Святыня зямлі беларускай – Баркалабава

Святыня зямлі беларускай – Баркалабава

БЕЛАРУСКАЯ зямля багата на хрысціянскія святыні: крыж Еўфрасінні Полацкай, унікальныя праваслаўныя і каталіцкія храмы з цудадзейнымі абразамі, тураўскія каменныя крыжы. Сярод духоўнай спадчыны і помнік беларускай гістарычна-мемуарнай літаратуры — Баркулабаўскі летапіс. Напісаны ён у другой палове ХVI – пачатку ХVII стагоддзя. Аўтарам лічыцца праваслаўны святар Фёдар Піліпавіч Магілявец.

Хроніка змяшчае звесткі пра асобныя ваенна-гістарычныя падзеі, гісторыю беларускай культуры і Праваслаўнай царквы, найбольш вядомых асоб. Паведамляе хроніка пра заснаванне на дняпроўскім беразе Баркулабам Іванавічам Корсакам вёскі і замка, названых яго імём.

У ХVI стагоддзі Баркулабаў меў статус мястэчка і ўваходзіў у Аршанскі павет Віцебскага ваяводства. Уладарыў тут князь Саламярэцкі, які ажаніўся з дачкой Корсака Эвай. Яны збудавалі царкву Святога Юрыя. Іх сын Багдан з сястрою Аленай заснавалі праваслаўны мужчынскі манастыр. Гэта мясціна стала буйным праваслаўным цэнтрам, дзе стваралася гістарычная Баркулабаўская хроніка. Зяць Саламарэцкіх Статкевіч заснаваў у мястэчку жаночы манастыр Ушэсця. Маёнтак набыў князь Палубінскі, ад якога ўладанне перайшло заможным Сапегам. Дзейнічалі бровар, саладоўня, маслабойня.

Кіраўнік справамі Ганна МІХАСЁВА і старшыня сельвыканкама Алена ЯНІНА

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Баркулабава апынулася ў Быхаўскім павеце Ра- сійскай імперыі. Адкрыліся базільянская школа, заезны двор, працавалі медзеплавільнае, лесапільнае, два вінаробчыя прадпрыемствы.

У гады савецкай улады Баркалабава стала цэнтрам сельсавета і калгаса. Разбуральны след пакі- нулі войны мінулага стагоддзя. Пасля вызвалення савецкімі войскамі Быхаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аднавілі дзейнасць рачная прыстань, калгас, які рэарганізаваны ў філіял “Макранскі” ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод”, адкрылася швейная майстэрня. Адроджаны Свята-Узнясенскі жаночы манастыр. Баркалабава стала аграгарадком.

Паўвека разам Васіль і Людміла ЗІНКАЎЦЫ

ПАЗАЛОТАЙ зіхацяць у блакіце вясновых нябёс крыжы храма і званіцы Баркалабаўскага манастыра. Днепр, вытокі якога на далёкім Валдаі, стужкай абвівае парослыя вербалозам крутыя берагі. Уздоўж ракі выцягнуліся вуліцы Баркалабава, куды прывяла мяне чарговая вандроўка. На легкавіку з вадзіцелем філіяла агароднінасушыльнага завода Андрэем Бандарчыкам перасеклі Быхаў, у якім захаваліся рэшткі мураванай крэпасці. Побач з цытадэллю манумент франтавікам і партызанам, што загінулі ў ваеннае ліхалецце.

Узгадалася сустрэча з партызанкай Настассяй Дзегцяровай з быхаўскага пасёлка Колас. Медсястрой была яна ў атрадзе. Многім параненым уратавала жыццё. Разам з баявымі сябрамі прайшла летам 1944 года ў калоне гістарычнага партызанскага парада ў Мінску.

