Актывісты Быхаўскага камітэта БРСМ на чале з яго лідарам Маргарытай Галіноўскай наведалі ветэранаў

З кожным годам іх усё менш: тыя, хто глядзеў у суровы твар вайны, нажаль, сыходзяць. Таму і робіць цяперашняе пакаленне  ўсё магчымае, каб акружыць увагай застаўшыхся ветэранаў.

Моладзь заўсёды з задавальненнем наведвае іх, а напярэдадні Дня Перамогі, гэта проста святы доўг кожнага. Так, актывісты раённага камітэта БРСМ на чале з лідарам маладзёжнага руху Маргарытай Галіноўскай ужо пабылі ў некалькіх ветэранаў, уручылі ім падарункі, паштоўкі і кветкі, павіншавалі з надыходзячым святам.

Сярод такіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны  — Рыгор Сталярчук. Дом па вуліцы Француза — асаблівы, бо яго фасад упрыгожвае шыльда «Тут жыве ветэран». Школьнікі наведваюць ветэрана круглы год. Асабліва зімой, у моцныя снегапады, дапамога школьнага дэсанту была вельмі дарэчы. А цяпер, калі ярка свеціць сонца, паўсюль квітнеюць сады і набліжаецца Дзень Перамогі, «БРСэмаўцы» завіталі зноў. Рыгор Астапавіч дзяліўся з гасцямі ўспамінамі аб вайне, распавядаў дзецям пра ўзнагароды. А яны ў сваю чаргу прымацавалі да каўняра яго пінжака яркую бутаньерку «Кветкі Вялікай Перамогі»,  падзякавалі за Перамогу, пажадалі здароўя і мірнага неба над галавой.

Ліка КАРАЛЁВА.