Мастакі, на якіх мы забыліся


Усе больш-менш ведаюць, хто такі Марк Шагал. І што ён нібыта меў нейкае дачыненне да Беларусі. Нешта там рабіў у Віцебску. Нейкая школа мастацкая там у яго была, ці што. Потым ён з’ехаў з Беларусі, якой тады яшчэ не было як дзяржаўнага ўтварэння, і ўладкаваўся недзе ў замежжы, дзе зрабіўся шырока вядомым з-за свайго габрэйскага паходжання. Ну, неяк так, мабыць, ён і існуе ў масавай свядомасці.

Ёсць, вядома, нюансы: нехта бачыў Шагала жыўцом, у французскім музеі, быў працяты ягонымі колерамі. Нехта атрымаў на дзень народзінаў альбом, у якім Шагал называўся “русским художником, закончившим жизнь в эмиграции”, пагартаў, пабачыў нейкіх ліловых мужыкоў, чырвоных парсюкоў і смарагдавых пеўняў, паціснуў плячыма, рэзонна буркнуў: “У нас бы такога дзівака нават у мастацкі музей не пусцілі”. Хто такі Марк Шагал для масавай беларускай свядомасці – пытанне дагэтуль не высветленае. Аднак факт: ён у гэтай свядомасці ёсць.

Сёння 34mag.net вырашыў сказаць некалькі словаў пра тых мастакоў, якія, на наш густ, вартыя таго, каб іх памятаць. Ці нават ганарыцца імі. Але ніхто збольшага пра іх не ведае. Некаторыя экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Аднак гэта факт: пералічаныя ніжэй прозвішчы пажадана ведаць кожнаму.

Станіслаў Жукоўскі

У беларускім мастацтве “класічнай” эпохі (г. зн. да з’яўлення “віцебскай школы”) два прозвішчы: Хруцкі ды Жукоўскі. Хруцкі – поп-зорка, яго, можа, і не кожны ведае, аднак з ягонымі выявамі знаёмыя ўсе. Гэта той самы чэл, які пісаў адну і тую ж кабетку ў розных ракурсах ды знакамітыя аднолькавыя нацюрморцікі, ад якіх цягне званітаваць. Садавіна-гародніна, жбаны, жонка, карацей – нуда і сум. Пасля таго як ягоную кабету змясцілі на плакаціку “Вместе мы Беларусь”, ён для мяне перастаў існаваць. На яго фоне Жукоўскі – гэта нешта. Хруцкі і Жукоўскі – гэта як Філіп Кіркораў і Noize MC.

Нарадзіўся непадалёк Варшавы, адукацыю атрымаў (не чытайце рускамоўную Вікіпедыю, дзе сказана, што адзіным месцам, дзе ён вучыўся мастацтву, была Масква) у Варшаўскай класічнай гімназіі, пасля – у рэальным вучылішчы ў Беластоку. Што цікава, ягонымі бацькамі былі арыстакраты, якія страцілі дваранства за ўдзел у “польскім паўстанні 1863 года” (так часам называюць паўстанне Кастуся Каліноўскага). Такім чынам, чэл з самага пачатку быў з нашых.

Цяпер да галоўнага: нягледзячы на тое, што Жукоўскага называюць “пейзажыстам”, асноўнае ў яго творчасці – інтэр’еры. Мастак стварыў галерэю старасвецкіх сядзібаў, аднак, у адрозненне ад Напалеона Орды, які вандраваў па Беларусі ды маляваў руіны і будынкі палацаў, гэты звяртаў увагу перш за ўсё на тое, што рабілася ўнутры. Гэтак, ён працаваў не толькі і не столькі ў Беларусі, а шмат часу праводзіў вакол Масквы, Цверы, Арла, наведваючы “дворянские гнезда”. Ягоныя інтэр’еры дазваляюць нам нібыта зазірнуць у старасвецкі сусвет. Той самы сусвет, які для Беларусі страчаны хіба што назаўжды. Калі вы жадаеце даведацца, як жылі людзі ў тым самым маёнтку, ад якога ў вашай роднай вёсцы засталіся выключна рэшткі комінаў, зірніце на палотнішчы Жукоўскага.