Загадчык малочна-таварнай фермы Наталля ЯЦКЕВІЧ

Час няўмольна змяншае колькасць сведкаў жудаснай вайны. Кожны ўспамін пра ліхалецце варты памяці. Васьмідзесяцігадовая пенсіянерка Марыя Еліна дзяўчынкай бачыла налёт фашысцкіх самалётаў, з якіх трасіруючымі кулямі страчылі па саламяных дахах баркалабаўскіх хат. Вёска палала. Людзі рынуліся ратавацца ў лес. Гітлераўцы схапілі яе бацьку і разам з іншымі маладымі мужчынамі адправілі ў віцебскі зборны лагер. Яму і тром аднавяскоўцам удалося адтуль уцячы. Да апошняга дня вайны змагаўся ён з ворагам на фронце. Кантужаны і цяжка паранены вярнуўся дамоў. Доўга не пажыў. Аўдавелая маці падымала на ногі дзесяцярых дзяцей.

Марыя пасля заканчэння сямігодкі пайшла працаваць. Была падлікоўцам у канторы, даіла кароў на ферме. Калгаснікамі сталі і іншыя яе равеснікі. Вайна асіраціла многія баркалабаўскія сем’і.

Дзесяцікласнікі Нікіта СЯМЁНАЎ, Раман МАСТЫКА і настаўнік інфарматыкі Святаслаў ПАЛЯКОЎ

Былы манастыр пераабсталявалі ў дзіцячы дом. Выхавальнікамі ў ім працавалі бацькі Людмілы Зінкавец, на падворак якой мы завіталі. Ля веснічак сустрэлі гаспадара. Прайшлі ў двор, дзе туліліся гараж, хлявы і хлеўчыкі, з-за якіх выглядалі прыцярушаныя бялюткім снегам галіны садовых дрэў. Праз сенцы вузкім калідорам Васіль Фёдаравіч правёў у залу. На невялікім століку каля акна кінуліся ў вочы два стосікі грамат, дыпломаў, віншавальных пісьмаў, паштовак. Разглядаў іх пад расповед гаспадароў.

Радзіма Васіля Фёдаравіча – клічаўская вёска Нясята. Пасля заканчэння Бабруйскага сельгас- тэхнікума з дыпломам тэхніка- планавіка прыехаў у быхаўскі калгас імя Карла Лібкнехта. Зачаравалі дняпроўскія кручы. Сэрца кранула мясцовая дзяўчына Людміла Петушкова. Згулялі вяселле. Сям’я прырасла дочкамі Ірынай і Валянцінай. Людміла Паўлаўна настаўнічала і завочна вучылася ў Магілёўскім педінстытуце імя Куляшова. Была школьным завучам, а потым кіравала педагагічным калектывам. Носіць ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы СССР”.

Трактарыст Андрэй БАНДАРЧЫК

Васіль Фёдаравіч вышэйшую адукацыю завочна атрымаў на экалагічным факультэце Белдзяржсельгасакадэміі. Пасля эканамічнай службы ў калгасе 26 гадоў узначальваў Баркалабаўскі сельвыканкам.

УСПАМІНЫ, успаміны… З цеплынёй узгадалі пра вядомага дзяржаўнага дзеяча Аляксея Камая, які часта бываў у Баркалабаве. Дзякуючы яго старанням пабудаваны мост праз дняпроўскі прыток Лахва. Падтрымліваў Аляксей Сцяпанавіч у цяжкія часы пасля чарнобыльскай катастрофы, ад якой пацярпела і Быхаўшчына. Людзі масава выязджалі. Ледзьве паспявалі ў сельвыканкаме афармляць дакументы. Людміла Паўлаўна памятае, як сярэднюю школу, у якой заставалася каля 70 вучняў, ледзьве не закрылі.

Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы напружанне паступова спадала. Школьнікаў па некалькі разоў на год вывозілі на аздараўленне. Перыядычна і зараз выязджаюць у беларускія санаторыі. На працягу вучэбнага года вучні забяспечваюцца ў школе бясплатным харчаваннем. Людзі сталі вяртацца. Новымі вуліцамі прырастае Баркалабава.

