29 марта по 22 апреля на ВДНХ в Москве

28 марта 2024
В МИРЕ

Напавшие на “Крокус Сити Холл” были под воздействием наркотических веществ

28 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Карпенко рассказал, как идет формирование ВНС

28 марта 2024
АКТУАЛЬНО

Прямая линия замначальника Могилевского областного управления МЧС Владимира Гореликова пройдет 30 марта

28 марта 2024
АКТУАЛЬНО

Бесплатную консультацию нотариуса можно будет получить 2 апреля

28 марта 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Быховские правоохранители в течение суток раскрыли уголовное преступление

25 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Как в условиях модернизации Быховской ЦРБ оказывается медицинская помощь жителям района

25 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быхове чествовали лучших работников коммунальной сферы

21 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В Быховском районе горела баня

26 марта 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине состоялось очередное заседание комиссии по содействию занятости населения райисполкома

20 марта 2024
КУЛЬТУРА

Быхаўчан запрашаюць на тыдзень традыцыйнага мастацтва

21 марта 2024
ГЛАВНОЕ

Сергей Антонов, известный быховчанам своими писаниной и видосиками на экстремистских каналах, подался в бега

20 марта 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

О мерах предосторожности в паводковый период

15 марта 2024