Вось ужо два дзесяткі гадоў калектыў фермы ў ААТ “Вараніно” узначальвае Ніна Максімаўцова

Валавая вытворчасць прадукцыі буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Вараніно” склала за 10 месяцаў сёлетняга года 983 тоны альбо 100,6 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. Сярэднесутачныя прывагі — 490 грамаў. Толькі размова зараз пойдзе не аб справах гэтай важнай галіны, у якой налічваецца 3242 галавы, а будзе датычыцца непасрэдна калектыву фермы №1 па дарошчванню маладняку, якую вось ужо два дзесяткі гадоў узначальвае Ніна Максімаўцова (на здымку).

Сказаць, што Ніна Міхайлаўна прыроджаны жывёлавод — значаць не сказаць нічога. Тым болей пра чалавека, які станавіцца ім ніколі не збіраўся, бо мае дыплом Жыліцкага саўгаса-тэхнікума і спецыяльнасць агранома па вырошчванню плодагародніных культур, дэкаратыўных кветак. Па заканчэнні гэтай навучальнай установы сельскагаспадарчага профілю хутчэй за ўсё вярнулася б на сваю малую радзіму на Міншчыну, у Салігорскі раён. Ды выйшла замуж за хлопца з Прыдняпроўскага краю, з якім вучылася, і прыехала разам з ім у 1981 годзе ў калгас “Перамога», цяперашняе вышэй названае адкрытае акцыянернае таварыства. Толькі па спецыяльнасці, як не дзіўна, не працавала ніводнага дня.

Спачатку рабіла ў калгасе нарміроўшчыцаю, затым загадвала дзіцячым садком, займалася бухгалтэрыяй у сельвыканкаме і толькі потым перайшла ў жывёлагадоўлю, стала загадваць фермаю, чым паспяхова займаецца па сённяшні дзень. У гэтым не цяжка пераканацца, калі азнаёміцца з вынікамі яе работы.

Але з самага пачатку скажу, што фермаўскае пагалоўе па стану на 1 кастрычніка налічвала 752, на 1 лістапада — 612 жывёлін. Змяншэнне іх колькасці — працэс заканамерны, паколькі маладняк паступае сюды на ўтрыманне, дакладней будзе сказаць, на дарошчванне, з тым, каб праз пэўны час перадаць яго на іншыя фермы сваёй гаспадаркі. Папаўненне ж адбываецца як за кошт свайго маладняку, так і маладняку з іншых гаспадарак раёна. Менавіта такім чынам набылі сабе 468 маленькіх цялятак вагою 32-35 кілаграмаў кожны ў ААТ “Абідавічы”, ААТ “Быхаўскі”, ААТ “ПМК-85 “Магілёўводбуд”.

На ферме ў Смаліцы бычкі, цёлачкі ўтрымліваюцца да шасцімесячнага ўзросту. З улікам узросту складзены і рацыёны кармлення. Да таго часу, пакуль маладняк дасягне вагі ў 80 кілаграмаў, яму абавязкова выдаткоўваецца заменнік цэльнага малака па 4 літры ў суткі на кожную галаву, спецыяльны камбікорм ЭКР-1, іншы корм. Калі ж жывёліна вырастае да 80 кілаграмаў, замест названага камбікорму ёй пачынаюць даваць камбікорм ЭКР-2.

Пасля трохмесячнага ўтрымання, калі кожны цялёнак мае сярэднюю вагу ў 120 кілаграмаў, камбікармы з рацыёну выключаюцца, замест іх у кармушкі кладзецца мука з фуражнага зерня ўласнага размолу. Прычым кладзецца пастаянна.

Зараз тут утрымліваюцца 8 груп маладняку, які даглядаюць жывёлаводы Алеся Каваленка, Юлія Юрасёва, Іраіда Кіслякова, Мікалай Свірыдаў, Дзмітрый Каваленка, браты Міхаіл і Віктар Кісялёвы, Аляксандр Сухарукаў, Арцём Кіслякоў. Арцём Генадзевіч да нядаўняга часу быў падменным даглядчакам, каб яго таварышы па працы мелі магчымасць атрымліваць выхадныя дні. Але цяпер у яго свая група цялят, а падменным стаў Міхаіл Кісялёў.

Самыя высокія сярэднесутачныя прывагі ў групах цялят да трохмесячнага ўзросту, якіх даглядаюць Каваленка, Юрасёва і Кіслякова. Яны дасягаюць 1020 грамаў. У групах іншых даглядчыкаў гэты паказчык вар’іруецца ад 600 да 700 грамаў. Тут варта адзначыць, што іхнія гадаванцы знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні, самыя маленькія п’юць ваду з карытцаў, а старэйшыя — з паілак. Подсціл робіцца з сухой саломы. Што датычыцца пашы, то яна на працягу ўсяго летняга перыяду належным чынам даглядалася, своечасова падкошвалася і падкормлівалася, а сама пасьба была кругласутачнаю.

Нядаўна старэйшую групу маладняку са 156 галоў вагою ад 245 да 340 кілаграмаў перадалі на заключны адкорм Кузькавіцкай ферме. 25 бычкоў сярэдняю вагою да 120 кілаграмаў адвезлі ў Следзюкі на жывёлагадоўчы комплекс Магілёўскага КХП, а 59 галоў вагою да 100 кілаграмаў — на аналагічны комплекс ААТ “Дабраволец” Клічаўскага раёна.

Што датычыцца цёлачак, то яны гадуюцца на Смаліцкай ферме да таго часу, пакуль не наблізяцца да вагі ў 255 кілаграмаў. Затым іх прерадаюць на фермы ў Вараніно, Кузькавічы на дарошчванне. У Кузькавічах яны павінны дасягнуць сярэдняй вагі ў 350 кілаграмаў. Як толькі гэта адбудзецца, іх адразу адпраўляюць ва ўпамянёнае Вараніно пад так званае пакрыццё альбо, як яшчэ можна сказаць, пад асемяненне. Далейшы тэхналагічны працэс зразумелы. Праз пэўны час асемянёныя цёлкі стануць каровамі, якія будуць уведзены ў асноўны дойны статак.

У цэлым Ніна Міхайлаўна вынікамі сёлетняй работы калектыву задаволена, хаця бачыць некаторыя выдаткі ў арганізацыі вытворчага працэсу. Іх з дапамогаю сваіх галоўных спецыялістаў, дырэкцыі, спецыялістаў з упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама своечасова выпраўляе. Таму калектыў працуе стабільна, у ім не назіраецца цякучасці кадраў. Летась, між іншым, Максімаўцову ў ліку лепшых загадчыкаў ферм узнагароджвалі на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі. Не горш, а нават лепей тут і сёлетнія паказчыкі. Яны ёсць у пакоі адпачынку жывёлаводаў на стэндзе, дзе змешчана патрэбная дакументацыя для службовага карыстання, адлюстраваны вынікі іхняй штодзённай працы, працоўнага спаборніцтва.

За прайшоўшыя 10 месяцаў года валавыя прывагі па гэтай ферме склалі 144790 кілаграмаў, а сярэднесутачныя — 716 грамаў. Не павінны знізіцца яны і да канца года, бо якасных кармоў у гаспадарцы назапашана дастаткова.

Мікола Леўчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.