Жывёлавод Сяргей КАВАЛЁНАК

Звыш 30 катэджаў, пабудаваных філіялам “Макранскі” ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны камбінат”, упрыгожылі аграгарадкі Баркалабава і Мокрае. Прасторны дом атрымала сям’я Анжэлы і Аляксея Сямёнавых, у якіх чацвёра дзяцей. Аляксей Міхайлавіч працуе трактарыстам. Гаспадарка выдзеліла жыллё і сем’ям настаўнікаў Людмілы Сталяровай, Таццяны Сёмкінай, медсястры Таццяны Захарэнка.

Дзякавала за цудоўнае жыллё загадчыца малочна-таварнай фермы Наталля Яцкевіч, з якою сустрэліся. Амаль тры дзесяцігоддзі Наталля Міхайлаўна працуе ў гаспадарцы. З дыпломам заатэхніка пасля заканчэння Клімавіцкага саўгаса-тэхнікума прыехала ў Баркалабава. Выйшла замуж. Старэйшы сын Мікалай працуе ў мясцовым рыбгасе “Лахва”. Дачка Юля мае сваю сям’ю. Меншая Аліса – школьніца. Муж Мікалай Мікалаевіч — таксама жывёлавод.

Самадзейныя артысты Вольга ЯЦКЕВІЧ, Дзмітрый БАРАНОЎСКІ і Надзея ДАНІЛКІНА

Ужо некалькі гадоў Яцкевічы, як і іншыя гаспадары катэджаў, спрабуюць прыватызаваць іх, але ўзнікаюць праблемы з-за таго, што сельгаспрадпрыемства рэарганізавана ў філіял кансервава-агароднінасушыльнага камбіната. Заклапочана станоўчым вырашэннем гэтага і старшыня Холстаўскага сельвыканкама Алена Яніна. Найбольшы па тэрыторыі ў Быхаўскім раёне сельсавет аб’ядноўвае аграгарадкі Баркалабава і Мокрае, а таксама амаль тры дзясяткі вёсак і вёсачак. Не ўсюды на працягу тыдня ўдаецца старшыні наведацца. Людзі па тэлефоне звяртаюцца з праблемамі, прапановамі.

З-за адсутнасці спецыяліста зачынена Баркалабаўскае паштовае аддзяленне. Але своечасова дастаўляюцца адрасатам карэспандэнцыя, пенсіі, пераводы, за што яны ўдзячны паштальёну Алене Міхціевай. Прафесію аператара сувязі засвойвае ў Быхаве Святлана Бадзюкова. Значыць, віншаванні з Міжнародным жаночым днём можна будзе адпраўляць з Баркалабава.

Удзельніца гуртка “Спадчына” Ніна ЕЛІНА

У культурна-спартыўным цэнтры, якім 30 гадоў загадвае Алена Усава, свята ўвянчаецца канцэртам самадзейных артыстаў. Сустрэцца з Аленай Андрэеўнай не ўдалося — паехала на арганізацыйную сесію Холстаўскага сельсавета. Вандравалі па культурна-спартыўным цэнтры з кіраўніком тэатра народных традыцый “Маска” Надзеяй Данілкінай. Цудоўнымі вырабамі ўмельцаў упрыгожаны мастацкія майстэрні, у якіх займаюцца як дзеці, так і дарослыя. Дзясятак розных кружкоў дзейнічае тут. Раней Баркалабава славілася хорам даярак.

Лоўка плятуць кошыкі, калыскі з лазы пенсіянеры Мікалай Усаў і Мікалай Байкачоў. Самыя розныя вырабы дэманструюць баркалабаўскія майстры на штогадовым фэсце.

Настаўнік Ілля АЛЯКСАНДРАЎ і вучань 7-га класа Ягор СУХАРУКАЎ

Усталявалася традыцыя ладзіць 23 ліпеня, напярэдадні свята, вобраза Божай Маці Баркалабаўскай, пешы крыжавы ход. Паломнікі з розных куткоў Беларусі пад саборны спеў Ісусавай малітвы з магілёўскага храма Царственных пакутнікаў на руках нясуць вобраз Царыцы Нябеснай да Баркалабаўскага Спаса-Узнясенскага жаночага манастыра, дзе знаходзіцца цудатворны вобраз Божай Маці Баркалабаўскай.