Станіслаў Жукоўскі – адзін з нешматлікіх нашых геніяў, які вельмі добра прэзентаваны ў Нацыянальным мастацкім музеі. Там яму прысвечаны асабісты пакой. Зазірніце туды. Пабачце гэтую ціхую раскошу, гэтыя канапы, гэтыя старажытныя партрэты на сценках, гэтыя плямы святла – святла, якое ў тых інтэр’ерах мела, здаецца, трохі іншае адценне, чым цяпер, у нашых з вамі шматпакаёўках. У інтэр’ерах Жукоўскага ніколі не бачна людзей. Ён ствараў партрэты пакояў – дзіўны жанр, хіба не так? І звярніце ўвагу на подпісы да алеяў. Калі бачыш прыбраны да Калядаў пакой, пад якім пазначана, напрыклад, “Інтэр’ер. 1917 г.”, разумееш, што Жукоўскі пісаў не толькі прыгожы, але і асуджаны на гібель свет. Гэта Пампея, людцы! І вывяржэнне – крывавае, жорсткае, бязлітаснае да прыгажосці – ужо пачалося недзе побач.

Эль Лісіцкі

Вось кім – рускім ці беларусам – трэба лічыць чалавека, які нарадзіўся пад Смаленскам у 1890-м? Калі па сучасным раскладзе, дык Смаленск – гэта Раша. Калі кіравацца раскладам 1890-х, дык Менск – гэта таксама Раша. І Віцебск, і Горадня. Аднак калі па раскладах да першага падзелу Рэчы Паспалітай, дык і Менск – не Раша, і Смаленск – не Раша.

Адказ на пытанне пра Лісіцкага просты – ён быў найперш габрэем. Аднак габрэем, вельмі цесна звязаным з Беларуссю. У 1916 годзе даследаваў Падняпроўе дзеля фіксацыі помнікаў габрэйскай культуры, у 1923-м выдаў у Берліне рэпрадукцыі роспісаў магілёўскай сінагогі. У 1919–1920 гадах актыўнічаў у Віцебску, дзе зрабіўся “нервам” тамтэйшай мастацкай школы. Проста каб пазначыць памер гэтай постаці: ці ведаеце вы знакаміты савецкі плакат “Клином красным бей белых”? Плакат, па якім дагэтуль выкладаюць дызайн у акадэміях – настолькі ён лаканічна моцны? Дык гэты малюначак зрабіў менавіта Лісіцкі. Пра якога тут, у краіне “Аліварыі”, літаральна ніхто не чуў.

Лісіцкі – чалавек, які поруч з Казімірам Малевічам (таксама шмат чаго нарабіў у Беларусі, аднак гэта асобная тэма) стварыў такую плынь у мастацтве, як супрэматызм. Супрэматызм – гэта школа, якая лічыла жыццё формаў на плоскасці, дынаміку геаметрычных фігур, важнейшаю за “рэальны свет”, да якога апелявала ранейшае мастацтва. І супрэматызм ставіў перад сабой звышзадачу – змяніць рэальны свет з дапамогай геаметрыі ды колеру (вось так!).

Яны былі вар’ятамі ды прарокамі, гэтыя двое. Відавочна, Эль Лісіцкі быў ценем Малевіча, бо Малевіч, гэты містык і папуліст, каго заўгодна мог зрабіць сваім адэптам. Аднак Лісіцкі нямала зрабіў уласнаручна. Пачынаючы з дызайну Усесаюзнай паліграфічнай выставы ў Маскве ў 1927 годзе (даследнік А. Шацкіх мяркуе, што так нарадзілася сама прафесія дызайнера выставаў, Лісіцкі быў яе бацькам) і заканчваючы архітэктурнымі праектамі шэрагу знакамітых канструктывісцкіх (Лісіцкі сказаў бы – супрэматычных!) будынкаў. Напрыклад, будынка рэдакцыі часопіса “Огонек”.

Хочаце пабачыць адбіткі жыцця Лісіцкага ў Беларусі? Абламіцеся. Няма ў нас Лісіцкага. Не захавалася. Занадта каштоўны: усё, што было, забралі яшчэ за савецкім часам, а новага не прыдбаць. Адно што альбомчыкі. Інтэрнэт дапаможа.

Хаім Суцін

Класічны прыклад таго, што ў лузера радзімы можа не быць, а ў паспяховага творцы радзімаў адразу робіцца вельмі шмат. Вось некалькі вытрымак пра Суціна з біяграфічных артыкулаў, лінкі на якія падаюцца пад інфой пра яго на рускамоўнай Вікіпедыі (г. зн. гэтыя артыкулы лічацца неаспрэчнымі ды беспамылковымі). “Многие художники – выходцы из России, уехавшие в годы революции, до нее и после, – долгое время считались на родине как бы не существующими… – сцвярджае Г. Анісімаў у артыкуле “Жил-был художник Сутин”.