ЦІШЫНЁЮ сустрэла заснежаная царква. Перад адноўленым храмам узвышаецца белакаменная званіца. З правага боку ліпавай алеі красуецца двухпавярховы будынак манастыра. У галінках дрэў па-вясноваму гарэзліва зіхацяць сонечныя промні.

Схіігумення АНТОНІЯ

Ад інакіні Таццяны даведаўся пра богаслужэнне ў храме. У правым крыле царкоўнага алтара ўбачыў цудадзейны вобраз, увешаны залатымі ланцужкамі і іншымі каштоўнымі ювелірнымі вырабамі. Па хрысціянскім звычаі вернікі ахвяруюць іх за цудадзейнасць святому вобразу. Дзесяцігоддзе таму тут шумеў густы лес. Аднавіла царкву, што існавала ў Баркалабаве з ХVII стагоддзя, схіігумення Антонія, у міры Кацярына Куляшова. Ідэю будаўніцтва святыні выношваў яе сын Аляксандр Палуянаў. Кацярына Маісееўна працавала начальнікам камунальнай службы ў Магілёве. Звярнулася да тагачаснага старшыні Быхаўскага райвыканкама Мікалая Кароціна і атрымала падтрымку. Спілавалі лес, раскарчавалі тэрыторыю, падвялі газ. І паўстаў у Баркалабаве манастыр, у магільным склепе якога пахаваны святар Аляксандр Палуянаў. Узначальвае святыню манахіня Ангеліна, якая прыбыла з Полацкага жаночага манастыра.

Запалі ў сэрца развітальныя словы схіігуменні Антоніі: «Дзе вера, там пануе дабро».

sb.by

Последние новости

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

V открытый региональный конкурс детских инструментальных ансамблей состоялся на базе детской школы искусств г.Быхова

23 апреля 2024
ОБЩЕСТВО

В Минтруда рассказали, какие изменения планируются в законе об охране труда в 2025 году

23 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На Быховщине проходит республиканская молодежная ярмарка вакансий

23 апреля 2024
ТЕХНОЛОГИИ

В Беларуси появится собственная операционная система и браузер

23 апреля 2024
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

ОРВИ у детей

23 апреля 2024
ЭКОНОМИКА

Минэнерго: БелАЭС позволила заместить 7,7 млрд кубометров природного газа

23 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Делегат ВНС: я готова активно и достойно работать на благо родной Беларуси

23 апреля 2024
В МИРЕ

Украинские власти переименуют более 340 населенных пунктов из-за отсылок к советскому прошлому

23 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Министр ЖКХ рассказал, когда в 2024 г. ждать роста тарифов на услуги

23 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

26 апреля ГАИ района проводит Единый день безопасности дорожного движения под девизом «Открой сезон без нарушений!»

23 апреля 2024

Архивы

Рекомендуем

ГЛАВНОЕ

В Быхове горел дом

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Машинный парк сельсоветов Быховского района пополнен четырьмя новыми автомобилями

10 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане по собственной инициативе благоустроили гражданское кладбище

17 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

В хозяйствах Быховского района полным ходом идет посевная

15 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

На Быховщине прошел районный конкурс знаменных групп «Равнение на знамена». ФОТО

12 апреля 2024
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Переносы рабочих дней на 2024 год: как будем отдыхать и отрабатывать в мае

19 апреля 2024
АКТУАЛЬНО

Прямую телефонную линию проведет 20 апреля заместитель председателя Быховского райисполкома Александр Желобкевич

19 апреля 2024
ГЛАВНОЕ

Быховчане принимают участие в Международном форуме «Традиционная культура как стратегический ресурс устойчивого развития общества»

18 апреля 2024