– Могучая и обильная Русь была для еврейского юноши страной особенно тяжелой и жестокой. Но Сутин любил ее, видел ее беспомощность и наивность, хотя и никогда не воспевал ее подобно Шагалу, то есть не воскрешал в своих работах” (адзначым, што Шагал “воспевал” не “могучую Русь”, а Віцебск, выявы якога ляпіў нават на плафон “Опера Гарні” ў Парыжы). А. Ліндэберг піша: “В России нет картин Хаима Сутина, на русском языке нет монографий о нем. О художнике на его родине (г. зн. у Расіі!) знают мало. Он покинул Родину вначале до революции и долгое время был для России “потерянным” гением”. Сама Вікіпедыя падсумоўвае: Суцін – “российский художник еврейского происхождения”.

Нарадзіўся гэты “рускі мастак” у Смілавічах. З 14 гадоў асобна ад бацькоў жыў у Менску. Мастацкую адукацыю атрымаў у Вільні, якая, нагадаем, тады была цэнтрам беларускай культуры. У 1913 годзе, ва ўзросце 20 гадоў, Суцін з’ехаў у Парыж і з тае пары вандраваў па Францыі, у напаўжабрацкім стане соўгаўся па розных арт-суполках, бухаў з Мадыльяні, пакуль у 1922 годзе яго не напаткалі слава і поспех.

Літаральна некалькі словаў пра тое, чым адметнае яго мастацтва. Пісаў ён у манеры, якую я (гэта не бясспрэчна) акрэсліў бы як выкшталцоны, суб’ектыўна афарбаваны экспрэсіянізм. Пачуццё неспакою, уласцівае любому твору экспрэсіянісцкага мастацтва, сустракае нас у знешне звычайных дэкарацыях. Гэта можа быць пейзаж з гарадскімі дамкамі пад блакітным небам, аднак нешта ў гэтым пейзажы – кампазіцыя, дынаміка рухаў пэндзля або нешта іншае – абавязкова пакіне пачуццё небяспекі. Экспрэсіяніст Мунк пісаў зялёныя твары, разгорнутыя у нечалавечым гарланні. Нямецкія экспрэсіяністы тых часоў падавалі нам вобразы трупакоў Першай сусветнай, раскудлачаных выбухамі. Экспрэсіянізм Суціна – бытавы, а ад таго больш цікавы і вытанчаны. Каб прэзентаваць нам жудасць гвалту, ён рабіў нацюрморты з кавалкамі мяса і партрэты свіных тушаў, мёртвых і агідных. Дарэчы, актуальненька для сучаснай Беларусі, дзе тэма мяса робіцца вельмі гучнай апошнім часам.

Валянцін Волкаў

Геній сацыялістычнага рэалізму. Дзесяць гадоў таму на еўрапейскіх аўкцыёнах дамінаваў такі жанр як сац-арт. Сац-арт – гэта калі мастак бярэ партрэт Леніна а-ля Бембель і прымалёўвае да яго Мікі Маўса. Цяпер час змяніўся, рынкавая кан’юнктура – таксама.

Траўма, спароджаная СССР, адыходзіць у мінулае. Мастацтва СССР пачынае набываць камерцыйную вартасць нават без дакранання цынічнай поп-культуры. Такім чынам вось ужо колькі гадоў калекцыянеры актыўна скупаюць сацрэалізм – тое мастацтва, з якога кпіў сац-арт. А галоўным мастаком беларускага сацрэалізму быў менавіта Валянцін Волкаў.

Ён – расіянін паводле паходжання, аднак пры гэтым Народны мастак Беларусі, выбітны дзеяч віцебскага асяродка 1919 года. Ягоны лёс – гэта лёс чалавека, які тусіў з авангардыстамі, а потым зрабіўся ўвасабленнем “новага мастацтва”, у імя якога гэтых авангардыстаў знішчылі. Да гэтага – адзін з нешматлікіх дзеячаў сацыялістычнага рэалізму, які паспеў скончыць найбольш прэстыжную старасвецкую мастацкую установу – Пецярбургскую акадэмію мастацтваў (1915 год). Адсюль – дасканаласць кампазіцыйнай будовы твораў Волкава, акадэмізм, якім працяты кожны твор.

У мастацкім музеі можна пабачыць асноўную працу Волкава, працу, якая, калі жадаеце, сімвалізуе ўвесь беларускі савецкі жывапіс: “Менск. 3 ліпеня 1944 года”. Адхінем сумневы адносна вызваленчай ролі Чырвонай Арміі, забудземся на Курапаты ды іншыя цуды, якія яна ўвасабляе для кожнага дасведчанага беларуса. Давайце проста прасякнемся трыумфальным пафасам гэтага алею, які мае такі памер, што разглядаць яго можна з палову гадзіны. Давайце пабачым у ім прыкметы французскага класіцызму і нават эстэтыкі італьянскага Адраджэння. Давайце пагодзімся, што любое “новае мастацтва”, нават такое новае, як сацыялістычны рэалізм, мае шанец толькі тады, калі ствараюць яго людзі, дасведчаныя ў мастацтве старым. Дасведчаныя прынамсі на ўзроўні акадэміі мастацтва.

Язэп Драздовіч

На мой густ, гэта галоўны беларускі мастак ever. Роўных яму няма дагэтуль. Нарадзіўся ён… Паслухайце, якая вам розніца, дзе і калі ён нарадзіўся? Давайце хутчэй да справы!

Гэты дзядзька, бараду якога можна пабачыць адно што ў Траецкім, дзе ў “ліхія 1990-я” (а менавіта – у 1993-м) нацыянальна арыентаваныя эліты тых часоў замуцілі яму помнік, быў “беларускім Чурлёнісам”.

Усё жыццё – неўладкаваны жабрак без уласнай хаты і нават грошай на тое, каб набыць фарбы. Нарадзіўся ў галечы, скончыў жыццё ў снежнай гурбе – у 1954 годзе яго знайшлі сяляне. Ён ішоў ад адной вёскі, дзе паджабрачваў пісаннем дываноў з качкамі, да другой. За дываны бабулі давалі яму хто малака, хто гнілой бульбы.

Чым ён цікавы? Недзе ў 1920-я Драздовіча моцна торкнула на касмічную тэму. Ён напісаў кніжачку “Небесные беги”, якую сёй-той недасведчаны сёння назаве “падручнікам па астраноміі на беларускай мове”. Ніякі гэта быў не падручнік, а шэдэўр хваравітага ўяўлення, натхнёныя развагі на тэму “што такое сусвет”. Між іншага, у кніжачцы ўтрымліваліся графікі ды схемкі касмічнага апарата, які дазволіць чалавеку вырвацца з Зямлі і паляцець да зорак. Космас Драздовіча – магічны сусвет, які юшна заселены рознымі істотамі. Драздовіч маляваў не тое, што бачна праз тэлескопы і занатавана ў астранамічных атласах яшчэ з часоў антычнасці. Ён ствараў штучны космас, космас, якога не бачыць вока. Космас няісных рэальнасцяў. Космас, які толькі такім і можа быць.

Самае галоўнае ў ягонай спадчыне – створаныя паміж 1930-м і 1940-м гэтак званыя касмічныя пейзажы. Дзядзька пісаў, як, на ягоную думку, выглядае “Жыццё на Марсе”, “Жыццё на Сатурне”, “Жыццё на Месяцы”. Як сатурняне сустракаюць вясну або як выглядае Вялікая сцяна на Марсе. Ад праглядаў ягоных малюнкаў літаральна зрывае башню. На другім паверсе нашага мастацкага музея можна пабачыць некалькі ягоных касмічных твораў. Усё астатняе – у запасніках розных установаў, у тым ліку – у калекцыі Нацыянальнай акадэміі, пад патранажам якой некалі адбылася даследчая экспедыцыя па драздовічавых месцах Віцебскай вобласці, што дазволіла знайсці частку дываноў ды іншых прац дзядзькі Язэпа. Большая частка твораў Драздовіча была страчаная яшчэ пры жыцці. У тыя ж 1990-я быў выдадзены адзіны альбом Драздовіча, які ўжо пераўтварыўся ў бібліяграфічную каштоўнасць.

Источсник: 34mag.net

Последние новости

ГЛАВНОЕ

Как увеличились денежные доходы белорусов с начала года – рассказали в Белстате

16 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Непоправимая трагедия в Березовском районе: погибли четверо детей

16 апреля 2024
КАЛЕЙДОСКОП

Названы самые идеальные мужчины по знаку зодиака

16 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

Информация по результатам рассмотрения обращений, поступивших на тематическую «горячую линию» в облисполком

16 апреля 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

16 апреля – День осведомленности о стрессе

16 апреля 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

РИКЗ: более 36 тыс. абитуриентов записались на ЦТ

16 апреля 2024
ТЕХНОЛОГИИ

Samsung обошла Apple по числу продаж смартфонов

16 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Головченко призвал россиян нарастить инвестиции в сферу туризма Беларуси

16 апреля 2024
В МИРЕ

Си Цзиньпин предложил четыре принципа урегулирования украинского кризиса

16 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

ЦИК: первое заседание ВНС седьмого созыва состоится 24 и 25 апреля

16 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

На Быховщине отметили День беременных

9 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Акция «Наш животновод» проходит на Быховщине

3 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Житель Быховского района привлечён к административной ответственности за сжигание травы

3 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел 1-й этап областного фестиваля управленческого опыта руководителей учреждений общего среднего образования «Лидер образования»

8 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане в числе победителей областного этапа республиканского конкурса на лучший детский рисунок на экологическую тематику

3 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Быховчан приглашают принять участие в едином дне озеленения

3 апреля 2024